Iрына ДАРАФЕЕВА: «Я не ведаю слова «не»Папулярная спявачка расказвае «Звяздзе» пра сакрэты папулярнасцi, свой творчы выбар i нялёгкi артыстычны хлеб На сцяне прадзюсарскага кабiнета, акрамя шматлiкiх дыпломаў i грамат Iрыны, вiсiць вялiзны каляндар, распiсаны графiкам канцэртаў, як план наступлення ў генштабе. Абсалютна незразумела, як гэта дзяўчына ўсё паспявае — хiба што ёй па спецзаказу зрабiлi ў сутках 36 гадзiн... — Пазаўчора быў адзiн канцэрт, учора яшчэ два, сёння нейкае выступленне, у перапынках клiп знялi. Iрына, вы ўвогуле калi-небудзь адпачываеце? — Апошнiм часам — усё радзей i радзей, — нявесела ўсмiхаецца спявачка. — Атрымлiваецца, што мы працуем ва ўсе буднi, як у звычайныя працоўныя днi, а таксама на ўсе святы. Прычым як у агульныя, якiя святкуе ўся краiна, так i ў «вузкiя» прафесiйныя. Чым больш ты вядомы, тым больш запатрабаваны, i нiхто не ўяўляе, што тое цi iншае мерапрыемства можа абысцiся без цябе. Напэўна, прыйдзе час, калi я змагу выбiраць, у якiх канцэртах удзельнiчаць, але пакуль што не магу адмовiць людзям, якiя запрашаюць выступiць — яны ўсе дапамагалi мне ў жыццi, усе вельмi дарагiя i блiзкiя. Гаворка зусiм не iдзе пра грошы, збольшага гэта менавiта цёплыя чалавечыя адносiны. — Нядаўна завяршылася шоў «Дзве зоркi», у якiм вы амаль да фiналу спявалi з тэлевядучым Аляксандрам Аверкавым. Але, наколькi я ведаю, партнёраў прызначалi арганiзатары. А калi б вы выбiралi партнёра самi, то каго? — Натуральна, Аляксандра Аверкава! Мне вельмi пашанцавала з партнёрам, i было б неэтычна жадаць кагосьцi iншага. Хоць яшчэ былi думкi наконт Сяргея Дарафеева — прозвiшча падабаецца... (Смяецца). — У 2001—2002 гадах вы паставiлi своеасаблiвы рэкорд: 435 канцэртаў за 2 гады, прычым ваша каманда выступала ў такiх месцах, куды iншыя артысты ўвогуле не даязджаюць. Традыцыя працягнецца? — Яна i працягваецца з года ў год. Зараз канцэртны тур называецца «Пад мiрным небам», ён праходзiць падчас уборкi ўраджаю. Мы ўжо былi ў Мiнскай, Вiцебскай, Гродзенскай абласцях. У гэтым годзе вырашылi наведаць Гомельскую вобласць i некаторыя раёны Мiншчыны. З’явiлася вельмi многа новых аграгарадкоў, новых пляцовак — думаю, i мне будзе прыемна там пабываць, адкрыць для сябе гэтыя мясцiны, i людзям, якiя раней мяне не бачылi жыўцом i не маюць магчымасцi прыехаць на канцэрт у вялiкi горад, тым больш, у сталiцу. Галоўнае, я разумею, што гэтыя паездкi не дарэмныя, яны прыносяць каласальны вопыт. Я ўсведамляю, чым жывуць нашы людзi, што iм падабаецца. Увогуле, калi я толькi пачынала рабiць першыя крокi на эстрадзе, гэта быў адзiны спосаб заявiць аб сабе. — А калi паглядзець з пазiцыi сённяшняга дня? Звычайна артысты iмкнуцца «засвяцiцца» ў сталiцы, зняць клiп, трапiць у ратацыю радыё, i лiчаць, што на гэтым слава прыйшла... — Як паказвае практыка, гэтага мала. Усё адно вельмi нямногiя артысты здольныя збiраць залы, бо людзi iдуць не проста з цiкаўнасцi, а на канкрэтных, любiмых выканаўцаў. Каб стаць любiмым, трэба самому прыходзiць да слухачоў, а не чакаць, пакуль яны збяруцца. — Кажуць, у вас дзiн з самых сцiплых артыстычных райдэраў — жывяце дзе паселяць, ясце што дадуць, а калi няма апаратуры, без праблем спяваеце а капэла. — Умовы пражывання, як правiла, мы забяспечваем сабе загадзя самi, гэтак жа як апаратуру, транспарт — каб не навешваць дадатковых праблем на прымаючы бок. Стараемся дамаўляцца з базамi адпачынку, санаторыямi, каб можна было сумясцiць прыемнае з карысным — наведаць аздараўленчыя працэдуры, падтрымаць сябе ў форме. Iнакш на гэтыя рэчы зусiм не хапае часу. Я прызвычаiлася да паходных умоў — сапраўды, у палях часта няма магчымасцi падключыць апаратуру. Тады мы проста робiм акустычны канцэрт — хтосьцi бярэ баян, гiтару, тамбурын, дзяўчаты спяваюць акапэльна... Раней з намi ездзiў артыст Алег Сямёнаў, спявачка Анiка, мае студэнткi Iрына Сапунжы, Забава — мы раскладвалi народныя песнi на 4—5 галасоў, i гэта выдатна гучала без усякай тэхнiкi. Зiмой часта здаралася, што залы ў Дамах культуры не ацяплялiся — даводзiлася рабiць выгляд, быццам нiчога страшнага. Людзi сядзяць у валёнках, шапках, футрах, а ты выходзiш у лёгкай канцэртнай сукенцы, дрыготкай рукой трымаеш мiкрафон, пара з рота... Але выратоўвае ўнутраная энергiя. Некаторыя артысты нават пасля адной песнi аблiваюцца потам. Я не з iх лiку, але энергетыкай песнi магу i сама сагрэцца, i залу абагрэць. Пра самаацэку i самарэалiзацыю — Iрыну Дарафееву ведаюць не толькi як спявачку, але i як тэлевядучую, а таксама актрысу тэатра. Цi не было думкi паспрабаваць сябе ў новым амплуа — скажам, дызайнера адзення (зараз у артыстычных колах гэта модна), дыджэя радыё цi кiнаактрысы? — Што датычыцца радыёвядучай, думаю, асаблiвых праблем з гэтым у мяне не было б. Акрамя адной — на гэта фiзiчна няма часу. А вось зняцца ў кiно сапраўды хацелася б. Толькi ў глыбокiм поўнаметражным кiно, а не ў серыяле-аднадзёнцы. I каб роля была знакавай. Я па натуры авантурыстка — не выпадкова ў п’есе «Асцярожна, жанчыны Парыжа!» сыграла ролю свавольнай дзяўчынкi Лулу. Але, думаю, здолела б ужыцца i ў iншыя вобразы, каб толькi была магчымасць выбраць. — Авантурыстка? Па-мойму, наадварот. У шоў-бiзнэсе без скандалаў нiкуды, а ў вас iмiдж такой правiльнай, станоўчай дзяўчыны — у крымiнальных справах не заўважаная, «зорнай хваробай» навакольных не пакрыўдзiла, з адным i тым жа прадзюсарам больш за 10 гадоў мiрнай працы... У чым сакрэт? — Можа, калi распытаць людзей, з якiмi я працую, выявiлiся б нейкiя крыўды — мне i самой цiкава. Думаю, проста з дзяцiнства ўва мне закладзены адкрытасць i камунiкабельнасць, якiя абяззбройваюць людзей i дазваляюць сябе спакойна адчуваць у любых абставiнах. Я зусiм неканфлiктны чалавек. Вельмi цярплiвая — гэта, вiдаць, нацыянальная рыса беларусаў. Але цярплю да пэўнага моманту, пакуль усё ж не вымусяць цвёрда сказаць «не». I нават тады магу знайсцi кампрамiс — творчыя людзi бываюць вельмi цяжкiмi ў стасунках, хто зануда, хто наадварот, забiяка, i з iмi ўсiмi трэба знаходзiць агульную мову. Магу ўсё прабачыць i зразумець. Калi мяне ўсё ж сур’ёзна зачэпяць, я дыстанцыруюся — працягваю працаваць з гэтым чалавекам, але ўсе асабiстыя кантакты зводжу да мiнiмуму. Заўжды вызначаю, хто на каго працуе i на якiх умовах. Калi ўсiх гэта задавальняе — выдатна, працуем. — У размовах абывацеляў часта даводзiцца чуць, як вас блытаюць з Iнай Афанасьевай. Для мяне гэта вялiкая загадка — абсалютна розныя спявачкi, яркiя, не падобныя адна да адной. У чым прычына? — Я таксама не ведаю. Магчыма, таму, што абедзве магiляўчанкi, абедзве з «Вясёлкi», у абедзвюх прозвiшчы ўтвораны ад мужчынскiх iмёнаў. I яшчэ дастаткова папулярныя, прозвiшчы на слыху — вось, вiдаць, нас часта i «мяняюць месцамi». Дарэчы, калi я толькi пачынала свой творчы шлях, годзе ў 93-м, Iна спявала са мной дуэтам песню «Белая Русь». Гэта з яе боку быў вялiкi крэдыт даверу i добры жэст — паставiць побач з сабой нiкому не вядомую дзяўчыну. Я ўвогуле з дзяцiнства марыла пайсцi па слядах Iны, i вельмi рада, што гэта ўдалося. — А сёння ўжо вы выпiсваеце крэдыт даверу маладым выканаўцам, стварыўшы Тэатр песнi Iрыны Дарафеевай. «Трупа» вялiкая? — Тэатр адкрыў iмя той жа Анiкi, гурта «Далi», Забавы, Iрыны Сапунжы, зараз у нас працуе Георгiй Калдун. Шоў-гурт «Рорs Fundаtiоn» таксама «засвяцiўся» дзякуючы супрацоўнiцтву з тэатрам. А калi яшчэ нават не было такой структуры, мы проста выступалi з маладымi артыстамi ў гастрольным туры, з намi пачынала Яна Лiпнiцкая, якую зараз ведаюць пад iмем Б’янка. Была ў нас цудоўная маладая спявачка з Гродна Вiкторыя Дземянчук — потым яна паспрабавала пакарыць Маскву, але, на жаль, мала каму ўдаецца не згубiцца ў гэтым мегаполiсе; i мне дагэтуль крыўдна, што яе талент не быў раскрыты. Але я нiколi не скажу дрэннага слова пра людзей, якiя пачыналi працаваць у нас, а потым выбралi iншы шлях, iншае месца цi нават iншую краiну — дай Бог, каб у iх атрымалася самарэалiзавацца i дасягнуць новых вяршыняў. Пра шчырасць i адказнасць — У гэтым годзе склалася ўнiкальная сiтуацыя: на «Славянскiм базары ў Вiцебску» будуць канкурыраваць Анiка — былая ўдзельнiца вашай студыi, зараз салiстка аркестра Фiнберга, i Георгiй Калдун — цяперашнi ўдзельнiк. За каго больш перажываеце? — Ох... Шчыра кажучы, я стараюся аб гэтым не думаць. Пераконваю сябе, што яны не канкурэнты, прадстаўляюць адну краiну, умоўна кажучы, стаяць па адзiн бок барыкад. Хочацца, каб абодва выступiлi вельмi годна i дабiлiся поспеху — можа, у Беларусi будзе i Гран-пры... Я рада, што два выдатныя выканаўцы прадставяць нашу краiну, i адчуваю гонар, што маю да гэтага пэўнае дачыненне. Хварэць у Вiцебску, натуральна, буду за абодвух. — У вас за плячыма добры дзесятак конкурсаў i лаўрэацкiх званняў, а зараз вы ўсё больш у журы. Што больш складана — выступаць самому або ацэньваць выступленнi iншых? — Выступаць. Конкурс — гэта вялiкае выпрабаванне, асаблiва мiжнародны, i не ўсякi артыст вытрымлiвае яго з годнасцю. Бо трэба прайсцi не толькi ўласна спаборнiцтва i ацэнкi журы, а яшчэ перажыць момант славы, калi ўсе цябе хваляць i называюць пераможцам. Важна не змянiцца знутры, бо «зорная хвароба» вельмi псуе людзей i цяжка лечыцца. А калi ты член журы, табе нiшто не пагражае, ёсць толькi прафесiяналiзм i ўнутраная адказнасць, каб шчыра i правiльна ацанiць канкурсантаў. У мяне аднойчы на гэтай глебе нават здарыўся невялiкi канфлiкт. Народны артыст Украiны кампазiтар Мiкалай Мазгавы, песнi якога я выконваю, выступаў на адным конкурсе заснавальнiкам i старшынёй журы, у якое запрасiў мяне. Ён, як старшыня, меў сваё перакананне, хто павiнен быў перамагчы, а тут я пачынаю баламуцiць ваду, кажучы, што гэта нячэсна, i аб’ектыўна беларускiя выканаўцы — Вiкторыя Дземянчук, Гюнеш Абасава, Вiталь Скадорва, Дзмiтрый Качароўскi — выступiлi мацней за ўкраiнцаў. Мiкалай Мазгавы на мяне крыху пакрыўдзiўся, а нашы артысты доўга потым не маглi атрымаць прызавыя грошы. Але ў мяне на гэты конт сумленне чыстае, я была ўпэўненая, што паступаю правiльна. — Вы адна з нямногiх на беларускай эстрадзе, хто не проста ўключае ў свой рэпертуар беларускамоўныя песнi «для галачкi», але i актыўна iх выконвае. Гэта прынцыповая пазiцыя? — Не магу сказаць за iншых, але мяркую па сабе: люблю свае песнi, проста «балдзею» ад таго, як яны гучаць па-беларуску. Напэўна, у гэтым i ёсць мой лёс i мая iснасць. Кожнае слова настолькi кранае, што яго не проста спяваеш — пражываеш. Калi разумееш душой, пра што песня, яна гучыць унутры цябе. I хоць, напрыклад, песня Кiма Брэйтбурга на рускай мове, але яна — пра любоў да Беларусi. Я лiтаральна плачу, выконваючы яе, нават не ведаю, як буду спраўляцца з сабой на сцэне. Мяне здзiвiла, наколькi прыгожа рускiя людзi пiшуць пра Беларусь — можа, мы самi баiмся даць выхад гэтым эмоцыям? Атрымлiваецца заўжды або пафасна, або занадта сцiпла, а залатой сярэдзiны нiяк не знойдзем... Калi людзi збiраюцца, напрыклад, за мяжой, яны прыгадваюць цудоўныя песнi — «Александрына», «Белавежская пушча». I мне вельмi хочацца, каб у мяне таксама з’явiлiся песнi, якiя заспяваюць людзi. Зараз вельмi прыемна чуць, што ад душы пяюць «Вышыта сарочка». — Я чула, што пад уражаннем ад гэтай песнi адна майстрыха сапраўды вышыла i падарыла вам сарочку? — Так, спачатку жанчына тэлефанавала мне i расказвала, што пастаянна слухае песню, па сто разоў уключаючы магнiтафон, i па начах пад песню вышывае сарочку. Вельмi чакала, што я прыеду ў Кобрын, каб аддаць сарочку асабiста ў рукi. I калi мы ехалi на канцэрт у Чарнаўчыцы, пад Брэстам, то, нягледзячы на тое, што прыпазнялiся, зазiрнулi ў Кобрын. Божа, якi там наладзiлi прыём! У дзiцячым садку «нулёвачка» падрыхтавала выступленне, у народных вышываных касцюмах танцавалi пад песню «Вышыта сарочка», дарылi кветкi i малюнкi. Я потым iх разглядала — можна са смеху памерцi, як дзецi малююць спявачку Iрыну Дарафееву, якая гуляе па Кобрыну... (Смяецца.) А сарочка шыкоўная, з першага позiрку адчуваеш, колькi ў яе ўкладзена душы i любовi. Нават цяжка паверыць, што песня натхняе людзей на такую творчасць. Сабе i людзям — Дарэчы, пра сарочку: гледачы звярнулi ўвагу, як змянiўся ваш iмiдж з часу «Верасоў» да цяперашняга. На змену дзёрзкай дзяўчынцы прыйшла вельмi рамантычная паненка. Ёсць нейкi стылiст, якi падказвае вобразы? — Зараз ужо ўсё ёсць — i дызайнер, якi працуе над фотасесiямi i палiграфiяй, i людзi, якiя прафесiйна займаюцца касцюмамi. У нечым мы з прадзюсарам угадваем iнтуiтыўна, але збольшага раiмся з мастаком-мадэльерам Марынай Парфяновiч. Мы з ёй плённа супрацоўнiчаем — напрыклад, касцюм да адбору на «Еўрабачанне», вышыты пейзажамi Беларусi, зрабiла менавiта яна. Яна шые хутка, лёгка, з вялiкай фантазiяй, i разам з тым вельмi тонка адчувае мяне, мае памкненнi. — У вас рыхтуецца новы альбом i вялiкi сольны канцэрт у Мiрскiм замку. Гэта падарунак самой сабе да юбiлею? — Альбом называецца «Як у першы раз», яго мастэрынг у Кiеве ўжо зроблены, гатовы макет вокладкi, i кампанiя «Вэстрэкардз» лiтаральна ў блiжэйшыя днi збiраецца выпусцiць пласцiнку ў Беларусi. Наконт канцэрта — шчыра кажучы, не думала, што буду рабiць вялiзную акцыю, хоць ёсць такая звычка — кожны дзень нараджэння (на Купалле) адзначаць сольным выступленнем у розных гарадах. Пачалася гэта традыцыя з 25-годдзя, i неяк прыжылася. Цяперашнi юбiлей — такая лiчба, якую быццам бы не прынята афiшаваць, таму я не планавала нiчога асаблiвага. Але калi нашу студыю наведаў кiраўнiк дзяржавы, ён пазнаёмiўся з маiм калектывам i выказаў пажаданне, што было б добра наладзiць сольны канцэрт. Я з вялiкiм задавальненнем працую ў гэтым накiрунку i спадзяюся, што 24 чэрвеня ўсе аматары беларускай музыкi ўвогуле i маiх песень у прыватнасцi збяруцца ля сцен Мiрскага замка на «Купалле з Iрынай Дарафеевай». Гэта будзе канцэрт, у якi я ўкладу душу. Вельмi хацелася б, канешне, каб Аляксандр Рыгоравiч знайшоў час на iм прысутнiчаць... А ў цэлым — хочацца адчуць яднанне з людзьмi, якiя слухалi i ўпадабалi мае выступленнi, якiя прыйдуць менавiта для таго, каб паслухаць цябе. Пра гэта я i мару. — Цi няма думкi выпусцiць для такiх верных сяброў-слухачоў зборнiк «Iрына Дарафеева. Лепшае»? — Мы вырашылi, па-першае, перавыдаць ранейшыя альбомы, i зрабiць з iх сувенiрны прыгожа аформлены набор, якi было б не сорамна павезцi ў Еўропу. Акрамя таго, магчыма, выпусцiм зборнiк усiх альбомаў у фармаце MР3. I абавязкова зробiм DVD-дыск з канцэртам «Каханачка», якi быў запiсаны для тэлебачання. — Вельмi многiя маладыя людзi спяць i бачаць сябе «зоркамi», забываючыся, што гэта зусiм не лёгкi хлеб. Чым даводзiцца ахвяраваць дзеля кар’еры? — Напэўна, сном. Яшчэ я не магу есцi што хачу i калi хачу. I нейкiмi слабасцямi, капрызамi. Я не ведаю слова «не». Прадзюсар, калi мы толькi пачыналi працаваць, адразу сказаў: «Забудзься на «не хачу» i «не магу». Ты павiнна. Гэта як у армii — упаў, адцiснуўся. Ты таксама на службе». У любы момант трэба быць гатовым стварыць для людзей свята, прычым рабiць гэта шчыра i з поўнай самааддачай. Сям’я? Не, я рэгулярна сустракаюся з бацькамi i роднымi. Магчыма, гэтыя сустрэчы рэдкiя i непрацяглыя, але затое ў iх столькi цеплынi! Сябры? На жаль, у родным Магiлёве мае аднакласнiкi, аднагрупнiкi раз’ехалiся па розных краiнах, i мы згубiлi сувязь. Але затое засталiся сябры маiх бацькоў, якiя ведаюць мяне з дзяцiнства. У асноўным, праўда, так атрымалася, што прыяцельскiя адносiны складваюцца ў сферы шоў-бiзнэсу. Сябры — гэта найперш мой прадзюсар i яго жонка, а iх дзецi — мае хрэснiкi. I ўсе калегi — хтосьцi больш блiзкi, хтосьцi крыху далейшы. Напрыклад, быў у мяне даўнi прыхiльнiк Iван Алiевiч — ён гадоў сем цi больш тэлефанаваў, дасылаў кветкi, падтрымлiваў электроннымi пiсьмамi. I паступова ўвайшоў у наша жыццё. Зараз ён юрыст, займаецца сайтам, усёй дакументацыяй. Яшчэ адзiн даўнi сябар, Юра Фралоў, нягледзячы на тое, што ён працуе ў зусiм iншай сферы — у банкаўскай галiне, — напiсаў для мяне песню, ды такую кранальную, што я проста абавязана была яе спяваць. Таксама ў мяне выдатныя адносiны з Прэзiдэнцкiм аркестрам пад кiраўнiцтвам Вiктара Бабарыкiна, з якiмi мы разам не толькi працуем, але i сябруем, падтрымлiваем i перажываем адзiн за аднаго. Амаль дзесяць гадоў супрацоўнiчаем з Дзяржаўным ансамблем танца, i дагэтуль яго кiраўнiк Валянцiн Дудкевiч робiць пастаноўкi на мае песнi, што вельмi прыемна. А самi песнi некаторым маладым выканаўцам i зараз дапамагаюць перамагаць на прэстыжных конкурсах — значыць, у мяне ёсць не толькi сябры, але i прадаўжальнiкi. Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Папулярная спявачка расказвае «Звяздзе» пра сакрэты папулярнасцi, свой творчы выбар i нялёгкi артыстычны хлеб
|
|