Лекавая бяспека беларусаў — у руках айчынных фармацэўтычных вытворцаў
Надзея НIКАЛАЕВА
Аптэчны кіёск На сёння 90 працэнтаў айчынных лекавых сродкаў маюць кошт, якi не перавышае 2 долараў ЗША. Аб гэтым паведамiў на прэс-канферэнцыi, прысвечанай пытанням насычэння айчыннага рынку таннымi беларускiмi лекамi, намеснiк старшынi канцэрна «Белбiяфарм» Пётр Мандрукевiч.Прычым «iльвiная» доля беларускiх фармпрэпаратаў (найбольш масавых) рэалiзуюцца ўвогуле па сiмвалiчных цэнах (150—300 рублёў за ўпакоўку) i не толькi не прыносяць прадпрыемствам даход, а з’яўляюцца для iх стратнымi. Нават талончык на праезд у грамадскiм транспарце каштуе даражэй. Пры гэтым перад беларускiмi фармацэўтычнымi прадпрыемствамi пастаўлена сёння задача прывесцi сваю вытворчасць у адпаведнасць з мiжнароднымi стандартамi GМР, а для гэтага спатрэбяцца дзесяткi мiльёнаў долараў. I без дзяржаўнай падтрымкi i прыцягнення знешнiх iнвестыцый ажыццявiць гэту задачу будзе проста немагчыма. Самая высокая рэнтабельнасць на сёння на Барысаўскiм заводзе медыцынскiх прэпаратаў, якi спецыялiзуецца на выпуску джэнэрыкаў (аналагаў iмпартных лекавых прэпаратаў). Летась на заводзе запусцiлi новую сучасную лiнiю шпрыцавага напаўнення, якая абышлася заводу ў 16 мiльёнаў долараў ЗША. «Гэта вельмi адчувальная для нас сума, — прызнаўся дырэктар прадпрыемства Аляксандр Фандо, — але гульня каштуе свечак. Як толькi мы наладзiлi вытворчасць, у нас адразу з’явiлiся новыя пакупнiкi па-за межамi нашай краiны». На сёння на прадпрыемствах канцэрна «Белбiяфарм» наладжаны выпуск больш за паўтысячы прэпаратаў. Да 2010 года асартымент лекаў павiнен папоўнiцца яшчэ прыкладна на 200 найменняў. Паступова павялiчваецца доля беларускiх прэпаратаў i ў Пералiку асноўных лекавых сродкаў — зараз яна складае ўжо каля 37 працэнтаў, а да 2010 года павялiчыцца да 50 працэнтаў. На 2007 год запланавана засваенне 28 новых найменняў прэпаратаў, 13 з якiх уваходзяць у Пералiк асноўных лекавых сродкаў, 24 — з’яўляюцца джэнэрыкамi i 4 прэпараты — арыгiнальныя. Не сакрэт, што засваенне i вытворчасць аналагаў iмпартных лекавых прэпаратаў дазваляюць эканомiць дзяржаве велiзарнейшыя валютныя сродкi плюс забяспечваюць лекавую бяспеку нашай краiны. Летась, напрыклад, эканомiя ад асваення джэнэрыкаў склала 858 тысяч долараў ЗША. Да таго ж i для хворых яны больш даступныя па кошту. Праўда, асобныя пацыенты па-ранейшаму ставяць пад сумненне эфектыўнасць айчынных аналагаў iмпартных лекавых прэпаратаў. Дырэктар Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогiя» Iгар Адзярыха запэўнiвае, што ўсе джэнэрыкi-навiнкi, якiя ўкараняюцца ў лячэбную практыку ў iх цэнтры (мiж iншым, доля айчынных лекаў павялiчылася тут ужо да 40 працэнтаў), вельмi ўважлiва вывучаюцца i кантралююцца спецыялiстамi-практыкамi на бiяэквiвалентнасць i наяўнасць пабочных рэакцый арганiзма: «Хачу афiцыйна заявiць, што нi эфектыўнасць, нi бяспечнасць беларускiх лекаў не выклiкаюць у нас абсалютна нiякiх прэтэнзiй». Прычыны, чаму зрэдку той цi iншы лекавы прэпарат трапляе ў разрад дэфiцытных, Пётр Мандрукевiч патлумачыў так: «Гэта могуць быць як чалавечы фактар, так i тэхналагiчны збой у працэсе яго вытворчасцi». Справа ў тым, што для вытворчасцi беларускiх лекаў выкарыстоўваюцца субстанцыi, якiя закупляюцца ў Iндыi, Кiтаi, Расii, i, на жаль, бываюць выпадкi, калi сыравiна не праходзiць кантроль на якасць на тэрыторыi Беларусi. Па гэтай прычыне вытворчасць часова спыняецца. Таксама негатыўна адбiваюцца на насычэннi фармацэўтычнага рынку айчыннымi лекамi i несвоечасовыя заказы. Вытворчы цыкл любога прэпарата займае ад чатырох да пяцi месяцаў, таму калi заяўка паступае вытворцам несвоечасова цi па нейкай прычыне змяняецца, церпiць у вынiку пацыент, якi прыходзiць у аптэку i не знаходзiць там патрэбнага яму лякарства. Дарэчы, летась Мiнiстэрствам аховы здароўя быў зацверджаны новы пашыраны асартыментны мiнiмум лекавых сродкаў айчыннай вытворчасцi, абавязковы для наяўнасцi ў аптэках усiх формаў уласнасцi, у якi ўвайшлi 117 монапрэпаратаў i 44 найменнi камбiнаваных прэпаратаў. У пералiк уваходзяць тыя айчынныя лекi, якiя выпускаюцца беларускiмi фармацэўтычнымi заводамi ў дастатковых аб’ёмах i бесперабойна: амбраксол, ампiцылiн, ацыклавiр, бромгексiн, iбупрафен, ксiламетазалiн, нафазалiн i iншыя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сёння 90 працэнтаў айчынных лекавых сродкаў маюць кошт, якi не перавышае 2 долараў ЗША |
|