«Прамая лiнiя». Ломаць слухае»
Аляксандр ПУКШАНСКI
Менавiта так пачынаў размову з жыхарамi Вiцебшчыны, якiя патэлефанавалi на «прамую лiнiю», старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь Зянон Ломаць. За тры гадзiны ён выслухаў 45 чалавек. А ўсяго былi прыняты 129 званкоў.
Паколькi Зянон Кузьмiч доўгi час займаў пасаду памочнiка Прэзiдэнта — галоўнага iнспектара па Вiцебскай вобласцi, ён у некаторыя пытаннi, як кажуць, унiкаў адразу, тэматыка скаргаў некаторых грамадзян была яму вядомая i раней. Разам з iм у актавай зале рэгiянальнага Камiтэта дзяржкантролю праблемы выслухоўвалi адказныя асобы аблвыканкама, вiцебскага гарвыканкама, прадстаўнiкi мясцовых фiлiялаў рэспублiканскiх ведамстваў... Самая першая праблема, што выслухаў Зянон Ломаць, актуальная не толькi для Вiцебска. Аб ёй расказаў ваенны пенсiянер, iнвалiд, якi паскардзiўся на адсутнасць у абласным цэнтры спартыўнай залы для заняткаў iнвалiдаў-калясачнiкаў: «Раней такую магчымасць мы мелi ў спарткомплексе «Лакаматаў», а зараз шукаем памяшканне. Адказныя за развiццё спорту ў рэгiёне не дапамагаюць нам вырашаць транспартныя праблемы». — Чаму абласныя структуры не абараняюць iнтарэсы iнвалiдаў? — запытаў прысутных кiраўнiкоў Зянон Кузьмiч. I адразу ж было даручана старшынi Камiтэта па працы i сацыяльнай абароне насельнiцтва аблвыканкама разабрацца i абавязкова знайсцi магчымасць дапамагчы. Падчас «прамой лiнii» былi i дробныя пытаннi, якiмi, бадай, дзяржкантроль i не павiнен займацца. У прыватнасцi, другая скарга ад iмя вiцябчанiна заключалася ў тым, што «перагарадзiлi дарогу, таму машыны пажарнай службы, «хуткай неадкладнай дапамогi» i iнш. не могуць за’ехаць у двор». Высветлiць сiтуацыю Зянон Кузьмiч папрасiў першага намеснiка старшынi вiцебскага гарвыканкама. Дарэчы, 13-е пытанне шчыра ўсхвалявала Ломаця. Жанчына расказала аб тым, што ў 2000 годзе стала ў чаргу на атрыманне жылля: «Напрыканцы 2005-га размеркавалi кватэры сярод тых, хто значна пазней стаў у чаргу, а пра мяне забылi. Да каго толькi нi звярталася з пытаннем: чаму? Ды толькi адпiскi атрымлiвала». Зянон Кузьмiч паабяцаў, што, калi ўсё гэта праўда, тады раўнадушныя чыноўнiкi, пра якiх узгадала грамадзянка, павiнны быць звольнены за такую непавагу да праблемы канкрэтнага чалавека. З вёскi Карпiшча Докшыцкага раёна скардзiлiся: «Школа мясцовая ў дрэнным стане: дах цячэ, побач з будынкам — канавы. А ў нас жа аграгарадок летась афiцыйна адкрыўся, трэба ж завяршаць усе работы, што зараз прыпынены!» Жыхар пасёлка Бешанковiцкага льнозавода паскардзiўся на тое, што ваду даводзiцца браць з ракi, бо артэзiянская свiдравiна не працуе. А пенсiянер з Браслава паскардзiўся на дрэнную якасць хлеба, што робяць у гарадку: «А каб набыць прывазны, трэба доўга ў чарзе стаяць». Кожны атрымаў абяцанне, што яго «сiгнал» не застанецца без рэагавання, а ў асобных выпадках усiмi нюансамi зваротаў будуць займацца праваахоўныя органы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менавiта так пачынаў размову з жыхарамi Вiцебшчыны, якiя патэлефанавалi на «прамую лiнiю», старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь
|
|