Гульнi думак пад рухi танца
Ларыса ЦIМОШЫК
Сюды нельга прыйсцi i спытаць: «Дзяўчына, а вы танцуеце?» Таму што i так вiдавочна — дзяўчына танцуе. I не адна, а з сяброўкамi. I з сябрамi таксама. На сцэне. I далучыцца да iх танца можна толькi ў думках. А калi ты малады (можна нават душой), то зразумееш, дзеля чаго ўсе гэтыя рухi робяць артысты Тэатра сучаснай харэаграфii пад дзiўнай назвай «D.О.Z.SK.I». Новага тэатральнага праекта!
Ён узнiк з таго, што да маладой актрысы Вольгi Скварцовай далучыўся Дзмiтрый Залесскi. Яна — выпускнiца Беларускай акадэмii мастацтваў, як актрыса ўдзельнiчала ў спектаклях Купалаўскага, ТЮГа, СМТ. Ён — выпускнiк кафедры харэаграфii Унiверсiтэта культуры. Вольга ўжо мела невялiкi поспех — спецыяльную прэмiю Мiжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфii ў Вiцебску за мiнiяцюру «Гiсторыя аднаго чамадана» разам з акцёрам Раманам Падалякам. А Дзмiтрый да гэтага быў аўтарам розных танцавальных нумароў. У 2005 годзе яны паспрабавалi рабiць разам танцавальныя эксперыменты i зразумелi, што многiм гэта падабаецца. Потым да iх сталi далучацца, арганiзавалася трупа з васьмi чалавек. I напрыканцы 2006 года аформiўся асобны праект, назву якому далi першыя лiтары прозвiшчаў i iмё-наў яго арганiзатараў. Што гучыць даволi арыгiнальна. Прыколы, скетч, сцёб, замарочка, «адвязная тусоўка», танцы да ўпаду — поўны набор сродкаў, каб перадаць дух сучаснага маладзёжнага вяселля, якое павiнна суправаджаць свята. Напрыклад, дзень нараджэння. Пра яго расказвае адзiн са спектакляў новага харэаграфiчнага праекта. Але не трэба слоў, каб даць адчуць гледачу, што на гэтым вясёлым свяце кожны з герояў — сам па сабе. А вiноўнiк урачыстасцi ў фiнале пастаноўкi застаецца абсалютна адзiн. Уся шумная кампанiя аказалася «вiртуальнай», якая жыла толькi ў яго розуме. Вось такое сумнае свята... Хто кажа, што рухi без слоў не патрабуюць сур’ёзных разваг? Удзельнiкi праекта збiраюцца з гэтым спрачацца. Для iх тэатр танца — гэта тэатр думкi. Тыя ж маладыя акцёры Купалаўскага паказалi ўжо, што ў харэаграфiчным варыянце можна данесцi нават думкi Чэхава. Праект «D.О.Z.SK.I.» — камерны, якi iмкнецца весцi гутарку з кожным канкрэтным чалавекам. Гутарку без слоў. Але ў ёй пластыка рухаў спалучаецца з акцёрскай экспрэсiяй. Не без эмоцый. I не без думкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сюды нельга прыйсцi i спытаць: «Дзяўчына, а вы танцуеце?» Таму што i так вiдавочна — дзяўчына танцуе. I не адна, а з сяброўкамi. I з сябрамi таксама.
|
|