Ржаўка — аграгарадок
Iлона IВАНОВА
Мясцовыя жыхары маюць мабiльныя тэлефоны i здаюць бялiзну ў пральню, але мараць пра газ i новыя працоўныя месцы
РЖАЎКА — адзiн з першых аграгарадкоў у Слаўгарадскiм раёне. Вёска атрымала новы статус у 2005 годзе. Гэта цэнтр СВК «Прывольны», паспяховай i перспектыўнай сельскай гаспадаркi. Цяпер у Ржаўцы жыве амаль 4 сотні жыхароў. Вяскоўцы гавораць, што жыццё ў Ржаўцы, якая стала аграгарадком, змянiлася ў лепшы бок. Для людзей створана пашыраная сфера абслугоўвання. I гэта, бадай, першае, што адрознiвае аграгарадок ад звычайнай вёскi. Напрыклад, цяпер у вёсцы ёсць сваё кафэ-бар «Ля бярозы», якое працуе ранiцай i ўвечары — тут мясцовыя жыхары адзначаюць i сямейныя святы. Да развiтой сферы паслуг трэба дадаць добраўпарадкаванне i сацыяльныя ўстановы. Аднак ёсць i адкрытыя пытаннi на парадку дня: жыллёвы камфорт, газ, развiццё вытворчасцi. * * * Ржаўка знаходзiцца ў Васькавiцкiм сельскiм савеце. На яго тэрыторыi — 17 населеных пунтаў, i сярод iх толькi адзiн аграгарадок. Гэты сельсавет вядомы ў першую чаргу сваёй незвычайнай назвай: справа ў тым, што Васькавiчы — гэта невялiкая вёсачка, а цэнтр сельсавета — значна большая вёска Папоўка. Аднак у савецкi час немагчыма было назваць сельсавет Папоўскiм, бо гэта пярэчыла афiцыйнай прапагандзе атэiзму. Старшыня Васькавiцкага Савета ў сваю чаргу вядома ў сувязi з вялiзным стажам работы. Аляксандра Васiльеўна Плехава адпрацавала ў Савеце 25 гадоў, з якiх 14 — старшынёй. Плехава расказвае, што прасцей было працаваць у 90-я гады, калi ў Саветаў было больш грошай, у тым лiку i за кошт мясцовых збораў. Цяпер жа — сродкi i працоўныя рэсурсы абмежаваныя, патрабаваннi вялiкiя, а людзi часам хочуць больш атрымаць ад дзяржавы, чым папрацаваць на грамадства. Праўда, калi здавалi аграгарадок у Ржаўцы, мясцовыя жыхары не былi да гэтай справы абыякавымi — працавалi разам. * * * У аграгарадок было ўкладзена нямала сiл i сродкаў, i цяпер для падтрымання iмiджу iх патрэбна не менш. Усе вулiцы i тэрыторыi Ржаўкi замацаваныя за ўстановамi, i кожную пятнiцу (гэты дзень на тыднi ў Слаўгарадскiм раёне аб’яўлены санiтарным) тут наводзiцца парадак. — Культуры нашаму народу не хапае, — уздыхае Аляксандра Плехава. — Хоць дзецi ў замежжа ездзяць, але выходзяць з крамы i ўпакоўку кiдаюць сабе пад ногi. Мужчыны кiдаюць акуркi, жанчыны лузгаюць семкi. Добраўпарадкаванне было i застаецца прыярытэтным напрамкам для сельсавета. Цэнтры i асноўныя вулiцы Ржаўкi, таксама як i iншых слаўгарадскiх вёсак, пасля генеральнага веснавога прыбiрання выглядаюць прыстойна. А вось з камфортнасцю жыцця ў Ржаўцы ёсць праблемы. Справа ў тым, што тут няма шматкватэрных дамоў, у асноўным — звычайныя драўляныя хаты. Праўда, ёсць тут i вулiца Маладзёжная, дзе прыгожыя сучасныя дамы забяспечаны цэнтральным ацяпленнем i вадой. Але iх — меншасць. — Аднак людзi не сядзяць склаўшы рукi i самi робяць водаправод, а таксама i мясцовую каналiзацыю, — гаворыць Аляксандра Плехава. — Вяскоўцы хочуць жыць камфортна, з выгодамi, тым больш што ў многiх пральныя машыны-аўтаматы. * * * У Ржаўцы людзям даступны самыя розныя вiды паслуг, амаль на ўзроўнi горада. У цэнтры вёскi ёсць вялiкi будынак, дзе, акрамя канторы гаспадаркi, месцяцца розныя ўстановы. Найбольш наведвальнiкаў — у ФАПе. Тым больш што яго загадчыца Валянцiна Аляксандраўна Кухарава — стараста Ржаўкi. I, дарэчы, адзначана як лепшая ў раёне паводле вынiкаў 2006 года. — Калi Ржаўка набыла статус аграгарадка, стала больш чыста, — упэўнена яна. — I з паслугамi няма праблем: нават бялiзну можна здаць у пральню i атрымаць чыстую. Аднак працы тут практычна няма. Маладыя б засталiся, але не пойдуць жа ўсе яны ў калгас даяркамi ды механiзатарамi. У Валянцiны Аляксандраўны двое дзяцей, i старэйшая дачка выбрала прафесiю настаўнiцы. Вось толькi цi будзе дзяўчыне каго вучыць у роднай Ржаўцы — гэта яшчэ пытанне. З аднаго боку, недахоп працоўных месцаў дапамагае падтрымлiваць дысцыплiну, а з iншага, людзi хацелi б мець выбар працы i цвёрдую магчымасць зарабiць. — Не ведаю, цi застануся я ў вёсцы, — гаворыць маладая мацi Лiлiя. — З аднаго боку, выбару працоўных месцаў няма, нават калi хочаш уладкавацца простым рабочым. А з iншага, не ўсе рызыкуюць шукаць шчасця ў iншым месцы. Хто дасць гарантыю, што там будзе лепей? * * * Жанчыны цiкавяцца прыездам цырульнiка. Гэта здараецца два разы на месяц: паслугамi цырульнiка карыстаюцца i маладыя, i старыя. Тут не толькi робяць звычайныя стрыжкi, а i моднае мелiраванне, не забываюцца i на традыцыйныя «хiмiчныя» завiўкi. Насупраць цырульнi — комплексна-прыёмны пункт. — У нас тут усё ёсць! — хвалiцца добразычлiвая загадчыца Марыя Iванаўна Раманава. — Адрамантаваць адзенне? Калi ласка, на працягу тыдня. Добра iдзе пракат: усе халадзiльнiкi, швейныя машыны, пыласосы, мiкрахвалёўкi народ паразбiраў. Канешне, рытуальныя тавары патрэбныя. Коўдры, падушкi i бялiзну добра бяруць... А вось газу ў аграгарадку няма, блакiтнае палiва — самая запаветная мара i звычайных вяскоўцаў, i iх кiраўнiцтва. Просьбу правесцi газ агучвае i Вольга Варэнiкава, гаспадыня ўзорнага, лепшага ў Слаўгарадскiм раёне дома маладой сям’i. Прыгожая будынiна са спутнiкавай тэлевiзiйнай антэнай, унутры — сучасная мэбля i тэхнiка (мiкрахвалёўку якраз падарылi як пераможцам), а каля ганка маладая жанчына садзiць кветкi. Вольга — паштальёнка. Ва ўласнай гаспадарцы — карова, свiннi, куры. Муж — механiзатар, i ў лепшыя месяцы зарабляе не менш за 800 тысяч рублёў. Карацей, маладая жанчына жыццём задаволена. * * * Кiраўнiк мясцовага аддзялення сувязi Нiна Iванаўна Прачкiна паведамiла, што цяпер амаль у кожнага жыхара Ржаўкi ёсць мабiльныя тэлефоны. Такая прыкмета часу. I найбольшай папулярнасцю з усiх паслуг пошты карыстаюцца ў дзяцей i падлеткаў камп’ютарныя гульнi: 810 рублёў за гадзiну. Дзецi ахвотна ходзяць i ў сельскую бiблiятэку. Яна вядомая ў раёне тым, што была адкрыта ў 1967 годзе на сродкi мясцовага ўраджэнца Якава Драйчука i яго жонкi. Драйчук быў ваенным, удзельнiчаў ў грамадзянскай i Вялiкай Айчыннай войнах i на схiле жыцця вырашыў зрабiць добрую справу для роднай вёскi: ён выдаткаваў больш за 18 тысяч савецкiх рублёў на будаўнiцтва бiблiятэкi i набыццё кнiг. А цяпер больш за тысячу новых дзiцячых кнiг бiблiятэка атрымала па мiжнароднай чарнобыльскай праграме «Супрацоўнiцтва дзеля рэабiлiтацыi». — У Ржаўку разам з аграгарадком прыйшла цывiлiзацыя, — прызнае Святлана. — Шмат мерапрыемстваў праходзiць, народ актыўны. Толькi я пажадала б тутэйшым людзям, каб яны былi больш культурныя, а таксама здаровыя i працавiтыя. * * * Са здачай аграгарадка адрамантавалi сельскую краму: раней тут печка стаяла — а цяпер стала па-сучаснаму. Невялiкае памяшканне запоўнена таварамi. — У нас тут усё бяруць! — радуецца прадавец Алена Снытко. — Пасля святаў, здараецца, застаюцца толькi пустыя палiцы. У Ржаўцы — вялiкi пакупнiцкi попыт. Заробкi тут нядрэнныя, i грошы ў людзей ёсць. Асаблiва ў сельскагаспадарчыя сезоны — у пасяўную i ўборачную. Любоў Васiльеўна Краўцова — перасяленка з забруджанай радыяцыяй зоны, сюды пайшла замуж, нарадзiла дзiця, цяпер працуе даяркай на ферме. — Нам тут i домiкаў хапае, i ўсяго, — гаворыць жанчына. — Вось толькi з працай праблема: тут так шчыльна ўсе месцы запоўнены, што няма куды пальцы ўцiснуць. Можа, тут бы пабудавалi для нас свiнаферму цi невялiкi заводзiк. Вось жанчыны павыходзяць з дэкрэтных водпускаў, а пайсцi працаваць — няма куды. * * * Даярка Нiна Васiльеўна Палавiнкiна — вядомы чалавек у акрузе. Яна была дэлегатам апошняга Усебеларускага сходу, а цяпер абрана дэпутатам Слаўгарадскага раённага Савета. — Для адраджэння вёскi нам яшчэ хацелася б паляпшэння ўмоў працы на фермах i, каб моладзь заставалася, пашырэння вытворчасцi, — гаворыць яна. У сельскiм Савеце расказваюць, што ў Ржаўцы на сходах прыемна бачыць шмат маладых твараў. Сярэднi ўзрост жыхароў аграгарадка — каля 45 гадоў. — Тут iснуе старадаўняя традыцыя — мець не менш за тры дзiцяцi ў сям’i, — расказвае старшыня Савета Плехава. — У Ржаўцы жывуць тры дзесяткi шматдзетных сем’яў. Таму ў гэтага аграгарадка ёсць будучыня. Канешне, пры ўмове, што людзям будзе дзе працаваць. Слаўгарадскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мясцовыя жыхары маюць мабiльныя тэлефоны i здаюць бялiзну ў пральню, але мараць пра газ i новыя працоўныя месцы |
|