На кiрмаш па сямейныя каштоўнасцi
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Анонс Сёлета 5-я перадвелiкодная праваслаўная выстава-кiрмаш супадае са школьнымi канiкуламi i гэта добра, бо вялiкая частка яе духоўна-асветнiцкай праграмы («Сям’я — яднаннем i любоўю выратуемся») прысвечана дзецям, падлеткам i маладым людзям. Акрамя таго — бацькам, педагогам, людзям сямейным i тым, хто толькi збiраецца сям’ю стварыць.Арганiзатары пастаралiся прадумаць работу выставы так, каб наведвальнiкам было зручна арыентавацца i трапляць на тыя мерапрыемствы, якiя iх цiкавяць. Так, кожны дзень духоўна-асветнiцкай праграмы падзелены на тры часткi. З 12 да 14 гадзiн у канферэнц-зале будуць дэманстравацца фiльмы-прызёры трох Усесаюзных кiнафестываляў кароткаметражных фiльмаў «Сям’я Расii». На адкрыццi паказу, у суботу 24 сакавiка а 13-й гадзiне, прэзiдэнт кiнафестывалю Галiна Аляксеева раскажа, як праз папулярызацыю традыцыйных сямейных каштоўнасцяў можна прадухiляць няшчасце ў сям’i. У будныя днi а трэцяй гадзiне — час лекторыяў для моладзi. На сустрэчы прыйдуць святары (у панядзелак — яшчэ пiсьменнiк i кiраўнiк лiтаратурнага аб’яднання «Духоўнае слова» Барыс Ганага), а заяўленыя тэмы цiкавыя не толькi маладым: пра веру, сяброўства i любоў, жанчыну, шлюб i сям’ю, пра пераадоленне нарказалежнасцi, моду i творчасць. Вячэрнiя гадзiны будуць пачынацца выступленнем калектываў-удзельнiкаў I гарадскога фестывалю сучаснай хрысцiянскай музыкi «Благавест». Потым — сустрэчы з цiкавымi людзьмi, гутаркi, прэзентацыi i канцэрты. У пятнiцу, 30 сакавiка, а 18-й гадзiне адбудзецца аўтарскi канцэрт паэтэсы i спявачкi Вольгi Патрый. У апошнi дзень работы выставы, 31 сакавiка, а 16-й гадзiне кампазiтар Вячаслаў Бабкоў, дырэктар фестывалю «Благавест», прадставiць музычны дыск-эсе «Шчасце ў доме». 25 сакавiка а 14-й гадзiне выставу наведаюць ганаровыя госцi: пасол Сербii ў Рэспублiцы Беларусь Срэчка Джукiч i прафесар Iван Чарота. З iх удзелам пройдзе прэзентацыя першага рускамоўнага выдання кнiгi прападобнага Iусцiна (Попавiча) «Фiласофiя i рэлiгiя Ф.М. Дастаеўскага». — Аўтар кнiгi — сусветна вядомы сербскi багаслоў i фiлосаф, — расказаў «Звяздзе» перакладчык Iван Чарота. — У 90-х гадах, калi ўзялiся за ягоную спадчыну, абвясцiлi 25-томны збор твораў. Але ў працэсе высветлiлася, што трэба выдаць 40 тамоў. «Фiласофiя i рэлiгiя» была напiсана ў 1918 годзе ў Кембрыджскiм унiверсiтэце — гэта адна з першых доктарскiх дысертацый па Дастаеўскаму, але з-за пазiцый, якiя там былi выказаны ў адносiнах да Захаду, яна не была прынята да абароны. Кнiга ўбачыла свет ў 20-х гадах, але нiколi на рускую мову не перакладалася. Твор, безумоўна, будзе цiкавы для фiлолагаў, багасловаў, i, думаю, для любога iнтэлектуала. Усё гэта — асаблiвасцi «Вербнага кiрмашу-2007», разам з тым, як заўсёды, тут можна будзе набыць абразы, царкоўнае начынне, падарункi, сувенiры, кнiгi, аўдыё- i вiдэапрадукцыю, паглядзець фотавыставу i паўдзельнiчаць у майстар-класах па абрэзкаваму шыццю, пляценню з лазы, роспiсу фарфору, разьбе па дрэву. Штодня на выставе-кiрмашы будзе працаваць «Дзiцячая гасцiная», на якой дзецi пад кiраўнiцтвам вопытных педагогаў змогуць пагуляць, паглядзець фiльмы, памаляваць, зрабiць велiкодны падарунак для мамы i таты. «Вербны кiрмаш» адкрые дзверы з 24 па 31 сакавiка з 10 да 20 гадзiн у Палацы мастацтваў па вул. Казлова, 3 у Мiнску.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета 5-я перадвелiкодная праваслаўная выстава-кiрмаш супадае са школьнымi канiкуламi i гэта добра, бо вялiкая частка яе духоўна-асветнiцкай праграмы
|
|