Хроніка апошніх падзей
Расiйскi рух збiраецца вылучыць на пасаду прэзiдэнта РФ Аляксандра Лукашэнку
У Расii створаны рух, якi мае намер вылучыць на пасаду прэзiдэнта РФ у 2008 годзе кiраўнiка Беларусi Аляксандра Лукашэнку. Паводле заявы старшынi аргкамiтэта руху «Лукашэнка-2008» Аляксея Канурына, арганiзацыя была створана «каб паказаць людзям альтэрнатыўныя варыянты развiцця краiны». Паводле яго слоў, рускi народ «мае права на сапраўдны выбар, а не яго iлюзiю». Пры гэтым Канурын адзначыў, што з самiм Прэзiдэнтам Лукашэнкам сваю iдэю не ўзгадняў. «Калi чалавек дакладна ведае, што попыт ёсць, прапанова — справа часу i палiтыкi, а Лукашэнка — паспяховы палiтык, такiх шанцаў не ўпускаюць», — лiчыць арганiзатар руху. Ён таксама назваў «тэхнiчным пытаннем» палажэнне Канстытуцыi РФ аб грамадзянстве расiйскага прэзiдэнта. «Калi запрашаюць спецыялiста, тым больш такога высокага ўзроўню, то грамадзянства, — пытанне тэхнiчнае, якое вырашаецца памiж справамi... Не дай яму да выбараў грамадзянства, дык народ i правакацыю можа ўгледзець. Як саюзную дзяржаву будаваць у такiх умовах? Атрымае, не сумнявайцеся», — адзначыў Канурын. Гаворачы аб спонсарах свайго руху, Канурын адзначыў, што «з упэўненасцю можна сказаць, што нi маскоўская мэрыя, нi «Газпрам», нi РАТ «АЭС» нашымi спонсарамi не будуць. Прынамсi, да змены iх кiраўнiцтва». Рух «Лукашэнка-2008» ужо абзавёўся ўласным сайтам у Iнтэрнэце, якi карыстаецца неблагiм попытам: у першы ж дзень iснавання яго наведалi больш за 1100 чалавек. Падобнага рэсурсу пакуль няма нават у найбольш верагодных кандыдатаў у пераемнiкi Уладзiмiра Пуцiна — першых вiцэ-прэм’ераў урада РФ Дзмiтрыя Мядзведзева i Сяргея Iванова. ПРЫБАЛТЫ ЗМЕНШАЦЬ ЗАЛЕЖНАСЦЬ АД РАСIЙСКIХ ЭНЕРГАНОСЬБIТАЎ Прыбалтыйскiя краiны i Польшча дамовiлiся пабудаваць да 2015 года ў Лiтве атамную станцыю, каб зменшыць энергетычную залежнасць ад Расii. Як паведамляецца, канчатковае пагадненне аб будаўнiцтве будзе падпiсана ў сярэдзiне 2008 года. Польшча пакуль афiцыйна не далучылася да праекта. Прэзiдэнт Лiтвы Валдас Адамкус заявiў, што ў планах дзяржаў — пабудаваць некалькi ядзерных рэактараў. Доля Лiтвы ў праекце складзе 34 працэнты. Акрамя таго Лiтва паспрабуе прыцягнуць да будаўнiцтва Швецыю i Чэхiю. Новую атамную станцыю мяркуецца пабудаваць каля ўжо iснуючай Iгналiнскай, якая на 70 працэнтаў забяспечвае краiну энергiяй. Магутнасць новай станцыi складзе 3,2 гiгавата, а кошт — каля 5—6 мiльярдаў еўра. АРАБСКIЯ КРАIНЫ НЕ ПАДТРЫМАЮЦЬ ЗША I IЗРАIЛЬ У ВЫПАДКУ ВАЕННАГА КАНФЛIКТУ З IРАНАМ НАТО звярнуўся да Турцыi з просьбай адкрыць яе паветраную прастору, а таксама сухапутныя межы з Iранам у выпадку правядзення ваеннай аперацыi супраць Iсламскай Рэспублiкi. Пакуль невядома, якi адказ дасць Турцыя, што ўваходзiць у склад Альянса ўжо больш за 50 гадоў. Эксперты адзначаюць, што Турцыя наўрад цi падтрымае НАТО i Вашынгтон, калi ён прыме рашэнне нанесцi ўдар па Iрану для знiшчэння яго стратэгiчных аб’ектаў, у тым лiку ядзерных. У апошнi час адносiны памiж Турцыяй i Iранам развiваюцца паспяхова. Нагадаем, што ў 2003 годзе цяперашнi ўрад Турцыi адмовiўся ўдзельнiчаць у iракскай кампанii, назваўшы яе нiчым не апраўданай авантурай. Генеральны сакратар Лiгi арабскiх дзяржаў заявiў у панядзелак, што арабскiя краiны не дазволяць Iзраiлю выкарыстоўваць сваю паветраную прастору для нанясення ўдараў па Iрану ў выпадку прыняцця Злучанымi Штатамi рашэння аб правядзеннi ваеннай аперацыi. Гэта заява была зроблена ў сувязi з публiкацыяй у iзраiльскай газеце Ha’aretz, дзе гаварылася, што Катар, Аман i Аб’яднаныя арабскiя Эмiраты далi згоду на выкарыстанне сваёй паветранай прасторы iзраiльскiмi ВПС. Генеральны сакратар ЛАГ паведамiў, што лiдары гэтых дзяржаў у тэлефоннай размове з iм абверглi гэтую iнфармацыю. У той жа час Пентагон i Iзраiль абвяргаюць паведамленнi СМI аб тым, што рыхтуецца ўдар па Iрану. Нягледзячы на гэтыя заявы, напружанасць у зоне Персiдскага залiва расце. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расiйскi рух збiраецца вылучыць на пасаду прэзiдэнта РФ Аляксандра Лукашэнку |
|