21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Леанiд Шчамялёў: КОД АПТЫМIЗМУ

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Асоба

Ён упэўнены, што ёсць нейкае прадвызначэнне ў жыццi: невыпадкова той цi iншы чалавек сустракаецца на шляху, невыпадковыя выпрабаваннi, пакуты. Невыпадкова гэта застаецца ў памяцi, але можа i прыцiхнуць, калi навучыўся радавацца кожнаму новаму дню, незалежна ад узросту можаш знаходзiць моманты для здзiўлення. Здзiўленне — i ёсць пазнанне, яно рухала цывiлiзацыю ва ўсе часы, лiчыць народны мастак Беларусi Леанiд ШЧАМЯЛЁЎ.



— Хто першы адкрыў вам сакрэт здзiўлення?

— У мяне быў унiкальны настаўнiк Мiкалай Васiльевiч Ракоўскi, вельмi прыгожы чалавек, сапраўдны iнтэлiгент. Ён цудоўна ведаў беларускую мову — я ў беларускай школе вучыўся. Добра ведаў усiх беларускiх пiсьменнiкаў, сачыў за творчасцю тых, хто толькi пачынаў. Ён увесь час звяртаў увагу на свет вакол нас. Мы малявалi, а ён браў нашы малюнкi i казаў, напрыклад: «Глядзiце, як хораша Лёня намаляваў!» Потым браў малюнак iншага вучня i без анiякага параўнання звяртаў увагу на тое, як адно i тое ж розныя людзi бачаць па-рознаму. Гэта быў лепшы прыклад выхавання праз любоў. Магчыма, ёсць асобы, якiм для выхавання патрэбны дыктат. Але цеплынi ў свеце i так мала. Калi можаш памнажаць, памнажай яе...

— Вы ведаеце: не ўсё залежыць ад самога чалавека. Але здолелi захаваць аптымiзм...

— Я перажыў драматычныя моманты, якiя ўплывалi на лёс, але не сталi кiраваць маёй свядомасцю, таму што ў жыццi ўсё ж больш добрага. Аптымiзм навокал. Калi бываеш у вёсцы цi нейкiм незнаёмым месцы горада, чытаеш новыя кнiгi i атрымлiваеш асалоду ад цiкавых думак — тут ён i нараджаецца. Таму што разумееш: гэта падаравана нам, яно вечнае, будзе радаваць iншых людзей. Хоць я перажыў галодны 33-i год, прайшоў страшэнную вайну, былi жудасныя моманты (аб iх я не расказваў сваiм родным, дзецям, нiкому ў звычайных размовах), не было жадання ў думках вяртацца да iх. Калi я заканчваў сваю вучобу ў мастацкiм iнстытуце, то ў выпускным творы адлюстраваў не вайну, а вяселле. Аднойчы мяне запрасiлi на вяселле ў вёску, дзе я ўбачыў народны абрад, калi крадуць нявесту, даюць за яе выкуп. Так мне гэта спадабалася — жывыя, радасныя эмоцыi, якiя аб’ядналi людзей, агульны добры настрой, мне яго захацелася перадаць. Мне здаецца, што мастак прыходзiць у гэты свет, каб скiраваць свае пачуццi ў бок прыгажосцi i любовi. Найперш iдзе любоў да зямлi, на якой ты нарадзiўся, нясеш адчуванне еднасцi з продкамi, далучаешся да ўсёй гiсторыi, якая была да цябе.

— Цi ёсць месцы, дзе вы найбольш адчуваеце гармонiю?

— Канешне. Я люблю родную Вiцебшчыну, з задавальненнем бываю на Браслаўшчыне. Нядаўна наведаў Глыбокае — ёсць работа адтуль. Вiцебск усё ж для мяне — горад мiнулага. Частка дзяцiнства, юнацтва. Найбольш моцна я адчуваю Мiнск, Мiншчыну, мястэчкi, якiя iдуць у бок Вiльнюса. Падаецца, у iх больш беларускасцi — тыповай, этнiчнай. I ў прыродзе, i ў людзях, у чалавечых адносiнах адзiн да аднаго, у разуменнi i арганiзацыi сям’i. Свае адносiны да Мiншчыны я выказаў у карцiне «Быццам у сне» — яны падобныя на пачуццi чалавека, якi на канi пралятае па-над Мiнскам. Так я адчуваю. Мiнск i Мiншчына для мяне былi зыходнымi пунктамi ў мастацтва. У 47-м годзе я паступiў у мастацкае вучылiшча. Тут адчуў, што значыць iмкненне да ведаў, знайшоў сяброў, настаўнiкаў, якiя цудоўна ведалi сваю справу i заклалi ў мяне ўменне адлюстроўваць свае захапленнi. Мой настаўнiк Вiталь Канстанцiнавiч Цвiрка быў настолькi насычаны энергiяй захаплення, што здолеў мне адкрыць свет нашага беларускага ландшафту, беларускай каляровай тэматыкi, адчуванне ўнiкальнай пластыкi. Я заўсёды бачыў, чым можна захапляцца ў жыццi, i зараз ведаю.

— Захапленне дапамагала вам шукаць сваю музу?

— Кантакт двух людзей вызначаецца ўнутранай iнтуiцыяй, калi ёсць адзiнства ў поглядах на свет, у поглядах на камунiстычнасць у гэтым свеце, здольнасць прыстасавацца адзiн да аднаго, калi выпрацоўваеш у сабе элементы цярпiмасцi. Лiчу, што мне шчасцiла: у першым шлюбе побач быў вельмi цiкавы чалавек, асоба, зацiкаўленая музыкай. Але, вiдаць, не было поўнага супадзення, якое дазваляе людзям пражыць разам доўгае жыццё. Калi я сустрэў жанчыну, якая стала маёй другой жонкай, быў вельмi складаны перыяд у маiм жыццi. У яе таксама. Яна толькi пасля ўнiверсiтэта, працавала ў вучылiшчы, выкладала фiзiку. Тады было цяжка i ў матэрыяльным плане, i ў маральным. Мяне крытыкавалi за легкадумнасць...

— Напэўна, зайздросцiлi?

— Не ведаю... У той складаны момант мы сустракалiся — i я радаваўся: было разуменне, павага, падтрымка. Дзiўнае адчуванне, што гэта сябра, таварыш, чалавек, жанчына. Гэта любоў. Нешта большае, чым каханне, чым сустрэча дзеля стварэння сям’i. Я шмат бачыў сем’яў, але не назiраў такой узаемападтрымкi, якую адчуваю з боку сваёй жонкi. Яна дапамагае мне ва ўсiм. Для мастака важныя колеры, кампазiцыя, а найперш увага, як на гэта глядзiць мой блiзкi чалавек. Тады ўяўляеш карысць ад сваёй справы. Святлана Мiкалаеўна вельмi ўважлiва ставiцца да творчасцi. I не толькi да маёй. Яна сама не лiрык, а фiзiк, але за 40 гадоў, якiя мы прайшлi разам, у яе выпрацаваўся свой асабiсты погляд на творчасць. Яна першы мой крытык, i першы ж аднадумца. Я часта сумняваюся, добра атрымалася цi дрэнна. Яна развейвае маё расчараванне, сказаўшы, што ў карцiне ёсць нешта, чаго я сам не зразумеў.

— Для сваiх нашчадкаў вы больш мастак цi чалавек? Цi ёсць дынастыя Шчамялёвых?

— Напэўна, для iх я больш мастак. Скажу самакрытычна: не надта многа ўвагi надаю выхаванню ўнукаў цi праўнукаў. Я больш заняты сваёй справай. Яны праз працу мяне паважаюць. Асаблiва дзецi, якiя адбылiся як асобы — сын i тры дачкi. Мы разумелi, што важна выхоўваць эстэтычную культуру ў дзяцей, пасеяць у iх душах зерне захаплення. У школе адораных дзяцей займалася мая сярэдняя дачка. Зараз яна самастойная мастачка з урбанiстычным бачаннем свету. Яе муж манументалiст, яны ў кантакце працуюць, што мяне вельмi радуе. Старэйшая дачка займаецца габеленам, выкладае ў Беларускай акадэмii мастацтваў. Маленькiя ўнукi малююць амаль усе.

— Вы нейкi час выкладалi самi, але не доўга. Чаму?

— Я выкладаў у мастацкiм вучылiшчы, дзе некалi сам вучыўся. Яшчэ выкладаў жывапiс i графiку будучым архiтэктарам, многiя з iх потым мяне дзякавалi. Доўга я выкладаннем не займаўся — для мяне было больш важна працаваць над уласнымi творамi. А ў мастацкi iнстытут мяне нiхто нiколi не запрашаў. Магчыма, каб не было супярэчнасцяў у той методыцы, якая ўжо напрацаваная. У мяне быў свой погляд. Але непрыязнасцi да творцаў старэйшага пакалення ў мяне не было. Яны былi выхаваны на прынцыпах акадэмiчнай школы мiнулага, адстойвалi яе. Пераемнасць традыцый вельмi важная. Але ж i час нараджае новыя формы выразнасцi, я гэта разумеў. Хоць сам быў рэалiстам i ў мастацтве, i па жыццi. Таму ўвогуле нi на каго нi за што не трымаю крыўды.

— Напэўна, хрысцiянскi падыход да жыцця вам вядомы з дзяцiнства? Але ж у той час, калi вы раслi, быў мацёры камунiзм...

— Я не адчуваў мацёрага камунiзму. Не ведаў рознiцы памiж тым капiталiзмам, якога не бачыў, i сацыялiзмам, у якiм жыў. Але я бачыў сваю бабулю, маму, тату. Бацькi былi вельмi занятыя, шмат працавалi для таго, каб у сям’i штосьцi было. Бабуля больш займалася мной. Яна была вельмi добрым чалавекам. Ведала, што такое страты — яе сын не вярнуўся з грамадзянскай вайны, муж, мой дзядуля, загiнуў у 19-м годзе. Яна перанесла пачуццёвую любоў да мяне, iмкнулася адкрыць разуменне павагi да людзей. Гэтаму ж мяне вучыла i... вулiца. Каб я быў пiсьменнiкам, то з задавальненнем апiсаў бы вулiцу, на якой жыла наша сям’я, усiх суседзяў, якiя пакiнулi моцнае ўражанне. Хоць мелi месца незразумелыя эксцэсы: некага забiралi ( у 37—38-я гады). Усё роўна ў людзях жыў давер, павага адзiн да аднаго.

У ваенны час мне таксама даводзiлася сустракаць вельмi цiкавых асобаў, побач з якiмi вучыўся не губляць веры ў людзей. Такiя былi i сярод каманднага саставу, i сярод простых хлопцаў, спачатку ў пяхоце, потым у кавалерыi. Самаадданыя да службы, з трапяткiмi адносiнамi да каня як вернага сябра, з адчуваннем Радзiмы. Па-рознаму можна было ставiцца да камунiстычных iдэалаў, але не iдэалы вызначалi любоў да Радзiмы. Кожны iшоў абараняць сваю магчымасць жыць на гэтай зямлi, будучыню сваiх нашчадкаў. Гэта быў галоўны боль. Боль куды большы, чым ад ранення, якое ў мяне было...

— У вас свой падыход да ваеннай тэмы ў мастацтве.

— Усе мае думкi вылiліся ў творчасцi, напрыклад, калi я ствараў карцiну «Генерал Даватар». У Маскве яна атрымала сярэбраны медаль, а ў Беларусi яе не прынялi. У гэтым нельга кагосьцi вiнавацiць — усё адносна, асаблiва ў мастацтве. Была яшчэ карцiна «Палявы трыбунал», якая выклiкала спрэчкi. На ёй судзяць хлопчыка, якi збаяўся. Адзiн з крытыкаў настойваў, каб слова «палявы» з назвы знiкла. Зараз карцiну вельмi цёпла ўспрымаюць, таму што гiсторыя ўсё паставiла на месцы i ўсiм зразумела, што такая сiтуацыя магла быць. Таму што вайна — гэта пастаяннае становiшча памiж жыццём i смерцю, калi чалавек увесь час робiць нейкi выбар без магчымасцi расслабiцца цi саступiць убок. Мне здаецца, не вельмi нашы лiтаратура i мастацтва адлюстравалi гэты пералом у свядомасцi людзей. Тэма такая, што аднаго Быкава мала. Як Талстой у Расii напiсаў «Вайну i мiр», так i ў нас павiнен быў бы з’явiцца свой буйны, грандыёзны твор, беларускi па ментальнасцi i па адчуванню сутнасцi вайны, якi б тлумачыў i нам, i ўсяму свету, чаму да цяперашняга часу беларусы вымяраюць шчасце i дабрабыт адной фразай: «Абы не было вайны». Калi ведаеш, колькi пакут Беларусь перажыла за ўсе папярэднiя стагоддзi, становiцца зразумела, адкуль гэты страх. Памяць, канешне, можа трымаць апошнюю вайну, калi яшчэ жывое ўяўленне пра тое, колькi было вынiшчана. Не толькi вёсак, мястэчак, гарадоў. Колькi ўнiкальнага мастацтва загiнула, колькi прыгажосцi!.. Калi я дэмабiлiзаваўся, прыехаў у Вiцебск i стаў i на Успенскай гары — кiламетраў 10 навокал спрэс бязлюднае месца. Няма цудоўнага старога горада, якi я любiў, з яго ўнiкальнымi храмамi...




Гэта нялёгка перадаць пэндзлем, магчыма, гэтак жа нялёгка выказаць словам. Але ж у нас ёсць лiтаратурныя шэдэўры, дзе цудоўна адчуваецца беларускасць. Вазьмiце паэму Якуба Коласа «Новая зямля», дзе адкрываецца свет тваёй краiны, адчуваецца родная крывiнка. Нядаўна я чытаў яе ў «Лiтаратурнай газеце», дык дух Беларусi адчуваецца i ў перакладзе на рускую мову. Я бачыў Коласа ў жыццi, хоць знаёмы асабiста не быў. Шкадую, што тады ўпусцiў магчымасць перадаць магутнасць яго асобы на палатне. Цяпер пiшу Коласа так, як адчуваю праз яго словы. Мастацтва не падманеш — кожны творца заўсёды нясе дух свайго народа. Што б я нi маляваў, гэта заўсёды будзе беларускае па настрою, па адчуванню, нават па колерах.

— Вашы работы сёння знаходзяцца ў розных краiнах — там iх таксама разумеюць. I многiя беларускiя мастакi сёння iмкнуцца ствараць, разлiчваючы на прызнанне за межамi.

— У Беларусi паўтары тысячы мастакоў, якiя хочуць бачыць свае творы запатрабаванымi. На жаль, у сваёй краiне не ўсе i не заўсёды могуць знайсцi свайго прыхiльнiка. Ёсць нейкая матэрыяльная зацiкаўленасць, а ў нас пакуль не назiраецца iмкнення да мецэнацтва. Акрамя таго, гэта пашырэнне сваiх магчымасцяў. Многiя знайшлi сябе ў Еўропе, i ўсё роўна застаюцца беларускiмi творцамi. У беларускага мастацтва цалкам еўрапейскi код мыслення, хоць у самiх мастакоў могуць быць розныя манеры, сiстэма бачання, крытэрыi адзнакi. Гэта робiць рэспублiку цiкавай. Iншая справа, што прадстаўленне беларускiх мастакоў за межамi — справа не столькi прыватная, хутчэй, яна дзяржаўная. Прычым калi да яе правiльна падыходзiць, то дзяржава можа атрымлiваць не толькi маральныя дывiдэнды, але i матэрыяльныя. Тады ў нашых мастакоў будзе больш аптымiзму, якi вельмi важны для творчасцi, якi праз творы перадасца iншым, выклiкаючы захапленне жыццём, любоў да самога Боскага свету. Мастацтва — маё i маёй краiны — я хацеў бы бачыць не з пункту гледжання «Бывай, радзiма», а наадварот, «Вiтаю маладую моц!..»

Ларыса ЦIМОШЫК.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён упэўнены, што ёсць нейкае прадвызначэнне ў жыццi: невыпадкова той цi iншы чалавек сустракаецца на шляху, невыпадковыя выпрабаваннi, пакуты
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика