Работа. Плюс «жыллёвыя пытаннi»
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказваюць загадчык юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарату Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiр Iванавiч ШЭЛКОВIЧ i намеснiк загадчыка юрыдычнай кансультацыi ФПБ Васiль Мiкалаевiч КОРСУК.
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 14 і 15 сакавіка). Непакояць з Браслава, а нагода для званка такая. Зараз прыйшоў час працягваць кантракт з работнiкам, якi атэставаны ўмоўна. Кантракт, як вядома, можна заключаць не менш чым на год. А ў сваю чаргу пераатэстацыя пройдзе праз паўгода. I ў сувязi з гэтым узнiкае пытанне: што рабiць з кантрактам у выпадку, калi чалавек гэту пераатэстацыю ўсё ж не пройдзе? — Наша парада такая — заключаць кантракт на год. Аднак пры гэтым мець на ўвазе, што наша заканадаўства прадугледжвае магчымасць звальнення работнiка за пэўныя вiнаватыя дзеяннi цi за неадпаведнасць сваёй пасадзе ў вынiку недастатковай квалiфiкацыi. I ў тым лiку на гэтай падставе можна спынiць датэрмiнова кантракт. Разам з тым нельга не заўважыць, што самi вынiкi атэстацыi маюць не абавязковы, а толькi рэкамендацыйны характар. Таму чалавек, якi не прайшоў атэстацыю, можа пэўны час знаходзiцца на сваёй ранейшай пасадзе. I нiякiх парушэнняў заканадаўства з боку наймальнiка тут не будзе. — Адпрацавала амаль 20 гадоў у бальнiцы. Аднак у адносiнах да мяне чамусьцi не дзейнiчаў калектыўны дагавор — у прыватнасцi, гэта датычыцца i юбiлейных дат, i прадастаўлення матэрыяльнай дапамогi да адпачынку. Выбачайце, аднак пазалетась, пры выхадзе на пенсiю, нiхто не падараваў нават кветкi i не сказаў «дзякуй». А ўсё таму, што ў 2001 годзе я прыняла рашэнне аб выхадзе з прафсаюза, хоць дагэтуль з’яўлялася яго членам паўтара дзесятка гадоў. Валянцiна Iосiфаўна Васецкая, г. Мiнск — На жаль, шукаць прычыны невыканання тых цi iншых пунктаў калдагавора ў адносiнах да вас сёння ўжо цяжка. Разам з тым варта зрабiць адну заўвагу: калдагавор прымаецца адмiнiстрацыяй арганiзацыi i прафсаюзным камiтэтам. I цалкам магчыма, што ў дагаворы было вызначана, што тыя цi iншыя гарантыi распаўсюджваюцца толькi на членаў прафсаюза. Нiчога процiзаконнага тут няма. Аднак iншая справа, калi на вас проста «забылiся». У такiм выпадку можна звярнуцца ў суд, рэспублiканскi галiновы прафсаюз цi ў Федэрацыю прафсаюзаў. Пры гэтым можна таксама заўважыць — той факт, што пры развiтаннi вам нiхто не сказаў добрае слова, не робiць гонару нi адмiнiстрацыi, нi прафкаму бальнiцы. I мы з вамi згодныя: да людзей трэба адносiцца па-чалавечы ў любой сiтуацыi. — Тэлефаную з Калiнкавiчаў, аднак дазвольце не прадстаўляцца. А пытанняў адразу некалькi. Па-першае, цi магу я, як вадзiцель, фактычна працаваць па 12—14, а атрымлiваць зарплату толькi за 10 гадзiн? Па-другое, цi абавязаны рабiцца даплаты за пагрузку i разгрузку? I яшчэ. Цi могуць адмовiць у прадастаўленні водпуску ў час, якi вызначаны ў графiку, толькi на той падставе, што «не хапае людзей»? — Працоўны кодэкс абавязвае весцi ўлiк працоўнага часу i рабiць аплату зыходзячы з фактычнай адпрацоўкi. Калi ж гэта не адбываецца, то лепш за ўсё звярнуцца або да свайго старшынi прафкама, або ў Мазырскую мiжраённую iнспекцыю працы. Па другому пытанню. Тут ўсё залежыць ад таго, на якiх умовах рабiўся прыём на работу. Бо калi пры прыёме ў вашы абавязкi «закладвалася» пагрузка i выгрузка, то адсутнасць даплат закону не супярэчыць. Калi ж пагрузкi-выгрузкi ў вашых абавязках няма, i гэта патрабаванне з’явiлася потым, вы можаце або проста пагадзiцца з новымi абавязкамi, або прасiць нейкую дадатковую аплату. Прычым вынiковае рашэнне будзе залежаць ад пагаднення з наймальнiкам. I наконт водпускаў. Iх графiк павiнен выконвацца. I перанос тэрмiнаў адпачынку магчымы толькi са згоды непасрэдна работнiка. — Вас турбуюць з Маладзечанскага раёна з такiм пытаннем: цi можна зараз за гадзiну работы механiзатара плацiць усяго 512 рублёў? I другое пытанне. Цi можа працягвацца працоўны дзень падчас пасяўной цi жнiва з 6 гадзiн ранiцы i да 21 гадзiны вечара? — 512 рублёў — гэта менш за паказчык вызначанай мiнiмальнай пагадзiннай аплаты працы ў нашай краiне. Таму налiчэнне заробкаў у такiм памеры сапраўды можа з’яўляцца парушэннем заканадаўства. Праўда, адначасова трэба заўважыць, што для аплаты працы ў памеры не нiжэй мiнiмальнага ўзроўню ёсць дзве ўмовы — занятасць работнiка поўны дзень i выкананне iм нормаў выпрацоўкi. А вось вытрымлiваюцца гэтыя дзве ўмовы ў вашай гаспадарцы цi не — сказаць «з ходу» немагчыма. Тут трэба разбiрацца, i для гэтага мы раiм вам звярнуцца ў Маладзечанскую мiжраённую iнспекцыю працы. Што ж да другога пытання, то варта сказаць наступнае. Ёсць пастанова ўрада, якая вызначае, што ў перыяд пасяўной цi жнiва працоўны дзень работнiкаў сельскай гаспадаркi на самай справе можа перавышаць вызначаную заканадаўствам працягласць. — Звяртаемся з Любанскага раёна. Майму мужу падчас звальнення своечасова не зрабiлi разлiк, а адразу пасля звальнення — не аплацiлi бальнiчны. У рэшце рэшт, мы змаглi адстаяць свае правы. Аднак цi можам мы зараз запатрабаваць ад наймальнiка кампенсацыi маральнага ўрону? — Падставы, па якiх магчыма патрабаваць кампенсацыю маральнага ўрону, вызначаны заканадаўствам. Да прыкладу, гэта можа быць звальненне за прагул, якога на самай справе не было, цi неабгрунтаваны перавод чалавека на iншую работу без яго згоды. Аднак падставы, аб якiх кажаце вы, варыянту кампенсацыi маральнага ўрону не прадугледжваюць. Тым больш, што вызначаныя заканадаўствам правы вам хоць i з цяжкасцямi, але ўдалося рэалiзаваць. — Якiм чынам магчыма «падзялiць» працоўны водпуск? I цi можа адна з яго частак складаць, да прыкладу, усяго 2—3 днi? Святлана Дробыш, г. Мiнск — Артыкул 174 Працоўнага кодэкса вызначае, што па дамоўленасцi памiж работнiкам i наймальнiкам працоўны водпуск можа быць падзелены на часткi. Пры гэтым у кодэксе iснуе толькi адно патрабаванне — адна з частак водпуску павiнна быць не менш за 14 дзён. Адпаведна, часткi астатнiя могуць мець абсалютна любую працягласць, i ў тым лiку — усяго 2—3 днi. — Хто вырашае, якой павiнна быць матэрыяльная дапамога да водпуску? I цi праўда, што такая дапамога абавязкова складае аклад? Аляксандра Iванаўна, г. Гомель — Не, Аляксандра Iванаўна. Нормы, якая абавязвае прадастаўляць матэрыяльную дапамогу да водпуску ў памеры акладу цi, скажам, яго паловы, у нашым заканадаўстве няма. У дадзеным выпадку ўсё залежыць ад магчымасцяў наймальнiка. — Цi залiчваецца ў стаж, якi дае права на пенсiю па выслузе гадоў, час работы пiянерважатай? Далей. Цi павiнна прымацца рашэнне аб пазбаўленнi прэмii калегiяльна, а не асабiста кiраўнiком? I таксама няпростае пытанне. Усiм зразумела, што цяперашняя кантрактная сiстэма адпавядае толькi iнтарэсам наймальнiка, але нi ў якiм разе — не iнтарэсам работнiка. Больш таго, любая спрэчка з наймальнiкам цяпер фактычна можа стаць прычынай для звальнення. Таму, на ваш погляд, цi не прыйшоў час змянiць гэту сiстэму? Людмiла Iванаўна, Смаргонскi раён — Згодна з нашым заканадаўствам, час работы пiянерважатай у стаж, неабходны для прызначэння пенсii па выслузе гадоў, не залiчваецца. Далей. Закон дапускае, што рашэнне аб прэмiраваннi цi дэпрэмiраваннi работнiка можа прымаць толькi кiраўнiк. Аднак гэта павiнна грунтавацца на пэўных лакальных нормах i, у прыватнасцi, на палажэннi аб прэмiраваннi. Прычым у арганiзацыях, дзе ёсць прафсаюз, гэта палажэнне зацвярджаецца па ўзгадненню з прафсаюзам i можа ўтрымлiваць норму, паводле якой рашэнне аб прэмiраваннi цi дэпрэмiраваннi прымаецца ў iншым парадку, скажам, з удзелам прафкама. I нарэшце. Федэрацыя прафсаюзаў не выключае, што ў адносiнах да асобных катэгорый работнiкаў можа выкарыстоўвацца кантрактная форма найму. Разам з тым ФПБ нiколi не падзяляла меркаванне, што на кантракты трэба пераводзiць усiх работнiкаў без выключэння. Гэта, па-першае. А па-другое, варта нагадаць, што Федэрацыя прафсаюзаў увесь час якраз i iмкнецца змагацца з «суб’ектывiзмам» кiраўнiкоў. I ў тым лiку — праз заканадаўства. Так, нам удалося абаранiць ад звальнення па заканчэнню тэрмiнаў кантрактаў жанчын з дзецьмi ва ўзросце да 5 гадоў, асобаў перадпенсiйнага ўзросту. Прычым заканадаўчая работа тут працягваецца. А пакуль варта зазначыць, што варыянт абароны асобных катэгорый ёсць i зараз — гэта можна зрабiць у рамках калектыўных дагавораў. У прыватнасцi, у калдагаворах можна вызначыць абавязковасць працягу кантрактаў з работнiкамi, якiя з’яўляюцца адзiнымi кармiцелямi ў сям’i, работнiкамi, у якiх ёсць хворыя члены сям’i, цi работнiкамi, што маюць непаўналетнiх дзяцей. Пры гэтым зазначым — адпаведны запiс у калектыўным дагаворы становiцца для канкрэтнага наймальнiка законам. Матэрыялы «прамой лiнii» падрыхтаваў Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў нашай газеты адказваюць загадчык юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарату Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi
|
|