21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Золата» вышэйшай пробы

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ГОРКА!..




...Калі выйшлi з машыны, адразу заўважылi «жанiха» — чакаў, курыў, вiдавочна хваляваўся. Хоць выгляду стараўся не падаваць. Павiталiся, пайшлi ў хату (дакладней, кватэру). А там ужо «нявеста» стол накрыла, гасцей (гэта значыць нас) сустракае. А на стале — калi толькi i паспелi прыгатавацца «маладыя»? — каўбаскi духмяныя, «пальцам пiханыя», грыбкi марынаваныя, агуркi-памiдорчыкi, салата «Алiўе», сальца з прыправамi ды бульбачка разварыстая... Ну i, зразумела, «да бульбачкi», як таго патрабуюць законы гасцiннасцi.

Шчыра кажучы, сваё залатое вяселле Мiхаiл Сцяпанавiч i Соф’я Рыгораўна Барцэвiчы афiцыйна, з удзелам прадстаўнiкоў мясцовай улады, з вiншаваннямi, падарункамi i iншымi вясельнымi атрыбутамi адзначылi яшчэ ў лютым. Чакалi ў госцi i спецыяльна запрошаных карэспандэнтаў «Звязды». Ды як на тое, у карэспандэнтаў здарылася «накладка» — тэрмiновая камандзiроўка ў iншы геаграфiчны пункт з iншай нагоды, таму паездку ў Крупiцкi сельсавет Мiнскага раёна iм давялося адкласцi. Кажуць, Соф’я Рыгораўна тады расстроiлася — ёй хацелася сваю любiмую газету i здымкi сваякам са Случчыны паказаць. Дзякуй Богу, страсцi ўтрэслiся, «маладую» супакоiлi, i «жанiх» i «нявеста» з пяцiдзесяцiгадовым сямейным стажам у прысутнасцi самых дарагiх i блiзкiх людзей прайшлi праз урачыстую рэгiстрацыю шлюбу.

Пад крыкi «Горка!», як мае быць, пацалавалiся... Многiя заўважылi, як 75-гадовы Мiхаiл Сцяпанавiч змахнуў з вачэй слязу. Iншыя слёз не хавалi...

...Пакуль знаёмiмся, усаджваемся за стол, гаспадыня выносiць i паказвае загорнутае ў хусцiнку багацце — маленькi вясельны каравайчык, якому... роўна 50 гадоў ад «роду».

— Можа, дзеткi, таму нас Бог i беражэ, што мы яго да гэтага часу захоўваем.

У разуменнi Соф’i Рыгораўны, «беражэ» — значыць, дае сёй-той дабрабыт, спакой, уладкаванасць дзяцей i ўнукаў, працяг роду... А здароўе? Яно было ды выйшла. Не Бог адабраў — жыццё: вайна, цяжкая праца.

— Сяджу цяпер на парашках, на леках, — гаворыць Соф’я Рыгораўна. — Цiск павышаны, стэнакардыя, дыхаць цяжка. Як у той машыне, матор сеў i бразгацiць. Я нiкому ў жыццi не зайздрошчу — толькi тым, хто каплi не п’е.

На першы погляд муж i жонка непадобныя. Соф’я Рыгораўна — гучная, вясёлая, гаваркая, эмацыянальная, iмпульсiўная, адкрытая... Мiхаiл Сцяпанавiч — маўклiвы, спакойны, асцярожны, стрыманы. А процiлегла зараджаныя часцiцы, як вядома, прыцягваюцца. Вось i «прыцягнула» iх адно да аднаго яшчэ ў сярэдзiне 50-х... Соф’я Рыгораўна не адразу за Мiхаiла Сцяпанавiча пайшла, доўга выбiрала, думала...

— Напэўна ж, да вас многiя сваталiся?

— Праўду кажучы, хапала гэтага «дабра». Але нiчога сур’ёзнага, так, абы што. Адзiн малы, кату пад пяту. Другi выпiць любiў — свету белага за гэтым не бачыў. Трэцi, Янка, каталiцкай веры. Гэты быў добры хлопец, сцiплы, сiрата. Ды я падумала: а як жа мы з iм святы будзем адзначаць — у розныя днi? I не пайшла за яго. Ад жанiхоў было не адбiцца. Памятаю, з бальнiцы прыйшла, на печы ляжу, дрэнна сябе адчуваю, нiкога бачыць не хачу — а яны адразу ўдваiх у «сваты» прыйшлi i ледзь цi не на печку лезуць: выбiрай, кажуць, каго-небудзь... Як усхапiлася я, як пагнала iх прэч — аж пяты блiшчэлi... Ну а свайго (кiвае на Мiхаiла Сцяпанавiча) выбрала, бо быў лепшы за астатнiх. Доўга падступаўся, чакаў. Ну i дачакаўся. Я яго, можна сказаць, за полечку палюбiла. Нiхто ў нас так польку не ўмеў танцаваць — дробненька, прыгожа. Ды i цяпер любога за пояс заткне.

— Вы з Мiхаiлам Сцяпанавiчам абое з-пад Слуцка. А як жа ў Мiнскiм раёне аказалiся?

— Жылi мы ў адной вёсцы — Кухты называецца — адно ад аднаго праз сем хат. Але я яго мала ведала. Ды i не да хлопцаў было. У мамы нас сямёра падрастала. Дзяўчаты пралi, ткалi... Ну як жа жыць пад Слуцкам i не ўмець ткаць? У школу пайшла ў 38-м годзе. Тры класы скончыла — атрымала пахвальную грамату... Калi прыбеглi i сказалi, што «немцы ляцяць», бацька хутка схаваў яе ў партсiгары i закапаў пад вугал хаты. Кажа, калi немцы ўбачаць там партрэт Сталiна, нас усiх павесяць. Мне было так шкада гэтага лiста... Калi потым разбурылi наш «шанхай» i пачалi будаваць новую хату, з-пад бярвён выкацiўся гэты партсiгар. А там — адна труха...

Пасля вайны, у 48-м, калгасу патрэбна была рабочая сiла. I мы, дзяўчаты, каму па 16, каму па 15 гадоў, пайшлi працаваць. Вы, рыбачкi, чулi, што такое каксагыз?..

— Здаецца, раслiна такая?

— Не раслiна, а сапраўдная пакута. З выгляду як дзьмухавец, толькi большая. Яго сеялi на балоце, на тарфянiку, а потым перапрацоўвалi на сыравiну i рабiлi шыны... Кожнаму з нас, падлеткаў, трэба было пасеяць па 50 сотак гэтага каксагызу. Сеялi ў сакавiку. Холад, ногi мокрыя, пад лёд правальваюцца...

Прыйдзе лета — праполваем, збiраем. Я за ўсё хапалася, у 4 гадзiны ранiцы ўставала. За лета зарабiла воз пшанiцы. Акрамя каксагызу, саджалi i палолi лён, моркву, цукровыя буракi, кармы для скацiны...

I пазней, калi ўжо замужам была, свету белага за работай не бачыла. Сынок мой, Валодзя, у 6 гадоў таксама навучыўся палоць, ды так спрытна, што нават я яго дагнаць не магла. I муж мне заўсёды дапамагаў, хоць i свая работа ў яго была... Душылiся-душылiся без прасвету, без выхадных...

Мiхаiл Сцяпанавiч:

— Я аднойчы моцна на грып захварэў, падняцца не змог, — i адзiн дзень на работу не выйшаў. Паставiлi прагул... Ну а пазней, калi ўжо сюды, у Мiнскi раён прыехалi i на ферму абое прыйшлi, мяне, калi хварэў, жонка падмяняла — гной вазiла.

Соф’я Рыгораўна:

— Бiкса ў нас тады была — на ёй i вазiла.

— Бiкса — гэта што?

— Так, рыбачка, кабылу звалi. Добрая кабыла, мы яе блiнамi кармiлi. Я гэту кабылу на ўсё жыццё запомнiла. Аднойчы ў сакавiку — я ўжо дачкой цяжарная была — еду на вазу, ды яшчэ сяджу задам наперад. Санкi на слiзкае выехалi, нахiлiлiся, я пад ногi кабыле — брык, санкi зверху... Дацягнула мяне так аж да вёскi, да першай хаты. А там ужо людзi, дзякуй Богу, дапамаглi. Але цяжарнасць дахадзiла нармальна, да апошняга дня працавала. I дачушка ў патрэбны тэрмiн нарадзiлася — 16 чэрвеня... Работы мы нiколi не баялiся, але ж дзяцей было шкада — увесь час яны адны i адны, маглi i шкоды нарабiць. Так што ў 70-м сабралi лахi падпахi i сюды, у вёску Анопаль, прыехалi «лёгкага хлеба» шукаць. Начальства, дай iм Бог здароўя, адразу выдзелiла нам барак. Дырэктар саўгаса папытаўся ў мяне пры сустрэчы: а што вы ўмееце рабiць? Адказала: адна ў мяне толькi бяда — за рулём ездзiць не ўмею. А так — магу i цэпам малацiць, i таптаць, i сцiрты ставiць. I прызначылi мяне на ферму... Iншыя даяркi i на 25 кароў не пагаджалiся, а я 50 узяла, бо начальства «нацiснула» моцна. Паабяцалi нават па два лiтры малака кожны дзень даваць. А як прыняла я 50 галоў, дык нiхто не даў i паўлiтра таго малака... А муж стаў жывёлаводам, даглядаў быкоў i цёлак i мне ўвесь час дапамагаў, асаблiва з маладняком. Цёлкi — яны ж брыклiвыя. (Было, па дзевяць месяцаў раны на маiх нагах не загойвалiся.) I паiла я iх, i з дому яйкi насiла, i зверабой заварвала...

За ўсе стараннi дзяржава некалькi разоў узнагароджвала мяне медалямi «Пераможца сацспаборнiцтва» i «Ударнiк пяцiгодкi». У 80-м годзе далi пуцёўку ў Маскву, на ВДНГ. А ў мяне перад гэтым бацька памёр, i сорак дзён якраз на 7 лютага выпадала. Што рабiць? Вырашыла ехаць. Усё ж — Масква, калi такое яшчэ будзе?.. А ў Маскве пайшлi Ленiна глядзець. Як убачыла яго — адразу плакаць пачала. Побач мiлiцыянеры стаялi, пачулi мяне, адзiн аднаму цiхенька кажа: напэўна, гэта яго радня...

Мiхаiл Сцяпанавiч:

— А я ў гэты час дзяцей i гаспадарку даглядаў. Чацвёра свiней, карову, цяля. Ды i на рабоце вялiкая адказнасць была — усе племянныя цёлкi i бык на мне, не дай Бог што — адказнасць нёс.

— А як жа вы тады жонку ў Маскву адпусцiлi?

— А яе не пераспрачаеш. Калi ўпёрлася — будзе так, як захоча. Ну а я, каб нервы не псаваць, лепш прамаўчу...

Соф’я Рыгораўна:

— Усюды адпускаў, гэта праўда. Я i ў клубе, што ў Анопалi, спявала, i на рэпетыцыi бегала. У народны фальклорны калектыў «Свiтанак» адной з першых прыйшла i хадзiла да апошняга, пакуль здароўе не падвяло. За ўвесь час больш за сто песень спела — i зажынкавых, i дажынкавых, i вясельных... Мяне людзi прасiлi: ты зайдзi на вяселле хоць бы адну песню спець, пакуль каравай уносiць будуць... Да гэтага часу пяю:

Ляцi, ляцi, каравай, з клецi,

Сядзь сабе ды на покуце,

На зялёненькiм жыце.

Дай, Божа, маладым жыцце...

— Напэўна, лёгкi ў вас, Соф’я Рыгораўна, характар?

— Як сказаць?.. Бiць мужыка нiколi не бiла, гэта праўда, не пiхнула нават, як iншыя. А ўвалiць (моцным словам) магла... Дык i ён, калi п’яны i прыходзiў, то заўсёды на сваiх дваiх, нiколi вуглоў пад ложкам не шукаў. А вось прыраўнаваць мог... да слупа. Ды так ужо прыраўнуе на пустым месцы, што потым сяджу i гадзiн пяць плачу.

— Хто ж у вашай сям’i галоўны?

Мiхаiл Сцяпанавiч (усмiхаючыся):

— А хто больш гаворыць, той i галоўны.

Соф’я Рыгораўна:

— Дык калi трымаць гаспадарку i не руляваць ёю, усё загiне. Я i рулявала, i рашэннi прымала.

— Калi адзiн рулюе, а другi падпарадкоўваецца, атрымлiваецца ўстойлiвы шлюб. Цi была калi-небудзь спакуса разбегчыся?

— Нiколi... Яшчэ мая мама казала: «Давiся, дачушка, адным кавалкам, што б нi здарылася». Гэта цяпер усё проста: выйшла якая замуж, пажыла тры месяцы, не спадабалася — далей паляцела. У другi раз выйшла — зноў разышлiся. I па пяць, i па восем разоў сыходзяцца i разыходзяцца. I ў нас у сям’i не ўсё гладка было. Гора i слёз выпала больш, чым радасцi. Але каб гэта я прагнала свайго мужа ды ўзяла ў хату чужога?! Надта ж цярпець не магу, як у каго хахаль у хаце, а дзеткi плачуць. Лепей правалiцца... У нас з мужам трое дзяцей, шасцёра ўнукаў, праўнукi... Калi хто з iх шлюбам браўся, я заўсёды казала: дзецi, не iдзiце па двайной сцяжынцы, iдзiце па адной — па той, якую Бог даў. Не перайначвайце долю сваю, якой бы яна нi была.

— Дзецi i ўнукi выраслi — цяпер можна i аб сабе падумаць. Як вам сёння жывецца?

Соф’я Рыгораўна:

— У мяне ўвесь гэты каксагыз, усе гэтыя палiтыя крывёю i слязьмi гектары «загiнулi». Сем гадоў непасiльнай працы ў той час нiхто нiкуды не ўпiсаў, i я iх страцiла. Цяпер атрымлiваю пенсiю — без адной тысячы 300, дзядуля мой — 327. Яму таксама год з паловай не залiчылi ў стаж, не паверылi, што падлеткам працаваў. Да мiнулага года, пакуль сiлы былi, карову трымалi — мелi сваё малачко, смятанку, масла, тварог. Я гэту кароўку ад сэрца адрывала (Соф’я Рыгораўна выцiрае слёзы). Што яшчэ? Тэлевiзар вось нядаўна купiлi. Часта слухаю, як прэзiдэнт выступае, i малюся Богу, каб даў яму сiлы i здароўя...

Цяпер хочацца хату адрамантаваць, шпалеры новыя паклеiць. А яшчэ — тэлефон правесцi: з 91-га года стаiм з дзядулем на чарзе. I лiнiя тут ёсць. А тэлефона як не было, так i няма... Страшнавата без тэлефона — здароўе не тое, а раптам што здарыцца?

Соф’я Рыгораўна i Мiхаiл Сцяпанавiч праводзяць нас да машыны. Развiтваемся з iмi, як з блiзкiмi, дарагiмi людзьмi, усё жыццё якiх за некалькi гадзiн быццам «пракруцiлася» перад намi на кiнаплёнцы. Фотакарэспандэнт просiць нашых герояў пацалавацца, каб адлюстраваць гэты кранаючы момант iх жыцця. «А я ж нiколi не любiла цалавацца!» — прызнаецца Соф’я Рыгораўна. I ўсё ж для любiмай газеты робiць выключэнне... Пацалунак атрымлiваецца вельмi пяшчотным i сарамлiвым. Як у людзей, якiя даўно спасцiглi ўсе тайны адно аднаго, i ўсё ж у нейкай меры засталiся адно для аднаго неразгаданымi загадкамi...

Шчасця вам, Соф’я Рыгораўна i Мiхаiл Сцяпанавiч. Жывiце ў радасцi, жывiце ў спакоi. I шчодра дзялiцеся са сваiмi дзецьмi, унукамi i праўнукамi сакрэтамi мудрага доўгацярпення.

Наталля КАРПЕНКА.

Мiнскi раён.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Калі выйшлi з машыны, адразу заўважылi «жанiха» — чакаў, курыў, вiдавочна хваляваўся. Хоць выгляду стараўся не падаваць. Павiталiся, пайшлi ў хату
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика