Рэклама на тэлебачаннi будзе абмежавана
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Учора дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi прынялi ў другiм чытаннi законапраект «Аб рэкламе»
Падчас падрыхтоўкi законапраекта да прыняцця найбольшая дыскусiя развярнулася наконт двух яго палажэнняў. Першае датычылася рэкламы на тэлебачаннi, а дакладней, яе аб’ёмаў. У вынiку дэпутаты спынiлiся на наступным варыянце: рэклама не павiнна перавышаць 20 працэнтаў аб’ёму вяшчання для радыё- i тэлепраграм на працягу сутак. Пры гэтым у перыяд з 18.00 да 22.00 рэклама не павiнна перавышаць 30 працэнтаў аб’ёму вяшчання на працягу кожнай гадзiны. Сёння ж, падлiчыла намеснiк старшынi камiсii па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтву, гандлю i прыватызацыi Палаты прадстаўнiкоў Ганна Бурава, рэклама ў прайм-тайм можа дасягаць i сарака хвiлiн у гадзiну. Працягласць кожнага прыпынення перадачы рэкламай, у тым лiку мастацкага фiльма, не павiнна быць большай за чатыры хвiлiны. Акрамя таго, дакумент прадугледжвае, што пры трансляцыi рэкламы ўзровень яе гуку, а таксама ўзровень гукапаведамлення аб наступнай трансляцыi рэкламы не можа перавышаць сярэднi ўзровень гуку праграмы, трансляцыя якой перапыняецца рэкламай. Як адзначыла Г. Бурава, хоць гэтыя нормы законапраекта i абмяжоўваюць аб’ём рэкламы, але адначасова стымулююць радыё- i тэлеканалы найбольш эфектыўна выкарыстоўваць рэкламныя магчымасцi з улiкам грамадскiх i дзяржаўных iнтарэсаў. Другая дыскусiя датычылася рэкламы пiва. Тут дэпутаты таксама вырашылi пайсцi на абмежавальныя нормы. Так, рэклама пiва i слабаалкагольных напояў будзе абмежавана, у тым лiку праз устанаўленне поўнай забароны вонкавай рэкламы пiва, а таксама правядзенне любых рэкламных акцый, якiя накiраваныя на стымуляванне яго рэалiзацыi. Асобныя палажэннi законапраекта накiраваныя на забарону рэкламы тытунёвых вырабаў i алкагольных напояў у аэрапортах, на вакзалах, прыпыначных пунктах грамадскага транспарту, станцыях метрапалiтэна; якая выкарыстоўвае вобразы людзей i жывёл; у выданнях, сродках масавай iнфармацыi, якiя спецыялiзуюцца на пытаннях экалогii, адукацыi, аховы здароўя; на плакатах, стэндах, светлавых табло i iншых сродках вонкавай рэкламы, а таксама на забарону рэкламы тытунёвых вырабаў на радыё i тэлебачаннi i на таварах спартыўнага прызначэння, цацках. Яшчэ больш жорсткiя меры будуць прыменены з пачатку 2008 года да рэкламы тытунёвых вырабаў — яна будзе цалкам забаронена. Акрамя таго, паведамiла Г. Бурава, законапраект упершыню ўстанаўлiвае забарону на рэкламу патрэбнасцi ў органах i тканках чалавека, замяняльнiках мацярынскага малака (дзiцячых малочных сумесях), наркатычных сродках, псiхатропных рэчывах, парнаграфiчных матэрыялах, а таксама на рэкламу, накiраваную на ўцягненне патэнцыйных ахвяраў у гандаль людзьмi, прадастаўленне сэксуальных паслуг пад выглядам законнай дзейнасцi, антыграмадскiя паводзiны. Вызначаны таксама пералiк абавязковай iнфармацыi пры рэкламе лекавых сродкаў i бiялагiчна актыўных дабавак да харчавання. Рэзмяшчэнне рэкламы праз выкарыстанне тэлефоннай, тэлекснай, факсiмiльнай, сотавай рухомай электрасувязi, электроннай пошты дазваляецца толькi пры наяўнасцi згоды абанента або адрасата на атрыманне рэкламы. Таксама дэпутаты прынялi ў другiм чытаннi законапраект «Аб унясеннi дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублiкi Беларусь па пытанню ўстанаўлення дакладнасцi дакументаў аб адукацыi». Гэты дакумент, у прыватнасцi, абавязвае наймальнiка (кiраўнiка ўстановы адукацыi) пры прыёме на працу (вучобу) у выпадку ўзнiкнення сумненняў у дакладнасцi дакументаў аб адукацыi накiроўваць адпаведны запыт у Мiнiстэрства адукацыi Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi прынялi ў другiм чытаннi законапраект «Аб рэкламе»
|
|