Самае простае — быць пасiўным спажыўцом
Iнга МIНДАЛЁВА
КАМАНДЗІРОЎКА ПА ПІСЬМУ У рэдакцыю па электроннай пошце прыйшоў лiст з пасёлка Калодзiшчы Мiнскага раёна. Аўтар, якi пакiнуў толькi iнiцыялы Ж.К., у падрабязнасцях i вельмi эмацыянальна апiсаў цяжкiя ўмовы iснавання мясцовых жыхароў. Разбураныя незаасфальтаваныя дарогi, недастатковае вулiчнае асвятленне, праблемы з грамадскiм транспартам, адсутнасць «приличных» магазiнаў i свайго рынку — такi спiс прэтэнзiй выставiў Ж.К. мясцовым уладам. «Местные жители с болью называют свой паселок Кошмарищи. По телевизору показывают обустройство агрогородков, а про Колодищи, наверное, совсем забыли. Нам ведь тоже хочется жить по-человечески... Вот бы приехала сюда проверка, посмотрела да навела порядок!»Праверка ў Калодзiшчанскi сельскi Савет сапраўды прыехала. Прадстаўнiкi пракуратуры займаюцца высвятленнем правамернасцi выдзялення i канфiскацыi зямельных участкаў, якое праводзiў папярэднi старшыня сельвыканкама. Сёння яго пасаду займае новы чалавек — Алег Iванько, па адукацыi ваенны медык, якi да апошняга года не меў нiякага дачынення да дэпутацкай дзейнасцi i работы старшынi Савета i сельвыканкама. Хутка асвоiцца на новым месцы заўсёды складана, асаблiва калi ў спадчыну ад папярэднiка застаюцца развал i хаос. — Прызнаць чалавека вiнаватым можа толькi суд, — гаворыць Алег Iванько. — Я прад’яўляць прэтэнзii былому кiраўнiцтву не буду, але стан спраў у сельсавеце на момант майго абрання красамоўна гаворыць сам за сябе. Фронт работ сёння такi, што мне не пазайздросцiць нi адзiн старшыня сельвыканкама... Мы месцiмся зусiм побач з Мiнскам, — таму зямельныя пытаннi для нашага сельсавета — адны з самых балючых i праблемных. Вы самi папрысутнiчалi ў мяне на прыёме грамадзян i пабачылi, што амаль кожны другi зварот датычыўся менавiта зямлi. Людзi iмкнуцца атрымаць запаветныя «соткi», каб потым з выгадай iх рэалiзаваць. Праўда, змяненнi ў заканадаўстве крыху астудзiлi iх запал. Цяпер, каб прадаць участак, неабходна пабудаваць на iм дом, «голую» зямлю прадаць нельга. Электронны лiст, з якiм мы прыехалi да Алега Леанiдавiча, старшыню не здзiвiў: падобныя спiсы прэтэнзiй былi разасланы ў шматлiкiя рэдакцыi i ведамствы. «Я не зусiм разумею, чаму зараз скаржнiкi так актывiзавалiся, — пацiскае плячыма Iванько. — Няўжо думаюць, што прыйшоў новы чалавек i праз тыдзень тут павiнен быць квiтнеючы край. Гэта ж нерэальна». Першай у лiсце прыводзiцца «дарожная» праблема: «Дороги почти на всех улицах разрушены, имеются многочисленные ямы, выбоины, рытвины и глубокие трещины, обочины размыты. Отсутствуют тротуары и заасфальтированные пешеходные дорожки...» — Сапраўды, тут ёсць пэўныя цяжкасцi, — пагаджаецца старшыня. — Сёння я нават падсыпку зрабiць не магу, бо ў мяне ў бюджэце — нуль. Вось пачнём зарабляць грошы, як прапiсана ва Указе Прэзiдэнта № 21, тады з’явiцца магчымасць нешта зрабiць. Натуральна, у першую чаргу возьмемся за сацыяльна значныя ўчасткi — упарадкуем пад’езды да школ, дзiцячых садкоў, магазiнаў. Усё будзе залежыць ад нашых фiнансавых магчымасцяў. У працяг «дарожнай» тэмы аўтар лiста звяртае ўвагу на адасобленасць жыхароў пяцiпавярховак на вулiцы Геафiзiкаў геафiзгарадка. «Живем как на необитаемом острове, оторванные от благ цивилизации — общественного транспорта, торговли. Пешком добраться к пятиэтажкам можна через лес и гаражный кооператив по трудно проходимым дорожкам. На большей части пути слабое уличное освещение». — У канкрэтным выпадку размова iдзе пра пратаптаную мясцовымi жыхарамi сцяжынку праз лясны масiў. А ўсё, што датычыцца лясной гаспадаркi, павiнна ўзгадняцца на высокім узроўнi. Мы, сельвыканкам, нават не маем права зрабiць са сцяжынкi пешаходную дарогу. Наконт вулiчнага асвятлення старшыня адзначыў, што ў самiм пасёлку сiтуацыя яшчэ цярпiмая. Праблемнымi сёння з’яўляюцца маленькiя вёсачкi сельсавета, асаблiва Дубраўка. «Калi я сюды прыйшоў 4 месяцы таму, запазычанасць сельвыканкама перад спецыялiзаванымi службамi перавышала 100 млн рублёў, — адзначыў Алег Леанiдавiч. — Патроху мы выпраўляем становiшча. Як толькi ў нас з’явяцца грошы, мы набудзем новыя лiхтары, заключым дагавор з электрыкамi на iх замену. Пачнём, канешне, з Дубраўкi, дзе iснуючыя электрасеткi прыйшлi ў непрыгоднасць. Да мяне часта звяртаюцца жыхары Калодзiшчаў з патрабаваннем павялiчыць колькасць лiхтароў на вулiцах. За ўзор яны бяруць сталiцу i пераносяць мiнскiя паказчыкi асвятлення ў сельскую мясцовасць. Аднак тут устаноўлены iншыя нарматывы. Ёсць пэўныя сацыяльныя стандарты, у сярэднiм па нашаму сельсавету яны вытрымлiваюцца. Калi заменiм сеткi ў маленькiх вёсачках, увогуле закрыем гэтае пытанне». Не задавальняе аўтара лiста забяспечанасць грамадскiм транспартам. Асаблiва той факт, што аўтобусы не даходзяць да аддаленых пяцiпавярховак геафiзгарадка. — Падпісаны дагавор з раённымi дарожнiкамi на выкананне работ па добраўпарадкаванню разваротнага кальца, праектаванне якога ўжо вядзецца. Пасля завяршэння работ аўтобусы пачнуць даязджаць да азначаных пяцiпавярховак, — запэўнiў старшыня. — Увогуле, сур’ёзных праблем з транспартам у сельсавеце я не бачу. Да нас з Мiнска ходзяць электрычкi, прыгарадныя аўтобусы, маршруткi. Натуральна, заўсёды ёсць што ўдасканалiць. Напрыклад, добра было б пусцiць дадатковы транзiтны аўтобус, якi б заязджаў на наш новы ўчастак забудовы — былы ваенны палiгон, што месцiцца за пяцiпавярхоўкамi геафiзгарадка. Але для гэтага трэба заасфальтаваць грунтовую дарогу. I зноў мы прыходзiм да фiнансавага пытання. Магазiнаў у Калодзiшчах таксама хапае, падкрэслiў Алег Леанiдавiч, калi працягваў адказваць на прэтэнзii. Ёсць i дзяржаўныя, i прыватныя. Асартыментны пералiк, натуральна, не сталiчны, але сацыяльныя стандарты выконваюцца. Работа санiтарных службаў у раёне пастаўлена на вельмi высокiм узроўнi, таму сапсаваны i пратэрмiнаваны тавар на палiцах мясцовых магазiнаў — рэдкi выпадак, а нiяк не норма. Рынак, на думку старшынi, у Калодзiшчах ладзiць нерацыянальна: за 5 кiламетраў знаходзяцца сталiчныя ўнiверсальныя рынкi «Аквабел» i «Экспабел». Пры жаданнi ўсё неабходнае можна набыць там. А сваю садавiну-гароднiну мясцовыя жыхары колькi гадоў прадаюць у цэнтры пасёлка. Для таго каб вырашыць усе балючыя пытаннi, сельвыканкаму патрэбны грошы, што неаднаразова падкрэслiваў старшыня ў нашай размове. А якiя крынiцы папаўнення бюджэту ён бачыць з выхадам Указа № 21? Асобыя спадзяваннi Алег Леанiдавiч ускладае на рэалiзацыю зямельных участкаў праз аўкцыён. (Як мы ўжо казалi, зямля ў Калодзiшчанскiм сельсавеце амаль што залатая). Пры сельвыканкаме дзейнiчае КУП, якi нядаўна атрымаў старэнькую пiлараму. Трэба знайсцi сродкi на яе рамонт i тады можна будзе аказваць насельнiцтву платныя паслугi. Не глабальны — але ўсё ж даход. Яшчэ ў планах старшынi — аформiць дакументацыю на мясцовы палiгон цвёрдых бытавых адходаў. «Тады ў нас з’явiцца магчымасць зарабляць на смеццi грошы, — растлумачыў Алег Леанiдавiч. — Гэта выгадная справа. Верагодна, мы будзем здаваць палiгон у арэнду спецарганiзацыi, якая займаецца перапрацоўкай i ўтылiзацыяй цвёрдых бытавых адходаў». Спадзяецца старшыня i на спонсарскую падтрымку. — Карыстаючыся магчымасцю, я хацеў бы прапанаваць аўтару лiста i iншым незадаволеным прыходзiць у сельвыканкам i не толькi агучваць праблему, але i са свайго боку прапаноўваць нейкiя шляхі яе рашэння, бо быць пасiўным спажыўцом — самая лёгкая, але не самая правiльная пазiцыя. Мiнскi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю па электроннай пошце прыйшоў лiст з пасёлка Калодзiшчы Мiнскага раёна. Аўтар, якi пакiнуў толькi iнiцыялы Ж.К., у падрабязнасцях i вельмi э |
|