«На цэмент зараз павялiчаны попыт»
Сяргей РАСОЛЬКА
Гарачая тэма Даручэнне кiраўнiка дзяржавы разабрацца з рэалiзацыяй на ўнутраным рынку прадукцыi цэментных заводаў, дадзенае iм 14 мая, i скаргу фактычна па той жа тэме нашага даўняга падпiсчыка мiнскага пенсiянера Пятра Андрэевiча НАВУМЕНКАВА (што пражывае па вулiцы Калiноўскага), якая прагучала па рэдакцыйным тэлефоне «гарачай лiнii» 15 мая, асабiста я схiльны лiчыць не больш чым супадзеннем. Зазначыў гэта таму, што ў афiцыйных структурах, куды давялося звяртацца ў пошуках адказу на запыт чытача, рэакцыя была крыху раздражнёнай, маўляў, нiякiх асаблiвых праблем няма, цэмент у гандаль паступае. Мiж тым тыя, у каго запланаваны нейкiя будаўнiчыя цi рамонтныя работы i хто ўжо сутыкнуўся з неабходнасцю закупкi патрэбных матэрыялаў, ведаюць: апошнiм часам набыць той жа цэмент не так проста.За прыкладамi далёка хадзiць не трэба: аўтар гэтых радкоў лiтаральна ў панядзелак патэлефанаваў сябру ў Заслаўе з просьбай набыць два мяхi цэменту па 50 кiлаграмаў кожны i «закiнуць» iх да мацi ў Чэрвеньскi раён. На месцы набыць патрэбнае не атрымалася (калi не лiчыць аднаго меха, купленага яшчэ зiмой). Паводле слоў работнiкаў гандлю, цэмент лiтаральна «размятаюць». Калi раней людзi бралi па 100—150 кiлаграмаў, дык цяпер адзiн пакупнiк можа адразу забраць дзве-тры тоны — усё, што завезлi. Не дапамагае нават папярэднi запiс, людзi ў чарзе сварацца. Яно i зразумела: пасля прыняцця нядаўна дакументаў многiя кiнулiся распачынаць цi працягваць будаўнiцтва на зямельных участках, каб iх не забралi. Попыт, такiм чынам, iмклiва павялiчыўся. Але вернемся да скаргi чытача. Ён — гарадскi жыхар, цэнтнер цэменту яму не патрэбны, для хатнiх работ раз-пораз патрабуецца ўсяго 2—3 кiлаграмы. У аддзеле гандлю нехарчовымi таварамi Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мiнгарвыканкама нас запэўнiлi, што цэмент у гандлi бывае, хоць яго наяўнасць залежыць ад адгрузак вытворцаў. — Трэба ведаць, якая марка, фасоўка (а яна можа быць ад 2—3 да 5—10 кiлаграмаў i больш) патрэбна вашаму заяўнiку, — патлумачылi нам. — Напрыклад, цэмент памянёнай фасоўкi сёння ёсць на базе «Гасгандлю» на Платонава, у магазiне «Рамонак». У другой палове дня прыбудзе вагон з цэментам у згаданы чытачом магазiн на Казiнца. Дайце яму наш нумар, няхай тэлефануе, i мы больш дакладна паведамiм, дзе на гэты час ёсць тое, што ён шукае. Паўтараем, цэмент у Мiнску ёсць штодня. А тое, што вы расказваеце наконт пакупнiкоў, якiя зараз набываюць па 2—3 тоны цэменту, дык гэта немагчыма. Прынамсi, сама чарга абмяжуе — не больш за тону ў «адны рукi». У Мiнiстэрстве гандлю, на жаль, па пэўных прычынах атрымаць аператыўна каментарый наконт рэалiзацыi (попыту i задавальнення) насельнiцтву цэменту не атрымалася. Нам толькi зазначылi, што пытанне прапрацоўваецца сумесна з Мiнiстэрствам архiтэктуры i будаўнiцтва. А што наконт сельскай мясцовасцi? Калi ў горадзе чалавек мае шанцы знайсцi патрэбнае калi не ў адным гандлёвай кропце, дык у другой, то ў вёсцы такога выбару часцяком зусiм няма. У многiх населеных пунктах забеспячэнне вядзецца па папярэдняй заяўцы пакупнiка. — Так, такая форма абслугоўвання ў дачыненнi ў тым лiку i да цэменту дзейнiчае i зараз, — патлумачылi нам у аддзеле нехарчовых тавараў упраўлення гандлю Белкаапсаюза. — Выкананне заявак вядзецца па «жывой» чарзе пасля паступлення яго ў раённыя спажывецкiя таварыствы, звычайна аднаму пакупнiку адпускаецца да адной тоны. Але... У Белкаапсаюзе прызнаюць, што попыт на цэмент за апошнi час павялiчыўся прыкладна ў два разы. Мiж тым у лiстападзе мiнулага года на ўвесь гэты год былi выдзелены рэсурсы ў 74 тысячы тон (а ўсяго — 200 тысяч тон), чаго зараз яўна недастаткова. — З гэтым пытаннем мы звярнулiся ў Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва, Савет Мiнiстраў, нашы прадстаўнiкi рэгулярна бываюць на прадпрыемствах, спрабуючы павялiчыць пастаўкi цэменту. Але пакуль яго не хапае... Каментарый прадстаўнiка Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва — У краiне вытворчасцю цэменту займаюцца тры заводы, якiя знаходзяцца ў падпарадкаваннi нашага мiнiстэрства: «Краснасельскбудматэрыялы», «Крычаўцэментнашыфер» i Беларускi цэментны завод у Касцюковiчах. Iх агульная гадавая магутнасць складае 3 млн 700 тыс. тон цэменту. Варта заўважыць, што яшчэ некалькi гадоў таму патрэбнасцi ўнутранага рынку краiны складалi 5 млн тон цэменту. Звязана гэта з павелiчэннем аб’ёмаў будаўнiцтва, вытворчасцi тых цi iншых будаўнiчых матэрыялаў. Напрыклад, толькi ў Мiнску знаходзiцца шэраг прадпрыемстваў па вытворчасцi жалезабетонных вырабаў. Таму практычна ўся прадукцыя цэментных заводаў iдзе на ўнутраны рынак, прынамсi, сёлета аб’ём экспарту ў iх меншы, чым быў летась. Раней пэўная частка цэменту, як правiла, спецыяльных вiдаў, у краiну iмпартавалася. Сёлета аблвыканкамы павiнны былi ўлiчыць заяўкi ўсiх такiх арганiзацый, што маюць патрэбу ў згаданай прадукцыi. Пераважна яна была ўкраiнскай вытворчасцi. Усё, што запланавана на гэты год рэалiзаваць праз сiстэмы Мiнiстэрства гандлю i Белкаапсаюза (а гэта ў суме 200 тысяч тон), будзе цэментнымi заводамi адгружана. Прызначана гэта прадукцыя як для прадпрыемстваў, так i для насельнiцтва. Так, павышаны попыт апошняга крыху паўплываў на сiтуацыю з будматэрыялам: напярэдаднi летняга сезона вядуцца актыўныя закупкi цэменту. Якiм чынам задаволiць гэтыя ўзросшыя патрэбы ў тым лiку i грамадзян, зараз актыўна вырашаецца. P.S. Калi матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, зноў патэлефанаваў Пётр Андрэевiч Навуменкаў. За мiнулыя некалькi гадзiн, дзякуючы нашай падказцы, чытач паспеў з’ездзiць на Платонава, дзе i набыў патрэбнае — два 2-кiлаграмовыя пакеты цэменту «Портланд-500-20 Д» па 1290 рублёў. Адзiнае, што крышачку засмуцiла Пятра Андрэевiча, гэта быў цэмент вытворчасцi Расii, расфасаваны ў Вiцебску.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даручэнне кiраўнiка дзяржавы разабрацца з рэалiзацыяй на ўнутраным рынку прадукцыi цэментных заводаў, дадзенае iм 14 мая, i скаргу фактычна па той жа
|
|