Катэгарычна не згодны!
Сяргей РАСОЛЬКА
Рэха публікацыі «Паляванне на птушак увесну лiчу амаральным»У «Звяздзе» за 23 лютага пад рубрыкай «А я лiчу так!» быў змешчаны матэрыял «Забарона веснавога палявання на птушку — абсурд». У iм напярэдаднi чарговага веснавога сезона палявання свой пункт гледжання выказаў кандыдат бiялагiчных навук, загадчык сектара паляўнiцтвазнаўства i рэсурсаў паляўнiчай фаўны Iнстытута заалогii Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Уладзiмiр Тышкевiч. Як вынiкае ўжо з назвы публiкацыi, яна была ў падтрымку правядзення палявання ў сёлетнiм сезоне. Сваю пазiцыю Уладзiмiр Яўгенавiч аргументаваў шэрагам слушных, на яго погляд, прыкладаў — ад лабiравання забароны на паляванне «зялёнымi» да магчымых страт у вынiку такога кроку паляўнiчых гаспадарак i пакрыўджаных беларускiх паляўнiчых. З процiлеглым меркаваннем у рэдакцыю звярнуўся арнiтолаг Аляксандр ВIНЧЭЎСКI, якi, у сваю чаргу, таксама прывёў шэраг аргументаў на карысць забароны веснавога палявання на птушак. Яго выступленне актуальнае яшчэ i таму, што, згодна з Правiламi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, з 10 сакавiка павiнна (калi не будуць прыняты змяненнi тэрмiнаў або не ўступiць у сiлу забарона) распачацца веснавое паляванне на гусь-белалобую i гусь-гуменнiцу на пралёце, а з 20 сакавiка — на глушца i цецерука на такавiшчах. А з 1 красавiка — i на iншых птушак. Зрэшты, наша размова ў вынiку выйшла за межы выключна «птушынага» пытання. — «Забарона веснавога палявання на птушку — абсурд», а страляць птушак, якiя перажылi зiму, драпежнiкаў, хваробы падчас iх пералёту да месцаў размнажэння, шлюбных танцаў у час кахання — гэта верх гуманнасцi i перамога здаровага сэнсу? Уся Еўропа, уключаючы Украiну, адмовiлася ад палявання на птушак падчас мiграцыi да месцаў размнажэння i ў гнездавы сезон. У Беларусi ж нават летась, калi Iнстытут заалогii рэкамендаваў забаранiць веснавое паляванне на вадаплаўную птушку, яго не забаранiлi. I не з-за мясцовых паляўнiчых, як гаворыць Уладзiмiр Тышкевiч, а з-за «вялiкiх грошай», якiя вязуць заходнееўрапейскiя паляўнiчыя ва ўнiкальную еўрапейскую краiну, дзе ўвесну можна пастраляць нават у нацыянальных парках, — гаворыць Аляксандр Вiнчэўскi. — Большасць не толькi нашых арнiтолагаў, але i нашых жа паляўнiчых за забарону веснавога палявання ў Беларусi. Колькасць усiх птушак, на якiх дазволена паляванне, знiжаецца. Скажам, па некаторых вiдах яна складае 5—6 тысяч пар. Большасць цяперашнiх паляўнiчых не адрознiвае розныя вiды птушак, i страляе птушак iншых вiдаў, у тым лiку i «чырванакнiжнiкаў», як я сам неаднойчы бачыў. Увесну перад размнажэннем такiя «выпадковыя» страты мацней адбiваюцца на папуляцыях рэдкiх птушак, чым увосень пасля гнездавання. — Але наш папярэднi суразмоўца пераважна вёў гаворку пра вальдшнэпа, колькасць папуляцыi якога пакуль не выклiкае трывогi... — Гэта сапраўды так. Ды i палююць на вальдшнэпа пераважна толькi ўвесну, хоць больш лагiчным было б увосень, калi птушка больш тлустая. Але i тут ёсць праблемы. Страляюць i самцоў i самак, хоць да здабычы дазволены толькi першыя, палююць, як правiла, без сабак (трэба заканадаўча забаранiць паляванне на вальдшнэпа без сабак) i ў прыцемках, таму большую частку падранкаў не знаходзяць. А потым гавораць, што гэта такi спосаб зносiнаў з прыродай. У Заходняй Еўропе веснавое паляванне забаронена з 1972 года i — нiчога. — Канешне, цяпер яны едуць увесну да нас... — Паверце мне, тысячы людзей у Заходняй Еўропе гатовыя плацiць грошы нават за тое, каб толькi паслухаць, як на такавiшчах спяваюць глушцы i цецерукi, i пафатаграфаваць. Ды i многiя заходнееўрапейскiя паляўнiчыя не адмовiлiся б ад такога тура. Колькi разоў можна прадаць аднаго глушца паляўнiчаму — аднойчы, а паказаць яго можна тысячу разоў! А хто-небудзь спрабаваў запрасiць мiнчан паслухаць вясновую песню глушца? Думаю, ахвотнiкаў было б не менш, чым убачыць Мiрскi замак. Вось i даход для паляўнiчых гаспадарак. I ў гэтым плане яны могуць выступаць нават пэўнай стрымлiваючай сiлай, дапамагаць ахоўваць прыроду, бо, не сакрэт, стары лес, дзе размяшчаюцца такавiшчы, часцяком у нас высякаецца... Мы выступаем катэгарычна супраць палявання на вадаплаўных птушак. Паляванне на вальдшнэпа павiнна праходзiць толькi з сабакам. Глушца i цецерука нельга дазваляць страляць, пакуль самкi не сядуць на гнёзды, гэта значыць да канца красавiка. Разумеем, што забаранiць зусiм веснавое паляванне дзяржава не ў сiлах. — Аляксандр Яўгенавiч, вядома, што на любы вызначаны лiмiт здабычы спецыялiстамi даецца абгрунтаванне. Калi адысцi ад «птушынай» тэмы, дык наша газета нядаўна пiсала, напрыклад, як па шэрагу прычын у краiне вельмi значна павялiчылася папуляцыя бабра. Нават «чырванакнiжнiца»-рысь была нядаўна дазволена для здабычы з-за таго, што ў некаторых рэгiёнах яе колькасць iстотна ўзрасла. Магчыма, у некаторых выпадках здабыча птушкi цi жывёлы ўсё ж апраўдана? — Я нядаўна размаўляў са спецыялiстам па бабрах. Напрыклад, у Эстонii няма такой праблемы: мяса бабра iдзе ў рэстараны, попытам карыстаецца яго футра. I прырода пры гэтым не церпiць. Калi гаварыць пра рысь, дык яна была ўнесена ў Чырвоную кнiгу з 1981 года. У 2004 годзе Iнстытут заалогii абгрунтаваў яе ўнясенне ў трэцяе выданне, што ўбачыла свет у 2005 годзе. А праз год той жа Iнстытут заалогii дае дазвол на здабычу рысi, матывуючы гэта яе вялiкай колькасцю! Рысь — жывёла тэрытарыяльная, сумняваюся, што яе папуляцыя магла так iмклiва павялiчыцца ўсяго за некалькi гадоў. — Давайце зноў вернемся да нашай тэмы. Хутка ў краiне можа пачацца паляванне на пералётных гусей... — Гэтае паляванне я лiчу цалкам амаральным i прашу вас давесцi маё i не толькi маё меркаванне да грамадскасцi, паляўнiчых. Вясной у Беларусi страляюць гусей, што ляцяць на поўнач, прычым, i самцоў, i самак. А адзiнокая птушка з разбiтай пары ўжо фiзiчна не зможа знайсцi ў гэтым сезоне партнёра i не выведзе птушанят (у гусей вельмi складаная форма пошуку партнёра). Простая арыфметыка: кожная забiтая ўвесну гусь — гэта на шэсць птушак менш увосень. Птушкi падчас палявання на iх не могуць у нашай краiне адпачыць, падсiлкавацца. Ёсць навуковыя даныя, што нават тыя гусi, якiя ўсё ж даляцелi да тундры, часцяком гiнуць на кладцы — ад знясiлення, выклiканага стрэсам. Таму ўсе эколагi, многiя паляўнiчыя выступаюць за забарону веснавога палявання. — Дзякуй за гутарку.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У «Звяздзе» за 23 лютага пад рубрыкай «А я лiчу так!» быў змешчаны матэрыял «Забарона веснавога палявання на птушку — абсурд»
|
|