Сяргей Ашмянцаў, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў:
«Старшыня райвыканкама ўжо не скажа, што сельская ўлада — не яго клопат»
На першай сесii новы склад абласнога Савета абраў сваiм старшынёй Сяргея Ашмянцава. Сяргей Дзмiтрыевiч працаваў на партыйнай рабоце, узначальваў калгас, затым — Кобрынскi райвыканкам. Некалькi апошнiх гадоў быў намеснiкам старшынi аблвыканкама па сельскай гаспадарцы. На пачатку нашай размовы новы кiраўнiк прадстаўнiчай улады рэгiёна сказаў, што ўсё яго працоўнае жыццё было звязана з вёскай. Праблемы вясковага жыхара яму добра знаёмыя. I на новай пасадзе ён мае намер асаблiвую ўвагу надаваць рабоце сельскiх Саветаў як пярвiчнага звяна мясцовай улады. — З чаго пачынае сваю работу новы старшыня абласнога Савета дэпутатаў? — Рыхтуем вялiкую нараду з удзелам старшынь усiх 222 сельсаветаў вобласцi, кiраўнiкоў раённых Саветаў i выканкамаў. Строга кажучы, будзем абмяркоўваць Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва». А калi сказаць прасцей, будзем раiцца, як лепей пабудаваць тую аптымальную мадэль дзейнасцi мясцовай улады, якая дазволiць падтрымлiваць неабходную якасць жыцця вёскi ў цэлым i ахапiць увагай кожнага вясковага жыхара. Сёння сельсаветы знаходзяцца на пярэднiм плане масавай арганiзатарскай работы з людзьмi i адначасова замыкаюць вертыкаль. Цяпер ужо i старшыня райвыканкама не скажа, што сельская ўлада — не яго клопат. Кiраўнiк раёна заключае кантракт са старшынёй сельскага выканкама i тым самым бярэ на сябе адказнасць за дзейнасць гэтага пярвiчнага звяна ўлады. Мы ведаем, як няпроста працаваць работнiкам сельскiх Саветаў. У iх зараз невялiкiя штаты, пастаянны дэфiцыт сродкаў адчуваецца ў мясцовых бюджэтах. Таму паслухаем iх прапановы, разважаннi, пастараемся разам выпрацаваць нейкiя шляхi, накiрункi агульнай дзейнасцi. — За гэты час вы ўжо наведалi якiя-небудзь сельсаветы, пазнаёмiлiся з iх работай, зрабiлi нейкiя вывады? — Менавiта падчас падрыхтоўкi да названай нарады я пабываў у Чарнаўчыцкiм, Тамашоўскiм сельсаветах Брэсцкага, Белавежскiм Камянецкага раёнаў. Адрасы былi выбраны невыпадкова. Я хацеў паглядзець лепшыя прыклады работы з насельнiцтвам, арганiзацыi добраўпарадкавання населеных пунктаў з тым, каб на нарадзе давесцi iх вопыт да астатнiх. Хоць добрыя прыклады, цiкавы вопыт, я ўпэўнены, можна знайсцi ў кожным раёне вобласцi. I мы абавязкова абмяркуем здабыткi некаторых калег, а яшчэ больш будзем гаварыць пра недахопы. — Цi вызначаны план работы абласнога Савета на блiжэйшы час? — Якраз перад вашым прыходам (16 сакавiка. — С.Я.) закончылася пасяджэнне прэзiдыума аблсавета. На чарговай сесii мы вырашылi разгледзець пытанне медыцынскага абслугоўвання сельскiх жыхароў. Пастараемся прасачыць праблему ў перспектыўным развiццi. За апошнiя гады, як мы ведаем, закрылася шмат сельскiх бальнiц. I, наадварот, у некаторых населеных пунктах былi адкрыты новыя ФАПы, амбулаторыi. Установы аснашчалiся новай медыцынскай тэхнiкай, транспартам. Урачы ўчастковых бальнiц сталi выязджаць па графiку на прыём хворых у ФАПы, дамы сацыяльных паслуг. Як гэта ўсё паўплывала на стан медыцынскага абслугоўвання канкрэтнага вяскоўца, наколькi медыцына даступная жыхару нават аддаленай вёскi, — вывучаць народныя выбраннiкi, каб на сесii зрабiць высновы i абагульненнi. Наступная сесiя будзе прысвечана ходу рэалiзацыi праграмы развiцця вёскi. Нас перш за усё цiкавiць сацыяльны аспект праблемы. З пункту гледжання сацыяльных стандартаў паспрабуем прааналiзаваць якасць жыцця сваiх выбаршчыкаў, i не толькi ў аграгарадках. Зразумела, што прыярытэт у стварэннi аб’ектаў сацкультбыту аддадзены аграгарадкам. А маленькiя вёскi паступова мялеюць i адмiраюць. Нiдзе ў свеце няма больш такiх вёсак. Гэты працэс непазбежны, бо вытворчасць дыктуе сацыяльны стан. На змену старым прыходзяць новыя тэхнiка i тэхналогii. Адзiн магутны «Джон-Дзiр» здольны замянiць некалькi трактароў, а значыць, патрэба ў кадрах механiзатараў памяншаецца. Але ж пакуль у тых маленькiх вёсачках жывуць людзi, наш абавязак — зрабiць даступнымi для iх медыцынскае, бытавое абслугоўванне, увесь комплекс паслуг па апрацоўцы прысядзiбнага ўчастка i ўтрымання хатняй гаспадаркi. I блiжэй за ўсё да людзей, вядома, сельскiя Саветы. — Калi зайшла размова пра апрацоўку прысядзiбных участкаў, хачу спытаць пра ваша стаўленне да гаспадарча-разлiковых прадпрыемстваў пры сельсаветах. Аднойчы iх вельмi актыўна пачалi ствараць, потым многiя пазакрывалiся па прычыне нерэнтабельнасцi... — Гэта складанае пытанне. Там, дзе названыя прадпрыемствы знайшлi сваю нiшу, у iх усё атрымлiваецца, — няхай застаюцца. Але жыццё паказала, што iснаваць iм будзе вельмi няпроста. Таму ёсць сэнс развiваць падобныя паслугi пры структурах ЖКГ, прадпрыемствах бытавога абслугоўвання. Нават асобныя звёны райаграсэрвiсаў маглi б гэтым займацца. Як бы там нi было, трэба знайсцi такую форму аказання паслуг, каб чалавек быў упэўнены, што вясной бульба будзе пасаджана, восенню выкапана, летам пасевы дагледжаны. I ў падраздзяленняў ЖКГ, на мой погляд, у гэтай справе большыя магчымасцi, чым у iншых. Як, дарэчы, i з навядзеннем парадку, уборкай смецця i бытавых адходаў. Памылковае меркаванне, што з гэтай задачай справяцца на сваiх тэрыторыях адны сельскiя Саветы. Нават калi ў iх штат увесцi па дзве-тры адзiнкi рабочых, атрымаецца толькi разбазарванне сродкаў. Справа сельсаветаў — правесцi тлумачальную работу, арганiзаваць людзей, укаранiць такi парадак, каб смецце не выкiдвалася ў першы равок, а падвозiлася ў вызначаны час у вызначанае месца, куды падыдзе транспарт i яго забярэ. Адны вырашаюць праблему шляхам складання графiкаў i вызначэння гадзiн прыходу транспарту. Iншыя будуюць i абсталёўваюць стацыянарныя кантэйнеры. Усяляк добра, калi толькi смецце не валяецца, а своечасова вывозiцца. Якiм бы маленькiм нi быў населены пункт, нельга зарастаць у iм брудам. Менавiта са знешняга выгляду пачынаецца агульная культура. Трэба выхоўваць людзей. Такая ўжо наша спрадвечная традыцыя — пераконваць, выхоўваць. За мяжой гэту праблему даўно вырашылi сiстэмай жорсткiх пакаранняў рублём. У нас жа менталiтэт крыху iншы. Значыць, мы павiнны найперш звяртацца да сумлення. Ну а калi прапаганда i агiтацыя не дапамагаюць, то можна i ўладу прымянiць, якая ёсць на гэты конт, напрыклад, у санiтарнай службы. — Многiя службы займаюцца гэтай праблемай... — А праблема застаецца. Пакутуюць ад стыхiйных звалак прыгарадныя лясы i работнiкi лясной гаспадаркi, якiм даводзiцца прыбiраць за нядбайнымi суайчыннiкамi. Я даўно гаварыў кiраўнiкам i спецыялiстам гэтай галiны, што трэба парушальнiкаў парадку лiтаральна хапаць за руку i паказваць потым па тэлебачаннi, змяшчаць у газеты партрэты «герояў». А цяпер скажу, што ўсiм гэтым павiнна займацца i мясцовая ўлада. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Старшыня райвыканкама ўжо не скажа, што сельская ўлада — не яго клопат» |
|