Жылiбер вяртаецца ў Гродна
Барыс ПРАКОПЧЫК
Наведвальнiкаў гарадскога парку ў Гродне, якi носiць iмя Жана Эмануэля Жылiбера, верагодна, ужо сёлета будзе сустракаць... сам заснавальнiк унiкальнага батанiчнага саду, што тут некалi быў. Пакуль жа ў майстэрнi вядомага скульптара, старшынi Гродзенскай абласной арганiзацыi Беларускага саюза мастакоў Уладзiмiра Панцялеева, дзе мы днямi пабывалi, завяршаецца праца над «глiняным» варыянтам скульптуры, якi затым пераўвасобiцца ў бронзу.
Творы гэтага майстра можна ўбачыць не толькi ў Беларусi, але i, напрыклад, у Крыме, у Гурзуфе, дзе ён высек з амаль трохметровай каменнай глыбы алегарычную кампазiцыю (бацькi i дзiця) пад назвай «Акрыленыя». А некаторыя яго так званыя кабiнетныя, або, iнакш кажучы, камiнныя скульптуры палiчылi за гонар мець у сваiх калекцыях вядомыя людзi з замежжа. Той-сёй ужо i сам бы «забронзавеў», аднак ва Уладзiмiру Панцялееве i блiзка няма рысаў самазадаволенага мэтра. Наадварот, ураджэнец Магiлёўшчыны лiчыць, што як скульптар ён яшчэ ў вялiкiм даўгу перад горадам над Нёманам, да якога прыкiпеў усёй душой. — Я стаўлю задачу — зрабiць у горадзе прарыў у накiрунку паркавай скульптуры, якой у нас, на жаль, пакуль проста няма, — гаворыць Уладзiмiр Панцялееў. — Прычым не паўтараючы нашу сталiцу цi замежжа, а з мясцовым каларытам, узаемазвязана з гiсторыяй Гродна. Гэта ж каралеўскi горад! Нiдзе не было столькi славутасцяў, як тут! Добра, што важнасць такога падыходу да мастацкага афармлення горада разумеюць i мясцовыя ўлады. А прыкладаў таго, як жанр малой, паркавай скульптуры можа арганiчна спалучацца з асаблiвасцямi той цi iншай тэрыторыi, стаць «мастом» памiж рознымi эпохамi альбо проста ствараць адпаведную аўру, у свеце мноства. Скажам, на плошчы ў Лодзi сядзiць за раялем знакамiты маэстра Рубiнштэйн. У Брэмене не толькi не забылiся на сваiх сусветнавядомых музыкантаў, але i адлюстравалi iншыя сюжэты з мясцовага жыцця, тых жа свiнапасаў. Расiяне паставiлi помнiк лiтары «ё» i водаправодчыку, беларусы ўшанавалi дзяўчынку з парасонам, паставiўшы помнiк у Мiнску, i аловак — у Гомелi... У Вроцлаве мэрыя нават аб’яўляе конкурс на лепшыя малыя скульптуры з iх далейшай устаноўкай у горадзе i прэмiяваннем скульптараў. А вось у Гродне гэты жанр пачынаецца з Жана Эмануэля Жылiбера. Гэтая скульптура, пэўна, у сэнсе павагi да гiсторыi горада здольна зрабiць нават больш, чым кнiга або аповед экскурсавода, паколькi менавiта зрокавы вобраз надоўга застаецца ў памяцi. I потым ужо не кожны, канешне, але шмат хто захоча спытаць у сябе: «А што я ведаю пра гэту асобу? Чаму менавiта Жылiбер сустракае гараджан i гасцей Гродна на ўваходзе ў парк?» Ды таму, што гэта ён, Жан Эмануэль Жылiбер, выдатны французскi вучоны-натуралiст стварыў у Гродне батанiчны сад, якi разам з Лонданскiм i Пецярбургскiм быў прылiчаны да найлепшых у Еўропе. У 1778 годзе тут налiчвалася 1500 вiдаў экзатычных раслiн. Гэта ён, прафесар медыцыны кiраваў першай на тэрыторыi сучаснай Беларусi каралеўскай медыцынскай акадэмiяй, выхаванцы якой займалiся вырошчваннем у батанiчным садзе лекавых раслiн. Потым Жылiбер залажыў таксама выдатныя батанiчныя сады ў Вiльнi, у французскiм Лiёне... Iнiцыятарам стварэння медыцынскай акадэмii быў яшчэ адзiн знакамiты гродзенец — палiтычны дзеяч, рэфарматар гаспадаркi, мецэнат культуры, гродзенскi стараста Антонiй Тызенгаўз. Уявiм сабе i гэту постаць у сучасным горадзе, пэўна, на плошчы Тызенгаўза. А на вулiцы Ажэшка, не выключана, калiсьцi сустрэнем i скульптуру панi Элiзы, якая гуляе з сабачкам. А ў якiм мастацкiм стылi будзе ўвасоблены вобраз караля i Вялiкага князя Лiтоўскага Стэфана Баторыя? Тэмаў у гэтым накiрунку, лiчыць Уладзiмiр Панцялееў, непачаты край, нават, на першы погляд, зусiм нечаканых. Скажам, цяпер скульптар працуе над увасабленнем iдэi рэктара Гродзенскага мед-унiверсiтэта паставiць помнiк ... сабачку, звычайнаму дварняжку, якi ў свой час самаахвярна служыў медыцынскай навуцы. — Ляжа бронзавы сабачка ля нейкага лiхтара, лаўкi — я вас запэўнiваю, адбою не будзе ад зацiкаўленых позiркаў, — лiчыць Уладзiмiр Панцялееў. А хiба ж не ўпрыгожыць набярэжную Нёмана скульптура рыбака? Дарэчы, скульптура Уладзiмiра Панцялеева «Воўк» у гонар 1000-годдзя Ваўкавыска была ўстаноўлена зусiм нядаўна, але ўжо стала для гэтага горада ў пэўным сэнсе культавай. Каля яе пастаянна фатаграфуюцца i нават ужо ёсць прыкметы, маўляў, воўчы нос пацерцi — да грошай, лапу — яшчэ да нечага. ...Так склаўся лёс, што Жан Эмануэль Жылiбер не здолеў ажыццявiць у Гродне ўсе свае задумы, у прыватнасцi, стварыць сельскагаспадарчую i ветэрынарную школы. А яго мецэнату Антонiю Тызенгаўзу (яго заслуга не толькi ў адкрыццi медыцынскай акадэмii, але i ў заснаваннi шэрагу мануфактур, школ гандлю, будаўнiцтва, музычнай, балетнай, бухгалтарскай, акушэрскай, у пракладваннi новых дарог, мастоў i каналаў...) так i не ўдалося рэалiзаваць iдэю стварэння ў Гродне акадэмii навук. Пасля таго, як Тызенгаўза у вынiку магнацкiх iнтрыг звольнiлi з пасады гродзенскага старасты, Жылiбер быў вымушаны пакiнуць горад над Нёманам. I вось цяпер ён вяртаецца — фiгурай чалавека, якi прагульваецца з кiем у руцэ па сучаснаму парку. У касцюме сваёй эпохi, але звычайнага росту, i не на пастаменце, а на бруску. Славутая асоба з мiнуўшчыны старадаўняга горада, такiм чынам, будзе не ўзвышацца над цяперашнiмi пакаленнямi, а быццам знаходзiцца разам з намi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наведвальнiкаў гарадскога парку ў Гродне, якi носiць iмя Жана Эмануэля Жылiбера, верагодна, ужо сёлета будзе сустракаць... сам заснавальнiк унiкальнаг
|
|