21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Прыходзяць восенi...

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiна ДОЎНАР

I зноў, што бачу!..

Пад вокнамi, на стромкай бярозе, дзве маленькiя ўвiшныя сарокi звiлi гняздо: гучна трашчалi (абмяркоўвалi, вiдаць, «праект»), цягалi будматэрыялы, раiлiся, спрачалiся...

Зараз — прыцiхлi. Мяркуючы па ўсiм, засялiлiся. I жывуць.

Людзi ж (у адрозненне ад сарок) «будуюцца» цi не вечна? Гэта значыць, пастаянна нешта цягаюць, купляюць, мяняюць — плiтку, шпалеры, тэхнiку, мэблю...

Каб потым, у старасцi (калi дажывуць), магчыма, спытаць (у самiх жа сябе): «А жылi?»

Гэта будзе потым?

Вясна.

Адна з прыкмет... Пасля работы — бегла праведаць сваячку, ля дома ў яе сядзела парачка, цалавалiся.

Гадзiны праз дзве — бегла назад. Тая ж лаўка, тыя ж двое i... той самы занятак.

...Мусiць, праўду кажуць: цалавацца не ў званы бiць, галава не забалiць?

Цi гэта якраз ужо потым?

Разумных многа...

Шкада — капелюша няма, а то б зняла: Леанiдаўна ў свае 80 (ды яшчэ i з хвастом) перад Вялiкаднем вокны памыла — ўсе чатыры. Прычым на чацвёртым паверсе, высозныя...

Што цiкава, мо, — толькi да кухоннага дайшла, госць на парог — муж пляменнiцы («Ну такi разумны, такi разумны...»). Па справе заехаў, хвiлiн з 20 прабыў: падрабязна расказаў пра вайну ў Iраку i «раскладку» сiл у Францыi, з’еў усё, што цётка зрабiла сабе на абед («не шкада, крый Бог, але ж хоць бы спытаў...»), запiў гарбатай i падаўся далей.

...Ну не дурны ж? Праўда?

Гены?

Казку пра Папялушку чулi ўсе, а вось гэта — праўда...

Аксанка вырасла ў шматдзетнай сям’i, у вёсцы, там жа скончыла школу, паступiла ў iнстытут i ўжо тры гады адвучылася, збiралася назад, а тут — Ён...

Не, не сказаць, каб прынц — малады i прыгожы... Горш за тое — жанаты i «дзетны», але багаты. I па-ка-хаў. Ды так, што сказаць яму «не» яна не змагла.

Пажанiлiся. Сына гадуюць, чакаюць дачку. Добра жывуць... Як быццам. Ён ёй нядаўна ключы падарыў. Ад новага аўто... За сто тысяч. Але...

— Нахалеру мне гэта «маршрутка»? — скардзiцца жонка сваёй сяброўцы. — Ды i наогул... Усё ў нас ёсць. Разумееш — нiякай рамантыкi. А вось калi б ён, як я, з вёскi, з галаты, калi б мы з iм разам... Ну, з нуля... Уяўляеш — зарабiлi, грошай падсабралi, нешта купiлi. Свята! Потым зноў падсабралi, купiлi... Гэта ж наколькi цiкавей было б... жыць?! А так...

Не дагадзiць нашаму брату?!

Цi гэта, магчыма, у генах? Калi прабабуля-муха ўсё жыццё сваё бiлася-бiлася ў шкло, а потым бабуля, а потым — мацi, то i дачку ўжо не вабiць адкрытая фортка.

Некалi...

Некалi спатканнi прызначалi ля кiна- i проста тэатраў, ля помнiкаў i паркаў, ля кафэ. Зараз i, здаецца, часцей — ля метро...

Дзяцюк ля ўваходу. Малады, прыгожы... Топчацца, нецярплiва круцiць галавой — выглядае кагосцi... Бачыць нарэшце. Усмiхаецца... Працягвае дзяўчыне... жменю семак.

Яна — бярэ. Семкi, потым яго... Пад руку.

У метро яны спускаюцца разам...

Некалi...

Некалi маладыя ўхажоры на спатканнi прыходзiлi з кветкамi. А крыху старэйшыя — нават з цукеркамi. I шампанскiм.

Без палавiны

...Не прынята цяпер сужэнцаў хвалiць (жонак сваiх, мужоў): ну ёсць яны i ёсць, ну трымаюць, хто тры вуглы ў хаце, хто толькi адзiн, i трымаюць... Калi ж упусцяць, крый Бог...

Iванавiчу неяк званiла. Сказаў:

— Во, а сёння ж стагоддзе якраз, як Маркаўны маёй няма!..

Абмовiўся ён, памылiўся?

Цi яно i праўда — пасля смерцi асобных адзiн год за сто?

Калi хочаш жыць у шчасцi...

Вечар. Час пiк — у тралейбус, можна сказаць, унеслi. I паставiлi — бачком, ля чыiхсьцi плячэй: мужчынскiх, а ўжо цёплых, шырокiх...

Пакуль ехалi, «уладальнiк» гаварыў — ледзь не ўсю дарогу, «за жызнь». Гэта значыць, расказваў некаму, што сам па-ранейшаму на заводзе, ветэран ужо, работа ёсць, грошы плацяць, што жонка — у садку, у сталоўцы. Заробку там — кот наплакаў, але ж затое ў белым халацiку, у цяпле, ды i наогул... Нiводзiн кухар з голаду яшчэ не памёр: дамоў з пустымi рукамi яна нiколi не iдзе. Даслоўна: «Хоть булочку, хоть яблочко, хоть пару яичек, но всегда принесет!».

...Тое, што «принесет» (нават з садка), па цяперашнiм часе здзiўляе мала. Больш (на мой розум) тое, што мужчына (!) — сажань касы ў плячах! — не бачыць у гэтым нiчога ганебнага i непрыстойнага, можа прылюдна гаварыць. Ды што там — нават ганарыцца.

Прыкмета часу

У iншым месцы гэта ў вочы б не лезла, а тут...

Яны па суседству жывуць — маладая сям’я з хлопчыкамi-пагодкамi i самотны нямоглы дзед. Адпаведна — у першай кватэры дзверы не зачыняюцца, у другой — якраз наадварот, лiчы, не адчыняюцца. Хiба што зранку прыходзiць паштальёнка (гаспадар газеты выпiсвае. З дастаўкай...), а потым — сацыяльны работнiк. I ўсё — адзiн дзед: жонка памерла, дзяцей не было. Уся маёмасць на пляменнiкаў «апiсана».

— А яны ж, — пытаюся, — цi заходзяць калi, цi клапоцяцца?

— Не-е, — круцiць галавою стары. I хiтра прыжмурыўшы вока, цiха тлумачыць, — яно ж, калi клапацiцца, я i пажыць магу. А калi не, — глядзiш, скапычуся, iм спадкi застануцца. Чым раней, тым лепей. Зажывуць!

Дзед ведае, што кажа. Яго кватэра пад сто тысяч баксаў цяпер. А пляменнiкаў толькi двое.

...Прыкмета часу: тых, хто гатовы (чакае i марыць!) з некага нешта паймець — прыняць, атрымаць, выйграць, — незлiчона.

Тых, хто гатовы аддаць, цi не адзiнкi?

Узвышанае i зямное

Найперш — малюнак з натуры, паводле Брыля.

Вёска. Вулiца i кабетка на ёй. А ўжо прыбраная...

— Куды ж ты iдзеш? — пытаецца нехта з суседзяў.

— Ды ў горад...

— Чаго?

— Па сваёй патрэбе.

— Слухай, а навошта гэтак далёка?

Усё, услед за класiкам можна ўсмiхнуцца. А можна...

Да калегi госця са Швецыi зiмой прыязджала. Жыла ў Мiнску, у гасцiнiцы, а вось падарожнiчала — па ўсёй краiне. Нават у вёску патрапiла.

Адна з самых нечаканых высноў, зробленых перад ад’ездам: «Вашы мужчыны зусiм не любяць вашых жанчын».

— Гэта вы... з чаго ўзялi?! — аж дух заняло ў калегi.

Госця сказала. Сказала, што, калi б любiлi (i насамрэч!), то нi-ко-лi б не дазволiлi, не вымусiлi (даслоўна!) «хадзiць па патрэбе туды, куды яны ходзяць»...

Замежнiкi... Чужыя людзi. Да абсалютнай большасцi нашых, тутэйшых, нават думка не прыйдзе звязаць настолькi высокае, можна сказаць, незямное з... настолькi ж зямным, сумясцiць...

Несумяшчальнае?

Мы i СМI

Жудасны тэлесюжэт. У горадзе Н. згарэў прыватны дом. На пажарышчы знойдзены трупы гаспадынi i трох непаўналетнiх дзяцей. Усе яны, як паказала следства, папярэдне былi забiтыя.

У пошуках тых, хто такое дзiкунства мог учынiць, версiй правяралася шмат. Самай безнадзейнай была апошняя: удавец i бацька так гвалтоўна, так дзiка памерлых малых меў раман з маладзенькай навучэнкай медыцынскага каледжа.

Так, на ўсякі выпадак, яе выклiкалi ў мiлiцыю i дапрасiлi. I тая, ледзь не адразу, ва ўсiм прызналася. Сказала, што любоў у iх. Сапраўдная. А сям’я — была перашкодай: ён, маўляў, парваць з ёй не мог, не мог «развязацца», «вызначыцца». Яна — памагла.

«Памагатарку» — само сабой — арыштавалi i мала не далi.

Каханак у турму да яе прыязджаў. Першае, што спытаў (следчы расказваў): «Ну як ты магла?..». А потым — палез цалавацца.

...Пасля прагляду доўга думала. На тэму, чаго ад сюжэта можа быць больш — шкоды цi карысцi? Прынамсi: цi спынiцца, цi адумаецца хоць нехта з так званых «хадакоў», «шукальнiкаў прыгод», герояў-палюбоўнiкаў? Наўрад...

А вось нехта з закаханых дурнiц (свят-свят-свят!) натхнiцца можа.

Прыходзяць восенi...

Нараджэнне першага доўгачаканага ўнука новаспечаны дзед святкаваў з тыдзень. Потым яшчэ сем дзён, бо малога — назвалi, як яго! Гэта ж па пашпарту — Аляксандрам, а па-вясковаму — Лёксам?!.

Дзед — з той радасцi i тады ж — на малога завяшчанне напiсаў. Маўляў, усё маё, рухомае i нерухомае, пакiдаю яму, унуку...

Было што пакiдаць, зазначым: з паўгектара зямлi, сад, пчальнiк, дом са старадрэвiны з хлявамi, з лазенькай — на ўсю акругу сялiба! Толькi гаспадарнiчай!

...Што ўнук i «робiць» цяпер. Гэта значыць, прыязджае зрэдчас — з горада, з сябрамi, з сяброўкамi, каб «культурна адпачыць» (чытай — на свежым паветры папiць гарэлкi).

А паколькi сметнiк ад дома быў далекавата i туалет даўно развалiўся...

Прыходзяць восенi, абы схаваць

ад будучых снягоў былую квецень.

А чалавек прыходзiць пахаваць

свае няздзейсненыя мары ў дзецях.

Гэта — не я: Алесь Лiпай.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
I зноў, што бачу!.. Пад вокнамi, на стромкай бярозе, дзве маленькiя ўвiшныя сарокi звiлi гняздо: гучна трашчалi (абмяркоўвалi, вiдаць, «праект»), цяг
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика