«Белы» тыдзень — час вялiкiх пачынанняў
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК
(Працяг. Пачатак у нумары за 29 сакавіка.)
Чысты панядзелак Апошнiя шэсць дзён перад Вялiкаднем былi пазначаны статусам асаблiвай павагi i прынцыпова дакладным стаўленнем да свайго жытла i працы. Кожны з iх наблiжаў чалавека да канчатковай перамогi Дня над Ноччу, а ў хрысцiянскай традыцыi — Жыцця над Смерцю. Таму сустрэчы такой незвычайнай падзеi папярэднiчала карпатлiвае абнаўленне ўсяго наваколля. Першыя днi тыдня былi прысвечаны навядзенню парадку, калi можна так сказаць, спачатку на перыферыйных абшарах сядзiбы — у садзе, агародзе, хляве, а затым ужо ў хаце — у цэнтры сялянскага сусвету, таму гэтыя днi называлiся «чыстымi»: Чысты панядзелак, Чысты аўторак. У Чысты панядзелак пачыналi наводзiць парадак у двары, каля гумна, хлява, адусюль выграбалi мiнулагодняе смецце. Абавязкова прыбiралiся ў садзе, спальвалi або закопвалi старое лiсце i сухое галлё. Менавiта ў гэты дзень бялiлi хату i ўсе дваравыя пабудовы. Наводзiлi парадак i ў хляве: чысцiлi хатнюю жывёлу, выкiдвалi гной. Чысты аўторак У аўторак пачыналi наводзiць парадак у хаце. Усё хатняе начынне выносiлi з хаты, перасушвалi, выбiвалi пыл, вымывалi вокны, вымяталi з усiх закуткоў смецце, бялiлi печ, абавязкова пралi: «У чысты панядзелак i аўторак няможна ў хаце трымаць чаго-небудзь нячыстага, бо на людзей i на гавяда нападуць паршы». У сераду на перадвелiкодным тыднi трэба было вымыць усё драўлянае: дзяжу, хлебную лапату, выскрабалi сталы, лавы і г. д. Таму i дзень атрымаў такую незвычайную назву — Дравяная страсць. Напрацягу сямiтыднёвага посту хлебная дзяжа шматразова аказвалася ў цэнтры ўвагi. Так, на Палессi ў першую суботу посту хлебную дзяжу трэба было вымыць, абкурыць ядлоўцам, пакласцi на дно вугельчык i накрыць чыстым ручнiком. Казалi, што ў гэты дзень адбываецца «споведзь дзежкi», таму трэба, каб яна была «прыбраная». Расчыняць у гэты дзень хлеб забаранялася. На Пiншчыне дзяжу трэба было вымыць у суботу на Пахвальным (пятым) тыднi посту. Ваду пасля таго, як вымылi дзяжу, трэба было абавязкова вылiць на сцяну хаты. Асаблiвую ўвагу прыладам, з дапамогай якiх будзе выпечаны «велiкодны хлеб» — дзяжы i хлебнай лапаце — удзялялi ў сераду перад Вялiкаднем. Чысты чацвер — першы дзень тварэння новага свету Калi панядзелак, аўторак i серада перадвелiкоднага тыдня былi часам поўнамаштабнага ачышчэння прасторы сялянскай сядзiбы i непасрэдна жытла, то Чысты чацвер ставiў заключную кропку ў працяглым i паэтапным працэсе ўсеагульнага развiтання (iнфармацыйнага, энергетычнага, гаспадарчага) з мiнулым часам. Яго вялiкасць чалавек — той, хто перайначваў асвоеную iм прастору, вынiшчаючы сляды леташняй дзейнасцi (каб не «перацягнуць» старыя праблемы ў новы час) — аказваўся апошнiм звяном у шматдзённым ланцугу ачышчальных дзеянняў. Лiчылася, што ўсход сонца гэтага дня ўжо сам чалавек павiнен быў сустрэць абноўленым, чыстым. Сярод навукоўцаў, якiя абапiраюцца на звесткi вясковых iнфарматараў, iснуе два падыходы ў разуменнi семантыкi паняцця «Чысты чацвер». З аднаго боку, лiчаць яны, дзень атрымаў такую назву, таму што ён быў асноўным днём навядзення агульнага парадку: «Перад Паскай — сама рабочая нядзеля, нада павымыць усё, у Чысты чацвер i комiны чысцюць, i хату вымываюць». З другога — дзень назвалi чыстым таму, што да гэтага дня ўжо ўсё было прыбрана: «У Чысты чацвер мы нiкагда ня мыем. Было прынята ўсё вычышчаць, вымываць — i паталок, i сцены — да чацвярга. У Чысты чацвер ужэ было ўсё чыста ў хацi, за тое мы нiкагда не балелi, у хаце нi балезней нi будзець, нiчога благога нi будзець». Нам падаецца, што другая версiя больш абгрунтаваная i наблiжаная да архаiчнай сутнасцi аналiзуемай з’явы. Магiчная энергiя прыродных стыхiй У мiфапаэтычных уяўленнях нашых прашчураў i больш блiзкiх продкаў важнае месца займала багатая i надзвычай складаная сiстэма абрадавай практыкi, скiраваная на актыўны дыялог чалавека з Сусветам. У гэтым ланцужку магiчных дыялогаў вылучалiся некалькi дзён, якiя былi пазначаны статусам надзвычайнай выключнасцi. Напрыклад, у хрысцянскай традыцыi такiм статусам надзелены дзень праваслаўнай Пасхi, калi з Нябёсаў сыходзiць Благадатны Агонь. У старажытных вераваннях славянскiх народаў асаблiвай пашанай вылучалася некалькi дзён традыцыйнага календара. Сярод iх калядная ноч у прамежку з трох гадзiн ночы i да пяцi гадзiн ранiцы, калi «адкрывалiся» нябёсы i чалавек мог вымалiць у Бога любое жаданне аб пазбаўленнi ад хваробы, аб паляпшэннi дабрабыту, аб шчаслiвай долi, аб нараджэннi доўгачаканага дзiцяцi... Такiм жа днём здзяйснення жадання-мроi была купальская поўнач, калi моладзь хадзiла шукаць самы незвычайны зямны скарб — папараць-кветку. Ступенню надзвычайнай святасцi надзялялася i «навагодняя» ноч — з серады на чацвер перадвелiкоднага тыдня. Яна была такой жа, як i вышэйзгаданыя, але разам з тым i зусiм iншай. Калi ў калядную ноч да Бога звяртаўся той, хто трапiў у вельмi складаныя сiтуацыi, калi купальская кветка «давалася ў рукi» толькi выключным асобам, то ноч з серады на Чысты чацвер у роўнай ступенi «адорвала» энергiяй ачышчэння, тварэння i аздараўлення кожнага, хто гэтага хацеў. Гэта была ноч усеагульнай уключанасцi чалавечай супольнасцi ў кантэкст свяшчэннага акта першатварэння. Зоры, Сонца, Месяц, iншыя планеты нашай Галактыкi быццам знiтоўвалi сваю касмiчную моц у адзiн прамень i накiроўвалi яго да Зямлi, каб кожны чалавек змог «назапасiць» яе на ўвесь наступны год. Чалавек выкарыстоўваў гэту магчымасць рознымi шляхамi. Але найперш ён звяртаўся па дапамогу да самых першых i найбольш пашыраных стыхiй прыроды: вады, солi. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiя шэсць дзён перад Вялiкаднем былi пазначаны статусам асаблiвай павагi i прынцыпова дакладным стаўленнем да свайго жытла i працы. Кожны з iх наб
|
|