Зёлкi i народныя лекi — для сэрца i сасудаў
Iлона IВАНОВА
Рэха публiкацыi Парады траўнiцы i лекаркi з МсцiславаПублiкацыя ў газеце матэрыялаў, якiя датычаць нашага здароўя, заўсёды выклiкае ў чытачоў практычны iнтарэс — як дапамагчы сабе ў той цi iншай сiтуацыi. Так здарылася i пасля апублiкавання ў «Звяздзе» за 27 сакавiка матэрыялу «Трэба любiць сябе i жыццё» — пра траўнiцу з Мсцiслава Ганну Сазанкову. Сёння яна дае парады тым, хто даслаў цi задаў па тэлефоне найбольш тыповыя пытаннi — якiя зёлкi карысна ўжываць для сардэчна-сасудзiстай сiстэмы? — Сэрца i сасуды я называю «асноўнай мiшэнню» нашага арганiзма, — гаворыць Ганна Сазанкова. — Менавiта на iх перш за ўсё адбiваюцца дрэнныя эмоцыi i злыя словы. Нездарма гавораць — «сэрца балiць». Альбо «сэрца гарыць» — ад таго, што гэты орган востра рэагуе на эмоцыi, гэта цэнтр суперажывання. Ёсць шмат зёлак, запэўнiвае траўнiца, якiя дапамогуць, падтрымаюць i падправяць тое, што парушана. Напрыклад, глог крывава-чырвоны. Ён i танiзуе сардэчную мышцу, i рэгулюе рытм сэрца, i лiквiдуе арытмiю, i змяншае ўзбуджальнасць, паляпшае кровазварот i сон, i робiць яшчэ шмат чаго карыснага для сэрца, асаблiва для састарэлых людзей. — Збiраць кветкi глогу складана, бо цвiце ён толькi 3—5 дзён, — расказвае Ганна. — Але калi падгадаеце, то вельмi добра зрабiць з кветак глогу настойку: 10 грамаў кветак на 100 грамаў гарэлкi, настойваць два тыднi i захоўваць у халаднаватым i цёмным месцы. Ужываць настойку наступным чынам: 10—15 кропель тры разы на дзень за паўгадзiны да яды. Збiраць кветкi глогу трэба так, каб завязалiся i плады, якiя таксама карысныя. Сазанкова вучыць: 1 сталовая лыжка высушаных i раскрышаных пладоў глогу на шклянку кiпеню, захутаць, каб добра настаялася, i пiць па паўшклянкi 2—3 разы на дзень. Таксама можна ўжываць глог i для прыгатавання травяной гарбаты: пiтво атрымае смакавае адценне разынак. — У агародах часта расце калiна, i нават яе семачка ў форме сардэчка паказвае, што калiна — вялiкая памочнiца нашаму сэрцу, — працягвае лекарка. — Яна дзейнiчае супраць арытмii, дыстанii, гiпертанii i супакойвае неўрозы. Ганна гаворыць, што ягады калiны можна ўжываць па-рознаму: i сок пiць, i настоi гатаваць. Сушыць калiну трэба ў духоўцы пры 80 градусах, i потым прыадчынiць дзверцы. Такi ашчадны рэжым для таго, каб ягады не счарнелi. — Але самае галоўнае — гэта не ягады, а кара калiны, — вучыць Сазанкова. — Яе збiраюць ранняй вясной: якраз цяпер — перад тым, як з’явяцца першыя лiсткi. I абдзiраць кару трэба не поўнасцю, а з бакавых пабегаў, асцярожна. Морква — адзiн з самых даступных караняплодаў. — А насенне морквы можна з поспехам выкарыстоўваць супраць стэнакардыi i атэрасклерозу, — працягвае Ганна. — Нават навука ўзяла гэтую лекавую ўласцiвасць звычайнай для нас раслiны на ўзбраенне i ўжо ёсць адпаведны прэпарат. Траўнiца раiць у хатнiх умовах рабiць так: чайную лыжку насення морквы залiць 300 грамамi кiпеню, захутаць i даць пастаяць гадзiн 6. Пiць па трэць шклянкi на дзень. Аднак пачынаць трэба з меншай дозы: як i да любых сардэчных лекаў, папярэджвае Ганна, трэба, так бы мовiць, прымерыцца. Калi пасмажыць корань дзьмухаўца, то атрымаецца цудоўны напой: нешта накшталт кавы, але без кафеiну. Гэты рэцэпт з вопыту мсцiслаўскай траўнiцы — для тых, каму нельга ўжываць кафеiн, але кавы вельмi хочацца. — Але смак кавы — гэта толькi кулiнарная ўласцiвасць дзьмухаўца, — зазначае яна. — А лекавая ўласцiвасць — памяншэнне халестэрыну ў крывi. У лiстах i кветках шмат вiтамiну В1. I для агульнага ўмацавання арганiзма дзьмухавец вельмi карысны. Сок дзьмухаўца могуць, шчыра кажучы, ужываць толькi людзi моцнага характару, таму што ён вельмi горкi. Тым не менш, i вельмi карысны для нармалiзацыi водна-салявога абмену. 200 мл соку ў дзень, але не за адзiн раз — такая доза здымае ацёкi. Для таго, каб зрабiць сок больш-менш прыдатным для ўжывання, трэба спачатку патрымаць раслiны у халоднай падсоленай вадзе, потым зялёную масу працерцi праз мясарубку цi сокавыцiскалку. Такi сок можна толькi 2—3 днi захоўваць у халадзiльнiку. Дарэчы, папярэджвае Сазанкова, ад соку дзьмухаўца можа быць расстройства жывата, але нiчога страшнага тут няма — толькi ачысцiць арганiзм. Трыпутнiк — гэта зёлка-ўнiверсал, лiчыць лекарка. У дзяцiнстве, збiўшы каленкi, мы ранкi нават не мылi, а адразу прыкладвалi лiсты трыпутнiку, якiя раслi звычайна пры дарозе. I гэта зёлка сапраўды чысцiць раны ад бруду i спрыяе iх зажыўленню. — Трыпутнiк выкарыстоўваецца не толькi пры захворваннях сэрца i павышаным цiску, але i пры захворваннях страўнiкавай сiстэмы — гастрытах, язвах i калiтах, таксама лечыць ныркi i нават кашаль, — расказвае траўнiца. — Праўда, я заўважаю, што цяпер трыпутнiк стаў радзей сустракацца. Можа, выводзiцца? Калi так, то вельмi шкада... Для таго, каб рабiць водны адвар трыпутнiку, яго сушаць. Трыпутнiк трэба сушыць пад навесам: у прынцыпе, любая лекавая раслiна не любiць прамых сонечных промняў. Можна таксама зрабiць сок, калi прапусцiць трыпутнiк праз мясарубку. А каб доўга захоўваць яго, можна разбавiць напалову гарэлкай i прымаць невялiкiмi дозамi (ад 1-й сталовай лыжкi паступова давесцi да 3) двойчы на дзень пасля яды. Тапiнамбур, альбо земляную грушу, дзецi звычайна «грызуць як зайцы». Ганна называе яго першым жывым вiтамiнчыкам, якi можна ўзяць з зямлi ўжо цяпер. Тапiнамбур не толькi не мае нiводнага пабочнага эфекту, гэта раслiна яшчэ i вялiкая памочнiца. — Мая парада дыябетыкам — ешце сырыя клубнi тапiнамбуру альбо рабiце салату разам з капустай, — гаворыць лекарка. — Мае смак толькi што сарванага арэха. Гэта раслiна знiзiць цукар у крывi, пачысцiць страўнiкавы тракт ад шлакаў i нават палечыць хворыя суставы. Дарэчы я сама тру тапiнамбур, крыху падаграю масу i накладваю звычайны кампрэс на суставы. Дапамагае добра! Цяпер часта ў дамах i кватэрах можна сустрэць раслiну, якая называецца залатым вусам. Моду на залаты вус Ганна Сазанкова вiтае, таму што лiчыць яго таксама ўнiверсальнай раслiнай. Ён дае дыябетыкам панiжэнне цукру, таму што ў залатым вусе шмат хрому, якi дапамагае падстраўнiкавай залозе выпрацоўваць iнсулiн. Ён таксама чысцiць сценкi сасудаў i нармалiзуе цiск. — Калi ў вас ужо вялiкая раслiна, якая пачынае даваць адводкi па 7 каленцаў, — дае iнструкцыю Ганна, — можна ўзяць лiст, якi павiнен быць болей за 20 см, пасекчы нажом, залiць у лiтровым слоiку кiпенем i 12 гадзiн настойваць. Пiць тройчы на дзень па 70 грамаў. Залаты вус ачышчае сценкi сасудаў i нармалiзуе цiск. Некаторыя нават проста жуюць лiсты, а можна залiваць вусы гарэлкай i пасля 10 дзён нацiраць настоем хворыя суставы. Глухая крапiва звычайная расце на пустэчах. — Яна яшчэ называецца ясноткай, — расказвае мсцiслаўская траўнiца. — З вясны па глыбокую восень з лiстоў гэтай крапiвы можна рабiць гарбату. Узяць шчэпаць свежых лiстоў i гатаваць 10 хвiлiн. Такi адвар, якi можна пiць замест вады, чысцiць сасуды, знiжае цiск i супакойвае. Для чысткi сасудаў Сазанкова ведае i зусiм просты, але выдатны сродак: гарбузовыя семкi — еш колькi хочаш. Семкi таксама выво дзяць з арганiзма шлакi, а калi дадаць да iх яшчэ i мёд — выведуць, калi здарыцца такая непрыемнасць, i глiстоў, дае гарантыю лекарка. — Для чысткi сасудаў можна ўжываць i часнок, — нагадвае Ганна. — Толькi на ноч яго не трэба есцi, таму што арганiзм настроены на адпачынак, а вы нiбыта прымушаеце яго працаваць, чысцiцца. Раю жаваць яго два разы на тыдзень — у выхадныя днi, каб не пужаць калег на працы спецыфiчным пахам. Я шмат вырошчваю часнаку, i раблю так званыя «зялёныя рулецiкi»: лiст часнаку заварочваем у лiст салаты, часам можна i з салам. I смачна, i карысна. Не трэба забывацца i на рыбiн тлушч, якiм у дзяцiнстве кармiлi цяперашняе старэйшае пакаленне. Гэта было непрыемна, але дзецям казалi — трэба! I яны пакорлiва адкрывалi раты. Гэта таксама карысна i для людзей дарослых, зазначае Сазанкова. Рыбiн тлушч чысцiць забiтыя халестэрынам сасуды. Тым больш што цяпер ёсць новыя прэпараты на аснове рыбiнага тлушчу. Калi вам не падабаецца смак, можна набыць капсулы з рыбiным тлушчам. — Ёсць яшчэ адзiн стары рэцэпт для чысткi сасудаў на аснове малака i чорнай гарбаты, — узгадвае лекарка. — Прыкладна адну пятую шклянкi малака залiць да паўшклянкi моцнай заваркай чорнай гарбаты. Гэта трэба пiць 2—4 разы на дзень. На апошнi раз трэба дадаваць у пiтво лыжачку мёду для змякчэння. Разам з тым, Ганна папярэджвае, што да ачышчэння сасудаў гэтымi i любымi iншымi сродкамi трэба падыходзiць вельмi асцярожна. I моцна ачышчаць, нават калi гэта зёлкi, таксама не трэба. — Калi рэзка страсянуць арганiзм, то будзе дрэнна, — яшчэ раз засяроджвае яна ўвагу на асцярожнасцi. — Гэта нешта накшталт таго, што нельга рэзка худзець. Iмкнучыся да наблiжэння да стандартаў прыгажосцi можна набыць непрыемныя хваробы. Так i з чысткай сасудаў — ва ўсiм патрэбны мера i паступовасць. I яшчэ адна нечаканая парада для жанчын: для мыцця посуду выкарыстоўваць калi-нiкалi не хiмiчны сродак, а звычайную сухую гарчыцу, як гэта рабiлi здаўна. — I посуд ваш будзе блiшчэць, i рукам будзе шыкоўна, — абяцае траўнiца. — Канешне, ручкi расчырванеюцца, але трэба памазаць iх алеем i даць адпачыць хвiлiн пяць. I рукi будуць аксамiтныя, i суставам вялiкая карысць. Вясна i першыя сонечныя промнi, якiх доўга чакаеш, тым не менш часта прыносяць людзям сезонныя дэпрэсii, дрэннае самаадчуванне, авiтамiноз. — Гэта наступствы таго, што мы даўно не бачылi сонечнага святла i ў арганiзме не выпрацоўваўся вiтамiн Д, — нагадвае Ганна. — I таксама таго, што мы цёпла апранутыя, за адзеннем скура не дыхае. Таму раю жанчынам: дома, калi засталася адна, распрануцца ў сонечным пакоi. А на падлозе рассыпаць ёдаваную соль i патаптаць яе ножкамi, якiя стамiлiся ад цяжкага абутку. Ёд пойдзе праз поры, сонца абагрэе i аблашчыць, узнiмецца настрой i тонус. Канешне, гэта парада не для спептыкаў, а для аптымiстаў. Я жадаю ўсiм вясны i добрага настрою! I вышэй насы! г. Мсцiслаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Публiкацыя ў газеце матэрыялаў, якiя датычаць нашага здароўя, заўсёды выклiкае ў чытачоў практычны iнтарэс — як дапамагчы сабе ў той цi iншай сiтуацыi |
|