21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Формула поспеху — «Бачыць задачы, якiя вылучае жыццё, i паслядоўна вырашаць iх»

26.08.2009 08:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Краiну кормiць сельская гаспадарка, а сельскую гаспадарку, у прыватнасцi жывёлагадоўлю, кормiць камбiкормавая прамысловасць. Адзiн з буйнейшых айчынных вытворцаў камбiкармоў i бялкова-вiтамiнных дабавак — завод у Жабiнцы рыхтуецца сёлета адзначыць сваё пяцiдзесяцiгоддзе. Можна ўявiць, якi салiдны акраец ад агульнага «караваю» краiны, гаворачы фiгуральна, забяспечыў за гэты час яго калектыў, дзе летась выпрацоўка на аднаго чалавека склала 200 мiльёнаў рублёў. Заслугоўвае ўвагi i вось гэтая дата: роўна 20 гадоў завод узначальвае адзiн i той жа дырэктар. Аб сённяшнiм днi прадпрыемства, яго няпростым, хоць i эфектыўным уваходжаннi ў рынак, аб канкрэтным чалавечым лёсе, якi цесна пераплятаецца з бiяграфiяй цэлага калектыву, аглядальнiк «Звязды» гутарыць са шматгадовым кiраўнiком ААТ «Жабiнкаўскi камбiкормавы завод» Васiлём Канстанцiнавiчам ВОЛКАМ.

Прадстаўляем суразмоўцу




Васiлю Канстанцiнавiчу Волку было, вiдаць, наканавана працаваць менавiта на гэтым прадпрыемстве, бо бацькоўская хата стаяла амаль што за плотам завода. Яшчэ дзевяцiкласнiкам прымаў удзел у яго будаўнiцтве. А пасля школы узводзiў завод на сталай аснове. Адслужыў на флоце i прыйшоў сюды працаваць — на ўсё застаўшаеся жыццё. Хоць нарадзiўся i вырас у сям’i чыгуначнiка.

Пачынаў слесарам. Адначасова вучыўся ў полiтэхнiчным iнстытуце. Таму заканамерным быў кар’ерны рост. Спачатку iнiцыятыўнага работнiка вылучылi на пасаду галоўнага механiка, пазней — намеснiка дырэктара па вытворчасцi.

Дырэктарам стаў у сакавiку 1987 года на конкурснай аснове, у вынiку ўпаўне дэмакратычных выбараў. Калектыў паверыў маладому намеснiку, якi змог навесцi парадак у такой гiблай па тым часе справе, як прастой вагонаў пад пагрузкай-выгрузкай, прыструнiў аматараў выпiвак.

Працаваў i зноў вучыўся. Завочна скончыў Акадэмiю кiравання пры Савеце Мiнiстраў Беларусi. Да дыплома iнжынера-механiка дабавiлiся дыплом i веды менеджара-эканамiста, якi мыслiць па-сучаснаму.

Быў у яго бiяграфii такi цiкавы факт. Цэлы год правёў адначасова ў «двух крэслах» — дырэктара ЖККЗ i выконваючага абавязкi кiраўнiка Брэсцкага аб’яднання хлебапрадуктаў. На пераход у вобласць так i не згадзiўся. «Я сваю работу вельмi люблю. Яна вымагае творчага падыходу. Таму многа планаў, многа задумак, якiя хацеў бы рэалiзаваць».

— Васiль Канстанцiнавiч, летась упершыню за пасляперабудовачны перыяд прадпрыемства ўзяло вельмi высокую вытворчую «планку»...

— Сапраўды, у 2006 годзе мы выпусцiлi больш за 100 тысяч тон камбiкармоў i бялкова-вiтамiнных дабавак. Зараз стаiць задача ўтрымацца на заваяваным рубяжы. Бо гэта якраз тыя аб’ёмы, якiя дазваляюць эканомiцы прадпрыемства працаваць на прыбытак, на рэнтабельнасць. I, канешне ж, больш поўна забяспечваць сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы (СВК) патрэбнай iм прадукцыяй. Зараз, дзякуючы ўвазе з боку дзяржавы, сiтуацыя ў сельскай гаспадарцы мяняецца да лепшага. I мы ў меру магчымасцяў стараемся падтрымлiваць гаспадаркi, авансаваць iх, пастаўляць камбiкармы нават у лiк будучага ўраджаю.

— Апошнiм часам вы крышку iнакш паглядзелi на свае ўзаемаадносiны з вытворцамi сельскагаспадарчай прадукцыi i падышлi да праблемы партнёрства, можна сказаць, кардынальна.

— Некалькi гадоў таму пачалi не толькi забяспечваць гаспадаркi камбiкармамi, але i наогул дапамагаць атрымлiваць вялiкае малако. Для гэтага вывучылi так званы ленiнградскi метад, закупiлi ў Расii праграму складвання збалансаваных па ўсiх паказчыках рацыёнаў кармлення, вывучылi якасць кармоў у гаспадарках. I, будучы ў поўным узбраеннi, даволi прафесiйна складвалi рацыёны для той цi iншай групы жывёлы. З улiкам наяўнай прадукцыйнасцi статку i задач, якiя стаяць перад канкрэтнай гаспадаркай, разлiчвалi рацыёны i выраблялi «эксклюзiўныя» камбiкармы. Вынiкi не прымусiлi сябе чакаць. Напрыклад, тры гады таму Жабiнкаўскi раён надойваў у сярэднiм каля трох тысяч кiлаграмаў малака. На 1 студзеня 2006 года пераадолеў чатырохтысячны рубеж, а сёлета дае 4600. Шэраг гаспадарак надойвае больш за 5000 кiлаграмаў малака. Брэсцкi раён таксама мае ў сярэднiм «пяцёрку». Выснова: сёння надойваць 4000 кiлаграмаў малака без добрых камбiкармоў праблематычна, а больш — наогул немагчыма.

Як вядома, мiнулы год быў складаным па ўмовах надвор’я, у вынiку чаго ў гаспадарках вобласцi, у якiх мы закупляем зерне, атрымаўся яго iстотны недабор. Вядзём закупкi ў Расii i Казахстане, ва Украiне — там яно ёсць, але вельмi дарагое. Таму камбiкорм падаражэў, праўда, не ў такой ступенi, каб быць нявыгадным для гаспадарак. Эканамiчная выгада прысутнiчае ў любым выпадку.

— Цi можна сказаць, што ў вашага калектыву ёсць свая стратэгiя?

— Мы лiчым, што жыццё — пастаяннае будаўнiцтва. Хочаш жыць — будуй, хочаш развiвацца — будуй. Хочаш быць «на ўзроўнi» — будуй. Гэта не азначае, што патрэбна менавiта замешваць раствор, укладваць цаглiны i пастаянна ўзводзiць новыя карпусы (хоць i гэта трэба). Маецца на ўвазе перманентнае абнаўленне вытворчага i сацыяльнага жыцця калектыву. I кожны год, згодна з гэтай формулай, мы ўкараняем нешта новае. За апошнiя некалькi гадоў увялi ў дзеянне лiнiю экструдзiравання (тэрмiчнай апрацоўкi) кармоў i лiнiю iх экспандзiравання (вiльготна-тэрмiчнай апрацоўкi пад цiскам), што вельмi паўплывала на якасць нашай прадукцыi, бо паляпшаецца яе засваяльнасць. Такiм чынам, усе цi амаль усе тры дзесяткi вiдаў камбiкармоў для розных парод i груп жывёлы, птушкi i рыбы вырабляем з выкарыстаннем перадавых тэхналогiй.

Важным лiчу i тое, што практычна ўсю сваю прадукцыю выпускаем пад заказ, узгадняем яе параметры са спажыўцамi. Цесны кантакт са спажыўцамi дапамагае працаваць над пашырэннем асартыменту. Нiхто ў рэспублiцы не робiць камбiкорм для аўцаматак, а мы выпускаем. Па асобнаму рэцэпту рыхтуем корм для страусаў, «Страусавая радасць» называецца. Для рыбгаса — асобны рэцэпцiк. Зараз усё больш пажылых людзей у вёсцы трымаюць не карову, а адну цi дзве казы, iх лягчэй пракармiць. I мы выпускаем камбiкорм для коз.

А летась вызначылi для сябе новую «нiшу». Закупiлi амерыканскую лiнiю i ўкаранiлi тэхналогiю вытворчасцi корму для сабак i кошак. Пакуль выпускаем для сабак. Гэты прадукт, тым больш такой высокай якасцi, у рэспублiцы не выпрацоўваўся, ён упаўне можа канкурыраваць з замежнымi. Тыя, хто яго выкарыстоўвае, расказваюць, што сабака аддае перавагу нашаму корму. Не дзiўна, што ў пачатку года мы прадавалi «Рэкс» у Брэсцкай вобласцi па 10 тон у месяц. Гандлюем iм таксама ў сталiцы i ва ўсiх абласцях.

Асабiста мне зразумела, чаму «Рэкс» нармальна «пайшоў»: бо выкарыстоўваем натуральныя прадукты, без хiмiчных дабавак, у састаў уваходзiць чыстая зерневая група, а таксама бялковая (мясныя, рыбныя iнгрэдыенты), мiнеральныя элементы. Адзiнае, закупляем прэмiксы — набор вiтамiнаў i мiкраэлементаў, бо айчынных на шырокай аснове пакуль няма.

Мы свядома пайшлi на тое, што не сталi закладваць занадта вялiкi тэрмiн выкарыстання корму. I асабiста я лiчу гэта перавагай. Тры месяцы ўпаўне дастаткова, каб не бегаць за кормам у магазiн кожны дзень. Можна зрабiць тэрмiн прыгоднасцi хоць год, але тады мусiм прымяняць кансерванты, замацавальнiкi, стабiлiзатары. Гэта ўсё хiмiя, яна не прыносiць карысцi арганiзму. Адмовiлiся i ад прымянення фарбавальнiкаў, яны таксама не дабаўляюць пажыўных якасцяў прадукту. Магчыма, колер корму мае нейкае чыста эстэтычнае значэнне для гаспадара сабакi, а сам ён рэагуе на iншае — на смак. У яго надзвычай развiты нюх, ён лепш адчувае, што там яму насыпалi ў талерку. Сабака раўнадушны нават да паху, якi падабаецца яго гаспадару — напрыклад, курыцы цi бекону. Яму перш за ўсё патрэбна энергетыка, а энергетыку дае тлушч. Натуральны харчовы тлушч у правiльна падабранай прапорцыi — 10—12 працэнтаў у агульнай масе. Мы балансiруем корм па ўсiх паказчыках, згодна з рэцэптурай: па вiтамiнах, па мiнеральных рэчывах, мiкраэлементах i гэтак далей.

— Усе новаўвядзеннi апошнiх гадоў iшлi ў нейкай паслядоўнасцi?

— Спецыяльна тую цi iншую чарговасць мы не ўстанаўлiвалi, проста кожны год вызначаем прыярытэты для сваёй вытворчасцi. Бачым, што яе стрымлiвае на гэты момант, i што патрэбна, каб вытворчасць развiвалася. Для дня ўчарашняга актуальнымi былi праблемы далейшага паляпшэння якасных параметраў, i мы ўкаранiлi экспандзiраванне i экструдзiраванне. А сёння стаiць задача нарошчвання колькасных паказчыкаў. Прычым не проста павелiчэння аб’ёмаў вытворчасцi прадукцыi, а нарошчвання выпуску яе ў гранулах. Спажыўцы зразумелi, што грануляванне больш практычнае, бо паядальнасць лепшая, аддача таксама. I пакупнiк масава просiць: дайце нам у гранулах. Летась правялi тэндар, заключылi дагавор на пастаўку абсталявання, праз некаторы час з пускам новых магутнасцяў зможам адчувальна павялiчыць працэнт грануляванага корму.

Канчаткова вызначылiся i сёння займаемся пытаннем будаўнiцтва новага элеватара, бо без яго нарошчваць аб’ёмы вытворчасцi праблематычна. «Вузкiм месцам» стала затарванне. У свой час абсталяванне для фасоўкi i затаркi забяспечвала аб’ёмы вытворчасцi. Але спажыванне камбiкармоў расце па ўсiх групах, адпаведна павялiчваюцца аб’ёмы продажу. Магчыма, гэтаму садзейнiчае i наша тактыка — мы бяром ад гаспадарак, у тым лiку фермерскiх, любыя заказы, нават на невялiкiя партыi, на тону-дзве. Развiваецца i сетка рознiчнага гандлю. Некалi пачыналi рэалiзоўваць насельнiцтву камбiкармы па 20—30 тон у месяц, зараз прадаём па тысячы тон. Адна змена не паспявала затарваць — паставiлi яшчэ адну. Сёння неабходна дадатковае абсталяванне, бо вельмi часта пакупнiк патрабуе дробнай расфасоўкi. Таму заказалi праект на будаўнiцтва асобнага цэха затаркi.

Як бачыце, жыццё пастаянна ставiць задачы. Абавязак каманды, якая кiруе вытворчым працэсам, i, у прыватнасцi, мой прамы абавязак — убачыць гэтыя задачы, гэтыя праблемы, i станоўча iх вырашаць. Накiраваць жыццё калектыву ў правiльнае рэчышча.

— Выклiкi часу бываюць даволi нечаканымi i жорсткiмi...

— Вось адзiн з такiх прыкладаў. У дзесяцiгоддзi планавай эканомiкi не стаяла праблема рэалiзацыi. Сёння ж галоўнае — нават не выпусцiць прадукцыю, а рэалiзаваць яе. Гэта азначае — жорстка канкурыраваць. А канкурыраваць можна толькi высакаякасным прадуктам. Вось чаму мы распрацавалi i ўвялi сiстэму менеджменту якасцi на аснове мiжнароднага стандарту IСО 9001-2001. Прыгледзелiся да яе: нармальна дзеючая сiстэма. Але гэта кiраўнiцтва якасцю ў цэлым. А давайце ўнiкнем у праблему больш глыбока. I ў мiнулым годзе ўкаранiлi i сертыфiкавалi сiстэму ХАССП: паклапацiлiся аб бяспечнасцi нашай прадукцыi на аснове аналiзу крытычных кропак вытворчасцi. Дарэчы, першымi сярод камбiкормавых прадпрыемстваў Беларусi.

— Скажыце, Васiль Канстанцiнавiч, што было найбольш складаным за ўсе 20 гадоў дырэктарства?

— Нават не падзенне аб’ёмаў вытворчасцi пасля развалу Саюза. Самым складаным быў перажыты ўсiмi намi iнфляцыйны перыяд у навейшай гiсторыi краiны, калi крэдыты давалi пад 120, 140, а то i 160 працэнтаў. Плацежа-здольнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пры гэтым была вельмi нiзкай. Прадукцыю мы iм пастаўлялi, а грошы за яе не атрымлiвалi. Сродкаў хапала толькi на тое, каб пагасiць працэнты па крэдытах, а на вяртанне самiх крэдытаў iх не было, i даўгi раслi ў катастрафiчных памерах. Пайшлi пратэрмiноўкi, у вынiку накапiлiся велiзарныя сумы. Менавiта тады ўтварылася «варонка», якая зацягнула ў сябе, вымыла ўсе нашы абаротныя сродкi. Гэты дэфiцыт адчувальны i сёння. Добра, што мы знайшлi паразуменне, агульную мову з аддзяленнем Белiнвестбанка, у якiм абслугоўваемся. Атрымлiваем ад яго неабходную падтрымку, за што я хацеў бы сказаць шчыры дзякуй кiраўнiцтву аддзялення. Iснуе цвёрдая падтрымка i з боку дзяржавы — у асобе органаў мясцовай улады, мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi, без якой дзейнасць прадпрыемства была б наогул немагчымай.

I, канешне ж, вельмi дапамог 36-ы Указ Прэзiдэнта, якi даў адтэрмiноўку па плацяжах у бюджэт. Ёсць графiк выплат, якога мы дакладна прытрымлiваемся.

Стабiлiзаваць уласнае фiнансавае становiшча дапаможа нарошчванне аб’ёмаў вытворчасцi, курс на якi мы ўзялi. У 2005 годзе прыраслi ў аб’ёмах да ўзроўню 2004 года на 163 працэнты. У 2006 годзе да ўзроўню 2005-га — яшчэ на 123 працэнты.

— Азiраючыся на ўсё перажытае, не шкадуеце, што ў свой час не захацелi застацца кiраўнiком абласнога маштабу?

— Нiколькi не шкадую, там было не маё. Тут — жывая работа, вынiкi якой бачныя кожны дзень. Мне цiкава штодня вырашаць канкрэтную, насычаную вытворчую праграму. Прыемна, што iншы раз ты «наперадзе паравоза». Мы першымi стварылi сетку рознiчнага гандлю камбiкармамi. Першымi пачалi распрацоўваць IСО — прычым самi, з улiкам уласнай спецыфiкi. I за намi хуценька пайшлi суседнiя прадпрыемствы. Вось што я называю «жывой работай».

— А «мiрная экспансiя» прадпрыемства ва ўсе суседнiя раёны — гэта таксама жывая работа?

— А чаму ж не? Замацавалi за сабой шэраг раёнаў вобласцi, дзе працуем не толькi з прадпрыемствамi дзяржаўнага гандлю i «Белкаапсаюза», але i маем уласныя фiрменныя магазiны — у Брэсце i Брэсцкiм раёне, у Маларыцкiм, Камянецкiм, Пружанскiм, Кобрынскiм i Жабiнкаўскiм раёнах. Акрамя магазiнаў эфектыўна працуюць 130 нашых рэалiзатараў. Праз сваю рознiчную сетку рэалiзуем 12 працэнтаў выпускаемых аб’ёмаў, плануем давесцi да 25. Гэта рэальна.

— Вы сказалi, што прыслухоўваецеся да думкi спажыўцоў...

— Апошнi такi прыклад. Прапанавалi свой корм для сабак пагранiчнаму ведамству. Пагранiчнiкi ўнеслi карэктывы ў рэцэптуру, мы ўлiчылi iх пажаданнi — там корм патрэбен больш энергетычна насычаны, з павышаным утрыманнем бялку. У красавiку будзем удзельнiчаць у тэндары на права пастаўляць сваю натуральную i параўнальна недарагую прадукцыю на заставы.

— У свой час вы моцна думалi, як працаваць ва ўмовах засiлля замежных пастаўшчыкоў. Зараз самi прадстаўляеце для iх сур’ёзнага канкурэнта.

— I ў той жа час я заклiкаю сваiх работнiкаў не адбiваць пакупнiка ў iншага вытворцы, не пераманьваць, а выхоўваць уласнага спажыўца. Ёсць катэгорыя людзей, якiя нiколi не карысталiся кормам для сабакi, а рыхтавалi яго самi. Але iм надакучыла штодня варыць кашы, вазiцца з каструлямi i вёдрамi. Iмпартны корм дарагi, наш у два разы таннейшы. Значыць, у рэшце рэшт чалавек стане нашым пакупнiком. Нядаўна размаўляў у вясковым магазiне з пенсiянерам, у якога два сабакi. Кажа, ядуць так, што «толькi шэрсць блiшчыць». Чалавек знаходзiць магчымасць ад сваёй пенсii купiць пракорм для сабак. Гэта пераконвае.

— Памятаючы героя мультфiльма, якому было «кацейку шкада», запытаемся: а што з Муркамi?

— Хочам спачатку адпрацаваць корм для ўсiх катэгорый сабак, у тым лiку для шчанят, для кормячых «мам», i толькi потым брацца за новае. Там свая спецыфiка i крыху iншая тэхналогiя. Патрэбна будзе ўключаць дадатковае абсталяванне. Відаць, да канца года запросiм у свае фiрменныя магазiны i гаспадынь Мурак. Хоць ужо сёння нямала прыкладаў, калi каты ласуюцца «Рэксам». Значыць, смакавая гама недзе побач. Магчыма, спатрэбiцца крышку больш рыбкi, што каты любяць. Хоць i зерневая група павiнна прысутнiчаць. Без клятчаткi якасны корм не зробiш.

— Вы ўвесь час «заварочваеце» размову на дарагую для вас (гэта адчуваецца) тэму якасцi. Скажыце, калi з развалам вялiкай краiны перасталi цэнтралiзавана атрымлiваць сыравiну экстра-класа з-за мяжы, як удалося наладзiць работу з мясцовай сыравiнай такiм чынам, што на якасцi канечнага прадукту гэта не адбiлася?

— Мне на той час удалося пабываць на мiжнародных выстаўках, я паглядзеў, як працуюць калегi за мяжой. У прыватнасцi, у Амерыцы, на галiновай выстаўцы ў Iндзiянапалiсе пазнаёмiўся з дабаўкамi, энзiмамi, i зразумеў, якiм чынам зможам вырашаць пытаннi з мясцовай сыравiнай. Праведзена была вельмi вялiкая работа па адладжванню тэхналогii, выбару рэжыму работы абсталявання, абагачэнню сыравiны натуральнымi мiнеральнымi i вiтамiннымi дабаўкамi. Робiм гэта i з улiкам вопыту не толькi амерыканскiх, але i еўрапейскiх, i айчынных прадпрыемстваў. У Еўропе шырока выкарыстоўваюць макуху, шроты, жамерыны. Робяць сок з яблыкаў, а жамерыны — у камбiкорм. Каву робяць — адходы бабоў у справу. Шалупiнне бульбы, адходы цукровай вытворчасцi — усё гэта прапушчана праз экспандзiраванне, дадаюць меласу, iншыя дабаўкi, i атрымлiваюць якасны корм.

У нас свае магчымасцi. Летась патэлефанавала Вера Сцяпанаўна Сляпухiна, дырэктар Кобрынскага масла-сыраробнага завода, прапанавала выкарыстаць падсырную сыроватку, вельмi багатую мiкраэлементамi. Спецыялiсты прадумалi схему, яна зараз дзейнiчае, што дазваляе эканомiць 40—50 тон зерня ў месяц. Выкарыстоўваем патаку — да 5 працэнтаў уводзiм у рэцэптуру, i гэта эканомiць яшчэ 5 працэнтаў зерня.

Палякi пабудавалi побач цэх па ачыстцы крэветак. Калi мы праверылi iх адходы ў сваёй лабараторыi — здзiвiлiся: 42 працэнты пратэiну. Далёка не ўсе мясцовыя крынiцы бялку дадуць такое ўтрыманне пратэiну, самыя насычаныя маюць максiмум 28 працэнтаў. Пасля шэрагу эксперыментаў распрацавалi ўласную методыку сушкi i здрабнення. Пры гэтым стварылi дадатковыя рабочыя месцы, што для райцэнтра важна.

— Да слова сказаць, некалi на заводзе працавала 180 чалавек, летась — 270. А колькi сёння?

— Сёння 370. Калектыў расце i дужэе. Новыя тэхналогii — гэта часта i новыя рабочыя месцы. У пачатку 90-х гадоў, калi адбылося сур’ёзнае знiжэнне аб’ёмаў вытворчасцi, мы не пайшлi па шляху скарачэння персаналу. Увесь час знаходзiлi, чым заняць людзей. Пусцiлi лiнiю шалушэння, лiнiю затарвання, нават адкрылi невялiкi млын i мiнi-пякарню. Затое сёння ва ўсiх пачынаннях смела можам абаперцiся на дружны, згуртаваны калектыў. Калектыўны розум даволi часта дапамагае вызначыцца.

У гэтай сувязi я хачу сказаць, што вельмi ўдзячны той камандзе камандзiраў вытворчасцi, якую ўдалося сфармiраваць i якая дзейнiчае даволi эфектыўна. Без яе падтрымкi дырэктар не зможа ўсё ахапiць. Працуе каманда. У нас вельмi квалiфiкаваныя галоўныя спецыялiсты. Андрэй Дзмiтрыевiч Трафiмчук прайшоў школу ад простага рабочага да галоўнага iнжынера, ён у многiм вызначае тэхнiчную палiтыку. Застрэльшчык у пытаннях якасцi — начальнiк вытворча-тэхнiчнай лабараторыi Галiна Iльiнiчна Макарук. «Закрываюць» свае накiрункi галоўны энергетык Сяргей Канстанцiнавiч Варабей i галоўны механiк Дзмiтрый Мiхайлавiч Жданюк, якi прыйшоў да нас з цукровага камбiната, вельмi iнiцыятыўны работнiк. На «месцы» тэхнолагi, начальнiк цэха Аксана Яўгенаўна Каханоўская. Пералiчваць можна доўга.

— Якую выснову вы зрабiлi, ацэньваючы пражытыя неспакойныя 20 гадоў?

— Патрэбна любiць сваю справу. А калi ты любiш справу, якой служыш, яна адкажа ўзаемнасцю. I варта думаць аб людзях. Людзi заўсёды гэта ацэняць.

Публікацыю падрыхтаваў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Краiну кормiць сельская гаспадарка, а сельскую гаспадарку, у прыватнасцi жывёлагадоўлю, кормiць камбiкормавая прамысловасць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика