Гора-бацькоў прымушаюць плацiць за кiнутых дзяцей
Iлона IВАНОВА
Дзецi i грошы Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства адукацыi, у Беларусi больш за 30 тысяч дзяцей-сiрот, у тым лiку i сiрот сацыяльных. Iх утрыманне абыходзiцца дзяржаве нятанна, i таму фiнансавы цяжар павiнны ўзяць на сябе i бацькi, якiя нарадзiлi дзiця, але кiнулi яго. Каб ведалi, што пазбаўленне бацькоўскiх правоў ударыць калi ўжо не па сумленню, дык па кiшэнi дакладна.Сiстэма спагнання грошай з гора-бацькоў iснавала i раней, але яна была даволi недасканалая. Спачатку з iх спаганялi сродкi ў памеры максiмум двух мiнiмальных заробкаў. Потым у Кодэксе аб шлюбе i сям’i з’вiўся артыкул, якi прадугледзеў поўную кампенсацыю выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне i выхаванне дзяцей, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных установах. Аднак i тут узнiкалi розныя цяжкасцi: у прыватнасцi, з вышукам бацькоў, якiя часта не маюць пастаяннага месца жыхарства. I толькi з прыняццем Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей уняўдалых сем’ях», якi ўступiў у сiлу з 1 студзеня гэтага года, з’явiлася сiстэма ўздзеяння на праблемных бацькоў, у тым лiку i ў сэнсе кампенсацыi выдаткаў на ўтрыманне кiнутых iмi дзяцей. — Галоўная мэта — гэта абарона правоў дзяцей з праблемных сем’яў i павышэнне адказнасцi бацькоў, якiя не выконваюць абавязкi па выхаванню сваiх дзяцей, — тлумачыць намеснiк старшынi Магiлёўскага абласнога суда Святлана Стальмахова. Плацiць штомесяц Сродкi з бацькоў спаганяюцца ў судовым парадку. Паводле звестак Магiлёўскага абласнога суда, такiх спраў у рэгiёне за 4 месяцы гэтага года разгледжана больш за 400. Грошы з бацькоў бяруцца паводле спецыяльнай iнструкцыi. Сума залежыць ад узросту i пола дзiцяцi. У ёй улiчана ўсё: харчаванне, адзенне i бялiзна, навучанне, культурныя мерапрыемствы i г.д. Увогуле лiчбы вагаюцца ад 95 800 рублёў за ўтрыманне дзiцяцi ад 3 да 6 гадоў да 256 150 рублёў — за дзяўчыну, якая атрымлiвае адукацыю, у тым лiку i вышэйшую, у дзяржаўнай навучальнай установе. — Ёсць выпадкi, калi людзi кампенсуюць выдаткi добраахвотна, — каментуе Святлана Стальмахова. — Але цяпер з гора-бацькоў удаецца спагнаць толькi 20 працэнтаў сродкаў, затрачаных дзяржавай на выхаванне iх дзяцей. Гэта пакуль, канешне, мала. Але такiя ж даныя па рэспублiцы: паводле даследаванняў, толькi з 17 працэнтамi бацькоў, якiя праходзяць праз нашы суды, можна працаваць i ёсць надзея на iх выпраўленне, вяртанне да нармальнага жыцця. З астатнiмi, якiх большая частка, — на жаль, не атрымлiваецца. Працу дадуць Для таго каб плацiць кампенсацыю, неабходна мець заробак. Суд, калi бацькi не працуюць, выносiць таксама пастанову аб працаўладкаваннi. З пачатку года iх вынесена судамi Магiлёўскай вобласцi прыкладна з паўтысячы, i больш за тры сотнi чалавек працаўладкавана. Цяпер ёсць пералiк устаноў i арганiзацый, якiя абавязаны прымаць такiх бацькоў. Прычым звольнiць такога працаўнiка можна толькi ў выключных выпадках, калi ўсе меры ўздзеяння i выхавання вычарпаны. — А некаторых даводзiцца накiроўваць не на працу, а ў ЛПП на лячэнне ад алкагалiзму, — гаворыць Святлана Iванаўна. — Многiя адразу кiдаюць працу, якую iм даюць. Працуюць толькi, пакуль мiлiцыянеры стаяць над iмi. Што ж, цяжкасцяў зашмат, але праца iдзе. Для тых, хто не хоча працаваць i плацiць за сваiх кiнутых дзяцей, прадугледжана крымiнальная адказнасць: выпраўленчыя работы альбо абмежаванне волi. I такiя выпадкi ў Магiлёўскай вобласцi ўжо ёсць. — Я мяркую, што ўся гэта праца палепшыць сiтуацыю, — адзначае Святлана Стальмахова. — Усё ж такi грошы спаганяюцца. I вялiкая заслуга ў гэтым нашых судовых выканаўцаў: я б асобна адзначыла Магiлёўскi i Кiраўскi сельскiя раёны. Многiя з выканаўцаў самi клапоцяцца аб працаўладкаваннi гора-бацькоў. Едуць у гаспадаркi, просяць кiраўнiкоў узяць на працу. Працуюць мiлiцыя i службы занятасцi. Усе зацiкаўлены ў тым, каб гэтыя судовыя рашэннi выконвалiся. Абыякавыя да лёсу сваiх дзяцей Справы аб кампенсацыi выдаткаў дзяржаве на ўтрыманне дзяцей у асноўным аднатыповыя: нарадзiлi дзяцей, не займалiся iх выхаваннем, кiнулi. Людзей пазбаўлялi бацькоўскiх правоў, а iх няшчасных дзяцей забiралi ў дзяржаўныя iнтэрнатныя ўстановы. А цяпер гора-бацькоў знаходзяць, прымушаюць плацiць, але, на жаль, многiм абсалютна абыякавы лёс iх дзяцей. Мiлiцыянеры вышукваюць iх у падвалах, пра сваiх дзяцей яны нават думаць забылiся. Многiя ж кiдалi малых яшчэ ў радзiльным доме. Гэтыя гора-бацькi ў асноўным маюць такi страшэнны выгляд, што перад медыцынскiм аглядам iх трэба не толькi добра памыць, але яшчэ i два тыднi ўтрымлiваць, каб не ўжывалi алкаголь. У мiлiцыi нават з’явiлiся для гэтых мэтаў спецыяльныя сацыяльныя пакоi. У судовых пасяджэннях дзецi, якiх кiнулi бацькi, не бяруць удзел. А самi бацькi, расказваюць суддзi, у асноўным паводзяць сябе раўнадушна — нiбыта не разумеюць, што ад iх хочуць i навошта ўсё гэта. — Але цяпер яны хоць бы ведаюць, што дзяцей, якiх яны народзяць, не могуць кiнуць проста так, а павiнны iх утрымлiваць, — мяркуе Святлана Iванаўна. — Можа, яны яшчэ падумаюць пра сваю адказнасць перад дзецьмi — што iх трэба выхоўваць, а не кiдаць. I вынiкi абавязкова будуць. Адзiн мужчына, у якога памерла жонка, калiсьцi адмовiўся ад сваiх дзяцей i пакiнуў iх на выхаванне бабулi. А цяпер даводзiцца плацiць за iх, i ён сказаў на судзе, што калi б загадзя ведаў пра такую сiтуацыю, сам бы выхоўваў дзяцей. Адказваць па справядлiвасцi Сёлета ў абласным судзе былi абскарджаны толькi дзве справы аб спагнаннi з бацькоў грошай на ўтрыманне iх дзяцей у дзяржаўных установах. Адна з iх — даволi павучальная, калi бацьку па суду прымусiлi заплацiць за ўтрыманне i навучанне дачкi-студэнткi. Мацi 23-гадовай дзяўчыны — iнвалiд, а бацька даўно пазбаўлены сваiх бацькоўскiх правоў. У суд з iскам аб кампенсацыi сродкаў звярнулася навучальная ўстанова. I мужчына, якому трэба было заплацiць прыстойную суму грошай адразу i працягваць выплаты штомесяц, не пагадзiўся. Ён лiчыў, што дачка даволi дарослая, i можа паклапацiцца аб сабе сама. Аднак, паводле закона, калi да 23 гадоў маладыя людзi, якiя засталiся без апекi бацькоў, паступаюць у навучальныя ўстановы i атрымлiваюць адукацыю, то бацькi павiнны кампенсаваць выдаткi да канца iх вучобы. Дарэчы, збегчы ад адказнасцi пасля судовага рашэння не ўдасца: у пашпарт ставiцца спецыяльны штамп, якi сведчыць, што гэты грамадзянiн абавязаны кампенсаваць выдаткi на ўтрыманне дзяцей. — Сiтуацыя справядлiвая, — робiць выснову Святлана Стальмахова. — Чаму нехта павiнен клапацiцца пра сваiх дзяцей, а нехта кiдае iх на плечы дзяржавы? Канешне, адказнасць павiнна быць роўная. Усiм бацькам трэба думаць, як яны будуць выхоўваць i ўтрымлiваць сваiх дзяцей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства адукацыi, у Беларусi больш за 30 тысяч дзяцей-сiрот, у тым лiку i сiрот сацыяльных. Iх утрыманне абыходзiцца дзяржаве
|
|