Навучальных устаноў, якiя рыхтуюць бухгалтараў, стане менш?
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
2 сакавiка ў Мiнску прайшоў фiнал конкурсу «Лепшы галоўны бухгалтар 2006 года». Яго арганiзатарамi з’яўляюцца ТАА «Агенцтва Уладзiмiра Граўцова» (выдавец часопiса «Главный бухгалтер»), Мiнiстэрства фiнансаў i грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя бухгалтараў».
Як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» арганiзатары конкурсу, у фiнал трапiлi 43 удзельнiкi (у першым туры конкурсу прымалi ўдзел 596 чалавек з усiх рэгiёнаў краiны). Па вынiках тэсцiравання ў фiнале былi вызначаны пераможцы ў васьмi намiнацыях конкурсу («Гандаль», «Прамысловасць», «Будаўнiцтва», «Транспарт», «Бюджэтныя арганiзацыi», «Банкаўская дзейнасць», «Сельская гаспадарка» i «Рэвiзор»). Затым сярод пераможцаў дадаткова быў вызначаны «Супергалоўны бухгалтар». Сярэднi стаж работы па прафесii тых, хто трапiў у фiнал, складае 9 гадоў. Гэта больш, чым сярэднi стаж работы ўсiх удзельнiкаў першага тура (7,6 года). 86 працэнтаў удзельнiкаў фiналу мае вышэйшую адукацыю. Як адзначыў на прэс-канферэнцыi перад пачаткам фiналу старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя бухгалтараў» Анатоль Сушкевiч, сёння ў краiне падрыхтоўку бухгалтарскiх кадраў ажыццяўляе прыкладна 80 ВНУ i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Пры гэтым якасць падрыхтоўкi ў многiх з iх знаходзiцца на вельмi нiзкiм узроўнi. «Многiя навучальныя ўстановы бяруцца за падрыхтоўку бухгалтараў нават не маючы квалiфiкаваных выкладчыкаў. Бо гэта вельмi выгадная справа для навучальных устаноў. Не патрабуецца абсталявання такога, як, напрыклад, для радыётэхнiчнага iнстытута», — сказаў Анатоль Сушкевiч. Паводле яго слоў, у блiжэйшай будучынi Мiнiстэрства фiнансаў, Беларускi дзяржаўны эканамiчны ўнiверсiтэт i грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя бухгалтараў» павiнны будуць перагледзець спiс навучальных устаноў, якiя могуць займацца падрыхтоўкай бухгалтараў. «Думаю, з 80 навучальных устаноў 30—40 можна вызвалiць ад гэтай працы. I пакiнуць падрыхтоўку бухгалтараў толькi ў тых навучальных установах, якiя маюць патрэбную базу. У першую чаргу маюць квалiфiкаваныя кадры». Анатоль Сушкевiч адзначыў таксама, што сёння па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема недасканаласцi беларускага фiнансавага заканадаўства, што вядзе да ненаўмысных памылак у працы бухгалтараў. Пры гэтым за парушэннi iснуюць надзвычай высокiя штрафы. «Гэта адпужвае людзей працаваць галоўнымi бухгалтарамi. Не кожны рашыцца займаць гэтую пасаду i несцi такiя пакараннi пры ўзроўнi заработнай платы, якi iснуе».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
2 сакавiка ў Мiнску прайшоў фiнал конкурсу «Лепшы галоўны бухгалтар 2006 года». Яго арганiзатарамi з’яўляюцца ТАА «Агенцтва Уладзiмiра Граўцова» (выда
|
|