Ранняя пасяўная? Гэта «плюс»! Перакананы земляробы старадарожчыны
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Нечакана ранняя вясна ўнесла карэктывы ў прывычны графiк работы ў полi. Сяўба пачалася сама меней на два тыднi раней, чым звычайна. Казiмiр Чарапок працуе механiзатарам у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Залужжа», што на Старадарожчыне, вось ужо 29 гадоў. «Такога, каб ужо ў сярэдзiне сакавiка сеяць пачыналi, не памятаю, — кажа Казiмiр Мiкалаевiч.
У «Залужжы» пачатак сяўбы адзначалi ўрачыста — наладзiлi сапраўднае свята «першай баразны». На яго запрасiлi калектывы мастацкай самадзейнасцi, а таксама айца Аляксандра — каб малiтву прачытаць, як у старыя часы. «Настрой адразу ўзняўся, — узгадвае Казiмiр Чарапок, — праца — толькi ў радасць». Ды i зарабiць можна добрыя грошы, вынiкi штодня кожнаму абвяшчаюць. Пасля завяршэння сяўбы лепшыя механiзатары гаспадаркi атрымаюць яшчэ i важкую прэмiю — «дадатак» складзе трэць ад асноўнага заробку. Самым вопытным даверылi новы трактар — Казiмiр Чарапок перасеў са свайго МТЗ-1221 на замежны «Фэндт», якi атрымалi перад пасяўной. — Гэта вельмi высокапрадукцыйная тэхнiка, — кажа старшыня СВК «Залужжа» Аркадзь Нiкановiч, — i даволi выгадная — расход палiва складае 10 лiтраў на гектар. Калi ўлiчваць тое, што за адзiн праход выконваецца адразу некалькi тэхналагiчных аперацый, то эканомiя гаручага адчувальная. Для таго, каб максiмальна павялiчыць эканамiчны эфект ад выкарыстання замежнай тэхнiкi, трактары будуць працаваць кругласутачна. Як паведамiў першы намеснiк старшынi Старадарожскага райвыканкама Вячаслаў Карпiевiч, раён атрымаў шэсць «Фэндтаў». Разам з «Джон дзiрам», якi прыгналi раней, выходзiць даволi магутны мехатрад. На кожным такiм трактары працуе цэлае «звяно» з некалькiх механiзатараў (якiя папярэдне прайшлi спецыяльную падрыхтоўку ў мiжгаспадарчым вучэбным камбiнаце), так што гэтая тэхнiка не будзе прастойваць. «Фэндты» i «Джон дзiр» апрацуюць палову пасяўных плошчаў Старадарожчыны, якiя сёлета складаюць больш чым 21 тысячу гектараў. — Ранняя пасяўная — адзiн з «плюсаў», — упэўнены Вячаслаў Карпiевiч. — Мы нядрэнна падрыхтавалiся, думаем сяўбу раннiх культур правесцi за 10 дзён, а з усiм комплексам веснавых работ у полi справiмся за 20. Зноў-такi — калi будзе спрыяльнае надвор’е. — Ранняя сяўба — пэўная рызыка? — Нiякай небяспекi няма, усе культуры адаптаваныя да нашых умоў. Перад тым, як распачаць сяўбу, мы кансультавалiся i з навукоўцамi. Адна з асаблiвасцяў Старадарожчыны — нiзкаўрадлiвая глеба, бал ворыва тут адзiн з самых маленькiх у цэнтральным рэгiёне. Адсюль i спецыфiка размеркавання пасяўных плошчаў. Стаўка робiцца на iнтэнсiўнае развiццё жывёлагадоўлi, гэтай мэце падпарадкавана земляробства. Галоўная задача — забяспечыць пагалоўе ўласнымi кармамi. Летась быў нарыхтаваны больш чым 1,5-гадовы запас, сёлетнiя планы таксама значныя. Плануецца пасеяць каля 9 тысяч гектараў кукурузы. «Царыца палёў» на пясках Старадарожчыны прыжылася нядрэнна, у мiнулым годзе акрамя сiласу тут намалацiлi тысячу тон каштоўнага зерня (сёлета яго плануюць атрымаць ужо ў дзесяць(!) разоў больш). «Гэтая культура дазволiла як трэба накармiць жывёлу, — кажа Вячаслаў Карпiевiч. — Яшчэ гадоў пяць таму здаралася, што i саломай кармiлi, тады ад кожнай каровы даiлi па 2,5 тысячы лiтраў малака за год. А зараз да 4 тыс. наблiзiлiся». — За апошнiя пяць гадоў аб’ёмы вытворчасцi малака павялiчылiся ўдвая, а мяса — у 1,8 раза, — заўважае старшыня Старадарожскага райвыканкама Васiль Усiк. — 90 працэнтаў выручкi ў аграпрамысловым комплексе раёна займаюць паступленнi ад жывёлагадоўлi. Гэта крынiца нашага дабрабыту, таму такая вялiкая ўвага надаецца развiццю мяса-малочнага накiрунку. Павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi — дадатковыя даходы i магчымасць павысiць памер аплаты працы вяскоўцаў. Сёлета за сяўбу чалавек рэальна можа зарабiць 500—600 долараў. Зразумела, трэба папрацаваць — рабочы дзень цяпер складае 10—12 гадзiн. Як паведамiў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркi i харчаваня Старадарожскага райвыканкама Сяргей Казецкi, сёлета плануецца атрымаць 42 тысячы тон збожжа. Прырост чакаецца значны, паколькi ў мiнулым годзе сабралi 27 тыс. т. Усе работы будуць выкананы ў адпаведнасцi з тэхналогiяй, у належныя агратэхнiчныя тэрмiны. Прыбаўку дасць i прымяненне сучаснай тэхнiкi — паводле падлiкаў спецыялiстаў, выкарыстанне камбiнаваных пасяўных агрэгатаў дазваляе павялiчваць ураджайнасць не менш чым на 5 цэнтнераў з гектара. «Мяркуючы па ўсiм, павiнен быць нядрэнны вынiк, — упэўнены Аркадзь Нiкановiч. — Стан пасеваў пасля зiмоўкi нядрэнны». У СВК «Асвiца» сяўба таксама iдзе поўным ходам. У старшынi гаспадаркi Алега Бегунца гэтая пасяўная першая на пасадзе кiраўнiка. Пачатак, як ён лiчыць, павiнен атрымацца ўдалым. Канешне, сяўба сёлета незвычайная, але можа гэта i да лепшага. «Памятаеце, як раней казалi: кiдай авёс у гразь — i будзеш князь, — кажа Алег Бегунец. — Вось i мы з аўса пачынаем». На дапамогу ў «Асвiцу» прыйшоў нямецкi трактар з райаграсэрвiсу. Сваёй тэхнiкi ў сельгаскааператыве малавата, бо плошча ворыва тут, бадай, адна з самых вялiкiх у раёне. Усё павiнна прыносiць прыбытак — так тут лiчаць, таму дакладна пралiчваюць кожны крок. У тым лiку вывяраюць i што сеяць: напрыклад, павялiчылi плошчы пад самымi прыбытковымi культурамi. «Трэба вырабляць больш таварнай прадукцыi, рэалiзацыя якой прыносiць грошы, — лiчыць Алег Бегунец. — Толькi ў такiм выпадку ў гаспадаркi ёсць перспектыва». Мiж тым, як кажуць, праца працай, а абед — па раскладу. Двухразовым гарачым харчаваннем падчас сяўбы на Старадарожчыне забяспечаны ўсе механiзатары. Ежу прывозяць прама ў поле. Прычым рацыёны, як паведамiў старшыня праўлення Старадарожскага раённага спажыўтаварыства Станiслаў Мароз, «узмоцненыя» — порцыя ўдвая большая, чым звычайна ў сталоўцы. Акрамя ўсяго iншага, пастаянна ў меню свежая гароднiна — агуркi, памiдоры, капуста. Таксама штодня кожнаму механiзатару выдаецца паўтаралiтровая бутэлька мiнеральнай вады Старадарожскага цэха безалкагольных напояў. Дарэчы, тутэйшая мiнералка лiчыцца вельмi карыснай. Кажуць, што каштоўныя ўласцiвасцi мясцовай вады ў свой час заўважылi яшчэ князi Гальшанскiя. Агульны кошт абеду выходзiць пад 3—3,5 тысячы рублёў. Аднак для механiзатараў гаспадаркi ўстанаўлiваюць мiнiмальныя расцэнкi — напрыклад, як адзначыў Аркадзь Нiкановiч, у СВК «Залужжа» зараз яны складаюць 500 рублёў. У сталоўцы сельгаспрадпрыемства цяпер таксама «гарачая пара» — трэба гатаваць i развозiць абеды. Як заўважыла повар Алена Ждановiч, ежу раскладваюць у спецыяльныя кантэйнеры, якiя пасля ўпакоўваюцца ў кацялкi. Так што абеды доўгi час захоўваюцца гарачымi. Харчаванне i сапраўды ўзмоцненае: калi мы наведвалi гаспадарку, у меню быў расольнiк, бульбяное пюрэ з катлетамi i кампот. Звычайна абед доўга не працягваецца — няма калi расседжвацца, бо работы ў полi яшчэ шмат... Старадарожскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нечакана ранняя вясна ўнесла карэктывы ў прывычны графiк работы ў полi. Сяўба пачалася сама меней на два тыднi раней, чым звычайна
|
|