«Цуд з дрэва»Захапленні Мастацтва мазаiкi знаёма з далёкага часу. У старажытным Егiпце, Грэцыi, Рыме з вялiкiм майстэрствам упрыгожвалi саркафагi, куфэркi пры дапамозе камянёў, скуры, касцей. Сёння iснуе цiкавы вiд мастацтва, якi звязаны з работай па дрэву. Ён з’явiўся ў другой палове ХVI стагоддзя i носiць даволi загадкавую i на першы погляд не зусiм зразумелую назву.Маркетры — гэта спосаб выканання мазаiкi па дрэву, пры якiм мазаiчны набор складаецца з кавалачкаў шпону розных парод драўнiны. Тэхнiка маркетры прымяняецца для ўпрыгожвання мэблi, посуду, у iнтэр’ерах будынкаў. Мiкалай Дзянiсавiч Клiманенка — адзiны ў Беларусi мастак, якi працуе ў тэхнiцы маркетры. Вось ўжо 30 гадоў ён стварае карцiны сапраўды незямной прыгажосцi. Прычым укладае майстар у кожную з iх кавалачак сваёй душы. — Мiкалай Дзянiсавiч, раскажыце, калi ласка, чаму вы пачалi працаваць з дрэвам, а не, напрыклад, маляваць фарбамi? — Пасля вучобы ў Беларускiм тэатральна-мастацкiм iнстытуце працаваў дызайнерам у канструктарскiм бюро дакладнай электронiкi i механiкi. Там навучыўся працаваць са шпонам i з таго часу я зразумеў, што маркетры — гэта справа ўсяго майго жыцця. Пазней стаў выкладаць маркетры ў вучылiшчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, iндустрыяльна-педагагiчным тэхнiкуме. Маркетры — гэта даволi карпатлiвая, творчая, складаная па тэхнiцы выканання праца, якая займае шмат часу. Атрымаецца толькi тая карцiна, у якую ты ўклаў часцiнку сябе. Спачатку сюжэт будучага палатна патрэбна намаляваць, выразаць маленькiя кавалачкi са шпону, склеiць iх памiж сабой. З многiх тысяч кавалачкаў ствараецца арнамент майго малюнка. — Як доўга вы працуеце над карцiнай i цi ёсць у вас найбольш блiзкiя сэрцу палотны? — Па рознаму, у сярэднiм 4—6 месяцаў. «Баравiкi ў калыку», напрыклад, стваралiся на працягу 10 месяцаў па 8 гадзiн штодня. Над карцiнай «Буслы» я працаваў не так доўга. Увогуле, усё залежыць ад таго, якога памеру кавалачкi шпону: адну вялiкую дэталь лягчэй i хутчэй зрабiць, чым 4—5 дробненькiх. — Што акрамя карцiн можна рабiць са шпону? — Ствараць цэлыя творы мастацтва, iнкруставаць сцены памяшканняў, можна ўпрыгожваць ўсё, на што толькi хопiць вашай фантазii: мэблю ў стылi беларускага нацыянальнага быту, посуд, залы, рамы... — Цi ёсць на Беларусi прадаў-жальнікi вашага мастацтва? — Канешне, гэта мае вучнi. Хлопчыкi i дзяўчынкi цiкавяцца тэхнiкай маркетры. Найбольш таленавiтыя малююць самi сюжэт сваёй работы, а потым выразаюць дэталi са шпону, некаторыя робяць карцiны па маiх малюнках. Адна з апошнiх i найбольш цiкавых сумесных работ вучняў — гэта 104 iнкруставаныя табурэткi, паднос i стол, упрыгожаныя iнкрустацыяй. Вельмi таленавiтая група была, маладым лягчэй засвоiць тэхнiку, я нават зайздрошчу iм: я пазнаў маркетры ў 40 гадоў, а яны ў 17! Гэта колькi ў iх яшчэ цiкавых iдэй i планаў наперадзе! — Раскажыце, калi ласка, больш падрабязна пра мару ўсяго вашага жыцця — стварэнне нацыянальнай школы мастакоў па дрэву. — Я заўсёды знаходжуся ў пошуку: нават калi кладуся спаць цi калi адпачываю, на думку прыходзяць сюжэты маiх будучых работ. I амаль ўсё, што я раблю — гэта дзеля сваёй галоўнай мары, мэты жыцця —стварэння Беларускай нацыянальнай школы мастакоў па дрэву. Хочацца, каб засталiся нашчадкi i мастацтва маркетры не было забыта. Тым больш, што дрэва — гэта нацыянальнае багацце нашай краiны, i мы маем унiкальную магчымасць тварыць для людзей i для iх карысцi. Я упэўнены, што ў нашай дзяржаве павiнны быць спецыялiсты, адукаваныя людзi, якiя працуюць у гэтым цудоўным вiдзе мастацтва. Мала хто цiкавiцца тэхнiкай маркетры ў Беларусi. На сёння яна добра развiта ў Iталii, Iспанii, Францыi — там вырабы з прымяненнем маркетры каштуюць вялiкiх грошай i вельмi цэняцца прафесiяналамi. Надзея БАС, супрацоўнiца Рэспублiканскага цэнтра прафесiйнай арыентацыi моладзi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мастацтва мазаiкi знаёма з далёкага часу. У старажытным Егiпце, Грэцыi, Рыме з вялiкiм майстэрствам упрыгожвалi саркафагi, куфэркi пры дапамозе камянё |
|