21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мова — прадмет дзяржаватворчы

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прашу слова

Навуковая грамадскасць нашай суверэннай дзяржавы зноў устурбавана: распрацоўшчыкi новага варыянта агульнаадукацыйнага Стандарта для ВНУ выключылi з яго раздзела «Сацыяльна-гуманiтарныя дысцыплiны», абавязковага для выканання ва ўсiх ВНУ, курс «Беларуская мова (прафесiйная лексiка)». Кажу «зноў», бо ў самым канцы ХХ— пачатку ХХI ст. гэтаксама нечакана-цiха са Стандарта знiклi такiя прадметы гуманiтарнага цыкла, як «Беларусазнаўства», «Гiсторыя i тэорыя сусветнай культуры», «Беларуская мова». Пры гэтым нават не была прынятая пад увагу тая акалiчнасць, што па гэтых прадметах, якiя ў пачатку 1990-х гг. лагiчна замянiлi «Гiсторыю КПСС», «Дыялектычны матэрыялiзм», «Гiстарычны матэрыялiзм», «Навуковы камунiзм» i iншыя чыста iдэалагiчныя прадметы, былi створаны (i зацверджаны Мiнiстэрствам асветы) спецыяльныя праграмы, вучэбныя дапаможнiкi, дзейнiчалi ў ВНУ асобныя кафедры i г.д. Праўда, «Гiсторыя i тэорыя сусветнай культуры», куды арганiчна ўключалася i гiсторыя культуры Беларусi, тады была заменена агульнафiласофскай дысцыплiнай «Культуралогiя» (якая, дарэчы, у цяперашнiм Стандарце пераведзена ў курсы па выбару). «Беларусазнаўства» ж знiкла ўвогуле. Што да прадмета «Беларуская мова», то яго замянiлi невялiкiм па колькасцi гадзiн курсам «Беларуская мова (прафесiйная лексiка)». Цяпер, як бачым, знiк i гэты прадмет, яму не знайшлося месца нават у пералiку курсаў па выбару.

Хацелася б звярнуць увагу на тое, што ўсе вышэйпералiчаныя прадметы, паступова выключаныя са Стандарта, выконвалi, апрача ўсяго iншага, нацыятворчую, а таму — i дзяржаватворчую функцыю. Яны фармавалi ў маладога пакалення любоў да Бацькаўшчыны, яе гiстарычнага мiнулага i сучаснага, прывiвалi пашану да стваральнай працы i баявых подзвiгаў продкаў, урэшце — выхоўвалi патрыятызм, нацыянальную гордасць за сваю культурную спадчыну. Гэтую ж функцыю да апошняга часу выконваў, побач з «Гiсторыяй Беларусi» i «Iдэалогiяй Беларускай дзяржавы», i абавязковы курс «Беларуская мова (прафесiйная лексiка)». Бо мова — гэта не толькi сродак зносiнаў. Гэта i своеасаблiвая душа народа, адзiн з важнейшых яго дзяржаўных сiмвалаў. У ёй па-свойму акумуляваны гiсторыя, культура, прырода, менталiтэт нацыi, яе сувязi з iншымi этнасамi i г.д. Сёння, калi вуснамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнкi выразна заяўлена, што незалежнасць нашай краiны — гэта «самая вялiкая заваёва за апошнiя гады», у агульнаадукацыйным Стандарце асаблiва ўзрастае роля дзяржаватворчых прадметаў, сярод якiх адно з першых месцаў займае курс беларускай мовы — мовы тытульнай нацыi, дзяржаўнай мовы РБ. Проста дзiўна, што распрацоўшчыкi Стандарта гэтага не ўлiчваюць.

Увогуле, у той час, як, напрыклад, у брацкай нам Расii звяртаецца вялiкая ўвага на дзяржаўную рускую мову (скажам, 2007 год аб’яўлены годам рускай мовы), у апошнiя гады Мiнiстэрствам адукацыi РБ прыняты асобныя пастановы, скiраваныя, мякка кажучы, не на карысць дзяржаўнай беларускай мовы: у агульнаадукацыйных школах значна зменшана колькасць гадзiн на яе вывучэнне, адменена выпускное сачыненне па беларускай лiтаратуры, што пiсалася, натуральна, на беларускай мове, гiсторыю i геаграфiю Беларусi дазволена выкладаць на рускай мове... У ВНУ, як ужо сказана, прадмет «Беларуская мова» звузiўся толькi да авалодання прафесiйнай лексiкай. Усё гэта ў нашай цяперашняй сацыякультурнай сiтуацыi, ва ўмовах фактычнай адсутнасцi беларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве, у большасцi СМI, сярэднiх школ, ВНУ i г. д., адчувальна знiжае валоданне грамадзянамi Беларусi дзяржаўнай (паводле Канстытуцыi РБ) беларускай лiтаратурнай мовай, якая на практыцы часта падмяняецца своеасаблiвым моўным беларуска-рускiм суржыкам, т. зв. трасянкай. Цi не ў гэтым адна з прычын заяў некаторых шавiнiстычна настроеных высокапастаўленых расiйскiх чыноўнiкаў, што ў рускiх i беларусаў «все едино», у тым лiку — i мова, што Беларусь — «окраина» Расii, а таму, маўляў, чаму б ёй не ўвайсцi ў яе склад на правах асобнай федэральнай акругi цi «по областям»?

Аднак — у дадзеным выпадку — важна нават не гэта. Дзiўна, што распрацоўшчыкi новага Стандарта i iх асобныя мiнiстэрскiя абаронцы ў рэспублiканскiм друку прафесiйную лексiку беларускай мовы ўспрымаюць не як агульнапрафесiйную або спецыяльную дысцыплiну, а толькi як... «другасную i дапаможную» (гл., напрыклад, «Звязду» за 24.01.2007 г.). Але ж вывучэнне прафесiйнай лексiкi (дарэчы, праз паглыбленне ў этымалогiю найменняў i iх супастаўленне з аналагiчнай рускай лексiкай) якраз i садзейнiчае паглыбленню i пашырэнню, замацаванню ў памяцi навучэнцаў спецыяльных паняццяў, разуменняў, выяўленых у пэўных лексемах, г.зн. прафесiйнаму навучанню! З другога боку, як будучыя юрысты, гiсторыкi, дыпламаты, iнжынеры, урачы i г.д., не валодаючы прафесiйнай беларускай лексiкай, змогуць выконваць асобныя артыкулы таго ж «Закона аб мовах у Рэспублiцы Беларусь», паводле якога кiраўнiкi, iншыя работнiкi дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадскiх аб’яднанняў павiнны валодаць дзяржаўнымi беларускай i рускай мовамi ў аб’ёме, неабходным для выканання сваiх службовых абавязкаў? Як можа спецыялiст выконваць гэтыя патрабаваннi суверэннай нацыянальнай дзяржавы, калi ён не валодае нават спецыяльнай тэрмiналогiяй сваёй прафесii?

Неабходна падкрэслiць, што ў апошнi час, у сувязi з актыўнымi намаганнямi Прэзiдэнта i Урада, накiраванымi на пабудову дзяржаўнага суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, прыкметна павялiчылася цiкавасць да беларускай мовы з боку розных замежных краiн, якiя рыхтуюць сваiх дыпламатычных i iншых прадстаўнiкоў з арыентацыяй на веданне нацыянальнай мовы краiны будучай дзейнасцi. Беларуская мова стала вывучацца ў буйнейшых унiверсiтэтах свету, асобныя замежныя лiнгвiсты праходзяць стажыроўку ў вядучых унiверсiтэтах Беларусi. Беларускамоўныя тэксты сталi своеасаблiвым брэндам за мяжой, выкарыстоўваюцца ў рэкламных мэтах буйнейшымi сусветнымi фiрмамi i г.д. У гэтых умовах проста незразумелым было б не стварыць магчымасцi для самiх беларусаў розных прафесiй удасканалiць iмi веданне роднай мовы — адной з найстаражытнейшых i найбагацейшых славянскiх моў. Мовы Янкi Купалы i Якуба Коласа, развiццю i ўдасканаленню якой песняры аддалi ўсё сваё жыццё. Тым больш, у год для народных песняроў юбiлейны, якi, паводле Указа Прэзiдэнта, будзе шырока адзначацца як у нашай дзяржаве, так i за яе межамi.

Што да магчымасцяў авалодання спецыяльнай тэрмiналогiяй у ВНУ (i ўвогуле беларускай мовай), то для гэтага сёння маецца ўсё неабходнае: распрацаваны i зацверджаны Мiнiстэрствам адукацыi спецыяльныя праграмы, вучэбныя дапаможнiкi, выйшлi многiя галiновыя даведнiкi, энцыклапедыi. Апошнiм часам апублiкавана звыш 30 тэрмiналагiчных слоўнiкаў, завершана выданне ўнiверсальнай 18-томнай «Беларускай энцыклапедыi», дзе знайшла адлюстраванне прафесiйная лексiка лiтаральна па ўсiх гуманiтарных i прыродазнаўчых навуках, i iнш. Ва ўсiх ВНУ, у тым лiку i тэхнiчных, ёсць неабходныя высокаквалiфiкаваныя кадры фiлолагаў (над якiмi, дарэчы, навiсла пагроза скарачэння). Было б па меншай меры незразумелым не выкарыстаць увесь гэты патэнцыял для павышэння прафесiйнай падрыхтоўкi кадраў, для выхавання нацыянальна свядомых грамадзян, актыўных будаўнiкоў i абаронцаў суверэннай дзяржавы — Рэспублiкi Беларусь.

Хачу ў заключэнне сказаць, што на старонках мной паважанай «Звязды» я папрасiў слова не толькi ад сябе асабiста, але i — як старшыня секцыi «Беларуская фiлалогiя» рэспублiканскага Вучэбна-метадычнага аб’яднання па гуманiтарнай адукацыi, дзе названы Стандарт абмяркоўваўся, — ад iмя фiлолагаў вядучых унiверсiтэтаў Беларусi. Ведаю, распрацоўшчыкi Стандарта, якiя спачатку непрадумана знялi прадмет «Беларуская мова (прафесiйная лексiка)», цяпер скажуць: а за кошт якiх гадзiн увесцi (дакладней — пакiнуць) гэты прадмет? Што ж, у тэхнiчных ВНУ, вiдаць, трэба будзе крыху «пацяснiцца» фiласофii, сацыялогii, палiталогii, эканамiчнай тэорыi. Што да гуманiтарных ВНУ, то, перакананы, вывучэнне прафесiйнай лексiкi беларускай мовы будучымi гiсторыкамi, юрыстамi, дыпламатамi i iнш., пойдзе на карысць больш, чым уведзены цяпер абавязковы 34-гадзiнны курс «Асновы вышэйшай матэматыкi»...

Вячаслаў РАГОЙША,

доктар фiлалагiчных навук, прафесар БДУ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навуковая грамадскасць нашай суверэннай дзяржавы зноў устурбавана: распрацоўшчыкi новага варыянта агульнаадукацыйнага Стандарта для ВНУ выключылi з яг
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика