Дзецi крочаць у неба
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Наш фармат А кiраўнiкi тэатральных студый не загадваюць на будучынюУ шосты раз прайшоў у Мiнску Мiжнародны фестываль дзiцячых тэатраў «Крок у неба». Сёлета ён сабраў таленавiтых дзяцей з розных рэгiёнаў Беларусi, Украiны, Расii, Лiтвы i Польшчы. Праграма фэсту складалася з 11 спектакляў i расцягнулася на 4 днi, якiя сталi без перабольшання агульным тэатральным святам. Дарэчы, у гэтым годзе — упершыню за ўвесь час — дзiцячыя тэатры змясцiлiся пад надзейным крылом дарослых сяброў, у тэатральных залах Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў. Выраз «аматарскi ўзровень» звычайна гучыць гэтак паблажлiва — маўляў, што возьмеш з непрафесiяналаў, iграюць, як умеюць. З другога боку — i гэта пацвердзяць усе мэтры акцёрскага i рэжысёрскага мастацтва — перайграць дзяцей заўжды вельмi цяжка нават прызнаным «зоркам» тэатра i кiно. Што ўжо казаць, калi ўся трупа, занятая ў пастаноўцы, складаецца з дзяцей? Спалучэнне нястрымнай фантазii i шчырай самааддачы прынесла свае вынiкi ў выглядзе аншлагаў i амаль бясконцых апладысментаў гледачоў. БОЧКА МЁДУ У кожнага тэатра — удзельнiка фестывалю, дарэчы, была свая «фiшка». Украiнскi калектыў «Гармонiя», напрыклад, падрыхтаваў песенную вiзiтоўку, дзе для ўсiх акцёраў знайшлося па пары радкоў. Лiтоўская «Вясёлка», якая паказвала пастаноўку на роднай мове, падрыхтавала для публiкi папяровыя «субтытры». Гаспадар i заснавальнiк фестывалю, сталiчны тэатр «Рондстудыя», паставiў вiдовiшчны пластычны спектакль «Кола». Тэатр з Мар’iнай горкi «Вясёлы балаганчык» здзiвiў нават строгае журы надзiва прыгожымi дэкарацыямi i рэквiзiтам ва ўсходнiм стылi — на сцэну на драўляных палачках дзецi вынеслi нават штучнага дракона. «Многiя работы ўражваюць не толькi сваёй шчырасцю i чысцiнёй, але разам з тым глыбокай праблемнасцю, якую ўдаецца ўзняць дзецям, часам лепш, чым дарослым акцёрам», — адзначыў старшыня журы, заслужаны артыст Беларусi Уладзiмiр Мiшчанчук. Таму — па традыцыi ўжо — пры вызначэннi лаўрэатаў фестывалю суддзi пастаралiся не пакрыўдзiць i не забыць нiкога з удзельнiкаў. Як канкурсанты, так i арганiзатары i вядучыя «Кроку ў неба» атрымалi дыпломы, кiраўнiкi тэатраў — ганаровыя граматы. Сiмвалам фестывалю быў названы адзiн з маленькiх вядучых Лёша Мацюш, якога таксама ўзнагародзiлi спецыяльным прызам. А лаўрэатамi VI Мiжнароднага фэсту дзiцячых тэатраў сталi тэатры «Вясёлка» з Лiтвы, «Сюрпрыз» з Беларусi, «Гармонiя» з Украiны i «Тук-тук» з Польшчы. «Крок у неба» акрыляе», — прызнавалiся са сцэны многiя прызёры. ЛЫЖКА ДЗЁГЦЮ Пакуль юныя артысты святкавалi поспех i абменьвалiся ўражаннямi, дарослыя кiраўнiкi тэатральных студый абмяркоўвалi значна менш прыемныя рэчы. «Гадамi, нават дзесяцiгоддзямi я бачу адну i тую ж тэндэнцыю: тэатральны рух ёсць, а ў дзiцячай тэатральнай творчасцi нiчога не мяняецца i не развiваецца, — выказала кiраўнiк «Рондстудыi» Iрына Маркава самае набалелае. — У розных еўрапейскiх краiнах хоць бы ў сталiцы ёсць адна пляцоўка, якая аддаецца дзiцячым аматарскiм калектывам, каб тыя маглi выступаць. На гэтыя паказы прадаюцца бiлеты, i тэатры, якiя прыязджаюць з розных рэгiёнаў, аплачваюць гасцiнiцу i транспарт, усё адно могуць нешта зарабiць. У Беларусi ж — магчыма, яшчэ ў Румынii i Албанii — нiчога падобнага няма. Але ў нас у правiнцыi лiтаральна ў кожным горадзе iснуюць гурткi, яны працуюць, толькi не маюць магчымасцi выступаць...» Мала таго — кiраўнiкi тэатральных студый i ўдзельнiкi-дзецi (дакладней, iх бацькi) укладваюць у пастаноўкi свае ўласныя грошы i свае рукi. Самi робяць дэкарацыi i касцюмы, самi рамантуюць цi добраўпарадкоўваюць памяшканнi — калi яны ўвогуле выдзелены «пад тэатр». «Мы з дачкой працуем у адных i тых жа дзяржаўных установах: яна кiруе студыяй танца, я — тэатральным гуртком. Ёй выдзяляюць грошы, дазваляюць наладжваць гастролi, выказваюць нейкую ўвагу. Нам — не. У чым прычына такой непавагi? Не ведаю...» — разважае Iрына Маркава. З ёй пагаджаюцца i iншыя энтузiясты тэатральнага аматарскага руху, якiя адчуваюць сябе элементарна непатрэбнымi... У Лiтве, да прыкладу, цi не кожны правiнцыйны гарадок, меншы па насельнiцтву за наш Барысаў, праводзiць штогод мiжнародныя тэатральныя фестывалi. Як расказаў прадстаўнiк дзiцяча-юнацкага тэатра «Вясёлка» з лiтоўскага Юрбаркасу, рэжысёр масавых святаў Гiнтарс, тэатры там атрымлiваюць грошы адразу на год — з бюджэту раённага самакiравання. Калi ўзнiкаюць дадатковыя iдэi, кiраўнiкi гурткоў здаюць праекты ва ўправу, i працэнтаў 80 такiх просьбаў звычайна задавальняецца. Што да касцюмаў i дэкарацый — iх забяспечваюць аматарскiм тэатрам Дамы культуры, пры якiх дзейнiчаюць гэтыя творчыя аб’яднаннi. Больш за тое, старшакласнiкi ў школах у абавязковым парадку ўдзельнiчаюць у якiх-небудзь творчых студыях — на выбар, у залежнасцi ад асабiстых пераваг. Лiтоўскiя педагогi лiчаць, што падобныя заняткi — неад’емная частка эстэтычнага выхавання i фармiравання асобы. У Польшчы, паводле слоў студэнткi Катаржыны, у кожным райцэнтры ёсць Цэнтр культуры, якi прапануе дзецям розныя мастацкiя гурткi — пластыка, вакальнае майстэрства, танец i г.д. Праўда, з фiнансаваннем таксама iснуюць пэўныя праблемы — не заўжды ў бюджэце горада прадугледжаны такiя выдаткi. «Тады стараемся зрабiць з нiчога — штосьцi», — усмiхаецца Катаржына. Крыху iншая карцiна ва Украiне. «Нашаму калектыву 12 гадоў, i спачатку мы працавалi на голым энтузiязме, — расказала кiраўнiк дзiцячага тэатра «Гармонiя» Наталля Грыбава. — Але нам пашанцавала сустрэць добрага памочнiка — тагачаснага кiраўнiка раённай адмiнiстрацыi ў Кiеве. Дзякуючы яму на базе тэатра была створана цэлая ўстанова культуры — Цэнтр эстэтычнага выхавання». Студыi, у якой спачатку працавала 8 педагогаў на 50 дзяцей, выдзелiлi памяшканне былога дзiцячага садка i выдалi 50-працэнтнае фiнансаванне. Зараз у тэатры — 20 выкладчыкаў i 250 дзяцей. Чым кiруецца ў сваёй дзейнасцi ўкраiнскi аматарскi тэатр, што дапамагае яму развiвацца? Усведамленне дзвюх мудрасцяў — булгакаўскай «Нi ў каго нiчога не прасi» i народнай «Пад ляжачы камень вада не цячэ». Гэта значыць, трэба пачаць самiм, а далей — рабiць усё, каб цябе заўважылi i ацанiлi. «Я веру, што хутка ў палiтыку прыйдуць людзi, якiя будуць думаць не толькi сённяшнiм днём, але i на крок наперад. Бо ад таго, чым займаюцца нашы дзецi сёння, залежыць будучыня краiны заўтра», — пераканана Наталля Грыбава. Што да Беларусi, як мяркуюць тэатралы-аматары, сiтуацыю трэба вырашаць на ўзроўнi галiновых мiнiстэрстваў, культуры i адукацыi. У прыватнасцi, плануецца накiраваць калектыўны зварот, выйсцi з прапановамi на Саюз тэатральных дзеячаў. Наўрад цi, натуральна, у беларускай сталiцы адразу з’явiцца дзiцячы тэатральны гарадок кшталту еўпатарыйскага «Залатога ключыка». Але — хто ведае — магчыма, сёмы «Крок у неба» ўсё-ткi знойдзе сабе дзяржаўную падтрымку i пастаянны дах над галавой. Дзецi — а менавiта яны, нагадаем, галоўныя дзеючыя асобы гэтага фестывалю — ад такога рашэння толькi выйграюць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А кiраўнiкi тэатральных студый не загадваюць на будучыню |
|