«Нашчадкi вогненных вёсак»
Таццяна ПАДАЛЯК
— так называецца экспазiцыя, работа над якой завяршаецца ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Экспазiцыя ствараецца па вынiках сумеснай патрыятычнай акцыi рэдакцыi газеты «Звязда» i Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» «Нашчадкi вогненных вёсак», якая праводзiцца з пачатку 2006 года. Патрыятызм традыцыйна разглядаецца як адна з фундаментальных, асноватворных каштоўнасцяў грамадства. Аднак у 90-х гадах ХХ стагоддзя, калi пачалi падвяргацца кардынальнай рэвiзii многiя маральныя аксiёмы, з’явiлiся спробы перагледзець i сутнаснае напаўненне самога паняцця «патрыятызм» — на прыкладзе «пераасэнсаванняў», а дакладней «пералiцоўкi на свой капыл» гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Нарастае i хваля спроб перагледзець вынiкi Другой сусветнай вайны з мэтаю прынiзiць ролю СССР i ўсiх народаў нашай калiсьцi агульнай краiны ў Перамозе над нямецка-фашысцкай Германiяй. Прычым аб укладзе Беларусi i панесеных ахвярах многiя замежныя спецыялiсты ўвогуле iмкнуцца не ўзгадваць. Таму газета «Звязда» сумесна з Дзяржаўным мемарыяльным комплексам «Хатынь» абвясцiла аб правядзеннi патрыятычнай акцыi «Нашчадкi вогненных вёсак». Найстарэйшая беларуская газета, якая ў час Вялiкай Айчыннай вайны выходзiла ў мiнскiм падполлi, а потым у партызанскай зоне, яшчэ раз нагадала: на тэрыторыi Беларусi фашысты вялi вайну на знiшчэнне. Па ўдакладненых звестках, загiнула 2 мiльёны 596 тысяч чалавек — кожны трэцi жыхар Беларусi. За тры гады акупацыi былi спалены больш як 9200 беларускiх вёсак, 5295 з iх знiшчаны разам з усiм цi часткай насельнiцтва. 628 вёсак падзялiлi лёс Хатынi, 186 загiнулых у полымi разам са сваiмi насельнiкамi вёсак так i не аднавiлiся пасля вайны. Масавае знiшчэнне насельнiцтва Беларусi, тактыка «выпаленай зямлi», «пашырэння жыццёвай прасторы» — гэта нацысцкi генеральны план «Ост» у дзеяннi. Згодна з iм, 75 працэнтаў насельнiцтва падлягала «высяленню» з займаемай тэрыторыi (фiзiчнаму знiшчэнню), 25 працэнтаў — «анямечванню» (ператварэнню ў рабоў). У 1975 годзе выйшла кнiга «Я з вогненнай вёскi...» А. Адамовiча, Я. Брыля i Ул. Калеснiка — дакументальная хронiка, жывы голас людзей, што былi спалены разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай i... засталiся жыць. «Людзi з вогненных вёсак сабралiся тут, каб сведчыць, пытацца, судзiць, каб расказаць тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна», — адзначалi аўтары. Кнiга напiсана праз 30 гадоў пасля вайны. Прайшло яшчэ 30 гадоў. Многiх Сведкаў Праўды, як назвалi сваiх суразмоўцаў пiсьменнiкi (дый iх самiх), ужо няма. Але сведкi трагедыi яшчэ застаюцца. Зараз, калi некаторыя iмкнуцца перапiсаць гiсторыю Вялiкай Айчыннай вайны — гiсторыю народнай трагедыi, народнай барацьбы i народнай Перамогi, — надзвычай важна пачуць галасы Сведкаў Праўды. Таму «Звязда» папрасiла адгукнуцца ўсiх, каму пашчасцiла выжыць у вогненным пекле родных вёсак. У рэдакцыю пайшлi пiсьмы ад сведкаў, вiдавочцаў тых жудасных падзей. Пiсьмы друкавалiся на старонках газеты. Шмат было i тэлефанаванняў. Чытачы з цiкавасцю сачылi за публiкацыямi газеты, распачатая акцыя закранула за жывое. Больш чым праз паўстагоддзя пасля вайны людзi сведчылi: мэтанакiраваная нацысцкая палiтыка генацыду ў адносiнах да насельнiцтва Беларусi стала велiзарнай нацыянальнай трагедыяй. Акцыя «Нашчадкi вогненных вёсак», нагадаем, праходзiла ў некалькi этапаў. 22 сакавiка, у дзень трагедыi Хатынi, у мiтынгу-рэквiеме ўдзельнiчалi не толькi хатынцы, якiм пашчасцiла выжыць — Уладзiмiр Яскевiч, Соф’я Фiохiна, Вiктар Жалабковiч. Тут быў i Мiкалай Гiрыловiч са знiшчанай фашыстамi Дальвы, i Уладзiмiр Жаваранак з вёскi Лiтвiчы. На Могiлках загiнулых вёсак нiзка кланялася сваёй роднай вёсцы Боркi Вiлейскага раёна Фаiна Анасовiч... 22 чэрвеня 2006 года, у дзень 65-годдзя пачатку Вялiкай Айчыннай вайны, у Хатынi сабралiся ўдзельнiкi акцыi. Яны прадстаўлялi фактычна ўсе рэгiёны Беларусi. Рэме Вячаславаўне Стахоўскай адной удалося выратавацца са знiшчанай вёскi Копанка Ельскага раёна. На магiлу роднай вёскi, што на Могiлках спаленых вёсак, яна прыехала разам з дочкамi, зяцямi i ўнукамi. З вёскi Вялiчкавiчы Салiгорскага раёна быў Антон Паўлавiч Коўцiк. Пасля вызвалення Беларусi ён помсцiў за спаленых зажыва землякоў на фронце. Самая дарагая яго ўзнагарода — медаль «За адвагу». З вёскi Парадоўшчына Маладзечанскага раёна прыехалi Генрык Уладзiмiравiч Вянслаўскi, Васiль Рыгоравiч Малюш, Сцяпан Вiкенцьевiч Садоўскi. Спаленую вёску Казiмiраўскую Буду Мазырскага раёна прадстаўляў Iван Аляксандравiч Сачук. Са Слуцкага раёна прыехалi Яўген Сямёнавiч Салавей са знiшчанай вёскi Адамова i Вiктар Гаўрылавiч Стажынскi з вёскi Старэва. З вёскi Прудкi Лагойскага раёна былi Ганна Мiхайлаўна Лiс i Леанiда Антонаўна Шуляк. Вёску Свяцiца Ляхавiцкага раёна прадстаўлялi старэйшае пакаленне сведкаў ваеннай трагедыi — Iосiф, Ганна, Канстанцiн Курловiчы, Надзея, Аляксей, Юлiя, Ганна Буйкевiчы, Вера Петрушкевiч — i юнае пакаленне школьнiкаў, якiя займаюцца пошукавай работай... Такая падзея адбылася ўпершыню ў гiсторыi. Гэта сапраўды ўжо апошнiя сведкi вайны. Некаторыя з iх ужо пасля правядзення акцыi пайшлi з жыцця — як дальвiнец Мiкалай Гiрыловiч... Акцыя «Нашчадкi вогненных вёсак» надзвычай важная не толькi для старэйшага пакалення, але i для моладзi, якая павiнна ведаць i захоўваць праўду аб вайне. Успамiны Сведкаў Праўды, якiх з кожным годам застаецца ўсё меней, — жывы адказ на ўсе пытаннi, якiя ставяць пад сумненне мiнулае. «Мы верым, што новыя пакаленнi ў ХХI стагоддзi не дапусцяць вайны, паўтарэння болю i трагедый, што спаўна зведаны нашай Радзiмай», — напiсалi нашчадкi вогненных вёсак у звароце да моладзi. Водгукi чытачоў сведчаць: акцыя мае вялiкi выхаваўчы рэзананс. Адкрыццё экспазiцыi «Нашчадкi вогненных вёсак» адбудзецца 22 сакавiка, у дзень 64-й гадавiны Хатынскай трагедыi. Ад рэдакцыi. Да ўвагi ўдзельнiкаў акцыi «Нашчадкi вогненных вёсак». У каго ёсць магчымасць узяць удзел у мiтынгу-рэквiеме i ў адкрыццi новай экспазiцыi ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь», просiм патэлефанаваць Падаляк Таццяне Уладзiмiраўне: тэл. сл. (017) 287-18-27, тэл. м. 8-029-677-17-45. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— так называецца экспазiцыя, работа над якой завяршаецца ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» |
|