Бясплатнае харчаванне для малышоў — па-новаму
Алена ПРУС, БЕЛТА
Актуальны каментарый У Беларусi зменены парадак прадастаўлення бясплатнага харчавання дзецям першых двух гадоў жыццяУ Беларусi зменены ўмовы назначэння i парадак прадастаўлення бясплатнага дзiцячага харчавання для дзяцей першых двух гадоў жыцця. Адпаведная пастанова Савета Мiнiстраў № 271 уступае ў сiлу з красавiка гэтага года. Яна накiравана на ўзмацненне сацыяльнай падтрымкi малазабяспечаных сем’яў, якiя выхоўваюць малалетнiх дзяцей, на забеспячэнне iх паўнацэнным збалансаваным харчаваннем. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведамiла намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяна Шаметавец. Механiзм бясплатнага забеспячэння прадуктамi харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця стартаваў у рэспублiцы ў 1999 годзе. Па дзеючаму заканадаўству права на яго маюць тры катэгорыi сем’яў — шматдзетныя, няпоўныя i сем’i, у якiх мацi i бацька з’яўляюцца студэнтамi. Неабходная ўмова прадастаўлення бясплатнага харчавання — сукупны даход на члена сям’i ў месяц не павiнен перасягаць 20 працэнтаў сярэднедушавога мiнiмальнага спажывецкага бюджэту сям’i з 4 чалавек за папярэднi квартал (у лютым гэты «парог» быў на ўзроўнi Br53 тыс. 20). Як паказвае практыка, асноўнымi атрымальнiкамi бясплатнага дзiцячага харчавання з’яўляюцца няпоўныя сем’i. Часта адзiным даходам для такiх сем’яў з’яўляецца дапамога па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў. Нагадаем, у адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лютага 2006 года № 95 з 1 лютага мiнулага года памер дапамог па догляду дзiцяцi ва ўзросце да 3 гадоў непрацуючым мацi павялiчаны да 65 працэнтаў бюджэту пражытачнага мiнiмуму (БПМ). З улiкам надбавак для адзiнокiх мацi памер гэтай дапамогi ў лютым гэтага года складаў Br193 тыс. 950 на дзяцей ва ўзросце да паўтара года i Br155 тыс. 160 — на дзяцей ва ўзросце ад паўтара да трох гадоў. «Павышэнне памеру дапамогi стала «перашкодай» для атрымання бясплатнага харчавання. Права на яго пазбавiлiся многiя сем’i, у першую чаргу сем’i адзiнокiх мацi. Паколькi сукупны даход такiх сем’яў перасягнуў устаноўлены для атрымання бясплатнага харчавання крытэрый патрэбнасцi, сказала субяседнiца. — Гэта прывяло да рэзкага скарачэння атрымальнiкаў гэтага вiду сацыяльнай дапамогi». Так, калi ў 2005 годзе бясплатнае харчаванне атрымлiвалi 8,7 тыс. малышоў, то ў 2006 годзе — усяго каля 2 тыс. малышоў. Галоўная навацыя пастановы Саўмiна — адмена катэгарыяльнага прынцыпу i павышэнне «парогу» патрэбнасцi пры назначэннi гэтага вiду дзяржаўнай дапамогi. Гэта дасць магчымасць пашырыць кантынгент атрымальнiкаў такога вiду падтрымкi, забяспечыць адраснасць пры яе назначэннi, падкрэслiла субяседнiца. Паводле яе ацэнкi, рэалiзацыя гэтых мераў прывядзе да таго, што бясплатным харчаваннем змогуць карыстацца 26 тыс. дзяцей ва ўзросце да двух гадоў з малазабяспечаных сем’яў. Рашэннем Савета Мiнiстраў дзеючы крытэрый патрэбнасцi павялiчаны да 60 працэнтаў бюджэту пражытачнага мiнiмуму ў сярэднiм на душу насельнiцтва (у лютым бягучага года гэты крытэрый быў роўны Br102,3 тыс.). Такiм чынам, «планка» патрэбнасцi ўзнята амаль удвая. Бясплатнае забеспячэнне прадуктамi харчавання ажыццяўляецца з месяца падачы заявы на кожныя шэсць каляндарных месяцаў да дасягнення дзiцем двухгадовага ўзросту (уключаючы месяц спаўнення дзiцяцi двух гадоў) пры ўмове, што сярэднедушавы даход сем’яў у месяц не перасягае крытэрый патрэбнасцi. Рашэнне аб бясплатным забеспячэннi прадуктамi харчавання прымаецца камiсiяй па аказанню адраснай сацыяльнай дапамогi. Склад сям’i вызначаецца на дату падачы заявы. Пры разлiку сярэднедушавога даходу сям’i ў яго ўключаюцца бацькi дзiцяцi (мацi, бацька, мачаха, айчым), а таксама непаўналетнiя дзецi, якiя знаходзяцца на выхаваннi ў сям’i, i пражываючыя разам з бацькамi iх непрацаздольныя паўналетнiя дзецi. Трэба адзначыць, што ў склад сям’i не ўключаюцца бацькi, якiя з’яўляюцца ваеннаслужачымi тэрмiновай службы, курсантамi ваенных навучальных устаноў, устаноў адукацыi МУС, МНС i КДБ, а таксама бацькi, якiя адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волi або знаходзяцца на прымусовым лячэннi. Не ўключаюцца ў склад сям’i i дзецi, якiя знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi. Сукупны даход сям’i вылiчваецца за шэсць каляндарных месяцаў, якiя папярэднiчаюць месяцу звароту за бясплатным харчаваннем. Сярэднедушавы даход сям’i вызначаецца шляхам дзялення сукупнага даходу ўсiх членаў сям’i на шэсць месяцаў i на колькасць членаў сям’i, улiчаных у яе складзе. Калi раней бацькам, якiя прэтэндавалi на атрыманне бясплатнага дзiцячага харчавання, трэба было звяртацца ў палiклiнiку, то з красавiка гэтага года — у раённае, гарадское ўпраўленне (аддзел) па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства або ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва (калi цэнтр надзелены правамi разгляду такiх заяў). Пры падачы заявы прад’яўляюцца пашпарт або iншы дакумент, якi засведчавае асобу. Да заявы прыкладаюцца наступныя дакументы i iх копii: пасведчанне аб нараджэннi дзiцяцi; пасведчанне аб шлюбе — для бацькоў, якiя знаходзяцца ў шлюбе; рашэнне суда аб скасаваннi шлюбу або пасведчанне аб скасаваннi шлюбу — для бацькоў, якiя скасавалi шлюб; працоўная кнiжка — для непрацуючых членаў сям’i, пры яе наяўнасцi; пасведчанне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi iндывiдуальнага прадпрымальнiка — для бацькоў, якiя з’яўляюцца IП; пенсiённае пасведчанне — для бацькоў, якiя атрымлiваюць пенсiю; пасведчанне iнвалiда — для бацькоў-iнвалiдаў; даведка аб нараджэннi дзiцяцi — для жанчын, якiя нарадзiлi дзiця па-за шлюбам, калi звесткi пра бацьку дзiцяцi ў кнiзе рэгiстрацыi актаў аб нараджэннi зроблены па называнню мацi; даведка аб фактычна атрыманых даходах кожнага члена сям’i за апошнiя шэсць каляндарных месяцаў; дакументы, якiя пацвярджаюць суму атрыманых алiментаў. Спецыялiсты органаў па працы, занятасцi i сацабароне або цэнтра сацабслугоўвання насельнiцта на працягу пяцi рабочых дзён з дня падачы заявы i неабходных дакументаў запытваюць даведкi з месца жыхарства i аб складзе сям’i, даведкi аб памерах пенсiй i дапамог, якiя атрымлiваюцца, калi ў склад сям’i ўключаны пенсiянеры i беспрацоўныя. Але бацькi маюць права i самастойна прадставiць гэтыя дакументы. На падставе атрыманых дакументаў праводзiцца разлiк сярэднедушавога даходу сям’i i рыхтуецца праект адпаведнага рашэння. Камiсiя прымае станоўчае рашэнне або адмаўляе ў бясплатным забеспячэннi прадуктамi харчавання (з выкладаннем прычын адмовы) на працягу пяцi рабочых дзён з даты паступлення дакументаў. Не пазней за тры каляндарныя днi копii рашэння камiсii накiроўваюцца ў дзяржаўную арганiзацыю аховы здароўя па месцы жыхарства дзiцяцi i аднаму з яго бацькоў. Пры гэтым бацьку паведамляецца аб неабходнасцi звароту за рэцэптам да ўчастковага ўрача (урача-педыятра) па месцы жыхарства дзiцяцi, а таксама аб магазiнах, якiя ажыццяўляюць бясплатны водпуск прадуктаў харчавання. Бясплатнае забеспячэнне прадуктамi харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця спыняецца ў выпадку адмовы бацькоў ад дзiцяцi, змяшчэння дзiцяцi ў дзiцячую iнтэрнатную або дашкольную ўстанову з кругласутачным рэжымам знаходжання, смерцi дзiцяцi з месяца, наступнага за месяцам надыходу названых абставiн. Бацькi абавязаны паведамiць упраўленню (аддзелу) па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне або цэнтр сацабслугоўвання аб гэтых абставiнах на працягу пяцi рабочых дзён. Калi гэта не будзе зроблена, сума кошту залiшне атрыманых прадуктаў падлягае вяртанню. У выпадку адмовы добраахвотна вярнуць гэтыя сумы, iх спагнанне праводзiцца ў судовым парадку. «Участковы ўрач (урач-педыятр) на працягу трох рабочых дзён з дня атрымання копii рашэння камiсii вызначае колькасць рэкамендуемых прадуктаў харчавання з разлiку месячнай нормы ў адпаведнасцi з прыкладным сутачным наборам прадуктаў харчавання для дзяцей першага i другога года жыцця i выпiсвае неабходнае харчаванне на месяц на рэцэптурным бланку, якi выдаецца аднаму з бацькоў, — сказала субяседнiца. Пры выдачы рэцэпта таты або мамы iнфармуюцца аб магазiнах, дзе яны могуць атрымлiваць бясплатнае харчаванне для сваiх дзяцей». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi зменены парадак прадастаўлення бясплатнага харчавання дзецям першых двух гадоў жыцця |
|