Пенсiя «ў пакеце» з... дапамогай?
Сяргей ГРЫБ
За мiнулы год сярэдняя пенсiя ў Беларусi павысiлася амаль на трэць i выйшла на адзнаку 277,8 тыс. рублёў. Пры гэтым чакаецца, што ўжо сёлета намiнальны памер пенсiй у краiне павялiчыцца на 15,3—18 працэнтаў. Адначасова рост рэальных, з улiкам змянення цэн на тавары i паслугi, пенсiй складзе 7—8 працэнтаў. А да 2010 года апошнi паказчык павiнен узрасцi ў паўтара раза.
Аднак нельга не адзначыць: у памерах пенсiй iснуе даволi значная дыферэнцыяцыя. Да прыкладу, зараз пенсiя iнвалiда I групы ў вынiку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС складае 1 млн 155 тыс., iнвалiда-«чарнобыльца» II групы — 932 тыс., пенсiя былога лётчыка-выпрабавальнiка можа дасягаць 796 тыс., а былога шахцёра — 578 тыс. рублёў. I ў той жа час мiнiмальная працоўная пенсiя (у грамадзян з поўным стажам, але невялiкiм каэфiцыентам заробку) адпавядае ўсяго 134,8 тыс. рублёў. З улiкам гэтага, адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, значная частка беларускiх пенсiянераў мае патрэбу ў дадатковай падтрымцы. Прычым у першую чаргу гэта датычыцца пажылых асобаў, якiя не маюць дзяцей. Мiж тым, паводле слоў кансультанта галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Янiны Ладышавай, з пачатку года было праведзена абследаванне ўмоў жыцця звыш 150 тыс. адзiнокiх пенсiянераў. У вынiку тыя цi iншыя просьбы цi пажаданнi выказалi каля 100 тыс. чалавек, прычым на сёння аказалiся задаволенымi практычна ўсе гэтыя заяўкi. Часцей за ўсё падчас абследаванняў гучалi просьбы аб аказаннi медыцынскай дапамогi, рамонце жылля i гаспадарчых пабудоў, устаноўцы тэлефона, аднаразовай матэрыяльнай падтрымцы. Плюс да таго, раз-пораз адзiнокiя пенсiянеры выказвалi пажаданнi пераехаць у дамы-iнтэрнаты. Як падкрэслiла Янiна Ладышава, вялiкiх цяжкасцяў з месцамi ў дамах-iнтэрнатах агульнага тыпу сёння ў краiне не iснуе. Горш сiтуацыя з псiханеўралагiчнымi ўстановамi, куды на самай справе ёсць чарга. Прычым для вырашэння гэтай праблемы плануецца выкарыстоўваць два шляхi. Па-першае, гаворка iдзе аб перапрафiляваннi часткi «звычайных» iнтэрнатаў у псiханеўралагiчныя. А другi варыянт — адкрыццё аддзяленняў кругласутачнага знаходжання пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Дарэчы, зараз на ўлiку ў цэнтрах знаходзiцца каля 1,5 млн грамадзян Беларусi. I ў тым лiку 75,7 тыс. пажылых непрацаздольных грамадзян карыстаюцца магчымасцю атрымлiваць сацыяльныя паслугi на даму, з якiх 70 працэнтаў — жыхары вёсак. Прычым паказчык надомнага абслугоўвання працягвае павялiчвацца. Адной з прычын тут з’яўляюцца адносна нiзкiя тарыфы — кошт гадзiны паслуг па Беларусi зараз вагаецца ад 500 да 1100 рублёў. Тарыфы на надомнае абслугоўванне, зазначаюць у мiнiстэрстве, пакуль застаюцца без iстотных змяненняў. Iншая справа, што яны могуць адрознiвацца на астатнiя, новыя вiды паслуг тэрытарыяльных цэнтраў — да прыкладу, на паслугi сядзелкi. Адначасова, паведамiла Янiна Ладышава, у краiне працягвае дзейнiчаць яшчэ адзiн вiд падтрымкi маламаёмных — адрасная сацыяльная дапамога. З 2001 года дапамогай змаглi скарыстацца каля 420 тыс. чалавек. Пры гэтым кола яе атрымальнiкаў можа пашырыцца. У прыватнасцi, мiнiстэрствам падрыхтаваны i накiраваны на разгляд урада прапановы аб скасаваннi «катэгарыяльнага» прынцыпу прадастаўлення адраснай сацыяльнай дапамогi. Калi прапанова будзе падтрымана, то права на дапамогу атрымаюць па сутнасцi ўсе грамадзяне краiны з нiзкiм узроўнем даходаў. I яшчэ адна даволi актуальная тэма. У Беларусi налiчваецца 509 тыс. iнвалiдаў, да таго ж iх колькасць павялiчылася з 4,8 працэнта ад усяго насельнiцтва краiны ў 2002 годзе да 6,6 працэнта летась. Сёння, зазначыла Янiна Ладышава, айчынная рэабiлiтацыйная iнфраструктура дазваляе амаль цалкам задаволiць патрэбы людзей «на групе» ў пратэзiраваннi, у краiне распачалося навучанне iнвалiдаў даступным прафесiям. Разам з тым даводзiцца канстатаваць: пакуль доля аб’ектаў гарадской сацыяльнай iнфраструктуры, што адпавядае патрабаванням безбар’ернага асяродку, складае ўсяго каля 20 працэнтаў. Прычым гэта праблема, лiчаць у мiнiстэрстве, застаецца адной з галоўных.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За мiнулы год сярэдняя пенсiя ў Беларусi павысiлася амаль на трэць i выйшла на адзнаку 277,8 тыс. рублёў. Пры гэтым чакаецца, што ўжо сёлета намiнальн |
|