Дрэвы абрэзалi, расаду пасадзiлi. Чакаем цяпла
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... Хоць да масавых работ на агародах, дачных i прысядзiбных участках яшчэ далекавата, у руплiвых гаспадароў ужо колькi тыдняў прабiваецца на падаконнiках расада, а самi яны паспелi наведаць не адзiн магазiн i набыць патрэбны рыштунак, насенне, угнаеннi. А хто не вытрымаў i ўжо «падскочыў» на свае соткi — хоць бы глянуць, што там ды як пасля зiмы.А як адаб’ецца ранняя вясна на пачатаку надыходзячага сезона? Што ўжо зрабiлi, а што плануецца на блiжэйшую перспектыву? Наталля БРЫГА, намеснiк дырэктара цэнтра банкаўскiх паслуг № 318 у г. Нароўля фiлiяла № 317 ААБ «Беларусбанк» г. Мазыра: — У мяне прыватны домiк, зразумела, агарод. Ужо высадзiла расаду на падаконнiку: памiдоры, перац. Агуркi я звычайна высаджваю адразу ў адкрыты грунт пазней — пад плёнку. Бульбу яшчэ маем, прычым усе ахвотнiкi могуць узяць прама на працы (кiраўнiцтва дамаўляецца) па 10 сотак зямлi. У аднаго нашага работнiка ёсць асабiсты трактар, дык ён нам вельмi дапамагае. Саджанцамi пакуль не займалiся, але iх хутка будуць вазiць на наш рынак. Магчыма, прыгледзiм яблыню або грушу. Угнаеннi звычайна выкарыстоўваем, уносiм iх з восенi, хоць на тым жа рынку цяпер можна набыць што заўгодна. Надзея КАПIЧНIКАВА, загадчык аддзела тэхналогii i пладаводства РУП «Iнстытут пладаводства Нацыянальнай акадэмii навук»: — Зараз можна праводзiць абрэзку пладовых культур, што, напрыклад, асабiста я нядаўна i рабiла. З зямлёй жа працаваць пакуль рана. Хоць на глыбiнi 20 сантыметраў яе тэмпература складае +2 °С, актыўнасцi ўсё роўна няма. Трэба пачакаць, пакуль плюсавыя тэмпературы паветра будуць перавышаць +10 °С. Калi пачнуць набухаць пупышкi, трэба праводзiць падкормку сада, а калi тэмпература паветра ўсталюецца вышэй +5 °С — не спазнiцца з апрацоўкай ад кветкаеда. Можна выкарыстоўваць нават механiчны спосаб: ранiцай пакласцi пад дрэвам плёнку i патрэсцi галiны, дрэва. А ўвогуле на гэты тыдзень сiноптыкi абяцаюць снег з дажджом, таму трэба пачакаць цяпла. Валянцiна КОНАНАВА, старшыня Рэспублiканскага камiтэта прафсаюза работнiкаў гандлю: — Бясспрэчна, плануем такiя работы. Найперш правесцi абрэзку дрэў, прыбраць пасля зiмы сам участак. Расаду я апошнiм часам дома не вырошчваю, пры неабходнасцi набываю яе на рынку. Ды i, па праўдзе, градак у мяне на ўчастку не вельмi шмат, асноўнае месца займае газон ды кветкi. Кветкi пераважна шматгадовыя, але кожны сезон высаджваем i аднагадовыя — расадай. Наталля СУХАЯ, вядучы метадыст па рамёствах i промыслах дзяржаўнай установы «Мiнскi абласны цэнтр народнай творчасцi»: — У нашай сям’i ў вёсцы хата, якую можна назваць дачай. Наколькi я ведаю, бацька ўжо абрэзаў на ўчастку садовыя дрэвы. На расаду высадзiлi перцы, памiдоры. Кветкi мы звычайна напачатку высаджваем у цяплiцы, а потым расаду пераносiм на ўчастак. Цi планую прымаць удзел у веснавых пасяўных работах? Канешне, як толькi надыдзе час, чакаюць градкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць да масавых работ на агародах, дачных i прысядзiбных участках яшчэ далекавата, у руплiвых гаспадароў ужо колькi тыдняў прабiваецца на падаконнiках |
|