21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мелiярацыя, у перакладзе з лацiнскага, азначае «паляпшэнне». У нашым выпадку — гэта паляпшэнне зямел

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У апошнiя гады ў краiне зноў з’явiлася цiкавасць да пытанняў мелiярацыi, якая, г.зн. мелiярацыя, у 90-я гады была падвергнута яўнай абструкцыi. Практыка, тым не менш, даказвае: выбар на мелiярацыю, якi быў зроблены ў свой час, — вельмi правiльны. I гэта пераканаўча даказваецца ў прапануемым вашай увазе артыкуле, якi пабудаваны на аснове дзейнасцi i навуковых даследаванняў галоўнага рэспублiканскага цэнтра, што займаецца пытаннямi i праблемамi мелiярацыi, — Iнстытута мелiярацыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi.




Што было вядома пра Беларусь у Еўропе яшчэ сотню гадоў таму? Ды ў асноўным тое, што гэта край лясоў, балот i бездарожжа. I сапраўды, лясы i балоты займалi амаль 60 працэнтаў яе тэрыторыi. Можа, для некаторых вiдаў жывёл, птушак, насякомых балоты i здавалiся раем, але ж там жылi i людзi. Вось што пiсаў пра гэта вядомы рускi пiсьменнiк Канстанцiн Паустоўскi: «Палескiя балоты невымерныя як неба. Я бываў там i на ўсё жыццё захаваў памяць аб гэтых змрочных днях, аб гэтых лабiрынтах вады i багны, дзе смерць, бязлюддзе i мёртвая цiшыня на кожным кроку на многiя кiламетры».

Зрабiце невялiкую экскурсiю па старой дарозе ад Пiнска да Лунiнца. Усяго толькi 60 кiламетраў... Мы бачым, з невялiкiмi перарывамi, выцягнутыя ўздоўж дарогi вёскi. Многiя з iх сталi цяпер аграгарадкамi, але гаворка тут пра iншае. Амаль у кожнай вёсцы, ледзь не ў цэнтры — вясковыя могiлкi. Што гэта, такi звычай палешукоў — размяшчаць могiлкi ў вёсках? Тлумачэнне простае: населеныя пункты з’яўлялiся на хоць бы ледзь-ледзь прыўзнятай касе, справа i злева ад якой былi балоты i забалочаныя землi, дзе нават для могiлкаў не знаходзiлася сухога месца.

У ХХI стагоддзе Беларусь уступiла з 2,9 мiльёна гектараў мелiяраваных сельскагаспадарчых зямель; гэта амаль 32 працэнты ўсiх сельскагаспадарчых угоддзяў. У сярэднiм на гаспадарку прыходзiцца больш за 1500 гектараў зямлi з палепшаным водным рэжымам, а ў 172 гаспадарках удзельная вага асушаных зямель у структуры iх зямельных угоддзяў увогуле перавышае 70 працэнтаў.

На ўсiх этапах мелiярацыi зямель у Беларусi навуковае забеспячэнне гэтага працэсу iграла калi не вызначальную, то вельмi iстотную ролю. У эпахальнай экспедыцыi царскага генерала I. Жылiнскага (а менавiта яго экспедыцыя ў свой час i паклала пачатак усяму гэтаму працэсу) прымалi ўдзел буйнейшыя вучоныя Расii — В.В. Дакучаеў, Г.I. Танфiльеў, А.I. Ваеўкаў. Не выпадкова распрацаваны экспедыцыяй праект мелiярацыi беларускага Палесся быў удастоены Залатога медаля на сусветнай выстаўцы ў Парыжы. У фармiраванне першай у Расii Мiнскай балотнай доследнай станцыi (папярэднiцы Iнстытута мелiярацыi) вялiкi ўклад унеслi балотазнаўца А.Ф. Флёраў, глебазнаўца-аграхімік А.Т. Кiрсанаў. Са стварэннем у 1930 годзе ў Мiнску Усесаюзнага навукова-даследчага iнстытута балотнай гаспадаркi ўся дзейнасць па вывучэнню балот, метадаў iх асваення i выкарыстання атрымлiвае новае развiццё. Тут паступова развiваецца магутная кагорта вучоных — гэта Б.Б. Бельскi, Г.I. Лашкевiч, А.I. Iвiцкi, З.Н. Дзя-нiсаў, А.Ф. Печкуроў, В.Ф. Шэбека, С.I. Трызна i iншыя.

У 1945 годзе, калi ўся рэспублiка ляжала ў руiнах, урад Беларусi прымае рашэнне аб стварэннi Палескай доследна-мелiярацыйнай станцыi — з мэтай абгрунтавання метадаў мелiярацыi i сельскагаспадарчага выкарыстання маламоцных тарфяных глебаў Палесся i тэрыторый, дзе пераважалi такiя землi. У даследаваннях на Палессi выдатна праявiўся талент С.Г. Скарапанава, на гэтых даследаваннях выраслi такiя вучоныя, як Г.I. Афанасiк, А.I. Барсукоў, В.I. Бялкоўскі, А.I. Кудрачоў, П.П. Крот, Н.В. Сiнiцын, В.П. Трыбiс, Э.Н. Шкутаў.

Сёння Iнстытут мелiярацыi — вядучая навуковая ўстанова ў гэтым важным накiрунку аграпрамысловага комплексу рэспублiкi, уваходзiць у склад Навукова-практычнага цэнтра па земляробству Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Асноўным накiрункам яго дзейнасцi з’яўляецца навуковае забеспячэнне праблем захавання i эфектыўнага выкарыстання ўжо адзначаных 2,9 мiльёна гектараў мелiяраваных зямель i прыкладна такой жа колькасцi сенакосаў i пашаў, з якiх 1,6 мiльёна гектараў — таксама асушаныя. Складанасць вырашаемых праблем — не толькi ў разнастайнасцi ўмоў у розных рэгiёнах, што неабходна пастаянна ўлiчваць у практычных справах, але i ў абмежаванасцi рэсурсаў. За 1960—1990 гады, або за 30 гадоў, у мелiярацыйнае пераўтварэнне зямель рэспублiкi ўкладзена не менш за 7,5 мiльярда долараў ЗША. Цяпер няма неабходнасцi ў такiх iнвестыцыях: новага асушэння ў рэспублiцы не вядзецца больш за 15 гадоў, не плануецца яно i ў блiжэйшай перспектыве. Аднак патрэбны сродкi на эксплуатацыю i мадэрнiзацыю мелiярацыйных сiстэм. Сродкi таксама неабходны для рэалiзацыi земляробчых тэхналогiй.



Час мяняе зямлю. Мелiяраваныя глебы, асаблiва тарфяныя, адзначаюцца найбольш паскоранай дынамiкай iх уласцiвасцяў, рэжымаў, характарыстык. Вельмi важна дакладна сачыць за тымi трансфармацыямi, якiя ў гэтых глебах адбываюцца, i аператыўна ўносiць папраўкi ў земляробчыя тэхналогii. Вось найбольш яскравы прыклад. Пры асушэннi тарфянiкаў адбываецца iнтэнсiўны распад арганiчнага рэчыва i вызваленне засваяльных раслiнамi формаў азоту. Яшчэ зусiм нядаўна гэтыя землi называлi кладоўкай азоту. Натуральна, што i земляробства на iх будавалася менавiта з улiкам выкарыстання азоту глебы. Пры гэтым не было патрэбнасцi ў мiнеральных удабрэннях. Прайшло некалькi дзесяцiгоддзяў эксплуатацыi тарфянiкаў — утрыманне i запасы даступнага для раслiн азоту iстотна скарацiлiся. Скарацiлiся настолькi, што для атрымання нават сярэднiх ураджаяў сельскагаспадарчых культур ужо неабходна ўносiць у глебу мiнеральныя азотныя ўдабрэннi.

Трэба дакладна ўяўляць, што мелiярацыя зямель — гэта не разавае мерапрыемства, не аднаразовы ўкол у хворую зямлю. Гэта пастаянная работа; работа па падтрыманню мелiярацыйных сiстэм у дзеючым стане, па iх манiторынгу, своечасоваму вызначэнню ўзнiкаючых там дэфектаў i iх выкараненню — работа, якая нiколi не спыняецца i не павiнна спыняцца. У рэспублiцы створана Дзяржаўная служба па эксплуатацыi мелiярацыйных сiстэм, у распараджэннi якой знаходзяцца многiя тысячы мелiярацыйных аб’ектаў — сельскагаспадарчых i водагаспадарчых. У краiнах Заходняй Еўропы, дзе мелiярацыя пачалася на некалькi стагоддзяў раней, чым у Беларусi, мелiярацыйныя сiстэмы зведалi па 5—6 рэканструкцый i мадэрнiзацый. У нашай краiне таксама iдзе працэс iх абнаўлення i мадэрнiзацыi. На вырашэнне гэтай задачы накiравана праграма «Захаванне i выкарыстанне мелiяраваных зямель», разлiчаная на 2006—2010 гады. У рэалiзуемай цяпер Дзяржаўнай праграме адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады пытаннi мелiярацыi i павышэння прадукцыйнасцi мелiяраваных зямель таксама знайшлi сваё адлюстраванне. Складанасць праблемы, аднак, у тым, што рэканструкцыя i аднаўленне ўстарэлых сiстэм, па прычыне недахопу сродкаў, не ў поўнай меры кампенсуе iх выбыццё. Iнакш кажучы, працэсы старэння мелiярацыйных сiстэм апярэджваюць нашы магчымасцi па iх аднаўленню. З гэтага вынiкае важнейшая задача — забяспечыць найбольш эфектыўнае выкарыстанне абмежаваных сродкаў. Словам, кожны рубель, якi ўкладваецца (будзе ўкладзены) у гэту справу, павiнен даваць максiмальную аддачу. Прычым не праз 10—15 гадоў, а ўжо сёння.



Наша рэспублiка — параўнаўча невялiкая, але нават на яе тэрыторыi мелiярацыйныя мерапрыемствы носяць занальны i рэгiянальны характар, пры гэтым улiчваюцца глебавыя, гiдралагiчныя, клiматычныя асаблiвасцi рэгiёнаў. Тое, што добра, напрыклад, для Маларыцкага раёна, зусiм не падыходзiць для Верхнядзвiнскага i Шаркаўшчынскага. I ў гэтым яшчэ адна характэрная асаблiвасць дзейнасцi Iнстытута мелiярацыi. Словам, патрэбна адраснасць кожнай распрацоўкi, кожнай тэхналогii, кожнай рэкамендацыi.

Грамадскасць больш за ўсё абмяркоўвае праблемы Палесся. Вялiзная тэрыторыя, якая перавышае плошчу такiх краiн, як Нiдэрланды i Швейцарыя, у мiнулым часе моцна забалочаная i пераўвiльготненая, мела бедныя (па любых мерках) землi — пераважна пясчаныя i рыхласупясчаныя, астравамi раскiданыя сярод балот. Сярод балот, якiя лiчылiся бяздоннымi i хавалi ў сабе, як здавалася раней, найвялiкшыя магчымасцi выкарыстання iх у сферы iнтэнсiўнага сельскага гаспадарання.

I сапраўды, як быццам, усё так. Межы палескага рэгiёна часцей за ўсё асацыююцца з вадазборам ракi Прыпяць i ўключаюць у сябе землi 52 адмiнiстрацыйных раёнаў. У мiнулым на Палессi было каля 3,5 мiльёна гектараў балот i забалочаных зямель (57,4 працэнта ўсёй тэрыторыi). К сённяшняму часу асушана 1,6 мiльёна гектараў, у тым лiку 0,7 мiльёна гектараў тарфянiкаў i 0,9 мiльёна — мiнеральных глебаў. У канцы 80-х гадоў мiнулага стагоддзя на землях Палесся выраблялася 45—48 працэнтаў сельскагаспадарчай прадукцыi рэспублiкi. Прадукцыйнасць сельскагаспадарчых зямель рэгiёна дасягала да 1990 года 3—3,5 тоны кармавых адзiнак з гектара, пры гэтым з гектара ворнай зямлi 4,5—5 тон. Лепшыя гаспадаркi атрымлiвалi з гектара асушаных зямель па 6—7 тон кармавых адзiнак. Высокi патэнцыял мелiяраваных зямель i наяўнасць неабходных рэсурсаў дазвалялi разлiчваць на далейшае паступовае развiццё сельскагаспадарчай вытворчасцi i сацыяльныя пераўтварэннi...

Аднак усё змянiлася са знiжэннем рэсурснага забеспячэння асушаных зямель. Iх прадукцыйнасць, асаблiва ў 1991—2000 гады, iстотна знiзiлася, што паставiла многiя палескiя гаспадаркi i рэгiёны ў вельмi складанае эканамiчнае становiшча. Дзе прычына гэтых негатыўных з’яў? Паводле даных iнвентарызацыi мелiярацыйных сiстэм, больш чым на чвэрцi мелiяраваных зямель Беларусi водны рэжым не адпавядае патрабаванням вырошчваемых тут сельскагаспадарчых культур. Недабор ураджаю пры гэтым, у сярэднiм па рэспублiцы, у асобныя гады дасягае 2,3—3 мiльёны тон кармавых адзiнак (калi выразiць гэта ў колькасцi ўраджаю збожжавых — мы будзем мець столькi ж тон збожжа аўса). Гэта выклiкана тым, што, па прычыне старэння мелiярацыйных сiстэм, знiжаецца iх кiруемасць, а адпаведна — пагаршаецца водны рэжым, якi i лiмiтуе той жа ўраджай. З указаных недабораў ураджаю 55—65 працэнтаў якраз прыходзiцца на Палессе... Такая першая прычына знiжэння прадукцыйнасцi мелiяраваных зямель.

Важнейшым фактарам, ад якога залежаць узровень вытворчасцi i яе ўстойлiвасць да экстрэмальных прыродных з’яў (а паўтаральнасць гэтых з’яў узрастае), выступае глеба. Як адзначана ўжо, на Палессi яе састаў i структура характарызуюцца перавагай пясчанiкаў i рыхласупясчанiкаў, гэта да таго ж часцей за ўсё спалучаецца з наяўнасцю тут маламоцных тарфяных пластоў. А галоўная асаблiвасць апошнiх, як таксама ўказвалася вышэй, у iх хуткай трансфармацыi, якая пры гэтым носiць дэградацыйны характар (у накiрунку ад тарфяных да мiнеральных пясчаных глебаў).

Верагоднасць такой трансфармацыi i страты тарфянiкамi iх арганiчнага рэчыва, вядома ж, мелася на ўвазе пры праектаваннi мелiярацыйных аб’ектаў. Аднак фактычная дынамiка гэтых працэсаў аказалася iншай — iстотна большай, чым па прагнозах. На сённяшнi час дэградаваныя тарфяныя глебы займаюць у рэспублiцы каля 220 тысяч гектараў, iх найбольшыя плошчы канцэнтруюцца ў палескiх раёнах Брэсцкай i Гомельскай абласцей. Па сутнасцi, мы маем справу з новымi «антрапагенна»-пераўтворанымi глебавымi фармiраваннямi, якiя пры гэтым дынамiчна эвалюцыянуюць, а плошча iх распаўсюджвання — пашыраецца. Згодна з прагнозамi, плошча такiх глебаў у рэспублiцы да 2020 года павiнна дасягнуць 320—350 тысяч гектараў. Вось чаму Iнстытут мелiярацыi сёння iнтэнсiўна працуе над тым, якой павiнна быць сiстэма земляробства i лугаводства на тэрыторыях, дзе пераважаюць тарфянiкi. Гэта на сёння адна з самых актуальных праблем. I ўжо зараз мы можам прапанаваць гаспадаркам Палесся найбольш мэтазгодны набор сельскагаспадарчых культур у сувязi з iх новымi ўмовамi гаспадарання, цi, дакладней, новымi глебавымi ўмовамi. Прычым гэты набор культур правераны ва ўмовах жорсткiх веснавых замаразкаў, пры дэфiцыце вiльгацi, ва ўмовах падтапленняў.

Шматгадовыя даследаваннi пераканаўча даказалi, што пры ўсiх змяненнях тарфянiкаў iх прадукцыйнасць можа заставацца высокай. Пра гэта сведчаць эксперыментальныя даныя Палескай доследнай станцыi мелiярацыйнага земляробства i лугаводства. Тут на такiх глебах, нягледзячы на тыя ж дэградацыйныя працэсы ў iх, у вынiку ўнясення ў iх дастатковай колькасцi мiнеральных удабрэнняў, на працягу 45 гадоў пазбягалi падзення прадукцыйнасцi. Наадварот, яна нават заў-важна павысiлася, асаблiва пры вырошчваннi шматгадовых траў.

Аптымiстычныя перспектывы адносна мелiяраваных зямель Палесся заснаваны на неабходнасцi карэкцiроўкi рэсурснага забеспячэння ўсёй гэтай справы, удасканалення агратэхналогiй, у прыватнасцi — структуры пасеваў. Выключна важным для Палесся з’яўляецца змяненне адносiнаў да асушаных сенакосаў i пашаў. Яны займаюць каля мiльёна гектараў далёка не горшых зямель, у многiх выпадках не адрознiваюцца ад ворных зямель па воднаму рэжыму. Лугi Палесся могуць поўнасцю забяспечыць жывёлагадоўлю рэгiёна таннымi i высакаякаснымi травянымi кармамi. Павучыцца тут ёсць у каго. У Столiнскiм раёне ў тыповых палескiх умовах працуе СВК «Фёдарскi», якi доўгi час узначальвае таленавiты арганiзатар Рыгор Аляксеевiч Дзямко. Асноўная частка сельскагаспадарчых зямель СВК — асушаныя маламоцныя тарфянiкi ў комплексе з мiнеральнымi пясчанымi глебамi. Пры наяўнасцi амаль 9,5 тысячы гектараў гаспадарка стабiльна атрымлiвае на адзiн бала-гектар па 1,5 цэнтнера кармавых адзiнак; тут на 100 гектараў маюць каля 60 тон малака i 90 тон мяса. Прывядзём словы Р.А. Дзямко: «Каб да нас не прыйшла мелiярацыя, палешукi вымерлi б».



Не менш складаныя, але вельмi адрозныя ад праблем Палесся, вырашаюцца праблемы ў паўночнай частцы рэспублiкi, у беларускiм Паазер’i. Яго мелiярацыйнае пераўтварэнне пачалося на шмат дзесяцiгоддзяў пазней; тады, калi ў палескiх раёнах землi ўжо былi асушаны на вялiкiх плошчах, калi там ужо меўся немалы вопыт праектавання, будаўнiцтва i эксплуатацыi мелiярацыйных сiстэм. У многiх раёнах гэтага дзiвоснага па прыгажосцi паўночнага рэгiёна прырода як бы наладзiла для чалавека суровы экзамен: выжыве цi не? Цi здолее прыстасавацца, знойдзе ключ да выкарыстання мясцовага патэнцыялу?..

Перавага практычна аднолькавых па саставу суглiнiстых i глiнiстых глебаўтваральных парод, пераўвiльготненасць зямель, перасечанасць рэльефу i звязаная з гэтым высокая небяспека эрозii глебы, дробнаконтурнасць сельскагаспадарчых зямель — вось далёка не поўны букет прыродных абмежаванняў для iнтэнсiўнай сельскагаспадарчай вытворчасцi. Iх пераадоленне запатрабавала арганiзацыi спецыяльных даследаванняў, стварэння Вiцебскай доследна-мелiярацыйнай станцыi ў Сенненскiм раёне, дзе на невялiкай тэрыторыi акумулююцца многiя рэгiянальныя праблемы. Можа, тут, як нiдзе, мела сваю значнасць комплексная мелiярацыя, пры якой гарманiчна спалучаюцца гiдратэхнiчныя, культуртэхнiчныя, аграмелiярацыйныя i агратэхнiчныя мерапрыемствы. Практыка паказала: невыкананне любой часткi гэтага комплексу рэзка знiжае эфектыўнасць мелiярацыi i сельскагаспадарчай вытворчасцi ў цэлым.

У асноўнай адмiнiстрацыйнай адзiнцы беларускага Паазер’я — Вiцебскай вобласцi асушана амаль 625 тысяч гектараў, у тым лiку 86 працэнтаў зямель — закрытым дрэнажом. Асаблiвасць гэтага рэгiёна заключаецца ў перавазе ў саставе асушаных — ворных зямель — апошнiя займаюць дзве трэцi ўсiх мелiяраваных угоддзяў. У такiх раёнах, як Верхнядзвiнскi i Шаркаўшчынскi, мелiяраваная ворная зямля складае, адпаведна, 79 i 82 працэнты.

Большая частка мелiярацыйных сiстэм у вобласцi эксплуатуецца звыш 30 гадоў. На iх, як правiла, ужо аслаблена кiруемасць водным рэжымам, якi на працягу вегетацыi раслiн больш не забяспечвае патрабаванняў iнтэнсiўнага земляробства. Маюць патрэбу ў рэканструкцыi i мадэрнiзацыi мелiярацыйныя сiстэмы на плошчы 116 тысяч гектараў. У асобных гаспадарках становiшча проста крытычнае. Напрыклад, у гаспадарках Глыбоцкага раёна «Канстанцiнаў двор», «Каралi», «Запрудскае», «Сельцы», «Верхняе», «Яблынька» плошчы мелiяраваных зямель, якiя маюць патрэбу ў абнаўленнi сiстэм, дасягаюць палавiны. Асаблiва дрэнная сiтуацыя склалася ў Шаркаўшчынскiм раёне, дзе прадукцыйнасць мелiяраваных зямель, па сутнасцi, вызначае стан усёй аграэканомiкi. Нельга не прызнаць, што ў апошнiя гады раён таксама поўнасцю знаходзiцца ў палоне надвор’я.

У гэтых складаных умовах Iнстытут мелiярацыi iмкнецца, перш за ўсё, валодаць аб’ектыўнай iнфармацыяй аб стане мелiярацыйных сiстэм i зямель, аб iх адчувальнасцi да змен надвор’я i iншых фактараў. Пры гэтым сумесна з абласным камiтэтам сельскай гаспадаркi i харчавання i «Вiцебскмелiяводгасам» удасканальваюцца парадак i сiстэма выбару аб’ектаў для рэканструкцыi, строга кантралююцца правядзенне гэтай рэканструкцыi i яе эфектыўнасць. Многае робiцца па паляпшэнню эксплуатацыi мелiярацыйных сiстэм. Прычым ёсць агульнае разуменне, што менавiта на гэтым накiрунку трэба шукаць асноўныя рычагi iх прадукцыйнага даўгалецця. Фармiруецца касцяк вучоных, якiя ведаюць асаблiвасцi i праблемы рэгiёна i здольныя ўнесцi свежыя iдэi ў яго развiццё. Гэта П.Ф. Цiво, В.У. Кучко, Г.Ю. Левiн, У.М. Макаед, А.Л. Бiруковiч. Асобна варта адзначыць калектыў Вiцебскай доследна-мелiярацыйнай станцыi. Невялiкая па колькасцi станцыя ў няпростых эканамiчных умовах добра зарэкамендавала сябе не толькi ў Сенненскiм раёне, але i ва ўсёй Вiцебскай вобласцi. Тут на справе паказваюць, як належыць гаспадарыць на асушаных землях, пастаянна вучаць гэтаму спецыялiстаў i механiзатараў. Станцыя робiць i яшчэ адну важную справу — яна вырошчвае высакаякаснае насенне збожжавых i збожжабабовых культур. Гэтыя культуры, атрыманыя на тыповых для вобласцi землях, максiмальна адаптаваныя да ўмоў рэгiёна i, адпаведна, запатрабаваныя вытворчасцю.



Важнейшым накiрункам работы Iнстытута мелiярацыi з’яўляецца навуковае забеспячэнне i суправаджэнне эксплуатацыi мелiярацыйных сiстэм. Жыццё паказала: менавiта сiстэмная эксплуатацыя ў спалучэннi з граматным сельскагаспадарчым выкарыстаннем зямель i гарантуюць iх высокапрадукцыйнае даўгалецце. На выкананне рамонтна-эксплуатацыйных работ у 2007—2010 гадах прадугледжана накiраваць 560,3 мiльярда рублёў сродкаў рэспублiканскага бюджэту. Гэта дасць магчымасць ачысцiць 41 тысячу кiламетраў каналаў ад iх звышнарматыўнага заiлення i 38,3 тысячы кiламетраў каналаў — ад кустарнiкаў; будуць праведзены рамонт i тэхнiчнае абслугоўванне гiдратэхнiчных збудаванняў, каналаў, помпавых станцый i дарог. У вынiку на 2,2 мiльёна гектараў асушаных зямель водны рэжым ужо не будзе лiмiтаваць, абмяжоўваць ураджай, а, наадварот, будзе выступаць у якасцi актыўнага фактара добрай ураджайнасцi, садзейнiчаць павышэнню эфектыўнасцi ўнясення мiнеральных удабрэнняў, эфектыўнасцi iншых сродкаў iнтэнсiфiкацыi.

Складанейшы механiзм, якi мае на ўвазе каля дзвюх тысяч гаспадарак ва ўсiх 118 раёнах краiны, амаль тры мiльёны гектараў асушаных зямель, сотнi тысяч кiламетраў адкрытых каналаў i закрытага дрэнажу, тысячы гiдратэхнiчных збудаванняў, дзесяткi вадасховiшчаў, — не можа дзейнiчаць па старынцы. Адпаведна, Iнстытут мелiярацыi актыўна працуе над усямерным выкарыстаннем сучасных iнфармацыйных тэхналогiй. Прычым тут маецца на ўвазе не толькi арганiзацыя эксплуатацыi мелiярацыйных сiстэм (з дапамогай такiх тэхналогiй), але i ацэнка iх стану, дынамiкi пэўных уласцiвасцяў, дынамiкi эфектыўнасцi сельскагаспадарчай вытворчасцi ў цэлым. Ужо можна гаварыць пра пэўныя метадалагiчныя напрацоўкi ў галiне рэалiзацыi iнфармацыйных тэхналогiй у мелiярацыйным i сельскагаспадарчым комплексах. Нядаўна, на пачатку сакавiка, прайшоў семiнар «Iнфармацыйныя тэхналогii ў раслiнаводстве», iнiцыятарам правядзення якога стаў навукова-практычны цэнтр па земляробству Акадэмii навук. Семiнар паказаў: практычна ва ўсiх накiрунках раслiнаводства (вывучэнне i манiторынг глебы i зямель, прымяненне ўгнаенняў i сродкаў абароны раслiн, селекцыя i насенняводства) робяцца спробы выкарыстання камп’ютарных тэхналогiй. У Iнстытуце мелiярацыi ёсць энтузiясты i кампетэнтныя спецыялiсты ў гэтай справе. Адпаведна, гэта стымулюе яго далейшае развiццё.



Iнстытут мелiярацыi наблiжаецца да свайго 100-годдзя. Стварэнне ў 1910 годзе Мiнскай балотнай доследнай станцыi азначала пачатак не толькi актыўнага вывучэння балот i забалочаных зямель, але i актыўнага мелiярацыйнага пераўтварэння рэспублiкi. Тое, што зроблена ў Беларусi, iстотна змянiла яе аблiчча, i асаблiва — на Палессi. А, можа, самае галоўнае ў тым, што тут з’явiлiся сотнi населеных пунктаў, жыхары якiх паспяхова працуюць на тых жа мелiяраваных землях. Згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады, усе гэтыя населеныя пункты становяцца аграгарадкамi. Значыць, жыццё ў iх будзе працягвацца. Вядома, для гэтага патрэбна ўрадлiвая зямля. Ёсць падставы верыць, што ўрадлiвасць мелiяраваных зямель будзе захоўвацца многiя дзесяцiгоддзi i нават павышацца.

На самым краi былога Камароўскага балота, дзе амаль сто гадоў таму заснавалi Мiнскую балотную станцыю, сёння стаiць светлы будынак Храма. Няхай гэты будынак будзе наказам людзям: беражыце сваю зямлю, даражэй за яе няма нiчога.

I на заключэнне: разам з лясамi балоты называюць лёгкiмi планеты. У нашай краiне захавалася 1,3 мiльёна гектараў балот. Гэта больш, чым ва ўсёй Заходняй Еўропе. Можна смела меркаваць, што ў ХХI стагоддзi такiмi яны i застануцца. Словам, з нашымi «лёгкiмi», як быццам, таксама ўсё будзе ў парадку.

Матэрыялы нашай старонкi падрыхтаваны з дапамогай супрацоўнiкаў Iнстытута мелiярацыi.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнiя гады ў краiне зноў з’явiлася цiкавасць да пытанняў мелiярацыi, якая, г.зн. мелiярацыя, у 90-я гады была падвергнута яўнай абструкцыi. Практ
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика