Аўкцыён па-сельсавецку
Святлана ЯСКЕВIЧ
Тэльмiнскi сельсавет асаблiвы. Па сутнасцi — кавалак горада ў прыгарадзе. Што гэта значыць? З пачаткам перабудовы i асаблiва пасля развалу вялiкай краiны ўсе буйныя гарады пачалi абрастаць так званымi «царскiмi сёламi». Нябедны люд стаў будаваць сабе элiтнае жыллё за межамi горада, на свежым паветры. Вычулкi, Задворцы, Плоска — у нядаўнiм мiнулым вёскi, цяпер сталi, можна сказаць, асаблiвымi мiкрараёнамi горада з сельскiм статусам. З дня на дзень быццам бы чакаецца рашэнне аб уваходжаннi гэтых зямель у склад абласнога цэнтра. Але гэта «з дня на дзень» расцягнулася ўжо на гады. I па-ранейшаму сельсавет застаецца тут адзiнай уладай з усiмi характэрнымi функцыямi.
Каго падманваем?.. У 16 населеных пунктах сельсавета жыве каля сямi з паловай тысячы чалавек. Гэта амаль што насельнiцтва невялiкага райцэнтра. I сельвыканкам са штатам у пяць адзiнак з ранiцы да вечара працуе як штаб юрыдычных, натарыяльных дзеянняў. Складзены графiк дзяжурстваў супрацоўнiкаў штодня да 19 гадзiн i ў суботу з 8 да 14 гадзiн. «Вось, — адкрывае адзiн журнал сакратар Святлана Гапановiч, — з пачатку года ўжо выдала 1173 розныя даведкi. Звычайна за дзень даводзiцца выдаваць каля 30 такiх дакументаў. Але, бывае, i паўсотнi набiраецца. Да таго ж, кожную даведку неабходна зарэгiстраваць. Кожнаму чалавеку, якi звярнуўся, удзялiць хоць мiнiмум увагi. Адна справа, калi гутарка iдзе пра стандартную даведку аб складзе сям’i. Бланк-нарыхтоўка ёсць у камп’ютары, i запоўнiць яго справа адной-дзвюх хвiлiн. Але з пачаткам вясны людзi ўсё больш звяртаюцца па дакументы, што падцвярджаюць наяўнасць у iх падсобнай гаспадаркi, без якiх не прадасi нават жменю пятрушкi. I гэта больш складаная пiсанiна». Лiтаральна днямi ў сельсавеце валяр’янкай адпойвалi жыхарку вёскi Вычулкi. Пажылая жанчына разам з мужам жывуць на сцiплыя пенсii ў доме, якi яны будавалi доўгiя гады, але так i не змаглi поўнасцю скончыць да выхаду на заслужаны адпачынак. I вось, каб сабраць якую капейку i адкласцi яе на любiмую пабудову ўсяго жыцця, трымаюць агарод. У маi, як пачынаецца зяленiва, гаспадыня спяшаецца на блiжэйшы рынак. У той дзень, паводле яе слоў, у яе было толькi пяць пучкоў зялёнай цыбулi — самы першы ўраджай. А злашчасную даведку ўзяць не тое што забылася — часу пашкадавала. У сельсавеце, як правiла, з ранку чарга. Вось i затрымалi каля гастранома ў мiкрараёне «Усход» гандлярку супрацоўнiк мiлiцыi i служачы падатковай iнспекцыi, склалi пратакол i сказалi, што паперы на аплату штрафу яна атрымае па пошце. «Што ж я такое зрабiла, — плакала жанчына, — што мяне, як зладзейку тую, пакаралi?». Яе доўга супакойвалi, тлумачылi, што законы i правiлы трэба выконваць, добрыя яны цi дрэнныя. Хоць падрабязна разбiраючы гэты выпадак, мы з сакратаром Святланай Гапановiч прыйшлi да высновы: той, хто такiя правiлы пiсаў, рэальнае жыццё бачыў, хiба, на паперы. Даведка, якую выдае сельвыканкам вяскоўцу, павiнна адлюстроўваць пералiк усiх вiдаў культур, што вырошчваюцца ў агародзе, пасадачныя плошчы i мяркуемую ўраджайнасць. Калi аўтары згаданых цыркуляраў думаюць, што сакратар сямiтысячнага сельсавета пабяжыць да кожнага ў агарод вымяраць пасадачную плошчу, то ён, мякка кажучы, глыбока памыляецца. А ўжо наконт мяркуемай ураджайнасцi — нават калi ў цябе сем пядзяў лоб, вылiчыць яе ў нашай зоне рызыкоўнага земляробства ў кожным асобна ўзятым агародзе... самi разумееце. Тады каго падманваем? Самiх сябе, як гэта не сумна. Але ж сельвыканкам спраўна пераводзiць паперу на тысячы даведак, запытаў, адказаў. Святлана Адамаўна як сакратар з дзесяцiгадовым стажам лiчыць, што дакументаабарот за гэты час узрос разоў у 20. Праўда, ёсць апошнiм часам намеры яго скарацiць. I гэта пакiдае некаторую надзею на лепшае. Галоўнае — знайсцi паразуменне Са старшынёй Савета Мiкалаем Палешкам размаўляем пра тое, з чаго складаецца бюджэт мясцовай улады цi, прасцей кажучы, адкуль бяруцца сродкi на тыя або iншыя патрэбы. Аказваецца, у розных населеных пунктах пытаннi вырашаюцца зыходзячы з розных крынiц фiнансавання. У Вычулках, Задворцах, Плосцы, дзе колькасць насельнiцтва даўно перавалiла за тысячу, дзе дамы растуць як грыбы, распаўсюджаны долевы ўдзел грамадзян. Так былi праведзены газiфiкацыя, падсыпка дарог. Талакой вырашаюцца i iншыя праблемы па меры iх узнiкнення. Але ёсць у Тэльмiнскiм сельсавеце i Буякi, дзе пражывае 24 чалавекi, Очкi — 32, Булькова — 57, Смолiн — 9 чалавек. Такiм, вядома, забяспечыць неабходную якасць жыцця дапамагае сельская ўлада. Ва ўсе маленькiя вёскi ходзiць аўталаўка, усе яны забяспечаны транспартным абслугоўваннем, на вулiцах з наступленнем цемнаты ўключаецца святло. Сельсавет узяў на сябе клопат i аб тым, каб наў-кол былi прыстойныя дарогi. Так што перадаваць гаспадарку на баланс дарожнiкам, як таго патрабуюць апошнiя рашэннi, будзе нясорамна. На свае невялiкiя праекты па добраўпарадкаванню i падтрыманню населеных пунктаў у добрым выглядзе, расказвае Мiкалай Iосiфавiч, грошы збiраюцца з падаткаў i збораў. Як вядома, за дазвол на будаўнiцтва, скажам, дома цяпер трэба плацiць. Ды i на мясцовыя прадпрыемствы, паводле слоў старшынi Савета, грэх было б наракаць. Кiраўнiцтва саўгаса «Брэсцкi» i цяплiчнага камбiната «Бярэсце» ўсе патрэбы вяскоўцаў, мясцовай камунальнай гаспадаркi, сацыяльных аб’ектаў чужымi не лiчыць. Дому культуры дапамаглi агульнымi намаганнямi. А зараз цяплiчны камбiнат абсталёўвае па самых сучасных патрабаваннях школьны кабiнет рускай мовы i лiтаратуры. Асобнае слова сказаў кiраўнiк мясцовай улады i пра начальнiка ДЭУ-1 Аляксея Грачанiка. Дарожная арганiзацыя, што размяшчаецца на тэрыторыi сельсавета, таксама нiколi не апускаецца да дробязных высвятленняў, калi трэба прагрэйдаваць, скажам, лiшнi метр вясковай дарогi. На тэрыторыi сельсавета размешчана частка прадпрыемстваў-рэзiдэнтаў свабоднай эканамiчнай зоны «Брэст». З iмi таксама, калi ўмела правесцi работу, лiчаць у сельсавеце, можна знайсцi паразуменне. Так, вытворцы мэблi дапамагалi ў правядзеннi святаў невялiкiх вёсак i iншых мерапрыемстваў. Не варта, мусiць, гаварыць, што ў Тэльмах, цэнтральнай вёсцы, добра развiта гандлёвае i бытавое абслугоўванне. Гэта i так зразумела. У прыгарадзе побач з дзяржаўнымi сацыяльнымi аб’ектамi развiваецца i прыватны бiзнэс. Ёсць дзве цырульнi, вялiкая майстэрня па пашыву i рамонту адзення. Паводле падлiкаў, на тэрыторыi сельсавета маецца 250 лазняў, уключаючы прыватныя. Ёсць i грамадская лазня — хоць яна i перайшла ў прыватныя рукi, але ж карыстаецца папулярнасцю нават у заезджых гасцей. Кошт на паслугi ўсяго комплексу з парыльняй, басейнам, фiтабарам даволi прымальны, а для ветэранаў вайны ён знiжаны напалову. Аўкцыён? Чаму б i не?! Сацыяльныя стандарты па вулiчнаму асвятленню, гандлёваму абслугоўванню выкананы ва ўсiх без выключэння населеных пунктах», — канстатуе старшыня сельскага Савета. Але i добраўпарадкаванне, i iншыя сацыяльныя праекты патрабуюць укладання сродкаў кожны год, i вось у Тэльмах падышлi да неабходнасцi правядзення аўкцыёнаў. На адкрытых таргах будуць прадаваць хаты з участкамi зямлi, якiя засталiся без гаспадароў i нашчадкаў. У глыбiнцы такiя пабудовы часта пускаюць пад бульдозер, а ў прыгарадзе ўмовы iншыя. Тут, паводле меркавання спецыялiстаў, знойдуцца пакупнiкi перш за ўсё на ўчасткi зямлi. Землеўпарадчык Уладзiмiр Трухноў сказаў, што пакуль iдуць актыўныя падрыхтоўчыя работы да магчымых аукцыёнаў. Яшчэ раз накiраваны запыты патэнцыяльным спадкаемцам пакiнутых сядзiб, прапрацоўваюцца ўсе юрыдычныя нюансы. Мiкалай Палешка лiчыць, што з цягам часу аўкцыёны стануць адной з крынiц папаўнення бюджэту. У недалёкiм будучым з аўкцыёна можна будзе купiць i ўчастак пад будаўнiцтва. Для забудовы саўгас «Брэсцкi» выдзяляе амаль 20 гектараў. 75 працэнтаў участкаў будуць размеркаваны сярод тых, хто стаiць у чарзе, а астатнiя сельвыканкам мае права рэалiзаваць праз аўкцыён. Будзе больш грошай у сельсавеце — з’явiцца i больш магчымасцяў падтрымаць старых адзiнокiх людзей, ветэранаў. Iх, удзельнiкаў вайны, дарэчы, на 16 вёсак засталося ўсяго 28 чалавек. Напрыклад, Андрэй Нiкандравiч Чабаткоў, кавалер многiх баявых узнагарод, за мiрную працу пасля вайны ўдастоены ордэнаў Ленiна i Працоўнага Чырвонага Сцяга. У Андрэя Нiкандравiча кiраўнiк мясцовай улады — нярэдкi госць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэльмiнскi сельсавет асаблiвы. Па сутнасцi — кавалак горада ў прыгарадзе. Што гэта значыць? З пачаткам перабудовы i асаблiва пасля развалу вялiкай кра
|
|