Іван АНТАНОВІЧ: «Мне сняцца сны аб Беларусi...»
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 15 сакавіка.)
— Многiя здзiўлялiся, калi бачылi на стале загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ «Nеw Yоrk Timеs» або «Lе Mоndе», якiя вы яшчэ тады рэгулярна чыталi ў арыгiнале. Не толькi гэтым, але i, напрыклад, вопытам замежнай працы вы выдзялялiся сярод партыйнай элiты. Чаму шматмiльённая партыя ў адзiн момант «здулася», як шарык, у чым урокi таго мiнулага? — Распад СССР без сур’ёзных для гэтага прычын знешняга ўздзеяння з’яўляецца ўнiкальнай падзеяй у гiсторыi ХХ ст., якi не мае аналагаў у сусветнай гiсторыi. Магутная дзяржава, другая супердзяржава свету, якая валодала каласальным ваенным i тэхнiчным патэнцыялам, памерла цiхай смерцю, не прычынiўшы ў свеце нiкому шкоды ад сваiх уласных, унутраных супярэчнасцяў. Сацыялiзм прайграў капiталiзму эканамiчна. Капiталiстычная сiстэма ўнiкальная па здольнасцi вытворчасцi багацця ў лiшкавых маштабах. Падзеi ХХ стагоддзя, Вялiкая Кастрычнiцкая сацыялiстычная рэвалюцыя пераканала нават гэту сiстэму ў неабходнасцi дзялiцца багаццямi з асноўнай масай насельнiцтва. На аснове высокай вытворчасцi капiталiзму нарадзiлася грамадства масавага спажывання, масавая культура забаў i г.д. Галоўныя пабуджэннi да сацыялiстычнай рэвалюцыi патухлi. Сацыялiзм, на жаль, выявiў сябе сiстэмай недастатковай вытворчасцi, хоць i заявiў, што яго мэтай з’яўляецца павышэнне дабрабыту мас. На функцыi размеркавання адсутных даброт нарадзiлася магутная размеркавальная бюракратыя. Чым больш яна размяркоўвала, тым больш даброт «лiпла» да яе рук. Паколькi вышэйшыя пасты гэтай бюракратыi можна было атрымаць толькi праз членства ў КПСС, у КПСС з’явiлася вялiкая маса людзей, якiмi рухалi толькi кар’ерныя iнтарэсы — дарвацца да пiрага, якога хапае не на ўсiх. У часы праўлення старэючай элiты ў 70—80-я гг. (у адрозненне ад тых, хто правiць бiзуном i пернiкам, Брэжнеў правiў толькi пернiкам), вышэйшыя колы партыi i ўлады ахапiў фантастычны цынiзм. Канешне, людзi, занятыя на дзяржаўнай рабоце, асаблiва на высокiх пасадах, маюць мала часу атрымлiваць асалоду ад дадатковых даброт, якiя яны маюць ад пасады, але члены iх сем’яў i акаляючая iх маса падхалiмаў жыла ў дастатку, балявала, увiльвала ад канструктыўнай работы. Застой у грамадстве прадвызначыў распад. Гэты распад умерана сытага, але не вельмi багатага грамадства стаў асноўнай прычынай сацыяльнай дэградацыi, якая паразiла краiну дзесьцi ў 70-я гады. Тысячы людзей, якiя працавалi ў партыi, вельмi перажывалi, але не змаглi пераадолець атмасферу распаду. Калi я быў назначаны на пасаду прарэктара Акадэмii грамадскiх навук пры КПСС у Маскву ў 1987 г. i прыбыў туды, там панавала атмасфера пастаянных дыскусiй i незадаволенасцi. Нiхто тады не верыў у камунiзм як у светлае будучае. Аднак чэсныя людзi ў партыi i дзяржаве разумелi неабходнасць сур’ёзных перамен, каб уратаваць краiну ад застою, хоць нiхто яшчэ не падазраваў распаду. Потым, калi мяне ўжо абралi членам Палiтбюро i сакратаром ЦК КП РСФСР у 1991 г., я зразумеў, што Масква ўжо не ўпраўляла вялiкай краiнай. Першыя сакратары абкамаў, рэспублiк рабiлi выгляд, што выконваюць загады Масквы. На самай справе, упраўлялi па-свойму, не забываючыся «атрымаць сваё». Калi Гарбачоў пачаў перабудову, яна адпавядала надзеям тысяч i тысяч людзей у партыi i краiне, здольных на рэформы, i яны яе падтрымалi. Пазней яны заўважылi, што М. Гарбачоў, якiм рухалi ў асноўным эгаiстычныя, амбiцыйныя мэты, не меў праграмы дзеянняў, i непрадуманымi, авантурнымi крокамi фактычна загубiў краiну. За час яго праўлення быў пушчаны па ветру залаты запас, дзяржаўны доўг краiны падвоiўся, а ён толькi перамяшчаўся з адной пасады на другую. Калi ён абраў сябе прэзiдэнтам, дадаткова да Генсека, Старшынёй Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР, амаль усе лiдары саюзных рэспублiк узялi з яго прыклад. Потым пасля 19 жнiўня за iм рушылi лiдары аўтаномiй, i цяпер на постсавецкай прасторы стала ў два разы больш прэзiдэнтаў, чым у астатняй Еўропе. Савецкая структура ўлады была знiшчана. Для краiны гэта было гiбельна. Абвал стаўся нечаканым, але незваротным. Вiна тут усёй сiстэмы кiравання: i дзяржаўнай, i партыйнай. Пабудаваныя ў рэжыме жорсткай цэнтралiзацыi («дэмакратычны цэнтралiзм» — безумоўнае выкананне загаду па ланцужку зверху ўнiз), нi партыя, нi дзяржава не змаглi пераадолець дэструктывiзм Гарбачова i яго клiкi i самi дэградавалi ў накiрунку мяшчанскага карысталюбства. Для мяне, як для чалавека левых перакананняў, гэта страшная трагедыя, якая адклiкаецца болем у маiм сэрцы, i будзе адклiкацца да канца маiх дзён. Да гэтага прымешваецца i пачуццё асабiстай вiны за тое, што быццам i стараўся, але зрабiў не ўсё, што мог... Цяпер мы можам толькi вывучаць урокi, можам марыць аб такiм новым эксперыменце, толькi ўлiчваючы правал савецкай iнiцыятывы. Але гэта здарыцца не хутка i не ў нас, дый новы варыянт рэальнага сацыялiзму будзе мала падобны да савецкага. — Ваш, як вучонага, прагноз развiцця сiтуацыi ў свеце? Што чакае Расiю? Беларусь? Якi пасад мiж народамi краiны, дзе быў створаны Статут ВКЛ — фактычна першай Канстытуцыi ў Еўропе, краiны, якую ў Сярэднявеччы называлi Гардарыкай, краiнай гарадоў? — Магдэбургскае права дапамагло росквiту беларускiх гарадоў, у якiя намнога раней, чым у Маскоўскую дзяржаву, прыйшлi еўрапейская вучонасць i асвета. Адсюль эпохi Асветы i Адраджэння Беларусi маюць абсалютна дакладныя контуры, прадстаўлена плеяда блiскучых iмёнаў, якiя мы ў Беларусi да гэтага часу як след не вывучылi. На жаль, гэта вялiкая спадчына не дапамагла беларускай нацыi захаваць сваю палiтычную самасвядомасць у цяжкiя стагоддзi выпрабаванняў, i сiла дзяржавы, сама дзяржаўнасць была страчана. Сёння адзiны шлях для Беларусi — дзяржава рэгiянальнага, еўрапейскага значэння. Мы не можам сур’ёзна ўплываць на сусветныя працэсы, мы можам адпрацоўваць праграмы, часам вельмi ўдачныя, iнтэграцыi з Еўрапейскай супольнасцю, але ўсё-такi, нягледзячы на ўсе цяжкасцi, развiваць цесныя эканамiчныя сувязi з Расiяй, якiя, натуральна, патрабуюць i даволi цеснага палiтычнага ўзаемадзеяння. Аднак суверэнiтэт краiны, за якi ўжо давялося вытрымаць такую тытанiчную барацьбу (нашаму Прэзiдэнту Беларусi А. Лукашэнку забяспечана годнае месца ў гiсторыi за тое, што ён не «здаўся» i не дазволiў «далучыць» Беларусь да Расii ў той час, калi яго падштурхоўвалi на гэта маскоўскiя «лiбералы», i калi фактычна Беларусi быў пастаўлены ўльтыматум — газ або суверэнiтэт), суверэнiтэт для беларуса, беларускага народа стаў сталай палiтычнай каштоўнасцю, якая дасталася яму пасля векавых выпрабаванняў. Ёю нельга рызыкаваць нi пры якiх умовах. Што да Расii, то яна вяртаецца на пазiцыi вялiкай сусветнай дзяржавы, якая ставiць перад сабой буйныя агульнасусветныя задачы i спрабуе сур’ёзным чынам уплываць на расклад сусветных сiл. У кожнай з дзвюх краiн свой шлях, аднак гэта не азначае, што мы не можам знайсцi агульных многiх жыццёва важных кропак судакранання на гэтым шляху. — У вашы партыйныя часы моцна крытыкавалiся ўсялякiя спробы балтыйска-чарнаморскiх сувязяў: палiтычныя, эканамiчныя, нафтавыя... А сёння як вы ацэньваеце iх будучыню? I цi не сама Расiя iх рэанiмавала? — Я думаю, што калегi, якiя супрацоўнiчалi з намi ў тагачасных савецкiх рэспублiках у 80-я гг. мiнулага стагоддзя, памятаюць, як мы нарошчвалi двухбаковыя беларускiя культурныя (у межах сваiх паўнамоцтваў) сувязi з Украiнай, Лiтвой, Латвiяй, Эстонiяй. Магчыма, многiя помняць цудоўныя пышныя дэкады культуры i мастацтва, якiя ўзаемна праводзiлi адна ў адной саюзныя рэспублiкi, i iшлi далей, за межы СССР — у Югаславiю i iншыя краiны славянскага свету. Што да руска-беларускiх культурных сувязяў, то яны развiвалiся ва ўмовах узаемазалежнасцi i ўзаемападсiлкоўвання як адзiнае цэлае. Таму сёння будаўнiцтва Балтыйска-чарнаморскага эканамiчнага супрацоўнiцтва не з’яўляецца чымсьцi нечаканым. Больш за тое, ва ўмовах, калi самая магутная дзяржава — ЗША — прайграе вайну ў Iраку, i гэтым сведчыць, што, нягледзячы на магутнасць, нiводная дзяржава свету сёння не ў стане пабудаваць аднаполюсную сiстэму мiжнародных адносiнаў, вельмi моцна ажыўляецца рэгiянальнае супрацоўнiцтва. Iмкненне краiн Балтыйска-чарнаморскага рэгiёна адна да адной — частка гэтай новай тэндэнцыi рэгiяналiзму, але трэба памятаць, што як толькi гэтае магчымае аб’яднанне пачне прымаць бачныя формы, яно можа моцна не спадабацца кiраўнiцтву Еўрасаюза ў Бруселi. Бо, калi да дзяржаў — членаў Еўрасаюза далучацца iншыя элементы Балтыйска-чарнаморскай дугi — Украiна i Беларусь, магчымасць еўрабюракратыi ўплываць на палiтыку такой садружнасцi моцна аслабне. Вiдаць, няма сумненняў, што амерыканцы ўхопяцца за гэту новую садружнасць, каб, актывiзуючы яе ў сваiх iнтарэсах, выкарыстоўваць як фактар цiску на «старую Еўропу» з мэтай прымусiць яе iсцi ў рэчышчы сваёй палiтыкi. Таму Беларусi трэба глядзець у абодва, каб не стаць заложнiкам чужых iдэй i палiтыкi, i нi адзiн крок у Чарнаморска-балтыйскiм рэгiёне не павiнен развiвацца так, каб ствараць урон для iнтарэсаў Расii. Трэба старанна пазбягаць мiжнародных учынкаў i здзелак, якiя далей абвастрылi б беларуска-расiйскiя адносiны. Iх трэба вяртаць у норму сяброўскага ўзаемазалежнага супрацоўнiцтва. — Нясцiплае пытанне: у якой валюце вы трымаеце свае зберажэннi? Верыце расiйскаму рублю, долару, еўра? Што параiце беларусам — трымацца беларускiх грошай? — Прафесарска-выкладчыцкая праца i навукова-даследчая дзейнасць, якiмi я займаюся ва ўнiверсiтэтах Масквы, прыносяць даход, якi вельмi дапамагае мне зводзiць канцы з канцамi, аднак ствараць зберажэннi пакуль не атрымлiваецца. Таму я грошы трачу ў той валюце, у якой зарабляю. Не так ужо важна сёння, якiх трымацца грошай, важна, каб iх было дастаткова. Нацыянальная валюта — частка суверэнiтэту краiны. Забывацца на гэта нельга. — Удалечынi ад Радзiмы не забылiся беларускую мову? Што чытаеце па-беларуску, з кiм размаўляеце? Самая дарагая для вас беларуская рэч — гэта... Самы памятны ўспамiн i самы горкi? — «Мне сняцца сны аб Беларусi». Нельга забыць мову сваёй мацi i сваёй Радзiмы, аднак размоўнага беларускага асяроддзя няма. Чытаю беларускiя газеты «Советскую Белоруссию», «Звязду», «Белгазету». На жаль, не маю магчымасцi чытаць мастацкую лiтаратуру i сачыць за культурнымi падзеямi. Аднак той факт, што нiчога з культурных падзей Беларусь за апошнiя гады «не выплеснула», на мой погляд, за свае межы нi ў напрамку Еўропы, нi Расii, мяне вельмi непакоiць. Самыя моцныя ўспамiны майго жыцця — нараджэнне дачок Марыны i Юлi, якiя ўжо дарослыя людзi i падарылi мне ўнукаў. Самы горкi ўспамiн майго жыцця — гэта калi нас, кiраўнiкоў КПСС i КП РСФСР 23 жнiўня 1991 г. п’яны натоўп выганяў з памяшканняў, абсыпаў знявагамi, пляўкамi i iнш. Усё Палiтбюро ЦК КПСС таямнiча змылася задоўга да гэтага. Яны ўсплылi потым — прэзiдэнтамi аўтаномных рэспублiк, губернатарамi, сенатарамi, думцамi. Нiякiя згрызоты сумлення iх, падобна, не мучаць. Нi адна партыйная арганiзацыя краiны, нi адна кампартыя свету, нi адна буйная ўстанова ў СССР i за яе межамi не заступiлася за структуру ўлады, якая ўпала. Гэта самае трагiчнае, аб чым я ўжо сказаў вышэй, i самае цяжкае для мяне ўсведамленне: сiстэма атрымала тое, што заслужыла. — Вiншуючы вас з 70-годдзем, цiкава было б даведацца, што галоўнае вы вынеслi са свайго вопыту? — Галоўны — заставацца самiм сабой, не дрэйфiць у самых крызiсных сiтуацыях i памятаць, што за няўдачамi прыходзяць удачы, за няпоспехам прыйдзе поспех. Трэба толькi працягваць працу, трэба быць шчырым з людзьмi, не ўчыняць амаральных учынкаў i злачынстваў. Самае галоўнае ў чалавека на зыходзе жыцця — каб сумленне было чыстае. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Многiя здзiўлялiся, калi бачылi на стале загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ «Nеw Yоrk Timеs» або «Lе Mоndе», якiя вы яшчэ тады рэгулярна чыталi ў ары
|
|