Востраў Зыслаў: другая радзiма падпольнай «Звязды»У суботу на любанскай зямлi, на востраве Зыслаў прайшлi мерапрыемствы ў рамках рэалiзацыi сумеснага праекта рэдакцыi газеты «Звязда» i Белдзяржмузея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны «Радок «Звязды» ў гiсторыi краiны», прысвечанага 90-годдзю газеты. ...Не толькi вучнi, настаўнiкi гiмназii i «звяздоўцы» ўдзельнiчалi ў гэтым своеасаблiвым суботнiм дэсанце, але i ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны, выпускнiкi даваеннай 25-й школы iмя А. Чарвякова, а таксама родныя патрыётаў-падпольшчыкаў, якiя ўдзельнiчалi ў выпуску i распаўсюджваннi падпольнай «Звязды»... Народны мастак Беларусi Май Данцыг называе сябе ўнукам «Звязды»: менавiта ў друкарнi яго дзядулi Герца надрукаваны першы нумар «Звязды» ў жнiўнi 1917 года. Галiна Каржанеўская — дачка Мiкалая Канстанцiнавiча Каржанеўскага, аднаго з арганiзатараў выпуску i распаўсюджвальнiка падпольнай газеты «Звязда». Барыс Александровiч — сын Хасана Мустафавiча Александровiча, рукой якога набраны нумары 2,3,4 падпольнай «Звязды» ў Мiнску. Леў Рудэрман прайшоў усю вайну, удзельнiчаў у Сталiнградскай бiтве, у вызваленнi Беларусi i Польшчы, быў неаднаразова паранены. Ветэраны вайны Яўгенiя Канавалава, Марыя Зарубiна, Мальвiна Мельнічэнка, Марыя Мiраноўская, Серафiма Панасенка i Марыя Перавозчыкава — гераiнi кнiгi З. Корж «Iшлi дзяўчаты па вайне» i С. Алексiевiч «У вайны не жаночае аблiчча». Святлана Зубарава i Алена Кудзiнава — пляменнiцы партызанкi-гераiнi Рымы Шаршнёвай, якая ўдзельнiчала ў распаўсюджваннi падпольнай «Звязды». Янiна Марусевiч, Леакадзiя Дубатоўка, прафесар псiхалогii Рэм Вадэйка — вучнi даваеннай 25-й школы... Гiмназiя № 1 г. Любанi (дырэктар Анжалiка Маглыш) сустракала гасцей як родных. Невыпадкова настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры, кiраўнiк краязнаўчага музея гiмназii № 25 Алiна Пахвалёная ўзгадала радкi вядомага любанскага паэта Iвана Муравейкi: Скажыце «Любань» — I ў сэрцы адразу ж Заззяе суквецце Найлепшых слоў. Любы, любiць, Любавацца, любасць, Любiмы, любоўны, Любiцца, любоў. Так, нашы продкi былi жыццялюбамi, Раз родны кут Ахрысцiлi Любанню. Любанскiя гiмназiсты таксама бяруць удзел у праекце «Радок «Звязды» ў гiсторыi краiны». У мемарыяльным скверы на цэнтральнай плошчы Любанi — побач з магiламi герояў i абелiскам у гонар воiнаў-пераможцаў — адбыўся ўрачысты мiтынг. Акурат 19 мая адзначалася 85-годдзе пiянерскай арганiзацыi. Адбыўся прыём у пiянеры — чырвоныя гальштукi павязалi чацвёртакласнiкам ветэраны. Да магiлы Рымы Шаршнёвай, iншых партызан-герояў былi ўскладзены кветкi. Вучанiца 7-га класа 25-й гiмназii Саша Гарбачова нiзка кланялася магiле свайго прадзеда, арганiзатара партызанскага руху на Любаншчыне, Яўстрата Дзянiсавiча Гарбачова. Памiж гiмназiямi № 25 г. Мiнска i № 1 г. Любанi адбылiся спаборнiцтвы ваенна-спартыўнай гульнi «Бастыёны мужнасцi». Агляд страявой падрыхтоўкi ў складзе аддзялення, праходжанне ўрачыстым маршам з песняй, падцягванне, зараджанне магазiна АК, вiктарына з песень ваенных часоў, чыстка бульбы, стральба з пнеўматычнай вiнтоўкi, перацягванне каната... З мiнiмальнай перавагай перамаглi любанскiя вучнi — Сяргей Лагун, Валянцiн Ляўко, Аляксандр Плютаў, Аляксандр Жураўлёў, Васiль Рабы, Раман Сiёмка. Мiнскiя гiмназiсты на клас маладзейшыя, але выглядалi дастойна: Дзмiтрый Акапян, Дзмiтрый Мушавец, Антон Дабiжа, Павел Лапко, Мiкiта Дземчанкаў, Аляксандр Пляшкевiч. «Нам ёсць каму перадаваць нашу эстафету Перамогi!» — пераканана гаварылi ветэраны. Дырэктар Любанскага музея Народнай славы Наталля Сiняк праводзiла экскурсiю на востраве Зыслаў. Як вядома, у акупаваным Мiнску выйшла чатыры нумары падпольнай «Звязды», падрыхтаваны да друку пяты нумар не выйшаў з-за масавых арыштаў мiнскiх падпольшчыкаў. З 27 студзеня 1943 года да 1 лiпеня 1944-га «Звязда» выдавалася ў партызанскай зоне на Любаншчыне, на востраве Зыслаў. Рэдагаваў газету-партызанку Мiхаiл Парфёнавiч Барашкаў. Ён нарадзiўся ў 1908 годзе ў вёсцы Бель Крычаўскага раёна. У 1930—1933 гг. вучыўся ў Камунiстычным iнстытуце журналiстыкi ў Мiнску, працаваў рэдактарам раённых газет у Чавусах, Дуброўне. Са студзеня 1939 года — рэдактар рэспублiканскай маладзёжнай газеты «Чырвоная змена»... У час Вялiкай Айчыннай вайны М. Барашкаў быў на Калiнiнскiм фронце, на падпольнай рабоце ў Вiцебскай вобласцi. ... У склад рэдакцыi «Звязды»-партызанкi ўваходзiлi даваенны рэдактар любанскай газеты П. Касцюкавец, былы супрацоўнiк газеты «Савецкая Беларусь» Г. Шчарбатаў, А. Сакевiч, М. Курыка, Н. Цылько, iншыя. На Любаншчыне выйшла 105 нумароў «Звязды» i 39 нумароў «Чырвонай змены». З успамiнаў А. ШУРПАЧА, апублiкаваных у кнiзе «Памяць: гiсторыка-дакументальная хронiка Любанскага раёна»: ...25 студзеня 1943 г. Той ноччу быў самалёт з Вялiкай зямлi. Увечары мы ехалi ў напрамку глухой вёсачкi 6-я Брыгада. Спынiлiся ў дзвюх крайнiх хатах, у якiх жылi салдаткi Марфа Мiгун i Марыля Бубiч. Тут адбылося наша знаёмства з Мiхаiлам Барашкавым, будучым рэдактарам «Звязды». Умовы работы i побыту былi суровыя. Мы не мелi права нiкуды адлучацца, нiкому гаварыць пра свой занятак... Кароткiя зiмовыя днi. Ледзь паспявалi да прыцемкаў набраць газету. Вярсталi, правiлi i друкавалi пры дрыготкiм святле смалякоў. Днём часу для адпачынку таксама не ставала. Шчарбатаў, Касцюкавец, Сакевiч i я адпраўлялiся па атрадах i брыгадах па матэрыял, Мiхаiл Парфёнавiч рыхтаваў наступны нумар. Ён перапiсваў для набору ўсе матэрыялы. «Звязда» выходзiла два разы на тыдзень — у суботу i сераду, а «Чырвонка» — раз, у нядзелю. Хутка «Звязда» заваявала шырокага чытача. За дзень да выхаду газеты ў штабе ўжо сядзелi сувязныя з розных брыгад, атрадаў, ад падпольных арганiзацый гарадоў i вёсак. У канцы сакавiка 1943 г. карнiкi нечакана прарвалiся зусiм блiзка да нашай вёскi. Партызаны спынiлi iх на рацэ Арэса за чатыры кiламетры ад вёскi 6-я Брыгада. Стрэлы чулiся зусiм блiзка. (...) Наступны наш прыпынак быў у вёсцы Рэпiн. Гаспадары хаты — стары рускi салдат дзед Сямён i яго бабка Гануля ўмелi трымаць язык за зубамi. Тут мы, як кажуць, працавалi ў поўную сiлу, хоць цяжкасцяў было шмат. Не ставала шрыфту на дзве паласы. Трэба было набiраць i друкаваць адну, потым разбiраць шрыфт i набiраць другую. Як нi зручна i выгадна было жыць i працаваць пад дахам хаты, але трэба было перабiрацца ў больш зацiшнае месца. Нямецкiя самалёты падазрона зачасцiлi сюды. У адну з чэрвеньскiх начэй знялiся з месца i падалiся ў напрамку Чорнага балота. Там партызаны падрыхтавалi новую стаянку для «Звязды»... Мы трывала аселi на новым месцы. Гэта быў ускраек вялiкага балотнага вострава. Пад магутным дубам прытулiлася варывенька, перанесеная сюды на плячах па бервяну. У ёй размясцiўся «наборны» i «друкарскi» цэхi нашай друкарнi. Мiхаiл Парфёнавiч аблюбаваў сабе месца пад пышным арэхавым кустом. Убiў два калы, прымацаваў дошку — гэта быў яго пiсьмовы стол. Астатнiя ўладкоўвалiся, дзе каму даспадобы. ...Цяжка было даставаць паперу, друкарскую фарбу. Але партызанская кемлiвасць выручала. Фарбу, напрыклад, рабiлi наступным чынам. Спальвалi пад дашчаным каўпаком аўтамабiльныя пакрышкi. Затым сажу сашкрабалi са сценак каўпака, змешвалi яе з тлушчам — i фарба гатова. Паперу даставалi рознымi шляхамi. Захоплiвалi штабныя машыны, куплялi ў немцаў. Друкар падпольнай чырвонаслабадской газеты Алесь Канаплянiк завёў знаёмства з нямецкiм кладаўшчыком у Слуцку, якi вельмi ўпадабаў самагонку. ...У рэдакцыi скончылася папера. Але застацца ў такi час без газеты нельга. Пайшлi ў ход вучнёўскiя сшыткi, кавалкi шпалераў. Каб вытрымаць фармат, клеiлi невялiчкiя лiсты ў большыя аркушы. «Звязда» па-ранейшаму была з партызанамi, падпольшчыкамi, насельнiцтвам. ...У канцы студзеня 1944 г. партызаны размяшчалiся на Чорным балоце. Усе навакольныя вёскi былi заняты фашыстамi, на балоце сабралася некалькi тысяч партызан i сялян, пераважна жанчын, старых, дзяцей з навакольных вёсак. Прыйшла i наша чарга змянiць верстакi i алоўкi на аўтаматы... ...Горш за нямецкiя кулi касiў партызан тыф. Злёг i Мiхаiл Парфёнавiч. Нягоды апошнiх дзён, адсутнасць медыкаментаў дапамаглi лютай смерцi. 22 лютага 1944 г. не стала нашага рэдактара, уважлiвага i чулага дарадчыка, умелага выхавальнiка, бясстрашнага камунiста Мiхаiла Парфёнавiча Барашкава. На высокiм грудку пад трыма стройнымi хвоямi вырас магiльны курганок... ...Трэба было рабiць газету. Наборшчык з мяне не надта добры. Касу ведаў, умеў ставiць лiтары ў вярстатку — i ўсё. Пачалася работа. Шчарбатаў падрыхтоўваў матэрыял, я ўзяўся за набор. Тры днi пайшло на гэта, але «Звязда» выйшла. Газета працягвала жыць... Неўзабаве давялося перажыць яшчэ адну карную экспедыцыю. Немцы кiнулi супраць партызан каля пяцi дывiзiй з танкамi, самалётамi. Праўда, нам цяпер было намнога лягчэй. Лес апранаў зялёны ўбор, пад кожным кусцiкам быў прытулак i схованка. У час гэтай блакады мы вымушаны былi закапаць сваю рацыю i архiў. У трывозе не запрыкмецiлi добра таго месца, бо лiтаральна праз тры днi нашы пошукi поспеху не прынеслi. Так дзесьцi i сёння тоiць палеская зямля адданы ёй на схованку скарб...». Валерый ГРЫБАНАЎ, старшыня Любанскага райвыканкама: — У цяжкiя для ўсяго нашага народа ваенныя часы «Звязда» выходзiла тут, на востраве Зыслаў. У час Вялiкай Айчыннай вайны востраў быў цяжкадаступным участкам сушы сярод непраходных балот, таму i быў выбраны адной з галоўных баз партызанскага руху Мiнскай вобласцi. З 1942 г. тут дзейнiчаў партызанскi аэрадром, выдавалiся газеты «Звязда», «Чырвоная змена» i любанская «Клiч Радзiмы». У 1969 г. адкрыўся мемарыяльны комплекс «Зыслаў». Мы помнiм, ушаноўваем памяць. Гэта вельмi важна для нашай моладзi, падрастаючага пакалення — патрыятызм, любоў да сваёй Радзiмы. «Звязда» — наша родная газета, самая-самая чытэльная!.. Любанская зямля калiсьцi прытулiла нашу найстарэйшую беларускую газету — i заўжды рада сустракаць звяздоўцаў. Любаншчына — другая радзiма «Звязды». Вялiкая Айчынная вайна параднiла нас назаўсёды. Таццяна ПАДАЛЯК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу на любанскай зямлi, на востраве Зыслаў прайшлi мерапрыемствы ў рамках рэалiзацыi сумеснага праекта рэдакцыi газеты «Звязда» i Белдзяржмузея г
|
|