21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Белы» тыдзень — час вялiкiх пачынанняў

26.08.2009 08:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Народная энцыклапедыя

(Працяг. Пачатак у нумарах за 29, 31 сакавіка.)

«Соль таму ў вочы, хто дабра нам не хоча»

Адным з самых старажытных (лiчыцца, яшчэ праславянскiм) абярэгаў лiчылася «чацвярговая» соль, якую «рыхтавалi» ў ноч з серады на чацвер. У газеце «Минский листок» (№ 74 за 1894 г.) было паведамленне наступнага зместу: «Напярэдаднi Чыстага чацвярга беларусы пакiдаюць на ўсю ноч пад адкрытым небам кавалак мыла i соль — як лякарства ад суроцаў; iх захоўваюць увесь год у кожнай хаце».

У асяродку ўсходнiх славян вядома было некалькi варыянтаў яе асвячэння, надання статуса абярэга. Сярод беларусаў найбольш распаўсюджанай лiчылася соль «на сямi вятрах». Сальнiчку са звычайнай соллю ў сераду перад заходам сонца ставiлi на адкрытым месцы: на палянiцу дроў, на стог сена або проста пад застрэшак. За незвычайную (навагоднюю) ноч яна ўцягвала ў сябе энергiю сонца, месяца, зор, паветра i набывала, паводле меркаванняў нашых далёкiх продкаў, незвычайныя гаючыя i ахоўныя якасцi. Ранiцай, як толькi ўзыходзiла сонца, сальнiчку забiралi, неслi ў хату, прачашчалiся ёй, а астатняе хавалi за бажнiчку, за абразы.

Быў вядомы i другi варыянт надання солi чарадзейнай магiчнай сiлы. Яе перапальвалi на патэльнi ў печы. Лiчылася, што агонь, як i сонца, здольны быў надзялiць крышталiкi солi незвычайнымi лячэбнымi здольнасцямi. Але перад тым, як перапалiць, соль змешвалi з рошчынай або хлебным мякiшам, змочаным у вадзе, затым загортвалi ў невялiкi кавалак iльняной матэрыi, клалi ў стары лапаць i ставiлi ў печ або нават загортвалi попелам, пакiдаючы там аж да суботы цi нядзелi. Вядомы звычай, калi для перапальвання солi печ тапiлi асаблiвымi дровамi. На працягу ўсяго Вялiкага посту гаспадыня ў кожную нядзелю адкладвала па аднаму паленцу, а ў Чысты чацвер дадаткова палiла ў печы менавiта iмi.

На працягу года асвечаную такiмi спосабамi соль выкарыстоўвалi ў самых розных сiтуацыях як самы моцны абярэг i цудоўны лекавы сродак.

Што ж стаiць за гэтым незвычайным прыродным крышталем — нейкая магiчная сiла або прыродная непаўторнасць? Соль — даволi незвычайны прадукт у жыццi чалавека. У Бiблii соль выконвае ролю сiмвалiчнай сувязi памiж Богам i народам. Iсус Хрыстос у адной са сваiх пропаведзяў называў сваiх апосталаў «соллю зямлi». У народзе так звалi рамеснiкаў, сапраўдных знаўцаў сваёй справы, людзей, якiя здзейснiлi подзвiг i г.д. Акрамя таго, што соль надае ежы пэўны смак, яна з’яўляецца абавязковым атрыбутам шматлiкiх сямейна-родавых абрадаў i святаў, выкарыстоўваецца знахарамi. Паўсюдна лiчыцца, што нячыстая сiла баронiцца солi. Яшчэ ў Старажытным Рыме немаўлятам клалi на вусны драбiнкi солi, каб перасцерагчы iх ад небяспекi. У народнай культуры славян соль таксама выконвала ролю надзейнага абярэга. Жанчыне, якая толькi нарадзiла дзiця, бабка-павiтуха нацiрала соллю лоб, тым самым жадаючы зберагчы яе ад сурокаў. Перад парогам хаты бацькi сустракалi маладых хлебам-соллю. Рытуальна прыгатаваная соль захоўвала хату ад бед i няшчасцяў. З солi «рабiлi» абярэгi для людзей i жывёлы. На працягу шматлiкiх стагоддзяў соль была вельмi каштоўным мiнералам, таму да яе ставiлiся ашчадна i паважлiва. Прасыпаць соль, значыць, нанесцi сям’i пэўную страту, якая не можа не прывесцi да сваркi. Акрамя таго, лiчылi, гэта пануе нячыстая сiла i жадае знiшчыць надзейны абярэг хаты. Каб «адвесцi» бяду, трэба было некалькi драбiнак солi пакласцi сабе на галаву, кiнуць iх праз левае плячо цi папрасiць кагосьцi стукнуць вас па лбе. На працягу года было некалькi дзён, калi можна i неабходна было прыгатаваць рытуальную соль. Адным з такiх дзён быў Чысты чацвер, а таксама дзень ушанавання святой Агаты, калi ў цэрквах хлеб асвячалi разам з соллю, якiя потым захоўвалi ў хаце як надзейны сродак ад пажару.

У адносiнах да солi iснаваў шэраг забарон i правiлаў:

— нельга браць соль з салонкi пальцамi, як гэта рабiў Iуда;

— нельга тыцкаць лусту хлеба ў салонку;

— нельга кiдаць соль у вогнiшча — да сваркi.

Чыстай вады праўда

Акрамя солi, у Чысты чацвер на двор выносiлi асвячаць ваду як адзiн з галоўных сродкаў ачышчэння i мыла як складовы кампанент абрадавых дзеянняў ачышчальнага характару: «мылам у чацвер да сонца мыюцца ў лазнi, каб быць чыстым цэлы год».

Людзi былi глыбока перакананыя, што Чысты чацвер «змывае» ўсе грахi i хваробы на цэлы год, таму асноўным рытуальным дзеяннем ранiцы гэтага дня было купанне (у самых розных яго праявах).

Вiдавочна, што самымi даўнiмi былi купаннi людзей у рэках, азёрах, стаўках, саджалках. Нягледзячы нi на якое надвор’е, людзi iшлi да вады i хоць бы раз акуналiся ў яе. У Капыльскiм раёне лiчылi, што вада на досвiтку Чыстага чацвярга валодае магiчным уздзеяннем, калi «да свету памыцца на рацэ», можна пазбавiцца такой страшэннай хваробы скуры, як кароста.

У больш познi час (i асаблiва ў тых месцах, дзе не было прыродных вадаёмаў) людзi пачалi мыцца ў лазнi. Яе тапiлi яшчэ з вечара, каб рана-раненька ўсёй сям’ёй памыцца да ўзыходу сонца. Яшчэ пазней узнiкла традыцыя памыцца ў той вадзе, у якую апускалi срэбную манету (Велiжскi i Сенненскi паветы). Лiчылася, хто першым памыецца, у таго на працягу года будзе чысцюткiм твар. Часам купанне ў вадзе суправаджалася выкананнем шэрагу дадатковых магiчных працэдур: «Каб не мучыцца ад хваробаў спiны, ужо нажытых, трэба мыцца ў лазнi ў Чысты чацвер адначасова з тым, як крумкач мые сваiх дзетак (на досвiтку), цi тады ж акунуцца ў возеры i рацэ. У гэтым выпадку трэба кiнуць цераз галаву ў ваду жмэню ячменнай крупы i iсцi дадому не азiраючыся».

Запiсы сучасных этнакультуролагаў i этнамузыколагаў сведчаць пра тое, што кола асвячаемых атрыбутаў у пэўнай ступенi вар’iравалася. Так, у многiх вёсках Верхнядзвiнскага раёна да гэтага часу iснуе звычай ставiць «на вецер» соль i сырое яйка: «Потым соль разводзяць у вадзе i з гэтым яйкам мыюцца да сонца». У Дубровенскiм раёне на ноч выстаўлялi хлеб i соль: «У чацвер у мiску соль насыпаюць i хлеб кладуць, i ставяць на ноч на двары так, каб луна свяцiла, — эта чацвярговая соль i хлеб. Эты хлеб давалi скацiне i дзецям».

Страсная свечка — ахоўнiк i памочнiк

Аднак бадай што нароўнi з соллю выключным статусам абярэга карысталася страсная свечка — тая, з якой людзi стаялi ў царкве ў час набажэнства з серады на чацвер. Яна была ўвасабленнем трэцяй касмiчнай стыхii — агню, якi, у сваю чаргу, быў сiмвалам канцэнтраванай энергii сонца. Аднак свечка была праявай не столькi прыроднай стыхii агню, якi мог прыносiць i шкоду, колькi агню ўтаймаванага, прыручанага, таго, па дапамогу да якога можна было звярнуцца ў любы час, пры любой неабходнасцi.

Аплаўлены кавалачак свечкi захоўвалi ўвесь год, каб на наступны год у Чысты чацвер запалiць ёю дровы ў печы. У абрадах каляндарнай i сямейна-родавай накiраванасцi яна выкарыстоўвалася фактычна ў тых жа сiтуацыях, што i грамнiчная свечка. З ёю адпраўлялi сватоў i вясельную дружыну да храма, без яе гаспадыня не выганяла скацiну ў поле. Бытавала павер’е, што з агаркам чацвярговай свечкi можна знайсцi на Купалле папараць-кветку i шапку-невiдзiмку, з дапамогай якiх можна было хутка разбагацець.

(Працяг будзе.)



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адным з самых старажытных (лiчыцца, яшчэ праславянскiм) абярэгаў лiчылася «чацвярговая» соль, якую «рыхтавалi» ў ноч з серады на чацвер
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика