Ходзяць чуткi, што... ваўка могуць занесцi ў Чырвоную кнiгу
Сяргей РАСОЛЬКА
Для большасцi звычайных паляўнiчых гэтая пагалоска, магчыма, яшчэ не дайшла, але ў асяроддзi спецыялiстаў, у тым лiку на ўзроўнi лясгасаў, з падачы спецыялiзаванага друкаванага выдання, яна ўжо пэўны час актыўна абмяркоўваецца.
Навiна гэта ў нейкiм сэнсе сапраўды дзiўная. Нароўнi з янотападобным сабакам i звычайнай лiсой воўк адносiцца да непажаданых вiдаў дзiкай жывёлы (раней iх называлi шкоднымi вiдамi). Згодна з дзеючымi Правiламi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i палявання, здабываць паляўнiчую жывёлiну любога полу i ўзросту ружэйным i безружэйным спосабам дазволена ў сезоны i тэрмiны, дазволеныя для палявання на iншыя вiды паляўнiчай жывёлы, а таксама ў тэрмiны, дазволеныя Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Больш за тое, рэгулярна Мiнiстэрства лясной гаспадаркi абвяшчае конкурс на адстрэл непажаданых вiдаў дзiкай жывёлы, у тым лiку i ваўка. За шкуру дарослага ваўка паляўнiчаму, напрыклад, плацяць 7 базавых велiчынь, прадугледжана i дадатковае заахвочванне для лепшых паляўнiчых па вынiках конкурсу ў выглядзе выдачы бясплатных разавых дазволаў на здабычу паляўнiчай жывёлы. Адкуль такое стаўленне да «шэрага»? Не сакрэт, што воўк (асаблiва калi колькасць папуляцыi вялiкая), наносiць адчувальны ўрон не толькi дзiкай прыродзе, але i народнай гаспадарцы. Не трэба скiдваць з рахункаў i тое, што воўк разам з янотападобным сабакам i звычайнай лiсой — асноўны распаўсюджвальнiк шаленства. Таму мы звярнулiся да розных спецыялiстаў з просьбай выказаць сваё меркаванне адносна магчымых прапаноў аб унясеннi шэрага драпежнiка ў Чырвоную кнiгу. Уладзiмiр ТЫШКЕВIЧ, загадчык сектара паляўнiцтвазнаўства i рэсурсаў паляўнiчай фауны Iнстытута заалогii Нацыянальнай акадэмii навук: — Папуляцыя ваўка ў нашай краiне большая, чым у краiнах Скандынавii i Польшчы разам узятых. А вазьмiце праблему шаленства, якая стала актуальнай паўсюдна! Увогуле колькасць выпадкаў шаленства павялiчылася ў параўнаннi з мiнулым годам у 17 разоў! Яшчэ з дзесятак гадоў таму выказвалася меркаванне, што ваўка трэба захаваць толькi на ахоўваемых тэрыторыях, прычым трымаць яго колькасць пад жорсткiм кантролем. Таму думкi, што гучаць, не iначай, як абсурдам, назваць нельга. Цi трэба дагаджаць «зялёным», калi ў адной толькi суседняй Расii 200 тысяч асобiн ваўка?! Вiктар КАРОГВIЧ, намеснiк начальнiка ўпраўлення паляўнiчай гаспадаркi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi: — Думаю, што гэта меркаванне асобных людзей, тым больш — не практыкаў. Згодна з папярэднiмi данымi ўлiку папуляцыi ваўка за 2006 год, на тэрыторыi краiны зараз налiчваецца 1100 шэрых драпежнiкаў. Гэта вельмi шмат. Памятаю, яшчэ гадоў 15—20 таму многiя спецыялiсты выказвалi меркаванне, што аптымальная колькасць ваўка для такой тэрыторыi краiны, як наша, павiнна складаць 300—400 асобiн. Вось да нас паступаюць паведамленнi, напрыклад, з Гомельскай вобласцi — пачасцiлiся напады ваўкоў не толькi на дзiкiх жывёл, але i на людзей... Уладзiмiр НЕПАЧАЛОВIЧ, галоўны спецыялiст спецiнспекцыi дзяржкантролю за выкарыстаннем i аховай жывёльнага свету, вядзеннем паляўнiчай гаспадаркi i станам запаведнай справы Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя: — Значнай пагрозы папуляцыi ваўка няма. Аднак у рамках дзяржаўнай праграмы распрацоўваецца план па кiраванню папуляцыяй на падставе ўсiх бiялагiчных абгрунтаванняў: ступень уплыву, прапановы па рацыянальнаму выкарыстанню. Так, воўк аказвае ўплыў на папуляцыi дзiка, казулi, аленя, асаблiва там, дзе з iм не вядуць барацьбу. З iншага боку, эфектыўны адстрэл можна праводзiць фактычна толькi тады, калi ёсць снегавое покрыва. У астатнi час застаецца шукаць логава. За мiнулы год нашым мiнiстэрствам было выдадзена больш за 300 дазволаў на здабычу непажаданых вiдаў дзiкай жывёлы, у тым лiку ваўка — фактычна iх атрымалi больш за 80 працэнтаў карыстальнiкаў паляўнiчых угоддзяў. Iншая справа, што, атрымаўшы такi дазвол, карыстальнiк часам больш нiчога не прадпрымае. Таму перш чым рабiць нейкiя канчатковыя высновы, пытанне, як я ўжо сказаў вышэй, трэба ўсебакова вывучыць i ўзважыць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для большасцi звычайных паляўнiчых гэтая пагалоска, магчыма, яшчэ не дайшла, але ў асяроддзi спецыялiстаў, у тым лiку на ўзроўнi лясгасаў, з падачы сп
|
|