21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Добрыя людзi

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адам ГЛОБУС

Нататкі мастака

КЛIМКОВIЧ I КВIТКI Ў КIНО

Маё дзяцiнства праходзiла пад зоркамi кiно. Маё пакаленне праводзiла 66,6 адсотка свайго вольнага часу ў кiнатэатрах. Мы стаялi ў вялiзных чэргах па квiткi, мы глядзелi любiмыя фiльмы па дзесяць разоў, мы аздаблялi свае гутаркi рэплiкамi кiнагерояў, мы жылi ў кiнаказках пра Фантамаса i Фрэдзi, якi бiў першы, Чынгачгука i Лiманаднага Джо, якi замест вiскi п’е лiманад. Адна з самых доўгiх чэргаў, якую я выстаяў па кiнаквiткi, была чарга на фiльм «Тры таўстуны», зроблены па рэвалюцыйнаму раману Юрыя Алешы. Напэўна, нам бы не хапiла квiткоў, бо нахабныя i старэйшыя школьнiкi старалiся ўлезцi без чаргi. Але з намi стаяла Мая Клiмковiч — мацi майго аднакласнiка Максiма. Дзякуючы ёй, мы пабачылi i гiмнаста Тыбула, i ляльку Суок, каваля-збройнiка Праспэра i старога блазна Брызака з доктарам Гаспарам. Сваю павагу да Маi Клiмковiч я захаваў надоўга дзякуючы менавiта тым цёмна-блакiтным маленькiм кiнаквiткам.

Калi праз трыццаць пяць гадоў я пахвалiўся, што маю запрашальнiк на кiнафестываль, а Максiм Клiмковiч папрасiў падарыць яму той запрашальны квiток, згадалiся Мая, чарга, «Тры таўстуны», i я з лёгкiм сэрцам квiток аддаў.

ПЛАНТ I КАНIБАЛЫ

У часопiсе «Хiмiя i жыццё» надрукавалi маленечкую нататку пра паўночнаамерыканскага даследчыка Фiла Планта, якi шмат гадоў даследаваў канiбалiзм. Ён наведаў сотнi месцаў, дзе, згодна з апiсаннямi, вялiся людажэры. I нi ў адным з тых страшных месцаў Плант не знайшоў нават слядоў рэальнага канiбалiзму, адно легенды i паданнi. Але, як той казаў, калi зоркi запальваюцца, значыцца, гэта некаму патрэбна. Каму i калi? Фiл Плант знайшоў адказ на пытаннi. Шукаючы канiбала, Плант адшукаў замоўцу i стваральнiка гэтага жудаснага вобраза. Захопнiк з памагатымi стварыў канiбала дзеля апраўдання сваiх каланiяльных войнаў. Захопнiк казаў сваiм вайскоўцам, што на землях, якiя трэба заваёўваць, жывуць людажэры, якiх трэба знiшчыць дарэшты. Салдаты iшлi ў бой з вераю ў патрэбнасць i неабходнасць самых жорсткiх дзеянняў. Яны верылi, што нясуць культуру i вызваляюць свет ад пачвараў. Публiкацыя работы Фiла Планта прайшла амаль незаўважна. Верыць у канiбалаў больш выгодна, чымсьцi не верыць у iх; тым больш што прапагандысцкiя машыны iмперыяў вельмi магутныя. Пачынаючы ад рамана пра Робiнсана Круза i сканчаючы сучаснымi публiкацыямi, усе апiсаныя канiбалы паходзiлi з народаў, захопленых каланiялiстамi. Так, у часопiсе «Змена» апiсвалiся татары, якiя пiлi гарэлку i закусвалi чалавечынай, а ў часопiсе «Огонёк» шматкроць падкрэслiвалася, што растоўскi маньяк Чакацiла захапляецца вершамi Тараса Шаўчэнкi i нарадзiўся ва Украiне, дзе падчас голаду людзi елi людзей. Канешне, можна не звяртаць увагi на пралiкi журналiстаў, калi сам Мiшэль Мантэнь, спасылаючыся на старажытных мысляроў, пiша наступнае: «Хрысiп i Зянон, заснавальнiкi стаiчнай школы, меркавалi, што няма нiчога кепскага ў тым, каб любым спосабам выкарыстоўваць нашыя трупы, калi ў гэтым ёсць неабходнасць, i нават харчавацца iмi; менавiта так i рабiлi нашы прашчуры, якiя падчас аблогi горада Алезii вырашылi змякчыць голад, выклiканы гэтай аблогаю, i выкарысталi ў якасцi харчоў целы старых, жанчын i ўсiх, хто не здатны насiць зброю». На такiх i да iх падобных перакананнях пачала выбудоўвацца вялiкая французская iмперыя. На падобных мiфалагемах будаваўся i нацысцкi рэйх. Салдаты вермахта не сумнявалiся, што ў абложным Ленiнградзе змораныя голадам людааблiчныя пачвары жаруць чалавечае мяса... Жыццяздольнасць мiфаў i казак пра сiнебародых людаедаў нiхто не адменiць, дый i не варта гэтым займацца, iншая рэч, трэба быць удзячным Фiлу Планту, якi не толькi ўбачыў сувязь памiж канiбалiзмам i каланiяльнымi войнамi, але i пераканаўча абгрунтаваў свае назiранне.

ЛЕЙТМАН I ЛЮДАЖЭРСТВА

Фрына Лейтман перажыла блакаду ў Ленiнградзе. Фрына Львоўна вучылася ў Акадэмii мастацтваў у час вайны. З тых часоў яна страшэнна баялася холаду i проймаў. Перад тым, як зайсцi ў аўдыторыю, дзе яна чытала нам лекцыi па гiсторыi мастацтваў, Лейтман прасiла праверыць, цi добра зачынены вокны. Часам i я правяраў тыя вокны з фортачкамi. Запэўнiўшы Фрыну ў поўнай адсутнасцi скавышоў i скразнякоў, я меў права задаць ёй пытанне. Удзячнасць за ўдзячнасць. I аднаго разу я наважыўся i спытаў: «Цi елi людзей людзi ў блакадным Пiцеры?» Фрына Львоўна Лейтман скуксiлася. Яна вельмi артыстычна куксiла свой блакiтна-белы тварык з бэзавымi вуснамi. «Не! Хто вам такое глупства сказаў? Хiба людзi ядуць людзей? Так, мы галадалi. Мы хадзiлi па акадэмii, як ценi. I ў нас на Новы год здарыўся жудасны выпадак. Адзiн студэнт з жывапiснага аддзялення выпiў тэхнiчны алей. Такi алей налiвалi ў металiчныя слоiкi. Апускалi ў яго кнот. Запальвалi. Гэта ў нас было замест свечак. Мы сядзелi за сталом, а потым пайшлi танцаваць, а наш прыгожы студэнт выпiў машынны алей. Выпiў i памёр. Я не ведаю, што ў той алей дадавалi, але ён адразу памёр. Уся акадэмiя гаравала. А вы кажаце «елi людзей»...» Мне было сорамна.

ЦЭСЛЕР I СУПЧЫК

На дзень нараджэння плакатыста Вовы Цэслера збiраюцца чалавек з дзвесце. Яны з’язджаюцца ў лес, каля Мiнскага мора i балююць цэлы дзень. Грае ансамбль «Яблычная гарбата». Узбекi-кухары вараць плоў i суп з баранiнаю. Нехта п’е самагон, хтосьцi — гарэлку, iншы — чырвонае сухое... Хто што хоча, той тое й папiвае. Я хаджу па паляне з бутэлькай вады, раней я бадзяўся па гэтай жа паляне з пляшкаю гарэлкi, а цяпер апусцiў градус да нуля. Канешне, мне сумнавата на нулявым градусе. Цэслер заўважае мой нулявы сум, падыходзiць, абдымае i прапаноўвае: «Можа, супчыку?» Ем гарача-гарачы суп, i на душы цяплее.

САПФО I РАДОК

Вялiкiя паэты застаюцца ў паэзii па-рознаму. Нехта з пампезнымi одамi, хтосьцi з лiрычнымi паэмамi, адны з гераiчным эпасам, другiя з жартоўным чатырохрадкоўем, трэцiя з рэвалюцыйнымi манiфестамi... А нехта, як Сапфо, застаецца з маленечкiмi фрагментамi. Як бы я хацеў застацца з адным радком, з адным адзiным радком, якi сказала непараўнальная Сапфо : «Мне зусiм не цяжка дакрануцца да неба».



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маё дзяцiнства праходзiла пад зоркамi кiно. Маё пакаленне праводзiла 66,6 адсотка свайго вольнага часу ў кiнатэатрах. Мы стаялi ў вялiзных чэргах па к
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика