Кропкi паставiць... парламент
Сяргей ГРЫБ
Упарадкаванне льгот Праект закона «Аб дзяржаўных сацыяльных iльготах, правах i гарантыях» датычыцца льгот па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, паслуг сувязi, устаноўкi кватэрных тэлефонаў, прадастаўлення лекаў, пратэзавання i праезду ў грамадскiм транспарце. У той жа час, як адзначыў падчас сустрэчы з журналiстамi начальнiк галоўнага ўпраўлення комплекснага аналiзу i каардынацыi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Яўген Каспяровiч, упарадкаванне не закране цяперашнiя эканамiчныя, падатковыя i працоўныя гарантыi для грамадзян.У менш чым 10-мiльённай Беларусi як мiнiмум адной сацыяльнай iльготай карыстаюцца 6,5 млн чалавек, што, паводле слоў Яўгена Каспяровiча, само па сабе стварае даволi парадаксальную сiтуацыю. Сапраўды, лiчаць у мiнiстэрстве, у час нестабiльнасцi пачатку 1990-х гадоў, калi за рысай беднасцi апынуўся практычна кожны другi грамадзянiн, iльготы адыгралi сваю ролю. Разам з тым апошнiм часам малюнак змянiўся. Як заўважыў Яўген Каспяровiч, з 2000 года сярэднiя рэальныя (з улiкам змянення цэн на тавары i паслугi) заробкi i пенсii ў краiне павялiчылiся ў 2,5 раза, а доля малазабяспечанага насельнiцтва — скарацiлася ў 4 разы. Да таго ж з’явiлiся дадатковыя гарантыi. Скажам, быў вызначаны мiнiмальны памер аплаты працы на ўзроўнi бюджэту пражытковага мiнiмуму, павялiчаны павышаючыя каэфiцыенты да тарыфных ставак нiзкааплатных катэгорый работнiкаў, з 2001 года ў краiне з’явiлася адрасная сацыяльная дапамога, з 2004 года — уведзены дзяржаўны стандарт сацыяльнага абслугоўвання праз тэрытарыяльныя цэнтры, нарэшце, пашырылася практыка льготнага жыллёвага крэдытавання, прыняты праграмы дэмаграфiчнай бяспекi i «Дзецi Беларусi». Як вынiк, роля льгот стала хутка змяншацца. Паводле выбарачных абследаванняў хатнiх гаспадарак, у сярэднiм сума льгот на аднаго iх атрымальнiка (з улiкам распаўсюджаных на многiх прадпрыемствах датацый на праезд i харчаванне работнiкаў) не перавышае 20 тыс. рублёў у месяц, што, зразумела, складае нязначную частку агульнага даходу. I разам з тым у цэлым сума, якая накiроўваецца на прадастаўленне льгот у краiне, атрымлiваецца больш чым адчувальнай — яна ацэньваецца прыкладна ў 600 млрд рублёў у год. А ў сваю чаргу гэта складае амаль трэць выдаткаў на такiя праграмы, як прадастаўленне бясплатнага харчавання дзецям першых двух гадоў жыцця, бясплатнае цi льготнае ўтрыманне дзяцей у дашкольных установах, выплата дапамогi на дзяцей, безнаяўныя жыллёвыя субсiдыi, адрасная сацыяльная дапамога, праграмы папярэджання i рэабiлiтацыi iнвалiднасцi, падтрымкi адзiнокiх пажылых грамадзян, дэмаграфiчнай бяспекi, iльготнае жыллёвае крэдытаванне. «Па сутнасцi па аб’ёму фiнансавання льготы саступаюць толькi адной дзяржаўнай праграме — адраджэння i развiцця вёскi», — зазначыў Яўген Каспяровiч». Да таго ж, падкрэслiваюць у мiнiстэрстве, аказалася недасканалай сама практыка размеркавання льгот. Стаўка на «раскладку па катэгорыях» прывяла да таго, што адносна забяспечаная частка насельнiцтва атрымлiвае льгот на суму ў паўтара раза больш, чым частка малазабяспечаная. Апроч таго, асноўныя льготы «пайшлi» ў гарады — проста таму, што большая частка вяскоўцаў жыве ў прыватных дамах i не карыстаецца скiдкамi па жыллёва-камунальных паслугах, у сельскай мясцовасцi нашмат радзей карыстаюцца грамадскiм транспартам, у рэшце рэшт, да вёсак не заўсёды «даходзяць» iльготныя лекi. Мiж тым, цяперашнi законапраект аб упарадкаваннi сацыяльных iльгот быў распрацаваны па сутнасцi яшчэ ў 2003 годзе, аднак з самых розных прычын яго разгляд адкладваўся. Так, праект прадугледжвае, што ў Беларусi захаваюцца асноўныя льготы i гарантыi грамадзянам з асаблiвым статусам, грамадзянам, якiя маюць асаблiвыя заслугi перад дзяржавай, а таксама асобам, што з прычыны фiзiчнага цi сацыяльнага стану маюць патрэбу ў асаблiвай падтрымцы, — Героям i поўным кавалерам ордэнаў, удзельнiкам, ветэранам i iнвалiдам Вялiкай Айчыннай вайны, iнвалiдам I i II груп, дзецям-iнвалiдам, непаўналетнiм, што пражываюць на забруджаных чарнобыльскiх тэрыторыях, грамадзянам з асаблiвымi захворваннямi. Усiм астатнiм катэгорыям iльготы мяркуецца часткова або цалкам скасаваць. I яшчэ. Плануецца распаўсюдзiць iльготы выключна на самога льготнiка, а таксама перайсцi да нармавання сацыяльных iльгот. Зараз такое нармаванне прынята ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дзе прадастаўляюцца скiдкi з кошту паслуг з разлiку 20 квадратных метраў агульнай плошчы жылля на чалавека плюс 10 «квадратаў» — на сям’ю. А ў будучым нармаванне можа распаўсюдзiцца на тэлефонныя размовы (тут не выключаецца пераход да прадастаўлення скiдкi толькi на 3 гадзiны размоў у разлiку на аднаго льготнiка i плюс 1 гадзiны — на яго сям’ю), на праезд у электрычках i на iншых вiдах транспарту. Дарэчы, падкрэслiваюць у мiнiстэрстве, упарадкаванне льгот дазволiць вызвалiць, прынамсi, 30 працэнтаў сродкаў, што накiроўваюцца на iх прадастаўленне зараз. Гэтыя грошы плануецца выкарыстоўваць для пашырэння сацыяльных паслуг i надомнага абслугоўвання, павелiчэння памераў адраснай сацыяльнай дапамогi, на льготнае жыллёвае крэдытаванне, праграму дэмаграфiчнай бяспекi, а таксама «кропачнае» вырашэнне праблем забруджаных радыяцыяй зон — на будаўнiцтва тут аб’ектаў аховы здароўя, адукацыi, культуры, на праграму здаровага харчавання. Праўда, пакуль выпадае весцi гаворку толькi аб праекце закона, i яго канчатковы лёс невядомы. Прынамсi, заўважыў Яўген Каспяровiч, такога непапулярнага дакумента яшчэ не было, таму вынiкi галасавання дэпутатаў прагназаваць цяжка. Дакладна вядома пакуль адно — усе кропкi над «i» тут будуць пастаўлены блiжэйшым часам. Прычым не выключана, што ўжо на наступным тыднi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праект закона «Аб дзяржаўных сацыяльных iльготах, правах i гарантыях» датычыцца льгот па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, паслуг сувязi, устаноўкi к
|
|