Чорныя днi «белых каўнерыкаў»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Тэндэнцыi Колькасць эканамiчных злачынстваў у Беларусi iмклiва змяншаеццаБарацьбiтоў з эканамiчнымi злачынствамi можна па праву назваць байцамi «iнтэлектуальнага фронту». Гэтым мiлiцыянерам даводзiцца мець справу, як правiла, не з малаадукаванымi крымiнальнiкамi, а з уладальнiкамi нават некалькiх дыпломаў аб заканчэннi ВНУ. Такiя бяскрыўдныя з выгляду асобы (на Захадзе iх называюць «злачынцамi ў белых каўнерыках») нясуць вялiкую пагрозу эканамiчнай бяспецы дзяржавы, бо рабуюць звычайна не аднаго чалавека, а цэлае грамадства. Прычым без анiякага гвалту, лёгкiм росчыркам пяра. Таму ў Беларусi з iмi вядзецца бескампрамiсная, жорсткая барацьба. Падрабязна аб тым, як супрацоўнiкi мiлiцыi змагаюцца з «белакаўнерыкавай злачыннасцю» аглядальнiк «Звязды» папрасiў расказаць намеснiка начальнiка ўпраўлення па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi (УБЭЗ) Мiнiстэрства ўнутраных спраў краiны Мiкалая САМАРЫНА. — Мiкалай Iванавiч, апошнiм часам назiраецца змяншэнне колькасцi выяўленых органамi ўнутраных спраў эканамiчных злачынстваў. Вас такая тэндэнцыя не насцярожвае? Цi не сведчыць яна пра знiжэнне актыўнасцi супрацоўнiкаў службы БЭЗ у барацьбе з «белымi каўнерыкамi»? — Можна пагадзiцца з тым, што год ад году колькасць эканамiчных злачынстваў змяншаецца. Напрыклад, у 2002 годзе было выяўлена 17,5 тысячы такiх парушэнняў закона, а летась толькi 8 тысяч. Але мяне, як i маiх калег, гэта не насцярожвае, таму што прыведзеныя лiчбы не сведчаць аб знiжэннi актыўнасцi супрацоўнiкаў службы БЭЗ. Змяншэнне агульнай колькасцi выяўленых крымiнальных дзеянняў стала магчымым толькi з-за таго, што ад колькасных паказчыкаў мы станоўчым чынам перайшлi да паляпшэння якасных пазiцый. У прыватнасцi, мы сталi больш выяўляць асаблiва цяжкiх злачынстваў i тых парушэнняў закона, якiя выклiкаюць шырокi грамадскi рэзананс. Апроч таго, ва ўмовах iснавання рынкавых адносiнаў мы добра навучылiся выяўляць складаныя, шматэпiзодныя злачынствы. I ўвогуле, пагадзiцеся, пры жаданнi можна палепшыць статыстыку за кошт выяўлення «несуноў» i iншых дробных злачынстваў. Але ж не ад iх зыходзiць галоўная пагроза эканамiчнай бяспецы краiны. Ды i выводзiць на чыстую ваду такую «драбязу» могуць нават самi супрацоўнiкi адмiнiстрацый прадпрыемстваў. Задачы нашай службы змянiлiся. УБЭЗ не займаецца дробяззю. Галоўнае цяпер не колькасць выяўленых злачынстваў. Асноўная наша ўвага скiравана на выяўленне i раскрыццё цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў, спыненне фактаў карупцыi. Напрыклад, больш за палову выяўленых намi летась эканамiчных злачынстваў адносяцца да катэгорыi цяжкiх. Сярод iх 980 фактаў хабарнiцтва, 1932 крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становiшчам, а таксама прысваення альбо растраты. Да крымiнальнай адказнасцi прыцягнуты 2940 чалавек. Мы таксама адсочваем iстотныя негатыўныя з’явы i крымiнальныя працэсы ў эканомiцы i накiроўваем свае рэкамендацыi Прэзiдэнту, ва ўрад, Савет бяспекi па лiквiдацыi спрыяльнай глебы для iснавання злачынстваў. I трэба адзначыць, што нашыя прапановы знаходзяць падтрымку, сiтуацыя выпраўляецца. Напрыклад, падчас аналiзу гаспадарчых працэсаў у будаўнiчым комплексе краiны мы высветлiлi, што пры ўзвядзеннi жылога дома вялiзная частка часу затрачваецца на рознага роду афармленне дакументаў: зборы подпiсаў, узгадненнi ў розных iнстанцыях, атрыманне дазволаў i г.д. У вынiку агульная працягласць будаўнiцтва такога аб’екта складае 2 гады. Мы рэкамендавалi стварыць пры выканкамах дзяржаўныя структуры, якiя займалiся б вышэйпамянёнай бюракратычнай працай. Адначасова была б лiквiдавана i спрыяльная глеба для карупцыi, бо наўрад цi чыноўнiкi асмелiлiся б вымагаць хабар у дзяржаўных служачых. — Адкуль зараз зыходзiць асноўная пагроза эканамiчнай бяспецы дзяржавы? — Калi гаварыць пра крымiнальны аспект праблемы, то глабальных пагроз зараз няма. На маю думку, галоўны вораг эканамiчнай бяспекi — безгаспадарчасць i бескантрольнасць на прадпрыемствах, у арганiзацыях i ўстановах. — А наколькi ўдалося астудзiць пыл фальшываманетчыкаў? — Намi праводзiцца актыўная праца па выяўленню фактаў вырабу i распаўсюджвання фальшывых грошай. Летась было зафiксавана 2118 выпадкаў збыту падробленых грашовых знакаў, у 2005 годзе было 2820 такiх фактаў. Супрацоўнiкамi падраздзяленняў службы БЭЗ затрыманы 22 злачынныя групоўкi фальшываманетчыкаў, з якiх 15 — рэалiзоўвалi нацыянальную валюту. Усяго было выяўлена 230 фактаў збыту беларускiх рублёў. — Якiя галiны народнай гаспадаркi Беларусi найбольш вабяць «злачынцаў у белых каўнерыках»? — Традыцыйнымi аб’ектамi павышанай ўвагi злачынцаў застаюцца прадпрыемствы аграрна-прамысловага комплексу, якому штогод аказваецца значная дзяржаўная падтрымка, фiнансава-крэдытная сiстэма, палiўна-энергетычны комплекс. Словам, усе тыя сферы эканомiкi, дзе «круцяцца» вялiкiя грошы i найперш бюджэтныя. Напрыклад, летась у аграпрамысловым комплексе выяўлена 730 злачынстваў, з якiх больш за 190 — цяжкiя. Па-ранейшаму пiльную ўвагу дзялкоў «ценявога» бiзнэсу i прафесiйных злачынцаў прыцягваюць харчовыя i перапрацоўчыя прадпрыемствы, дзе летась было выяўлена 147 злачынстваў, сярод якiх 13 фактаў хабарнiцтва, 35 — махлярства, 12 — службовай халатнасцi, 14 — крадзяжоў шляхам прысваення альбо растраты, 27 — злоўжывання службовым становiшчам. Хачу заўважыць, што нярэдка кiраўнiкi, якiя павiнны абараняць iнтарэсы родных прадпрыемстваў, сачыць за захаваннем маёмасцi, самi ж займаюцца крадзяжамi i рознымi махiнацыямi. Так, у рэспублiканскiм аб’яднаннi «Белаграсэрвiс» намi былi выяўлены факты распродажу камерцыйным структурам гаруча-змазачных матэрыялаў, якiя прызначалiся сельгаспрадпрыемствам Мiнскай вобласцi. Пры садзейнiчаннi з боку службовых асобаў памянёнага аб’яднання было ўкрадзена больш за 283 тоны ГЗМ. Гендырэктар аднаго са сталiчных камбiнатаў заключыў заведама нявыгадны кантракт з эстонскай фiрмай i прычынiў прадпрыемству ўрон на суму больш за 470 мiльёнаў рублёў. Такую ж шкоду зрабiў i кiраўнiк аднаго з вiцебскiх прадпрыемстваў, якi нанёс заводу ўрон на 242,2 мiльёна рублёў. — Вiдавочна, падобныя кантракты заключаюцца з выгадай для самiх кiраўнiкоў прадпрыемстваў. Увогуле, цi шмат выяўляецца злачынстваў з прыкметамi карупцыi? — Летась намi было выяўлена 2777 злачынстваў такога роду, з якiх 834 факты крадзяжоў шляхам злоўжывання службовым становiшчам, 809 службовых падлогаў, 379 выпадкаў злоўжывання службовымi паўнамоцтвамi. Да крымiнальнай адказнасцi за хабарнiцтва прыцягнута больш за 470 асобаў. — Мяркуючы па выяўленых праваахоўнымi органамi злачынствах, «самыя дарагiя чыноўнiкi» курыруюць будаўнiчую галiну. На iх подкуп бiзнэсмены, прычым найчасцей расiйскiя, гатовыя выдаткоўваць мiльёны долараў. Чым абумоўлена такая шчодрасць хабарадаўцаў? — Будаўнiцтва жылля, а тым больш нейкiх забаўляльных устаноў цi гандлёвых цэнтраў прыносiць немалыя прыбыткi. Так што сам па сабе гэты бiзнэс — выгадны. I канкурэнцыя там даволi вострая. Атрымаць усе неабходныя дазволы на будаўнiцтва — ужо лiчыцца вялiкай удачай. Найчасцей чыноўнiкам прапануюць хабар за хуткае вырашэнне «зямельнага пытання». Дарэчы, гэтым спрабуюць скарыстацца i ўсюдыiсныя аферысты. Некаторыя прайдзiсветы лiтаральна навязваюць свае карупцыйныя паслугi бiзнэсменам у вырашэннi праблем з атрыманнем неабходных дазволаў. Хоць насамрэч яны не маюць нi магчымасцi, нi нават жадання аказаць камусьцi садзейнiчанне. Iх мэта — узяць грошы i знiкнуць. Падобных выпадкаў махлярства намi выяўлена нямала. Таму я хацеў бы папярэдзiць дзелавых людзей не звязвацца з сумнiўнымi асобамi, не дзейнiчаць у абход закона. — А цi не звязаны iмклiвы рост цаны на жыллё менавiта з хабарнiцтвам у будаўнiчай галiне? Бо, напэўна, у рэшце рэшт, усе выдаткi на подкуп чыноўнiкаў таксама будуць закладзены ў сабекошт аб’ектаў. — Вы маеце рацыю. Я цалкам згодны з гэтым. Рост цэнаў на жыллё, безумоўна, стымулюецца i тымi сумамi, якiя фiрме-забудоўшчыку даводзiцца выдаткоўваць у якасцi хабару нячыстым на руку чыноўнiкам. Даючы хабар, забудоўшчыкi потым вымушаны ўкладваць яго суму ў сабекошт будаўнiцтва, каб кампенсаваць свае выдаткi. Атрымлiваецца, што людзi, якiя будуюць жыллё пры дапамозе такiх фiрмаў, вымушаны са сваёй кiшэнi аплачваць хабарныя выдаткi. Таму мы вельмi планамерна i бескампрамiсна вядзём барацьбу з падобнымi з’явамi. — Як часта ўдаецца прымусiць злачынцаў вярнуць дзяржаве цi iншаму ўласнiку ўкрадзеныя грошы, матэрыяльныя каштоўнасцi? — Не так часта, як хацелася б пацярпелым. Матэрыяльны ўрон, якi прычынiлi абвiнавачаныя ў здзяйсненнi эканамiчных злачынстваў, склаў 91,4 мiльярда рублёў. Кампенсавана ж усяго 20 мiльярдаў рублёў. — Цi з’явiлiся апошнiм часам нейкiя новыя вiды эканамiчных злачынстваў? — Не. Характар эканамiчных злачынстваў у Беларусi iстотна не мяняцца на працягу ўжо некалькiх гадоў. Самым распаўсюджаным вiдам злачынства ў сферы эканомiкi па-ранейшаму застаюцца крадзяжы маёмасцi цi грашовых сродкаў, махлярства, хабарнiцтва, злоўжыванне службовым становiшчам. — Мiкалай Iванавiч, 16 сакавiка спаўняецца 70 гадоў з дня ўтварэння службы БЭЗ. Што б вы хацелi пажадаць калегам з нагоды прафесiйнага свята? — Вядома ж, здароўя, удачы ў жыццi i поспехаў у нашай адказнай працы. Таксама хачу пажадаць калегам актыўнай жыццёвай пазiцыi, адданасцi той справе, якой мы служым.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькасць эканамiчных злачынстваў у Беларусi iмклiва змяншаецца |
|