Вёска мая — мае каранi
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Глыбiнка На Лунiнеччыне старадаўнiх вёсак многа: Бастынь, Велута, Лахва, Дварэц... i яшчэ з дзесятак вёсак i мястэчак былi вядомыя ў ХVI стагоддзi. Вiчын, хоць вёска сёння па палескiх маштабах i невялiкая, але iснавала ўжо ў 1493 годзе. Узрост салiдны, i гэты факт прывёў мяне ў Вiчын.— Тут сапраўдная Беларусь, — пiсаў у 1928 годзе беларускi вучоны I. Сербаў у сваiм этнаграфiчным нарысе «Вiчынскiя паляне». Але чаму паляне, а не палешукi? Як нi круцi, Лунiнеччына — палескi край. Справа ў тым, што вiчынцы ў адрозненне ад жыхароў навакольных вёсак не лiчылi сябе палешукамi. «Назваць палешуком палянiна ў вочы прымаецца ў iх за асабiстую абразу, — адзначаў Сербаў, — i рознiца памiж iмi адчувалася амаль ва ўсiм — як у выглядзе, характары, так i ў самiм жыццi i гутарцы». Разглядаючы здымкi, зробленыя ў Вiчыне на пачатку мiнулага стагоддзя, заўважаеш, што хоць жыхары вёскi i мелi гонар, але жылi вельмi бедна. Хаткi перакошаныя i акенцы ў пядзю, стрэхi — салома ды жэрдкi, «...а грамадскiя студнi, якiя са сваiмi высокiмi журавамi, як маякi, выстраiлiся праз усю вулiцу ад аднаго канца да другога». Некалi двары i вулiцы ў Вiчыне не падмяталi, «...чысцiць не прывыклi. Падхопiць вецер i падмяце ўсё начыста» (тут i далей спасылкi на I. Сербава. — Аўт.). I хоць з боку вулiцы панавала пустэльнасць, «... але затое гумнiшчы i засценнi вельмi старанна абсаджаны бярозамi i вербамi, якiя разраслiся на прасторы ў запрудныя паркi ды прысады». У жыхароў Вiчына быў i свой погляд на прыгажосць. Калi хлопец меў чысты белы твар i русыя валасы, а дзяўчына — ружовыя шчокi ды чорныя бровы, то ва ўяўленнi палян яны былi iдэалам фiзiчнай прыгажосцi. А вось лупатыя вочы i нос з гарбiнкай, на думку вiчынян, псавалi чалавека, а «...адсутнасць пярэдняга зуба цi нядобры пах з рота лiчыцца тут вялiкiм фiзiчным недахопам чалавека, хоць ён быў зусiм здаровым, маладым i прыгожым. Часта з-за гэтага недахопу надзвычайна прыгожая ва ўсiх адносiнах дзяўчына не выходзiць замуж, а малады хлопец не можа падшукаць сабе нявесту». «А па прыродзе сваёй паляне — народ цiхi, разумны i досыць развiты, — пiша вучоны, — памiж вiчынцамi часта сустракаюцца надзвычай мiлавiдныя жанчыны i самавiтыя мужчыны». У часы Сербава ў Вiчыне сеялi збожжавыя ды саджалi бульбу, якую называлi «бульбянiско». Трэба адзначыць, вёска тады ўсё ж была вялiкай — на 173 двары прыпадала 1006 жыхароў i ў асноўным гэта былi сяляне. Хоць у Вiчыне жыло з дзесятак сем’яў шляхты, духавенства, яўрэяў ды мяшчан. Але вернемся ў сённяшнi дзень... Вулiца Цэнтральная — без канца i краю Вiчын выцягваецца ўздоўж рэчкi Цна, абапал аўтамагiстралi Брэст—Гомель аж на шэсць кiламетраў — гэта калi iсцi па вул. Цэнтральнай. Па памерах, здавалася б, вёска вялiкая, а вось па насельнiцтву гэтага не скажаш. Цяпер тут толькi 817 чалавек на 304 двары. Успомнiм, што ў 30-я гады ХХ стагоддзя ў Вiчыне ў кожнай хаце жыло прыкладна пяць чалавек, а сёння ўдвая менш. Хоць яшчэ ў 1985 годзе ў вёсцы налiчвалася 1200 жыхароў. Насельнiцтва стала менш, але карцiна не такая i сумная. У вёсцы падрастае 160 дзяцей i працаздольнага люду тут за 400 чалавек. Пустыя хаты ёсць, але iх не так i многа. Старшыня Дварэцкага сельскага Савета Фёдар Велесюк паказаў хатку-развалюху без вокнаў i сказаў, што за яе заплацiлi 2800 долараў — людзi наладзiлi аўкцыён. Патрэбен быў участак. Побач аўтамагiстраль, а гэта — бiзнэс. Цяпер у Вiчыне не высвятляюць, хто паляшук, а хто палянiн, бо няма ў гэтым нiякага сэнсу. Галоўнае — вырасцiць клубнiцы i прадаць выгадней, бо ў Вiчыне, як i ў Дварцы, якi знаходзiцца на другiм беразе Цны, пры кожнай хаце па 10—12 сотак клубнiц. Трымаюць людзi i кароў, але мала. Усяго 102 каровы — у кожным трэцiм двары, а коней — дзевяць, бо хапае трактароў i мотаблокаў. На 300 хат — дзвесце прыватных аўтамашын. Сёння вецер вулiцы не падмятае, бо яны заасфальтаваныя. Многа дамоў мураваных, устанаўлiваюцца ажурныя платы з бетону, але ў цэлым у Вiчыне драўляных хат большасць — невялiкiя, яны стаяць роўненька ўздоўж вулiцы. Апошнiм часам у вёсцы сельсавет спiлаваў некалькi соцень старых дрэў i цяпер на вочы трапляюцца камялi, якiя не абхапiць двум мужчынам. Ад такой «праполкi» Вiчын згубiў сваю непаўторнасць i старадаўнасць. Некалькi таполяў моцна ўсыпаныя амялой, а старыя вербы ў нiзiне непадалёк ад могiлак не могуць ажывiць пейзаж вёскi, асаблiва зiмой. Я даўно зразумеў, што нашаму чалавеку нельга даваць пiлу ў рукi i дапускаць да дрэў. Абавязкова з дуба, клёна цi каштана зробiць пальму. Галiны будзе абразаць, пакуль лесвiцы хопiць. I разам з трухлявым дрэвам здаровае спiлуе: а на ўсякi выпадак. У вёсцы ёсць два магазiны i ФАП, а што да iншых паслуг, то яны ў Дварцы — за ракой. Там цэнтральная сядзiба сельгаскааператыва. А якi народ у Вiчыне сёння пражывае? Мне цяжка сказаць, бо як таму I. Сербаву трэба было б пажыць сярод iх. А знешне людзi як людзi. Праўда, сюды многа ўжо наехала з Гомельшчыны i Мiншчыны, але асноўны касцяк насельнiцтва вёскi — свой люд. Большасць працуе ў мясцовым СВК «Дварэцкi», а некаторыя ездзяць на працу ў Лунiнец — зносiны з райцэнтрам добрыя. Праглядаючы старадаўнiя дакументы, у якiх упамiнаецца Вiчын, можна адзначыць такi факт. Прозвiшчы жыхароў вёскi з часоў Вялiкага княства Лiтоўскага не змянiлiся. У спiсах Дварэцкага сельсавета ўсё тыя ж Ковалi, Велесюкi, Пулякi, Кузьмiчы, Казуны, Кiндрукi, Паўловiчы, Сумары... У сельсавеце якраз i падкрэслiлi, што кiраўнiк Брэстчыны Канстанцiн Сумар — чалавек наш, вiчынскi. I было б грэшна не распытаць у людзей: — А якiм ён хлопцам быў? — Ён у нас любiў спяваць i на баяне добра iграў, — паведамiла Валянцiна Пуляк. Яна жыла праз некалькi хат ад Сумараў. — Вось трэба было ведаць, за каго замуж выходзiць, i былi б сёння губернатаршай, — пажартаваў я. — Ну, як там было выйсцi, калi ён не лётаў па дзяўчатах, як другiя хлопцы, а прыляпiўся да сваёй дзяўчыны i жанiўся на ёй, — адказала жанчына. — А Андрэй Сумар (бацька старшынi аблвыканкама) быў спеваком на ўсю ваколiцу, — расказалi старыя людзi, — ды i сын таксама меў голас. Удалося пагаварыць i з настаўнiцай Марыяй Коваль. Яна выкладала французскую мову. — Сям’я Сумараў вылучалася сваёй прыстойнасцю — там быў спакой i парадак. Косця вучыўся добра i хоць, можа, сярод аднагодкаў ён i не хацеў верхаводзiць, але так атрымлiвалася, што хадзiў ў лiдарах, — сказала Марыя Аляксандраўна. Але трэба падкрэслiць, што не толькi браты — Канстанцiн i Максiм Сумары «выбiлiся ў людзi», але i многа iншых выхадцаў з Вiчына «засвяцiлiся». Павел Паўловiч стаў доктарам навук, а яго сястра Надзея — кандыдатам навук. Анатоль Барысевiч — салiст тэатра оперы i балета ў Пецярбургу, Iван Сумар — дэкан факультэта музыкi... Не будзем усiх пералiчваць, але той факт, што ў Вiчыне жывуць працавiтыя i таленавiтыя людзi — адмовiць нельга. Лунiнецкi раён, Вiчын.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Лунiнеччыне старадаўнiх вёсак многа: Бастынь, Велута, Лахва, Дварэц... i яшчэ з дзесятак вёсак i мястэчак былi вядомыя ў ХVI стагоддзi |
|