ААН выкарыстоўваецца «для звядзення палiтычных рахункаў», лiчаць у МЗС Беларусi
17 мая ў штаб-кватэры Арганiзацыi аб’яднаных нацый у Нью-Йорку на пасяджэннi Генеральнай асамблеi былi абраны новыя члены галоўнай праваабарончай структуры ААН — Савета па правах чалавека. Беларусь змагалася падчас прайшоўшых выбараў за месца ў Савеце ад групы ўсходнееўрапейскiх краiн.
У групу ад усходнееўрапейскiх краiн павiнны былi быць абраны дзве дзяржавы. На два месцы прэтэндавалi Беларусь, Славенiя, а таксама Боснiя i Герцагавiна. Перамога дасталася дзвюм апошнiм краiнам. Яны заменяць у Савеце Польшчу i Чэхiю. Рашэнне аб стварэннi Савета па правах чалавека было прынята ў 2005 годзе. Новая структура, у якую ўваходзiць 47 дзяржаў, замянiла iснаваўшую Камiсiю па правах чалавека з тым, каб палепшыць сiтуацыю ў праваабарончай галiне ў свеце (раней Камiсiя неаднаразова крытыкавалася рознымi дзяржавамi за неаб’ектыўнасць i палiтызаванасць). У маi сёлета скончылiся паўнамоцтвы 14 членаў Савета, абраных летась на адзiн год. Як паведамляюць заходнiя СМI, напярэдаднi галасавання ў Генеральнай асамблеi ААН дыпламаты з Канады, ЗША, Брытанii i Францыi выступiлi супраць абрання Беларусi ў Савет. Такую ж пазiцыю занялi шэраг мiжнародных праваабарончых аргнiзацый, сцвярджаючы, што ў самой Беларусi iснуюць праблемы ў сферы правоў чалавека. Каментуючы ўчора вынiкi галасавання, начальнiк упраўлення iнфармацыi — прэс-сакратар МЗС Беларусi Андрэй Папоў заявiў, што галасаванне «яшчэ раз пераканаўча паказала, што ААН усё часцей выкарыстоўваецца асобнымi дзяржавамi для звядзення палiтычных рахункаў i аказання цiску на iншыя краiны». Прадстаўнiк МЗС падзякаваў усiм краiнам, якiя прагаласавалi за абранне рэспублiкi ў Савет i дадаў, што Беларусь «хоча запэўнiць мiжнародных партнёраў, што мы працягнем адстойваць у ААН сваю пазiцыю аб неабходнасцi разгляду пытанняў правоў чалавека на прынцыпах дыялога i раўнапраўнага ўзаемадзеяння. Мы ведаем, што такi падыход падзяляецца вельмi многiмi дзяржавамi-членамi ААН. Пацвярджэннем гэтаму стала прыняцце Генеральнай асамблеяй у 2006 годзе iнiцыяванай Беларуссю рэзалюцыi аб заахвочваннi раўнапраўнага i ўзаемапаважнага дыялога па правах чалавека». Восенню мінулага года ў гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» пастаянны прадстаўнiк Беларусi пры ААН Андрэй Дапкюнас адзначыў, што Беларусь не мела вялiкага аптымiзму наконт стварэння Савета па правах чалавека. На думку дыпламата, мiжнароднай супольнасцi неабходна мяняць падыходы да праваабарончай тэматыкi: — Пры правядзеннi кансультацый па стварэнню гэтай структуры краiны не звярнулi ўвагi на тое, што без пераасэнсавання падыходаў да праваахоўнай праблематыкi, якiя iснавалi ў Камiсii па правах чалавека раней, немагчыма дасягнуць лепшых вынiкаў у гэтай галiне. I сёння мы маем лiнiю падзелу ў галiне правоў чалавека памiж групамi дзяржаў, якiя прытрымлiваюцца прынцыпова розных падыходаў. I памiж дзяржавамi амаль няма рэальнага дыялога. Адсутнасць дыялога тлумачыцца адсутнасцю даверу адзiн да аднаго. У праваабарончай галiне сёння ёсць новы орган ААН, але няма новага вынiку, няма новага адказу на пытанне: якiм чынам мiжнародная супольнасць можа палепшыць стан спраў з правамi чалавека ў свеце? Як гэта можна зрабiць? Па нашаму меркаванню, гэта можа адбыцца толькi тады, калi суразмоўцы будуць слухаць адзiн аднаго. Сёння такой сiтуацыi няма. Сёння адзiн кажа, а iншы не слухае. I трэба знайсцi ў сабе мужнасць прызнаць, што сiстэма не працуе i што справа не ў тым, каб змянiць кола членаў Савета па правах чалавека, а ў тым, каб пераасэнсаваць падыходы. Паглядзець, дзе магчымыя кампрамiсы, дзе можна крыху зменшыць жорсткасць патрабаванняў з аднаго боку i, адпаведна, прымусiць iншы бок пайсцi насустрач. Дыялог — гэта адказ на ўсе праблемы, якiя мы абмяркоўваем: ад канфлiктаў, якiмi займаецца Савет бяспекi, да спрыяння ажыццяўленню правоў чалавека праз адпаведныя органы ААН. Сяргей КУЗНЯЦОЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17 мая ў штаб-кватэры Арганiзацыi аб’яднаных нацый у Нью-Йорку на пасяджэннi Генеральнай асамблеi былi абраны новыя члены галоўнай праваабарончай стру
|
|