Старшыня старшыню разумее...
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Гэта толькi на першы погляд падаецца, што паўнамоцтваў у сельскiх Саветаў шмат. У рэальнасцi, магчымасцi яго часам абмежаваныя па прычынах фiнансавых. А вось абавязкаў у старшынi — не пералiчыць, таму што займацца прыходзiцца лiтаральна ўсiм. А дзе знайсцi сродкi, якiя часам так неабходны? Самы правiльны i распаўсюджаны шлях — звярнуцца па падтрымку да старшынi гаспадаркi. Атрымлiваецца, што эфектыўная дзейнасць органаў самакiравання пярвiчнага звяна залежыць у вялiкай ступенi ад паразумення з кiраўнiкамi сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Старшыня Нёманскага сельскага Савета Янiна Майсюк на пасадзе ўжо васемнаццаты год. Былая настаўнiца, потым — намеснiк дырэктара школы, старшыня камiсii па справах непаўналетнiх... Зараз яна, здаецца, знайшла сваё месца. Дваццаць два населеныя пункты, у якiх, сярод iншых, жывуць 73 адзiнокiя чалавекi сталага ўзросту, праблемныя сем’i, асобы з асацыяльнымi паводзiнамi — i за ўсё гэта адказвае Янiна Майсюк. Кожны дзень яна сутыкаецца з надзённымi пытаннямi ў сваiх вёсках. — Усе ведаюць, што ў сельскiм Савеце вырашаюцца праблемы па ўсiх напрамках —сацыяльнае абслугоўванне, ахова здароўя, выхаванне i адукацыя. Быць ва ўсiх «кропках» кожны дзень немагчыма, таму ў iх працуюць старасты, якiя з’яўляюцца надзейнымi маiмi памочнiкамi. Кiраваць тэрыторыяй можна, трэба толькi правiльна арганiзаваць людзей, — кажа яна, i дадае: — Не сакрэт, што фiнансаў у сельскiх Саветах бывае недастаткова, таму абапiраемся мы на супрацоўнiцтва з сельскiмi гаспадаркамi. Iх у нашай мясцовасцi тры. Што могуць зрабiць кiраўнiкi СВК? Iх гаспадаркi забяспечваюць людзей транспартам для падвозкi дроў, дастаўляюць корм для жывёлы. У апошнi час з-за ўраганаў актуальнай стала праблема старых дрэў — у Нёманскiм сельсавеце трэба спiлаваць 156 такiх, i за гэта таксама адказваюць работнiкi сельгаспрадпрыемстваў. I вырашэнне гэтых пытанняў залежыць ад чалавечага фактару — цi знойдуць агульную мову старшыня сельскага Савета з кiраўнiком гаспадаркi. Да таго ж людзi прызвычаiлiся, што сельскiя Саветы разглядаюць пытаннi, якiя часам выходзяць за рамкi iх паўнамоцтваў. ...Старшыня СВК «Наднёманскi» Мiхаiл Крукоўскi таксама не аддзяляе праблемы сельсаветаў i работнiкаў уласнага прадпрыемства. Ён лiчыць, што супрацоўнiцтва памiж мясцовай уладай i гаспадаркай павiнна прыносiць карысць абодвум бакам: — У нас наладжана дзелавое i адначасова чалавечае паразуменне. Сёння ў сельскiх Саветах няма такiх магчымасцяў, як у прадстаўнiкоў вытворчай сферы, — у першую чаргу я маю на ўвазе наяўнасць фiнансавых сродкаў. Аднак трэба разумець, што мы робiм агульную справу, таму гаспадарка вырашае пытаннi, якiя звязаны з матэрыяльна-тэхнiчным забеспячэннем вяскоўцаў. А мясцовая ўлада дапамагае нам дакладна ўбачыць праблемы, якiя мы не заўважалi раней. У тым лiку i ў сувязi са зваротамi грамадзян сродкi сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва пайшлi на рэканструкцыю Дамоў культуры i лазнева-пральнага камбiната. Гаспадарка ўкладвае грошы i ў медыцынскае абслугоўванне. Хутка «Наднёманскi» распачне ўзвядзенне культурна-забаўляльнага цэнтра. Трэба адзначыць, што пакуль не ўсе гаспадаркi могуць дазволiць сабе раскошу выдаткоўваць грошы на карысць вяскоўцаў. У гэтым сэнсе Нёманскаму сельсавету пашанцавала: — Мы намагаемся рабiць усё, што ад нас залежыць, амаль без выключэння. Няма рознiцы, школа, арганiзацыя або толькi адзiн чалавек мае патрэбу, напрыклад, у набыццi спартыўнага iнвертару. Дарэчы, развiццю спорту ў мясцовасцi мы надаём асаблiвую ўвагу, i першыя вынiкi ўжо ёсць — валейбольная каманда перамагае на спаборнiцтвах. Так i працуюць поруч Янiна Майсюк i Мiхаiл Крукоўскi. Дарэчы, як мы даведалiся пасля гутаркi, Нёманскi сельсавет i СВК «Наднёманскi» лiчацца аднымi з лепшых у Уздзенскiм раёне. «Сёння трэба зрабiць крыху больш, чым учора, а заўтра — крыху больш, чым сёння — гэтым прынцыпам мы i кіруемся ў сваёй дзейнасцi», — кажа Мiхаiл Крукоўскi. Уздзенскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта толькi на першы погляд падаецца, што паўнамоцтваў у сельскiх Саветаў шмат. У рэальнасцi, магчымасцi яго часам абмежаваныя па прычынах фiнансавых |
|