Цэнавы цяжар
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Дыскусiйная трыбуна Два месяцы эканомiка Беларусi працуе пры новых цэнах на расiйскi газ. Больш за месяц таму было падпiсана пагадненне аб новых умовах пастаўкi ў рэспублiку нафты. Як прадпрыемствы краiны працуюць у новых умовах? Якiя змены ў знешняй палiтыцы пацягнула «энергетычная вайна» з Расiяй? На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказваюць старшыня Камiсii па прамысловасцi, палiўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязi i прадпрымальнiцтву Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Анатоль ПАЎЛОВIЧ i беларускi палiтолаг Юрый ШАЎЦОЎ.Анатоль ПАЎЛОВIЧ: «З кiм жа нам працаваць па крэдыту, як не з Расiяй?» — Як вы ацэньваеце работу беларускай эканомiкi пры новых цэнах на газ i пры новых умовах пастаўкi расiйскай нафты? — Студзень заўсёды не з’яўляецца паказальным месяцам работы эканомiкi. Бо iснуюць пэўныя рэзервы з мiнулага года... Работа эканомiкi была ў студзенi вельмi добрай. I па росту ВУП, якi склаў 109,7 працэнта ў параўнанні са студзенем летась, i па iнвестыцыях у асноўны капiтал (рост склаў 147,2 працэнта), і па росту аб’ёму прамысловай вытворчасці (108 працэнтаў). Але па размовах з прамыслоўцамi я ведаю, што рост цэн на энерганосьбiты будзе ўплываць на работу эканомiкi. Асаблiва ў пытаннях забеспячэння патрабуемых прыбыткаў. А прыбыткi — гэта магчымасцi для развiцця прадпрыемстваў, рост заработнай платы i г.д. Дырэктары прадпрыемстваў, з якiмi я размаўляў, гавораць, што ва ўмовах росту цэн на электраэнергiю, цеплавую энергiю i газ працаваць складана. Але яны разумеюць, што рана цi позна трэба быць здатным працаваць у гэтых ўмовах. Ва ўмовах цэн на энерганосьбiты, наблiжаных да рынкавых. I ў кiраўнiкоў прадпрыемстваў ёсць зараз разуменне, што трэба перабудоўваць вытворчасць, знаходзiць рэзервы для таго, каб прадпрыемствы ў новых умовах працавалi стабiльна. — Цi трэба скарачаць iнвестыцыйныя праекты на прадпрыемствах, у першую чаргу на буйных, у сувязi са змяненнем кошту энерганосьбiтаў? — Гэта ўласная справа кожнага прадпрыемства. Аднак у рамках рэспублiкi бюджэт 2007 года будзе карэктавацца. Мiнфiн i iншыя зацiкаўленыя мiнiстэрствы i ведамствы, як я разумею, працуюць у гэтым накiрунку. I сёння трэба ўважлiва паглядзець, на што расходаваць сродкi. Iснуе даручэнне Прэзiдэнта Беларусi перагледзець праграмы па энергетыцы. У першую чаргу праграму мадэрнiзацыi асноўных фондаў у энергетыцы. Неабходна ўважлiва паглядзець праграму выкарыстання мясцовых крынiц сыравiны для таго, каб неабходныя для яе рэалiзацыi сродкi выкарыстоўвалiся аптымальна. I трэба асаблiвую ўвагу ўдзяляць пытанням энергазберажэння на ўсiх узроўнях. Ад прамысловасцi да жылля. Напрыклад, часам у камунальным сектары iснуе проста празмернае ацяпленне. I накiроўваюцца рэкамендацыi сёння, як выйсцi на аптымальныя рэжымы, пры якiх i жыхарам было б камфортна, i можна было б не расходаваць празмерна цеплавую энергiю. — Як паведамiла БЕЛТА, беларускi ўрад звярнуўся да ўрада Расii з просьбай аб выдзяленнi стабiлiзацыйнага крэдыту ў памеры 1,5 млрд долараў ЗША ў сувязi з павелiчэннем цэн на энерганосьбiты i сыравiну. Як вы ацэньваеце такi крок? Чаму выбрана менавiта Расiя? Цi пойдзе яна на выдзяленне крэдыту ў тым памеры, якi просiць беларускi ўрад? — Расiйскi вектар як быў, так i застаўся асноўным у беларускай палiтыцы. Нягледзячы на складанасцi, якiя былi ў перамоўным працэсе па пастаўках нафты i газу. Таму з кiм жа нам працаваць па крэдыту, як не з Расiяй? I магчымасцi атрымаць крэдыт заўсёды з’яўляюцца высокiмi. — Расiйская кампанiя «Транснафта» выступае за будаўнiцтва нафтаправода Унеча—Прыморск, якi дазволiць цалкам абмiнуць Беларусь пры пастаўках нафты ў Еўропу. Як перадаюць расiйскiя СМI, 12 лютага расiйскiя спецыялiсты пачалi даследаванне тэрыторыi пад будучы нафтаправод. Кiраўнiк «Транснафты» абяцае завяршыць будаўнiцтва за паўтара года. Як вы ацэньваеце гэтыя дзеяннi? — Расiя яшчэ будзе падлiчваць затраты, мэтазгоднасць i г.д. Пакуль гэта толькi меркаваннi, якiя не набылi рэальных формаў. Расiя шукае варыянты транспарцiроўкi нафты, бо лiчыць, што мае залежнасць ад транзiтных краiн. Не толькi ад Беларусi, але i ад Украiны i iншых дзяржаў. Наколькi мне вядома, нафтаправод будзе больш працяглым на тысячу кiламетраў. Будуць вялiкiя затраты на яго будаўнiцтва. Таму Расiя ўсё падлiчыць i вызначыцца. Беларусь жа зараз шукае варыянты набыцця нафты i газу ў розных краiнах. I мы разглядаем магчымасць выкарыстання розных трубаправодаў: i на тэрыторыi Украiны, i на тэрыторыi краiн Балтыi... Гэта нармальны працэс, творчы. Кожная дзяржава шукае розныя варыянты вырашэння сваiх праблем. Расiя таксама. Але ў той жа час, як было заяўлена кiраўнiцтвам дзвюх краiн, будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы не спыняецца. Юрый ШАЎЦОЎ: «Мы маем першыя крокi да нармалiзацыi адносiнаў з Захадам» — Як вы ацэньваеце намер расiйскай кампанii «Транснафта» пабудаваць нафтаправод у абход Беларусi? — Для нас гэта дрэнна. Бо нафта- i газаправоды, iншыя камунiкацыi, якiя праходзяць праз нашу тэрыторыю, даюць не толькi «жывыя» транзiтныя грошы, але i большую ступень нацыянальнай бяспекi. Шмат хто не будзе лiшнi раз нешта правакаваць у такой сiтуацыi. Але i катастрофы для нас няма. Бо не iдзе размовы пра тое, што нафтаправод «Дружба», праз якi мы сёння атрымлiваем нафту, знiкне. Не. Проста па iм, можа, будзе iсцi менш нафты. Нафтаправод стане не такiм важным для Расii, як быў раней, але ж трэба нейкiм чынам пастаўляць нафту ў Венгрыю, Аўстрыю i Чэхiю. Таму нафта як пастаўлялася па «Дружбе», так i будзе пастаўляцца, проста зменшыцца значнасць гэтай артэрыi. Зараз цана на расiйскую нафту для Беларусi прывязана да кошту нафты ў Ротэрдаме і Гданіску. Формула цаны будзе аднолькавай у выпадку пастаўкi нафты па моры i ў выпадку пастаўкi яе з Расii (у нейкiм з гэтых выпадкаў, можа, крыху танней). Зараз жыццё прымусiла нас арыентавацца на марскiя тэрмiналы, і мы пераарыентуемся. I ў нас знiкне манапольная залежнасць ад Расіі, якую мы сёння маем. У нас будзе больш варыянтаў выбару пастаўшчыкоў нафты. Бо нафту ў асноўным пастаўляюць па моры. — Беларускi ўрад звярнуўся да ўрада Расii з просьбай аб выдзяленнi стабiлiзацыйнага крэдыту ў памеры 1,5 млрд долараў. Як вы ацэньваеце тое, што беларускi ўрад звяртаецца менавiта да расiйскага? Наколькi верагодна, што адказ будзе станоўчым? — Беларусь робiць гэта не першы раз. Калi раней нам падымалi цану на газ, мы звярталiся па стабiлiзацыйныя крэдыты да Расii. Праўда, 1,5 млрд мы просiм упершыню, дагэтуль прасiлi некалькi соцень мiльёнаў. Расiя мае сёння столькi «нафтавых» грошай, што з эканамiчнага пункту погляду ў выдзяленнi крэдыту няма нiякiх праблем. А цi дасць Расiя крэдыт з палiтычнага пункту погляду? Жыццё пакажа... Я думаю, што дасць. — Пасля «энергетычнай вайны» кiраўнiцтва Беларусi зрабiла ў сродках масавай iнфармацыi шэраг заяў, накiраваных на паляпшэнне адносiнаў з Захадам. Цi ўдалося беларускаму кiраўнiцтву хоць неяк палепшыць адносiны? — Так, удалося. На апошнiм пасяджэннi ПАСЕ прысутнiчала дэлегацыя ад беларускага парламента i не было, як звычайна, дэлегацыi беларускай апазiцыi. Акрамя таго, у нашу краiну прыязджаў кiраўнiк ПАСЕ. Таксама мы бачым рэакцыю ў заходняй прэсе. Яна ўжо не з’яўляецца такой адназначна адмоўнай у адносiнах да Беларусi, як была больш за 10 гадоў. Самае ж галоўнае, што ёсць рашэнне аб тым, што Беларусi трэба дапамагчы i што ўсе неабходныя краiне аб’ёмы нафты могуць быць пастаўлены праз Лiтву, агучанае прэзiдэнтам Лiтвы Адамкусам падчас яго вiзiту ў ЗША. Агучанае пасля сустрэчы з Бушам i вiцэ-прэзiдэнтам ЗША. Гэта ёсць агульная палiтыка ЗША адносна нас, што не можа не радаваць. Таксама зараз iдзе падрыхтоўка самiта Лукашэнка—Юшчанка. Мы ведаем, якiя там будуць падпiсвацца мемарандумы. Гэта выдатна! Напрыклад, энергетычны мемарандум не мог быць магчымы яшчэ паўгода таму. Галоўнае, што мы сёння маем — Захад адмовiўся ад сваёй палiтыкi, арыентаванай на адназначную змену палiтычнага ладу ў Беларусi. Захад ужо больш не маналiтны ў гэтай устаноўцы. Мы маем першыя крокi да нармалiзацыi. Гэта яшчэ не ёсць сама нармалiзацыя адносiнаў. Аднак нават гэтыя крокi выглядаюць для нас вельмi добра. — Польшча i Лiтва крытычна ставяцца да планаў Расii пабудаваць газаправод па дну Балтыйскага мора ў Германiю. Цi могуць гэтыя члены Еўрасаюза процiпаставiць нешта сур’ёзнае такому эканамiчна i палiтычна моцнаму члену ЕС, як Германiя, якая разам з Расiяй будуе гэты газаправод? — Могуць. Iснуе сумесная энергетычная палiтыка Еўрасаюза. Гэта адна з асноў еўрапейскай iнтэграцыi. I ўплываць на энергетычную палiтыку могуць i ўсходнееўрапейцы. Напрыклад, Польшча сваiм вета восенню летась забаранiла ўсяму Еўрасаюзу весцi перамовы з Расiяй аб новай стратэгiчнай дамове. Калi ж такiх краiн як Польшча (краiн, якiя патрабуюць ад Расii ўлiчваць энергетычныя iнтарэсы ўсяго Еўраюза) стане больш, то ЕС па свайму механiзму выпрацоўкі рашэнняў не зможа не прымаць пад увагу патрабаванняў сваiх членаў. Мы бачым, як прымаюцца рашэннi ў Еўрасаюзе. Там не бывае так, каб некага з членаў, як кажуць у Расii, «кинули». Як правiла, там вельмi паважлiва ставяцца да iнтарэсаў i патрабаванняў нават малых членаў i нейкiм чынам iх улiчваюць. Думаю, i агульная энергетычная палiтыка абавязкова ў нейкай форме ўлiчыць iнтарэсы ўсходнееўрапейскiх краiн. У тым лiку iх насцярожанасць адносна праекта будаўнiцтва нафтаправода па дну Балтыйскага мора.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Два месяцы эканомiка Беларусi працуе пры новых цэнах на расiйскi газ. Больш за месяц таму было падпiсана пагадненне аб новых умовах пастаўкi ў рэспубл |
|