Прыёмная кампанiя: правiлы гульнi...
Надзея НIКАЛАЕВА
Заўважана, што чым менш часу застаецца да прыёмнай кампанii, тым больш у абiтурыентаў узнiкае пытанняў. Сёння мы з дапамогай спецыялiстаў Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў адкажам на некаторыя з iх:
— Цi будзе ў абiтурыентаў сёлета магчымасць падаваць дакументы ў некалькi ВНУ адначасова? Такой магчымасцi ў беларускiх абiтурыентаў няма ўжо некалькi гадоў. Пэўныя перавагi ёсць толькi ў абiтурыентаў, якiя збiраюцца «штурмаваць» ВНУ Мiнiстэрства абароны, Мiнiстэрства ўнутраных спраў, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях i Мiнiстэрства культуры. Там экзамены распачынаюцца раней для таго, каб маладыя людзi, якiм не пашанцавала пры паступленнi, паспелi падаць свае дакументы ў ВНУ другога патоку. Трэба мець на ўвазе, што ў другi паток аднесены Белдзяржунiверсiтэт, Беларускi дзяржаўны эканамiчны ўнiверсiтэт, Беларускi нацыянальны тэхнiчны ўнiверсiтэт, якiя шмат гадоў мелi магчымасць першымi адбiраць лепшых з лепшых абiтурыентаў. — На якiя льготы могуць разлiчваць пры паступленнi ў ВНУ пераможцы абласных алiмпiяд? Пераможцам абласных этапаў рэспублiканскiх алiмпiяд па вучэбных дысцыплiнах (дыплом I ступенi) будзе залiчвацца вышэйшы бал па адпаведнаму прадмету ўступнага iспыту. Пераможцы мiжнародных i рэспублiканскiх алiмпiяд (дыпломы I, II i III ступеняў) залiчваюцца без уступных iспытаў пры паступленнi на адпаведныя спецыяльнасцi. Пераможцам рэспублiканскай алiмпiяды па беларускай або рускай мове пры паступленнi на спецыяльнасцi, дзе iспыт па гэтых мовах не адпавядае профiлю абранай спецыяльнасцi, выстаўляецца вышэйшы бал па дзяржаўнай мове. — Цi маюць нейкiя прывiлеi пры паступленнi дзецi са шматдзетных сем’яў? Яны карыстаюцца пераважным правам на залiчэнне пры роўнай колькасцi балаў, набраных на ўступных iспытах. — На якiх спецыяльнасцях можна будзе скарыстацца правам на пазаконкурснае залiчэнне? Толькi на тых спецыяльнасцях, дзе конкурс у папярэднi год быў менш чым 5 чалавек на месца. Пазаконкурснае залiчэнне не практыкуецца таксама на спецыяльнасцях медыка-фармацэўтычнага профiлю i профiляў «мiжнародныя адносiны» i «правазнаўства». Не пашкодзiць таксама ведаць, што ў прэтэндэнтаў на пазаконкурснае залiчэнне ў дакуменце аб адукацыi адзнакi па прадметах уступных iспытаў павiнны быць не нiжэй за 6 балаў. — Па якой колькасцi дысцыплiн можна будзе здаваць цэнтралiзаванае тэсцiраванне ў 2007 годзе i калi распачнецца рэгiстрацыя для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi? Для абiтурыентаў ВНУ — не больш чым па трох дысцыплiнах, а для абiтурыентаў сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў — не больш, чым па двух. Рэгiстрацыя абiтурыентаў для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi будзе праводзiцца ў перыяд з 2 мая па 1 чэрвеня. Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў раiць маладым людзям рэгiстравацца на ўсе абраныя прадметы ў адным пункце правядзення тэсцiравання. Гэта зручна з пункту гледжання арганiзацыi тэсцiравання i рацыянальнага выкарыстання аўдыторнага фонду. Для абiтурыентаў, якiя не трапяць на тэсцiраванне па агульнаму графiку, вызначаны рэзервовы дзень — 4 лiпеня. Але, каб скарыстаць гэту магчымасць, як i ў папярэднiя гады, патрэбна ўважлiвая прычына, пацверджаная дакументальна. Перарэгiстравацца на тэсцiраванне ў рэзервовы дзень можна будзе з 25 па 30 чэрвеня ў наступных навучальных установах: Брэсцкiм дзяржаўным тэхнiчным ўнiверсiтэце, Гродзенскiм дзяржаўным унiверсiтэце iмя Я. Купалы, Вiцебскiм дзяржаўным тэхналагiчным унiверсiтэце, Гомельскiм дзяржаўным тэхнiчным унiверсiтэце iмя П.В. Сухога, Беларуска-Расiйскiм унiверсiтэце i Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце. Цэнтралiзаванае тэсцiраванне ў рэзервовы дзень будзе праходзiць для абiтурыентаў з усёй краiны на базе Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Здаць у гэты дзень можна будзе не больш за адну дысцыплiну. — Хацелася б ведаць, цi можна будзе здаваць на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi «Гiсторыю Беларусi» на беларускай мове? Кожны абiтурыент мае права самастойна выбраць мову, на якой ён жадае здаваць цэнтралiзаванае тэсцiраванне, прычым не толькi «Гiсторыю Беларусi», а ўсе вучэбныя дысцыплiны за выключэннем рускай i замежных моў. Для гэтага пры рэгiстрацыi ён заяўляе аб сваiм жаданнi здаваць тэсцiраванне на беларускай мове. Летась, напрыклад, iспыт па матэматыцы пажадалi здаваць на беларускай мове 6375 чалавек, па фiзiцы — 1567 чалавек, па хiмii — 955 чалавек, бiялогii — 2290, геаграфii — 76 чалавек, Сусветнай гiсторыi навейшага часу — 258 чалавек i курсу «Чалавек. Грамадства. Дзяржава» — 465 чалавек. — Падкажыце, цi могуць вучнi 10-га класа прыняць удзел у цэнтралiзаваным тэсцiраваннi? Удзельнiчаць у цэнтралiзаваным тэсцiраваннi сёлетнiя дзесяцiкласнiкi не могуць, але iм нiхто не забараняе паспрабаваць свае сiлы на рэпетыцыйным тэсцiраваннi, трэцi раунд якога стартуе ў трэцяй дэкадзе сакавiка. — Якую максiмальную колькасць балаў можна атрымаць за адно правiльна выкананае заданне часткi А? Па-першае, колькасць набраных на тэсцiраваннi балаў не з’яўляецца прама прапарцыянальнай колькасцi выкананых заданняў. Балы за кожнае заданне налiчваюцца зыходзячы з таго, колькi ўдзельнiкаў тэсцiравання змаглi яго выканаць (камп’ютарная праграма вызначае так званы каэфiцыент складанасцi). За выкананне больш складанага задання ўдзельнiку тэсцiравання налiчваецца адпаведна больш высокi бал. Такую ж колькасць балаў у суме можна набраць адразу за некалькi iншых правiльна выкананых заданняў, з якiмi справiлася большасць удзельнiкаў тэсцiравання. — Патлумачце, калi ласка, як ацэньваюцца тэставыя заданнi па рускай i беларускай мове, дзе прадугледжана некалькi правiльных адказаў. Для прыкладу, калi з 5 прапанаваных варыянтаў правiльных — тры, а абiтурыент указаў толькi два з iх, то як будзе ацэньвацца ўсё заданне? Яго залiчаць абiтурыенту як няправiльнае, цi ўсё ж такi пэўную колькасць балаў абiтурыент атрымае? Сiстэма падлiку тэставых балаў па рускай i беларускай мове прадугледжвае ўлiк часткова правiльных адказаў. Часткова правiльным лiчыцца адказ, у якiм дапушчана не больш за адну памылку. Прычым памылкай можа быць як указанне няправiльнага варыянту, так i неўказанне правiльнага адказу. Дапусцiм, што правiльныя адказы — 1, 4 i 5 варыянты. Абiтурыент выбраў: 1 варыянт — заданне выканана няправiльна. 1 i 4 варыянт — адказ за заданне залiчваецца як часткова правiльны. 4 i 5 варыянт — адказ за заданне залiчваецца як часткова правiльны. 1, 4 i 5 — адказ залiчваецца як правiльны. Калi да двух правiльных варыянтаў адказу дабаўляецца няправiльны, ўсё заданне залiчваецца як няправiльна выкананае. — Падчас рэпетыцыйнага тэсцiравання па матэматыцы яго ўдзельнiкам для чарнавых запiсаў быў выдзелены толькi адзiн лiст паперы. Але для 25 заданняў гэтай колькасцi паперы катастрафiчна не хапае!? Удзельнiкам цэнтралiзаванага тэсцiравання папера для запiсаў павiнна выдавацца ў неабходнай для работы колькасцi. З просьбай аб дадатковым выдзяленнi паперы для запiсаў трэба звяртацца да адказнай асобы ў аўдыторыi. — Цi будзе павялiчаны час для здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання па матэматыцы i фiзiцы? Працягласць выпрабаванняў па ўсiх дысцыплiнах застанецца ранейшай, як i колькасць тэставых заданняў. На матэматыку адводзiцца 150 хвiлiн, за якiя абiтурыенты павiнны выканаць 25 заданняў. На фiзiку — 180 хвiлiн, за якiя трэба выканаць 30 заданняў. — Цi можна прад’явiць у прыёмную камiсiю сертыфiкаты цэнтралiзаванага тэсцiравання 2006 года? Сертыфiкаты ўдзельнiкаў ЦТ мiнулага года дзейнiчалi толькi да 31 снежня 2006 года. — Цэнтралiзаванае тэсцiраванне будзе праводзiцца ў Беларусi ў чэрвенi. Цiкава, а як яго змогуць прайсцi выпускнiкi расiйскiх школ, якiя ў гэты час здаюць свае выпускныя экзамены? Калi расiйскiя грамадзяне хочуць паступаць у беларускiя ВНУ, iм давядзецца «гуляць» па нашых правiлах i будаваць свае планы з улiкам графiка правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання. Напрыклад, паспрабаваць атрымаць атэстат аб адукацыi загадзя. У рэзервовы дзень (4 лiпеня), нагадаем, можна будзе здаць толькi адну вучэбную дысцыплiну. Звяртаем увагу абiтурыентаў, што на сайце Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў (www.rikz.unibеl.bу) яны могуць знайсцi больш падрабязную iнфармацыю аб правядзеннi ў гэтым годзе ў Беларусi цэнтралiзаванага тэсцiравання, задаць сваё пытанне спецыялiстам i атрымаць квалiфiкаваны адказ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўважана, што чым менш часу застаецца да прыёмнай кампанii, тым больш у абiтурыентаў узнiкае пытанняў. Сёння мы з дапамогай спецыялiстаў Рэспублiканс
|
|