Прыстойны заробак трэба шукаць
Сяргей ГРЫБ
РЫНАК ПРАЦЫ На працягу мiнулага года агульны ўзровень беспрацоўя на Мiншчыне зменшыўся з 1,5 да 1,1 працэнта ад агульнай колькасцi эканамiчна актыўнага насельнiцтва рэгiёна. Такiм чынам, у студзені на ўлiку ў службах занятасцi рэгiёна знаходзiлася 7,2 тыс. чалавек, i адначасова тут жа мелiся звесткi амаль аб 6 тысячах свабодных працоўных месцаў. Дзеля справядлiвасцi нельга не адзначыць: частка наймальнiкаў заяўляе вакансii з аплатай працы на ўзроўнi «мiнiмалкi», што робiць iх абсалютна непрывабнымi для патэнцыяльных суiскальнiкаў. Прычым перш-наперш гэта праблема датычыцца сельскай мясцовасцi.Малы горад пад кантролем Па сутнасцi Мiншчына — адзiны рэгiён краiны без уласнага абласнога цэнтра, а ў сваю чаргу менавiта адсутнасць «сталiцы» шмат у чым вызначае спецыфiку мясцовага рынку працы. Вобласць мае абмежаваную колькасць прамысловых прадпрыемстваў. I ў вынiку сама па сабе праблема беспрацоўя найперш датычыцца малых гарадоў i сельскагаспадарчых раёнаў. — Нягледзячы на тое, што летась знiжэнне ўзроўню беспрацоўя адзначана ва ўсiх раёнах Мiншчыны без выключэння, застаецца напружанай сiтуацыя ў шэрагу малых гарадоў i населеных пунктаў з нестабiльнымi горадаўтваральнымi прадпрыемствамi, — адзначае намеснiк старшынi камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнаблвыканкама Валянцiна Мiронава. — У прыватнасцi, гаворка iдзе аб гарадах Беразiно, Вiлейка, Любань i Чэрвень i Нясвiж, гарпасёлках Гарадзея Нясвiжскага i Урэчча Любанскага раёнаў, а таксама пасёлках Партызанскi Вiлейскага i Плешчанiцы Лагойскага раёнаў. Акрамя таго, сёлета плануецца надаваць асаблiвую ўвагу такiм па-сапраўднаму няпростым з пункту гледжання магчымасцяў працаўладкавання рэгiёнам, як Салiгоршчына, Случчына і Маладзечаншчына. Безумоўна, зняць праблему «дэфiцыту вакансiй» адразу ў гэтых рэгiёнах немагчыма пры ўсiм жаданнi. Тым не менш, заўважае Валянцiна Мiронава, узровень беспрацоўя тут павiнен наблiзiцца да сярэдняга па вобласцi да канца 2010 года. Ужо сёлета на Мiншчыне плануецца стварыць больш за 19 тыс. новых працоўных месцаў, i сярод iх — 3,8 тысячы якраз у малых гарадах i населеных пунктах, дзе становiшча найбольш складанае. Праўда, адначасова нельга не заўважыць, што толькi рашэннем аб стварэннi новых працоўных месцаў усе пытаннi не вырашыць. Шанцы на атрыманне добрай i высокааплатнай работы шмат у чым залежаць ад кожнага канкрэтнага чалавека. I ў прыватнасцi, ад яго спецыяльнасцi. Юрыстаў многа, даярак мала Неадпаведнасць попыту i прапаноў на рынку працы — праблема далёка не новая. У прыватнасцi, зараз значная колькасць вакансiй у рэгiёне разлiчана на iнжынераў-будаўнiкоў, а таксама рабочых будаўнiчых спецыяльнасцяў — муляраў, страхароў, мантажнiкаў, тынкоўшчыкаў. Ак-рамя таго, запатрабаваныя рабочыя прафесii ў прамысловасцi — токары, фрэзероўшчыкi, электраманцёры, электрамантажнiкi, слесары-iнструментальшчыкi, слесары-сантэхнiкi, наладчыкi вытворчага абсталявання. Нарэшце, як i раней, работу можна знайсцi ў вёсцы, дзе адчуваецца пэўны дэфiцыт даярак, жывёлаводаў, трактарыстаў, вадзiцеляў, заатэхнiкаў, аграномаў, асемянатараў, а таксама электрагазазваршчыкаў. З iншага боку, зазначае Валянцiна Мiронава, назiраннi апошнiх гадоў сведчаць, што ў вобласцi традыцыйна маюць цяжкасцi з працаўладкаваннем педагогi, таваразнаўцы, юрысты, эканамiсты. I асаблiва невысокiм попытам карыстаюцца спецыялiсты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Няма сумненняў, што найперш гэта iнфармацыя ўяўляе цiкавасць для выпускнiкоў школ. Але не толькi. Пры жаданнi атрымаць новую спецыяльнасць можна i «ва ўзросце». Прычым пры ўмове рэгiстрацыi ў якасцi беспрацоўнага зрабiць гэта бясплатна. «Не тая» адукацыя Амаль кожны шосты беспрацоўны Мiншчыны раней нiдзе не працаваў, а больш за палову з iх не маюць нiякай прафесiйнай падрыхтоўкi. Шанцы гэтых людзей знайсцi калi-небудзь работу з прыстойным заробкам практычна зводзяцца да нуля. Аднак з «праблемай адукацыi» можна сутыкнуцца i ў iншых варыянтах — калi гэта адукацыя аказалася «не той». Што застаецца? Перанавучанне. Атрымаць адпаведнае накiраванне можна ў службе занятасцi, дзе, акрамя ўсяго, падкажуць перспектыўнасць далейшага працаўладкавання ў канкрэтным рэгiёне. Пры гэтым магчымасцю перанавучання мае права скарыстацца амаль кожны беспрацоўны. Аднак перавага тут па традыцыi аддаецца моладзi ва ўзросце да 18 гадоў. Яшчэ адзiн шлях пазбавiцца аб сумнага статуса беспрацоўнага — пачатак уласнай справы. Зразумела, што спачатку тут трэба знайсцi «свой» напрамак дзейнасцi, распрацаваць бiзнэс-план i прайсцi кансультацыю. Апошняе можа стаць падставай для атрымання дзяржаўнай падтрымкi. Беспрацоўнаму, якi мае намер стаць прадпрымальнiкам, па рашэнню выканкама прадастаўляецца бязвыплатная субсiдыя i беспрацэнтная пазыка. I, заўважае Валянцiна Мiронава, сёлета такой дапамогай на Мiншчыне павiнна скарыстацца прынамсi 230 чалавек. Нарэшце, яшчэ адна магчымасць атрымаць работу — пераехаць на новае месца жыхарства. З кампенсацыяй выдаткаў па пераезду i выплатай «пад’ёмных». Да таго ж, як правiла, адначасова новы наймальнiк можа прапанаваць жыллё. Аднак наконт апошняга лепш даведацца загадзя ў той жа раённай службе занятасцi. Да слова, атрымаць поўныя звесткi па «жыллёваму пытанню» i будучых заробках цалкам верагодна не толькi непасрэдна па свайму раёну. Зараз на Мiншчыне працягваецца работа па стварэнню адзiнай iнфармацыйнай сеткi, цi, кажучы iнакш, адзiнага банка даных вакансiй па вобласцi i краiне ў цэлым. Гэта, мяркуюць у камiтэце, дазволiць зменшыць рызыку памылкi пры прыняццi канчатковага рашэння, i ў рэшце рэшт прывядзе да скарачэння тэрмiнаў працаўладкавання.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу мiнулага года агульны ўзровень беспрацоўя на Мiншчыне зменшыўся з 1,5 да 1,1 працэнта ад агульнай колькасцi эканамiчна актыўнага насельнiцт |
|