Мы адкрываем нетры беларускiя...1 красавiка — Дзень геолага Усе радовiшчы карысных выкапняў — ад мiнеральнай вады да нафты — выяўляюцца i распрацоўваюцца ў нашай краiне з удзелам Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага iнстытута. Сёлета яму спаўняецца 80 гадоў. З якiмi дасягненнямi i планамi сустракаюць вучоныя-практыкi вышэйпамянёнай галiновай структуры гэту круглую дату? Якiя таямнiцы нетраў яшчэ не раскрытыя? Расказвае дырэктар Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага iнстытута, кандыдат геолагамiнералагiчных навук Георгiй ФУРСIКАЎ. — Ваш iнстытут навукова i практычна забяспечвае ўсе вiды геолагаразведачных работ у Беларусi. Аднак якiя накiрункi з’яўляюцца зараз прыярытэтнымi? — Зараз наша задача — выкананне Дзяржаўнай праграмы геолагаразведачных работ па развiццю мiнеральна-сыравiннай базы Беларусi на 2006—2010 гады i на перыяд да 2020 года. Праграма вызначае сем прыярытэтных накiрункаў работы: па нафце i газу, калiйных солях, жалезнай рудзе, прэсных i мiнеральных водах, будаўнiчых матэрыялах, алмазах, а таксама па складанню карт з прагнознай ацэнкай. Па кожнаму з карысных выкапняў робiцца прагнозная ацэнка, вядуцца разведачныя мерапрыемствы, якiя пацвярджаюцца непасрэдна бурэннем свiдравiн. Калi гэта адбываецца, значыць, можна гаварыць аб прыросце. Дык вось, летась геолагi прырасцiлi, напрыклад, звыш 0,3 мiльёна тон нафты, хоць, паводле праграмы, павiнны былi прырасцiць 0,25 мiльёна. Гэтак жа добра спрацавалi па будматэрыялах, па пiтной i мiнеральнай водах... Дарэчы, на сёння разведана толькi палова спрагназаваных радовiшчаў нафты. Яшчэ не разведаныя радовiшчы — гэта, канешне, ужо больш дробныя крынiцы. Будаўнiчыя матэрыялы — пяскi, гравiй, глiна, даламiты i iншыя здабывалiся i працягваюць здабывацца ў Беларусi традыцыйна ў досыць вялiкiх аб’ёмах. Недастаткова, хiба, шклянога пяску высокай якасцi i некаторых тыпаў глiн, але пясчаных сумесяў, будаўнiчых глiн, цэментавай сыравiны досыць многа. Хоць запасы ўсё роўна трэба нарошчваць, шукаць новыя радовiшчы каля iснуючых перапрацоўчых прадпрыемстваў i месцаў правядзення будаўнiчых работ, паколькi нерэнтабельна вазiць пясок, напрыклад, з Вiцебскай у Гомельскую вобласць. Аб недахопе калiйных цi харчовых соляў — хлорыстага натрыю, якiя, як вядома, здабываюцца ў Салiгорску i Мазыры, гаварыць пакуль таксама не даводзiцца. Iншая справа, iнстытут спрабуе здабыць двайную соль, новы вiд выкапняў — карналiт. Гаворка iдзе пра спалучэнне хлорыстага калiю i хлорыстага магнiю. З хлорыстага калiю можна атрымлiваць угнаеннi, а хлорысты магнiй — выкарыстоўваць у будаўнiчай галiне для атрымання магнэзiяльнага цэменту, якi вядомы сваёй надзвычай высокай трываласцю. Сёлета мы прыступiлi да работы па ўкараненню тэхналогii здабычы двайной солi ў раёне Любанi. Першую «партыю» прадукту плануем узняць на паверхню ў 2008 годзе. Шмат у Беларусi запасаў падземных водаў — пiтных i мiнеральных. Аднак, па-першае, не ўсе раёны аднолькава багатыя на iх, а па-другое, выкарыстоўваецца прыкладна палова ад колькасцi разведанай той жа пiтной вады. Скажам, трэцяя частка Мiнска дагэтуль забяспечваецца паверхневымi водамi невысокай якасцi. Праблема ў тым, што дастатковая колькасць разведаных для сталiцы падземных водаў размяшчаецца далекавата ад горада, а значыць, змены да лепшага запатрабуюць вялiкiх грашовых укладанняў. Тым не менш, мы пачалi фармiраваць праграму рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Сёння выкарыстоўваецца толькi 5 працэнтаў разведаных запасаў мiнеральных водаў, i нават тыя, што разведаны, недасканала асвойваюцца. Пiтная прэсная i мiнеральная воды вельмi слаба экспартуюцца, таму i ставiцца задача аб будаўнiцтве прадпрыемства, арыентаванага менавiта на экспарт. А пакуль, калi параўнаць, колькi мiнеральнай вады мы вырабляем i колькi завозiм з Расii, баланс будзе не на нашу карысць. Што датычыцца падземных водных рэсурсаў, то тут ёсць работа i для iншых мiнiстэрстваў i ведамстваў. У Беларусi, напрыклад, развiваецца санаторна-курортная база. Санаторыi i прафiлакторыi маглi б актыўна выкарыстоўваць унiкальныя па свайму складу падземныя расолы, адзiн лiтр якiх утрымлiвае да 400 г соляў! Тыя ж вытворцы касметычнай прадукцыi ведаюць аб гэтым «скарбе», але ўсё роўна аддаюць перавагу закупцы значна бяднейшых соляў Мёртвага мора. Мы разведалi радовiшчы i апрабiравалi здабыванне расолаў яшчэ на пачатку 80-х гадоў. У 1991 годзе, нягледзячы на тое, што гэта не зусiм наша справа, атрымалi ТУ для вонкавага прымянення расолаў пры лячэннi захворванняў апорна-рухальнага апарата. Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала iнструкцыю па выкарыстанню ноў-хау, але справа паступова «згасла». Прыродны расол, дарэчы, можна прымяняць таксама ў якасцi дабаўкi ў бетон цi як угнаенне, паколькi там ёсць безлiч карысных для раслiн элементаў — марганец, жалеза, магнiй, бром, ёд i г.д. Зараз работа па здабычы расолаў фактычна спынена. Шкада, бо гэта не так затратна, паколькi расолы можна здабываць з ужо адпрацаваных нафтавых свiдравiн. У нас ёсць буры вугаль i гаручыя сланцы, але нiзкай якасцi. Вугаль можна выкарыстоўваць па прамому прызначэнню — у якасцi палiва, але можна i ў якасцi сыравiны для атрымання вадкага i газападобнага палiва. Гэтыя моманты зараз вывучаюцца, паколькi, згодна з прагнозамi, тэрыторыя краiны досыць багатая на памянёныя карысныя выкапнi. Вывучаецца i пытанне iх распрацоўкi, здабычы, шукаецца адказ на пытанне, цi не будзе здабыча даражэй за гатовы прадукт. Тыя ж гаручыя сланцы таксама нерэнтабельна было здабываць з-за глыбокага залягання. Тым не менш, задачу аб 25-працэнтным пераходзе на мясцовыя вiды палiва, нiхто не адмяняў. Таму на гэты год запланавана спроба адраджэння старых знаёмых тэхналогiй здабычы i перапрацоўкi гаручых сланцаў. Працягваецца работа па параўнанню двух радовiшчаў жалезнай руды — Аколаўскага i Навасёлкаўскага. Якое будзе больш перспектыўным, з таго i пачнём. Невялiкiя запасы газу ў Прыпяцкiм прагiбе, — там, дзе i нафтавыя залежы, мы спрагназавалi даўно i ад сваiх слоў не адмаўляемся. Магчыма, калiсьцi, будзе мэтазгодна i гэтым заняцца. Што ж датычыцца алмазаў, то прамысловых радовiшчаў пакуль не вынайдзена, а вось перспектывы ёсць. Сёлета iнстытут знайшоў на мяжы Гомельскай i Магiлёўскай абласцей першы алмаз, пошук якога працягваўся гадоў пятнаццаць. Разгледзець гэты цуд можна, праўда, хiба пад мiкраскопам. Цiкава, што ў дадзеным выпадку мы перапрацавалi не тону, а ўсяго некалькi дзесяткаў кiлаграмаў «матэрыялу». Пошук алмазаў вядзецца ў так званых кiмберлiтавых трубках. I такiх для пошуку аднаго радовiшча па статыстыцы павiнна быць не менш за сотню, а ў Беларусi ўсяго 32. Але ж i такая колькасць трубак дазволiла нам адшукаць яшчэ рубiны. Такiм чынам, перспектывы ёсць. — Па вялiкаму рахунку, мы не так дрэнна выглядаем з нашымi карыснымi выкапнямi на фоне краiн-суседак, за выключэннем, канешне, Расii i Украiны... — У адносiнах да нашых прыбалтыйскiх суседзяў Беларусь сапраўды выглядае больш пераважна, паколькi ў нас назiраецца не толькi разнастайнасць, але i аб’ёмы жыццёва важных выкапняў, да якiх я аднёс бы ваду, калiйныя ўгнаеннi i будматэрыялы. Хоць мы вымушаны завозiць нафту i газ, жалезныя руды, якiя пакуль танней набываць, чым распрацоўваць. Завозiм i фасфарыты, якiя ў хуткiм часе паспрабуе распрацаваць РУП «Белгеа». — Якiя вынiкi работы iнстытута можна падвесцi напярэдаднi значнага юбiлею? — Мне чамусьцi спачатку хочацца прыгадаць 60-я, 70-я — росквiт iнстытута, калi ён размяшчаўся ў 5-павярховым будынку, калi калектыў складаў 500 чалавек i калi было здабыта i напрацавана ўсё тое, чым мы карыстаемся зараз. Нагадаю, што ў той час былi адкрытыя нафта, калiйныя солi, актыўна вялася разведка жалеза, вугалю, падземных водаў. Фiнансаванне было стабiльным, i работа была ўзважанай, памяркоўнай. З 1989 года пачаўся агульнавядомы спад, якi прыпынiўся для нас, бадай, толькi напрыканцы 2005-га. У 2004 годзе я ўзначалiў iнстытут, мы пачалi пераезд з плошчаў у 7 тысяч квадратных метраў на 2 тысячы. У нашым «страi» засталося 148 чалавек, 37 з якiх працуюць у гомельскiм аддзеле бурэння i выпрабавання свiдравiн. Толькi летась адышлi нарэшце ад «наваселля» i прыступiлi да сур’ёзнай работы — рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы. Нагадаю, што сёння Беларускi навукова-даследчы геолагаразведачны iнстытут складаецца з сямi аддзелаў — нафты, цвёрдых выкапняў, разведачнай геафiзiкi, гiдрагеалогii i iнжынернай геалогii, манiторынгу геалагiчнага асяроддзя, аддзела геатэхналагiчных даследаванняў, бурэння i iспытаў свiдравiн (у Гомелi). У нас ёсць лабараторыi дыстанцыйных метадаў даследавання i геафiзiчных даследаванняў свiдравiн. Мы спрабуем зараз развiваць лабараторную базу, бо нам неабходна праводзiць эксперыменты — развiваць практычную навуку. Мы ўсё ж такi не акадэмiчны, а галiновы iнстытут, нам патрэбны не столькi фундаментальныя веды, колькi iнжынерная думка. Таму ў нас прыкладна аднолькавая колькасць iнжынераў i навуковых супрацоўнiкаў, сярод якiх — 19 кандыдатаў навук i 1 доктар. Нашы вучоныя — практыкi, якiя павiнны не проста ўказаць, што тут ёсць выкапнi, але i сказаць, якiм чынам iх дастаць. Спецыялiстаў для нашай справы рыхтуюць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы — Белдзяржунiверсiтэт i Гомельскi дзяржунiверсiтэт, аднак можна сказаць, мы рыхтуем навуковыя кадры з маладых спецыялiстаў самi, на месцы. У апошнiя два гады нам удаецца iх затрымаць. Калiсьцi прыходзiла два чалавекi, i абодва праз нейкi час знiкалi, а цяпер прыйшлi васьмёра, i ўсе працуюць. Я лiчу, што гэта абумоўлена ў тым лiку належным фiнансаваннем, якое вылучаецца на рэалiзацыю Дзяржаўнай праграмы. Але ж праграма забяспечвае нас матэрыяльнымi рэсурсамi на 80 працэнтаў. Астатняе мы павiнны зарабiць самi. Таму мы бяром удзел яшчэ ў дзвюх дзяржаўных праграмах, звязаных з навакольным асяроддзем. Плюс работы па дамоўленасцях з Водаканалам, пэўныя экалагiчныя даследаваннi, напрыклад, па забруджванню падземных водаў у раёнах захавання пестыцыдаў. Разам з Беларускiм навукова-даследчым цэнтрам «Экалогiя» мы з дапамогай сучасных методык даём прагнозы на блiжэйшыя, скажам, 10, 40 гадоў адносна таго, якiм будзе забруджванне навакольнага асяроддзя. Гэтыя прагнозы могуць выкарыстоўвацца для прыняцця рашэнняў, скажам, што рабiць з захаваннем i як хутка. Сярод замежных праектаў можна прыгадаць нядаўнюю работу з лiтоўскiмi спецыялiстамi па стварэнню карт прыгранiчных тэрыторый. Крыху раней такая ж работа была зроблена з удзелам украiнскiх даследчыкаў, плануецца — з расiйскiм бокам. Святлана БАРЫСЕНКА, Вiктар ПАЗНЯКОЎ. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе радовiшчы карысных выкапняў — ад мiнеральнай вады да нафты — выяўляюцца i распрацоўваюцца ў нашай краiне з удзелам Беларускага навукова-даследча |
|