21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Калi мы — беларусы

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Агляд пiсьмаў

...Да той прыдарожнай кавярнi кiламетраў за 30 ад Адэсы, мы пад’ехалi першымi. Навюткая чорная «Мазда» — следам.

Нам пашчасцiла — занялi асобны стол. I апошнi...

Кiроўцу «Мазды» нiчога не заставалася, як ехаць далей, альбо — падсесцi да нас. Што ён i зрабiў. Прычым, як здалося, з непрыхаванай радасцю.

— Вы з Беларусi? — ветла спытаў (хоць мог «здагадацца» — на нумарах «напiсана»). А я там вырас...

Пакуль чакалi афiцыянта, пакуль палуднавалi, быў час пагаварыць. Дакладней — паслухаць нашага «застольнiка» i даведацца, што бацькi яго пазнаёмiлiся падчас апошняй (дай Бог) вайны ў Германii, на прымусовых работах. Што бацька родам (быў, на жаль...) з Украiны. I высокi, шырокi ў касцях. Таму, лiтаральна (!), пух там з голаду i ўжо, лiчы, не ўставаў. Пакуль не сустрэў яе — беларусачку — маленькую i худзенькую. Ёй, жартавала, як птушцы — ежы не трэба. Таму ледзь не ўвесь свой паёк яна аддавала яму.

I бацька выжыў.

Пасля вызвалення ратавальнiцу сваю прывёз дамоў, ва Украiну. Пажанiлiся, Бог дзетак даў. Траiх — адно з-пад аднаго... А грошай не хапала. I садкоў не было. Таму большых забралi да сябе ўкраiнскiя баба з дзедам, а яго, маленькага, прывезлi ў Беларусь.

З таго, што запомнiлася (на ўсё жыццё!)... Дзед вострыць рыдлёўку: сама гэта жалезiна i яго пецярня — аднаго памеру. Потым — яны садзяць яблыньку. Ля самай вулiцы. I дзед прыгаворвае, што вось будзе нейкi чалавечак ехаць цi iсцi i нарве сабе яблыкаў, i пачастуецца. Цi ад дажджу схаваецца i адпачне. Карацей — яму, таму невядомаму чалавечку, вельмi добра будзе.

А яшчэ яны з дзедам бярозавы сок спускаюць i носяць у склеп. Каб потым усiх, хто будзе праходзiць па вулiцы, iм частаваць. Смаката была...

Як i ўсё, што ў дзяцiнстве еў. З дзедам, напрыклад (ён у дзве ручкi падаваў) на тарцы вялiкую бульбу дзёрлi, потым — клёцкi качалi. Альбо проста аддавалi бабулi, i яна ўжо рабiла бабку. Калi часта есцi яе (дзядуля казаў), то будзеш дужы, як мядзведзь. Таму гэтую страву малы называў медзвядзём i «заказваў» сабе пастаянна.

Дагэтуль помнiў пах «чорнага супу з печы» (з сушаных грыбоў) i мелодыю калыханкi пра коцю на плоце, якую спявалi па чарзе — то баба, то дзед.

Помнiў, як шкадавалi яго. Помнiў i як сварылiся: казалi: «Каб цябе качкi стапталi!», «Каб цябе камар убрыкнуў!». А мацерных слоў ён да школы не чуў. Наогул...

Тая (i досыць даўняя ўжо) сустрэча ў прыдарожнай кавярнi, узгадалася не выпадкова: спарадзiлi ўспамiн чытацкiя лiсты. I аб самым галоўным... Сп. Палейка з Бярозаўшчыны пiша, прынамсi: «Балiць душа за нашу родную мову. Памiрае яна, памiрае цiха i непрыкметна, як памiраюць дрэвы. А мова — гэта ж душа... Душа нашага беларускага народа. I не ратуе яе, лiчы, што нiхто: чынавенства, мусiць, баiцца, як бы чаго не выйшла (распачнi нешта казаць, яшчэ каго западозраць у сiмпатыях да апазiцыi), а простаму люду не да таго, яму абы чарка ды шкварка. Вось i маем тое, што маем: адну гадзiну ў тыдзень беларускай мовы i 6 гадзiн англiйскай, справаводства i шыльды на рускай, такое ж тэлебачанне, такое ж асяроддзе...

I ад «Звязды» я большага чакала, — працягвае Марыя Антонаўна, — чакала вялiкiх грунтоўных артыкулаў у абарону беларушчыны. Не дачакалася — так, зрэдчас, нешта невялiчкае...»

Але ж (давайце думаць разам! — Аўт.) цi ў памерах справа? Цi ў артыкулах? Мо, усё-такi ў вернасцi гэтай газеты (не гледзячы нi на што!) абранаму некалi шляху? Мове сваёй, краiне, яе i сваёй 90-гадовай гiсторыi?

А потым — не мне вам казаць: можна сто разоў на дзень некага заклiкаць працаваць, а можна проста пастаянна нешта рабiць. Ды так... Ад чаго болей толку?

Гэта, па-першае, а па-другое (i зноў жа, як мне здаецца. — Аўт.) нашых чытачоў, нашых падпiсчыкаў за беларушчыну агiтаваць не трэба. Сведчаннем таму — iх выбар (у тым лiку газеты), iх жыццёвая пазiцыя i iх лiсты.

«Наш Вiцебск, — пiша Янка Тышко (падпiсчык «Звязды» з паўвекавым (!) «стажам», — умее сустракаць i прымаць гасцей — i з далёку, i шмат, i на досыць высокiм узроўнi. Але ж пры гэтым, нiкому з прыезджых я не магу адказаць на такое простае, здавалася б, пытанне: «Чаму вы, беларусы, не шануеце сваё, роднае?» Ну чаму, насамрэч, новая гасцiнiца называецца «Лучёса»? Гэта лепш, гэта прыгажэй i разумней, чым «Лучоса»? (Наша ж рэчка. I прыпынак над ёю пiшацца праз «о» ). Чаму ў горадзе знiкаюць з шыльдаў прыгожыя словы «Пралеска», «Кумпячок», «Мiлавiца»? Чаму па-руску гучаць нашы навiны, прагноз надвор’я i не гучыць некалi такое прывычнае, такое прыгожае: «Гаворыць i паказвае Мiнск»...

I пры гэтым, — працягвае сп. Тышко, — мы спрачаемся, думаем, клапоцiмся аб тым, як палепшыць патрыятычнае выхаванне моладзi. Не выйдзе, панове! Не вырасцiм мы патрыётаў з хлопцаў i дзяўчат, якiя не будуць ведаць i ганарыцца сваёй мовай, сваёй мiнуўшчынай i культурай, не будуць помнiць iмя сваё».

Яшчэ адзiн наш чытач сп. Каротнiк з в. Вярэнькi Пастаўскага раёна свой лiст пачынае здалёк. Пiша: «Нарадзiўся я 65 гадоў назад. Бацька мой быў начальнiкам раённай канторы сувязi i разумнейшым за Сталiна. Для таго вайна была нечаканай, а бацька на пачатку 41-га вывез сваю сямейку ў вёску. Бо прыкiнуў, што пошта (а жылi мы над ёй, на другiм паверсе) знаходзiцца побач з вакзалам. Вакзал, калi пачнецца вайна, будуць бамбiць першым...

Так, мiж iншым, яно i выйшла. Але мы, дзякуючы бацьку, — уратавалiся.

У пяць гадоў я ўжо ведаў усе лiтары i чытаў. Дарэчы, газету «Звязда», бо менавiта ёй былi паклеены сцены ў нашай хаце. А потым... Пакiдала мяне па свеце: за свае 65 дзе я толькi не жыў! Чуў — не раз i ад многiх — што наша, родная, беларуская мова гэта не што iншае, як «испорченный русский язык». Што казаў у адказ? Казаў, што на пачатку 50-х мне давялося чытаць «Курс высшей педагогики» для ВНУ (у настаўнiцы захаваўся). Дык там было напiсана, што першыя школы на славянскiх землях пры манастырах адкрыў Уладзiмiр Манамах. Гадоў праз 40—50 яны з’явiлiся на Беларусi. I праз паўвека толькi дайшлi да зямель Маскоўскiх.

У 1517-м наш Скарына надрукаваў Бiблiю, у нас — i як грыбы пасля дажджу — сталi з’яўляцца друкарнi. Таму ў вайну 1654—57 гг., калi Полацк занялi маскавiты, кнiгi для iх былi дзiвам...

I зноў жа — першую кнiгу ў Маскве надрукаваў беларус. I Iван Федароў (не Фёдараў!) быў нашым — «друкарём», а не «печатником»!

Дарэчы, у беларускай мове з той старарускай, старацаркоўнай захавалася вельмi многае. Пачытайце пiсьмовыя дакументы ХV—ХVII ст., цi (гэта «блiжэй») з «Поля цудаў» (i толькi адзiн прыклад): як у старажытнай Русi называўся памежны збор? Мыт (а не пошлина), адкуль — мытня...

У 1618-м у Вiльнi (яна была Мекай для беларускiх асветнiкаў, друкароў, вучоных) выйшла «Граматыка» Сматрыцкага. 150 гадоў па ёй вучылiся ў Масковii. Нават Ламаносаў стаў Ламаносавым таму, што зайшоў у навуку цераз «врата своей учености», якiя пабудавалi Сматрыцкi i Магнiцкi...

А наогул — у 1966 годзе я быў на практыцы ў Калiнiнскай вобласцi, вёрст за 25 ад вытокаў Волгi. Мова мясцовых жыхароў там амаль не адрознiвалася ад мовы на маёй Талачыншчыне. Так што няма «деревенских, мужицких, испорченных» моў. Ёсць мужыцкае (у горшым сэнсе гэтага слова) выхаванне. Я, дзе б нi жыў, дзе б нi быў, пагарду да беларускай — адчуваў толькi з боку... сваiх, «рускоговорящих», якiя пры гэтым лiчылi сябе людзьмi культурнымi i адукаванымi...

Дарэчы, пытанне для тых, хто не проста аддае перавагу рускай мове, а i лiчыць сябе «знатоком» яе. Iм, зразумела ж, не трэба нагадваць, каму належаць радкi:

Мой дядя самых честных правил,

Когда не в шутку занемог,

Он уважать себя заставил...

Дык вось: што — канкрэтна — аўтар сказаў гэтай фразай?

Для таго, хто адкажа першым, гатовы ў якасцi прэмii ахвяраваць лiтр экалагiчна чыстага мёду. Але на самай справе, мяне ўласна, болей цiкавiць, колькi чалавек (напрыклад, са ста нашых «знатоков») ведаюць адказ на гэта пытанне?».

Цалкам падзяляючы гэтую цiкавасць, працытуем яшчэ некалькi лiстоў: «Падпiсчык «Звязды» я даўнi, — паведамляе пра сябе сп. Маргелава з Капыльшчыны. — Некалi першае, што шукала ў газеце, артыкулы Сяргея Шаўцова, Алены Ляўковiч... Даспадобы была, так бы мовiць, «ёмiстасць» iх слоў, iх думак. Не ў крыўду, але зараз, як мне здаецца, у рэдакцыях больш тых, хто проста дае iнфармацыю, i яны — аўтар i гэта iнфармацыя — як бы не звязаны...

Радыёжурналiсты нядаўна ўразiлi. Прывыкла я слухаць iх, некаторых — нават палюбiла, бо па-беларуску ж гавораць i хораша так... А тут — нейкае iнтэрв’ю з iмi. I чую — па-руску пытанне (да iх), па-руску (?) адказ. Я нават работу кiнула: сяджу, слухаю. Думаю: няўжо радыё, пэўныя перадачы — гэта для iх проста праца, гэта — грошы, а жыццё — гэта недзе асобна?».

Цяжка адказваць за iншых (а тым больш за ўсю нацыю), але (i зноў жа, як мне здаецца. — Аўт.) гэта ў крывi ў тутэйшых — рабiць так, каб iншаму было лепей (кшталту, пытаюцца па-руску, мы так i адказваем...). А яшчэ — мы не любiм прыцягваць увагу. Не памылюся, вiдаць, калi скажу, што чалавек, якi сёння ў Мiнску, у iншых гарадах (i ўжо нават вёсках!), гаворыць па-беларуску, «разглядаецца», як нейкi прышэлец, як iншаземец.

Але... «Мы зараз ездзiм паўсюль, — працягвае тэму бабруйчанiн Сiдарэнка. — То спытайце ў падарожнiкаў, цi бачылi яны дзе за межамi назвы крам, рэстаранаў, гасцiнiц на нашай мове. Не! Няма iх, бо ў тых краiнах, куды мы ездзiм, ёсць свае мовы. Iх паважаюць, iмi карыстаюцца. Мы ж сваю, як нi круцi, не карыстаючыся, не ўжываючы ў паўсядзённым жыццi, зневажаем, нават абражаем. Горш за тое, кажам, што яна, маўляў, недасканалая. А справа ж тут зусiм не ў ёй, а ў нас. Мы проста не ведаем яе i ведаць не хочам. Мы — у бальшынi сваёй — абыякавыя. Прывыклi «не высоўвацца», прывыклi гаварыць па-руску, бо ў нас — «так павялося».

Думаю, што гэта не вiна людзей, а бяда. Трэба адумацца, трэба самiм i ўсюды гаварыць па-беларуску, i тым самым даваць прыклад дзецям, перадаваць мову з малаком мацi, з казкамi бабуль. Мова — гэта тое, што адрознiвала i павiнна адрознiваць адзiн народ ад другога. Гэтым мы цiкавыя для iншых...»

Для таго, каб давесцi свае думкi да самых шырокiх колаў, сп. Сiдарэнка прапануе стварыць гiмн роднай мове. I нават прапануе верш з радкамi: «Родная мова, матчына мова, цябе ведаць кожнаму абавязкова!». Просiць надрукаваць яго, пашукаць кампазiтара, якi стварыў бы музыку. I тады...

Цалкам згодны: мова наша — i прыгожая, i шматпакутная — заслугоўвае самых хвалебных песень. Таму iдэя сп. Сiдарэнкi, напэўна ж падтрымаецца нашымi чытачамi, сярод якiх, ведаем, багата i паэтаў i кампазiтараў.

Што добра б рабiць яшчэ? Адказы зноў жа «з канвертаў». Сп. Казлоўская з Мiнска з вельмi сцiплай пенсii пастаянна купляе нешта з новых беларускiх кнiг i ў мэтах прапаганды «пускае iх па руках»... Сп. Гаўрыш з Пастаўшчыны на беларускай мове запаўняе пуцявыя лiсты... Сп. Торап з Калiнкавiччыны забрала дамоў спiсаныя ў макулатуру старыя беларускiя часопiсы, сп. Кусянкова з Рагачоўшчыны, як мiнiмум на пяць чалавек павялiчыла колькасць падпiсчыкаў на беларускамоўную «Звязду»... З любоўю да ўсяго свайго ў садкi i школы штодзень iдуць тысячы выхавальнiкаў i настаўнiкаў. Спяваюцца беларускiя песнi, чытаюцца беларускiя кнiгi, не так шырока, як хацелася б, але гучыць наша мова i нават будзе!

Не веру я, што некалi мы згiнем,

Як беларусы — нацыя, народ,

Што родны край заселiцца другiмi,

Даўным-даўно забыўшымi свой род.

Што будзе занядбанай мова наша,

Якую бераглi бацькi-дзяды,

Што знiкнуць словы «бульба», «жыта», «паша»...

Пазбегнем, браткi, гэтакай бяды!

Мо i спасцiгнуць злыя перамены,

Ды продкаў дух — у сэрцах не зачах:

Нашчадкам аддадзiм мы нашы гены —

Яны прадоўжаць беларускi шлях!

У гэтым проста ўпэўнены даўнi падпiсчык «Звязды» i аўтар Мiкола Тонкавiч з Мiнска.

Завяршыць жа гэты агляд хацелася б тым, з чаго пачала. Той наш сусед па столiку ў прыдарожнай кавярнi пры развiтаннi гаварыў, што ўсiм самым святым, самым лепшым у жыццi абавязаны Беларусi i дзеду... Менавiта ад яго, ад той яблынькi, казаў, працавiтасць i спагада, увага да iншых, якiя дазволiлi зрабiць кар’еру. Менавiта ад яго павага i ўвага да жанчыны, якiя паспрыялi стварыць цудоўную сям’ю, выгадаваць траiх прыгожых дзяцей... I цяпер — ужо ад унукаў пачуць: «Дзед, давай калыханку «Спяць машыны ў гаражы...»

Словы той, старой, «пра коцю на плоце» ў памяцi нашага знаёмца, на жаль, не захавалiся. Таму нашчадкi яго, за сотнi вёрст ад Беларусi, засынаюць пад новую i нашу. Што, згадзiцеся, цалкам лагiчна, калi дзядуля (нягледзячы нi на што!) па душы i па пашпарце — беларус.

Валянцiна ДОЎНАР.

АД ЯЕ Ж, на роздум, як продкi казалi... Адзiн з герояў Быкава гаворыць, што патрыёт — гэта той, хто любiць усё сваё, а нацыяналiст — ненавiдзiць усё чужое.

Дык хто ж тады мы?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Да той прыдарожнай кавярнi кiламетраў за 30 ад Адэсы, мы пад’ехалi першымi. Навюткая чорная «Мазда» — следам. Нам пашчасцiла — занялi асобны стол.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика