Сейбiты з дыпламатычным iмунiтэтам
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Край адкрытых душ i дзвярэй У СВК «Перашамайскi i К» «прыпахалi» паслоў Венесуэлы, В’етнама, Кубы i СербiiВось ужо сапраўды, лепшы адпачынак — змена занятку. А калi праявiць кемлiвасць, успомнiць свае каранi, нашы, беларускiя, традыцыi, то нават цяжкая сялянская праца можа стаць не проста прыемным адпачынкам, але i сапраўдным святам. Прычым мiжнароднага маштабу. У гэтым я на свае вочы пераканаўся, наведаўшы днямi сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Першамайскi i К» Смалявiцкага раёна, дзе праходзiла мiжнародная сяўба «Свята першай баразны»... Кiраўнiк СВК Сяргей Лучанок — не проста дбайны i разумны гаспадар, але i неардынарная асоба. Атрымаўшы «ў спадчыну» тыпова занядбаны калгас, ён за адносна кароткi тэрмiн вывеў яго ў лiк лепшых у краiне. Iншы на яго месцы радаваўся б поспехам i змагаўся далей за ўраджай i надоi. Балазе i гэта патрабуе шмат клопату. Але Сяргей Лучанок вырашыў ускiнуць на свае плечы яшчэ цэлы воз праблем i стварыў на базе гаспадаркi аграэкатурыстычны комплекс «Выгада». Назва, дарэчы вельмi дакладна адлюстроўвае сутнасць iдэi, заснаванай на канцэпцыi развiцця вёскi ў гармонii з прыродай. Бо наведванне «Выгоды» прыносiць карысць як самiм адпачываючым, так i напаўняе бюджэт гаспадаркi. А яшчэ СВК «Першамайскi i К» дае магчымасць сваiм гасцям, у тым лiку i замежнiкам, не проста зазiрнуць у беларускую мiнуўшчыну, дакрануцца да яе рукамi, але стаць на некалькi хвiлiн сапраўдным селянiнам. Напрыклад, паслы чатырох краiн: Венесуэлы, В’етнама, Кубы i Сербii, якiя прынялi ўдзел у «Свяце першай баразны», самi хадзiлi за плугам i засеялi ў «Першамайскiм i К» цэлае поле дружбы». Прычым, нягледзячы на адсутнасць беларускiх каранёў, кожны дыпламат прадэманстраваў выдатныя здольнасцi да цяжкай i няпростай працы беларускага селянiна. Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Кубы Амар Медына Кiнтэра праклаў сваю баразну так, як быццам усё жыццё шчыраваў на беларускай нiве. Яго калегi, Амерыко Дыяс Нуньес, Ву Суан Нiнь, Срэчка Джукiч, паслы Венесуэлы, Вьетнама i Сербii, толькi паспявалi кiдаць у зямлю зерне. Папрацаваўшы да поту, амбасадары i iншыя ўдзельнiкi свята, вядома ж, i паелi ў ахвоту. Прычым зноў жа традыцыйную беларускую яешню смажылi самi. Стараннасць i працавiтасць паслоў не пакiнулi па-за ўвагай кiраўнiкi гаспадаркi. Кожны з дыпламатаў атрымаў граматы. А кубiнскi пасол, якi ўжо другi раз прымаў удзел у свяце i, больш за сваiх калег пралiў поту на полi СВК «Першамайскi i К», стаў ганаровым калгаснiкам. Дарэчы, каб адчуць сябе беларускiм селянiнам, у гэтай гаспадарцы неабавязкова быць дыпламатам. Аграэкатурыстычны аб’ект гатовы прыняць усiх ахвочых да такога адпачынку. Усяго за 7 тысяч рублёў можна ўласнаручна пракласцi баразну, за 5 тысяч 300 рублёў адчуць сябе касцом, а за 8 тысяч рублёў прадастаўляецца магчымасць папрацаваць пчаляром. Ёсць таксама i мноства iншых спосабаў цiкава i карысна правесцi час у гэтай гаспадарцы. Словам, як адзначыў кiраўнiк СВК Сяргей Лучанок, прыязджайце, працы хопiць усiм.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У СВК «Перашамайскi i К» «прыпахалi» паслоў Венесуэлы, В’етнама, Кубы i Сербii
|
|