Андрэй Мезiн: «Я аддаю ўсяго сябе зборнай»
Iрына ПРЫМАК
Шайбу, шайбу! Яго гульня ў варотах даўно стала гарантам якасцi. Адсутнасць ураджэнца Чалябiнска ў складзе каманды ставiць пад сумненне выступленне зборнай. Яго клас пацвярджае хоць бы той факт, што, напрыклад, на мiнулым чэмпiянаце свету ў Рызе галкiпер адбiў 225 кiдкоў з 239, а каэфiцыент яго надзейнасцi склаў 94,14 працэнта.Гледзячы на дзеяннi варатара ўфiмскага «Салавата Юлаева» падчас трэнiроўкi ў Мiнску, галоўны трэнер беларускай зборнай Курт Фрэйзер сказаў, што гульня Андрэя яму настолькi падабаецца, што ён не лiчыць вартым запрашаць спецыяльнага трэнера для варатароў, а на чэмпiянаце свету-2007 зробiць стаўку менавiта на Мезiна. У прынцыпе, гэта не дзiва. Якiя ўражаннi ў Андрэя Мезiна ад першай трэнiроўкi пад кiраўнiцтвам новага трэнера, цi будзе галкiпер гуляць у наступным сезоне за «Салават Юлаеў», даведаемся з першых вуснаў. — Я задаволены працай i гляджу ў будучыню з аптымiзмам, — гэта былi першыя словы варатара пасля заканчэння першай трэнiроўкi ў сталiчным Палацы спорту. — Не так даўно вы заяўлялi, што шанц вашага з’яўлення ў зборнай — 50 працэнтаў. Што ж паўплывала на рашэнне прыняць запрашэнне ў каманду? — Я сапраўды не ведаў, цi змагу прыехаць: усё ж такi ўзрост, назапашваецца стома, ды i каманда аднаўляецца — трэба даваць дарогу маладым. Аднак мяне падкупiла тое, што я патрэбны камандзе: мяне не забывалi нават, калi быў траўмаваны — званiў трэнер, званiлi з федэрацыi хакея. Менавiта такое стаўленне да мяне i прадвызначыла мой выбар i, канешне ж, я раiўся з сям’ёй. — Чаму вы не пажадалi пабыць разам з камандай у Гомелi на «Кубку Палесся»? Курт Фрэйзер выклiкаў вас... — Гэта ад мяне не залежала, бо на той момант я належаў клубу, а трэнеры вырашылi, што мне лепей застацца ў «Салаваце». За чатыры днi я правёў 4 трэнiроўкi. Тое ж самае, у прынцыпе, мог бы зрабiць i ў Гомелi. Аднак я не мог выбiраць. — Як ацэньваеце сваю гульню ў сезоне? Вы гулялi з Вадзiмам Тарасавым па чарзе, былi траўмаваны... — Зразумела, што гэта не лепшы варыянт — гуляць па чарзе з iншым галкiперам. Асабiста я лiчу, што вароты павiнен абараняць той, хто «на хаду». Пачатак сезона ў мяне не заладзiўся, а ў Тарасава гульня пайшла, потым пачало атрымлiвацца ў мяне, быў на пад’ёме i — атрымаў траўму. Патрэбна было лячыцца два месяцы, а на справе выйшаў на лёд праз месяц. Пачакаў бы яшчэ крыху, але мяне падганялi. У вынiку — тое ж самае месца надарваў, i ў гэты тэрмiн гуляў Тарасаў. Калi «Салават» вярнуўся з «Кубка Палесся», у Тарасава прыхапiла шыю, таму я быў вымушаны гуляць i мы выйгралi. За 8 матчаў да плэй-оф я правёў 5 у варотах, таму стартаваць у плэй-оф трэнер даверыў мне. Калi мы прайгралi ЦСКА (не думаю, што я падвёў каманду), мяне замянiў Тарасаў, якi гуляў далей тры матчы запар. У мяне няма задаволенасцi ад сезона ў сувязi з гэтым вылетам з каманды. Давер i быў, i не быў. Калi ўся справа ў маёй траўме, то яе можа атрымаць кожны ў любы момант. Тады ўсiх iгракоў трэба разагнаць? Напрыклад, возьмем Косцю Кальцова. Ён дапамог камандзе, але атрымаў траўму — была трэшчына, а зараз палец ледзь не адрываецца. Загубiлi чалавека на месяц. Я ж лячыўся амаль да апошняга, i стаўку зрабiлi на Тарасава, якi гуляў цудоўна. — Магчыма, пры такiм стаўленнi да вас ў «Салаваце» ў наступным сезоне вы будзеце выступаць за iншы клуб суперлiгi? — Уфiмцы прапанавалi мне застацца толькi ў канцы сезона. Я ж лiчу, што калi ты патрэбны клубу, то з табой гутараць на гэты конт яшчэ значна раней, у сярэдзiне сезона. Гэта мiнус для «Салавата», якi буду ўлiчваць падчас прыняцца рашэння: зараз вяду перагаворы з некалькiмi клубамi, якiя зацiкавiлiся мной, нягледзячы на тое, легiянер я, цi не. Я схiляюся да таго, каб застацца ў Расii, але пакуль не дам вам дакладнага адказу, за якую каманду буду гуляць. Прыкладна праз месяц даведаецеся. Усё вырашыцца на чэмпiянаце свету. — Чым вы растлумачыце, што некаторыя нашы iгракi не прыязджаюць у зборную. У прыватнасцi, лепшы бамбардзiр суперлiгi, форвард омскага «Авангарда» Аляксей Калюжны прапускае ўжо каторы выклiк у каманду... — Я магу зразумець гэта: у нашай зборнай i ў расiйскай таксама чалавека хакеiста, не разабраўшыся, могуць папракаць. I нават не папрасiць прабачэння. Нехта можа гэта перажыць, хтосьцi — не. Да мяне ўвесь год ставiлiся цудоўна, таму я з радасцю прыехаў гуляць за зборную. Аднак да кожнага павiнен быць iндывiдуальны падыход. Я нi ў якiм разе не стану асуджаць чалавека, якi не захацеў выступаць за зборную. Толькi не трэба хавацца, бегаць, а лепей растлумачыць прычыну, шчыра аб усiм расказаць. Што ж датычыцца Калюжнага... Гэта яго права. У свой час з iм абышлiся не зусiм прыгожа. Канешне, зараз ён вельмi дапамог бы камандзе. Аднак з такiм настроем, калi ён маральна стамiўся, наўрад цi варта выходзiць на лёд. Гэта можа выклiкаць негатыў. Iншыя iгракi стануць браць прыклад. — Усе балельшчыкi ведаюць, якое значэнне мае для зборнай наяўнасць у складзе каманды Андрэя Мезiна. Цiкава, а што значыць зборная менавiта для вас? — Зборная для мяне зрабiла вельмi шмат, таму я заўжды аддаю ўсяго сябе ў гульнi за зборную. З задавальненнем буду выступаць за каманду, каб дапамагчы ёй.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яго гульня ў варотах даўно стала гарантам якасцi. Адсутнасць ураджэнца Чалябiнска ў складзе каманды ставiць пад сумненне выступленне зборнай
|
|