Бiзнэс па-чавуску
Iлона IВАНОВА
У Чавускiм райвыканкаме адабраны 10 прыярытэтных iнвестыцыйных праектаў, якiя плануецца рэалiзаваць ужо сёлета
Адзiн з праектаў належыць ТДА «Карбонiс плюс». Назва гаворыць сама за сябе: карбон — гэта вугаль. Таварыства займаецца вытворчасцю драўнiннага вугля i паглыбленай пераапрацоўкай драўняных адходаў. — Iдэя не новая, — тлумачыць кiраўнiк «Карбонiс плюс» Глеб Нiкулiн. — Яшчэ Дзямiдаў за сваiм часам плавiў сталь на драўнiнным вуглi. I ў нас апошнiм часам гэта набывае асаблiвую актуальнасць, у сувязi з экалагiчнымi патрабаваннямi. Я спрабую арыентаваць сваё прадпрыемства на такую пераапрацоўку драўнiны, каб нiводная трэска, нiводны рубель не гублялiся. Дрэваапрацоўчае абсталяванне вымае з некандыцыйнай сыравiны, амаль дроваў, дзелавы складнiк, а астатняе пераапрацоўваецца на драўнiнны вугаль. Любыя абрэзкi i пянькi iдуць у справу. Кiраўнiк прадпрыемства — былы вайсковец. У пачатку 90-х ён звольнiўся з Узброеных сiлаў i пайшоў у камерцыйныя структуры. Глеб Нiкулiн працаваў i шукаў новыя iдэi i тэхналогii. У прыватнасцi, вытворчасцi драўнiннага вугалю. Увогуле гэта даволi канкурэнтназдольная прадукцыя, у тым лiку i на заходнiм рынку. Пакункi з драўнiнным вуглем набываюць многiя з нас, калi арганiзоўваюць пiкнiкi з прыгатаваннем шашлыкоў. Паводле спецыялiстаў, патрэба ў драўнiнным вуглі павялiчваецца штогод на 10%. Хоць пакуль «Карбонiс плюс» рэалiзуе сваю прадукцыю толькi на ўнутраным рынку, попыт на якi за апошнiя гады павялiчыўся кратна. Прадпрыемства базуецца на тэрыторыi былога асфальтабетоннага завода паблiзу чыгуначнай станцыi Благавiчы. Завод абанкруцiўся i быў лiквiдаваны, а «Карбонiс плюс» набыла пляцоўку разам з рэшткамi абсталявання. — Выбар гэты невыпадковы, — расказвае Глеб Нiкулiн. — Звычайна такiя заводы будавалiся ў аддаленнi ад населеных пунктаў, бо гэта даволi брудная вытворчасць. I наша вытворчасць драўнiннага вугалю ў адпаведнасцi з экалагiчнымi нормамi таксама вынесена за гарадскую мяжу. Аднак у перспектыве я паспрабую зрабiць нашу вытворчасць менш бруднай. Цяпер на гэты конт вядуцца перамовы з расiйскiмi прадпрыемствамi аб пастаўцы экалагiчна чыстых установак для вытворчасцi драўнiннага вугалю. Цяпер на тэрыторыi былога завода зрабiлi рэкультывацыю земляў, прыбралi ўсё непатрэбнае жалеззе, аднавiлi бытавы будынак. Тут працуе 12 чалавек, а ў блiжэйшай перспектыве плануецца павялiчыць колькасць да 28-мi. Толькi нядаўна справа iндывiдуальнага прадпрымальнiка Нiкулiна пераўтварылася ў ТДА, а таму цяпер iдзе працэс атрымання лiцэнзiяў, пабудовы цахоў, набыцця новага абсталявання, навучання работнiкаў. Плануецца, што ўсё будзе прыведзена ў парадак i вытворчасць запрацуе належным чынам да сёлетняга жнiўня. * * * Глеб Нiкулiн — магiляўчанiн, але сваё новае прадпрыемства ён зарэгiстраваў у Чавускiм раёне з лёгкай рукi мясцовых уладаў, якiя i цяпер не пакiдаюць па-за ўвагай яго праект. З дапамогай райвыканкама «Карбонiс плюс» атрымаў ад фонда садзейнiчання занятасцi сродкi на стварэнне новых працоўных месцаў, i графiк па ўводу ў эксплуатацыю вытворчасцi трымаецца на кантролi. Прыватнiк iмкнецца не падвесцi мясцовыя ўлады, якiя аказваюць не толькi тэхнiчную падтрымку, але i маральную, што таксама важна. Апошнiм часам прадпрымальнiкi рушылi з гарадоў у сельскiя раёны, дзе i канкурэнцыя не такая вострая, i арэндная плата нiжэйшая, i з мясцовымi ўладамi часта прасцей знайсцi агульную мову. Канечне, ёсць i складанасцi: напрыклад, у глыбiнцы цяжка знайсцi адукаваных i дысцыплiнаваных спецыялiстаў, i часам даводзiцца вазiць iх на працу з горада. Аднак i гэту праблему з цягам часу можна вырашыць. Чавускi раён знаходзiцца непадалёк ад абласнога цэнтра. Паўгадзiны на аўтамабiлi раздзяляюць Чавусы i Магiлёў. Гэта адна з перавагаў для прадпрымальнiкаў. Акрамя гэтага, у раёне, асаблiва ў сельскiх гаспадарках, хапае памяшканняў i будынкаў, якiя не выкарыстоўваюцца. Iх можна свабодна арэндаваць альбо набыць. Другая, не менш важная перавага — мясцовыя ўлады ўмеюць працаваць з бiзнэсменамi. — Мы да прадпрымальнiкаў ставiмся лаяльна, супрацоўнiчаем з iмi, — дэкларуе палiтыку райвыканкама ў адносiнах да прыватнага сектара намеснiца старшынi Ларыса Шундалава. — Калi ў чалавека ёсць добрая бiзнэс-iдэя, мы дапаможам яе ажыццявiць. Зробiм усё, што ў нашых сiлах. — Мы не адфутбольваем людзей i не кажам iм, што гэта патрэбна толькi iм — маўляў, iдзiце i самi рабiце, — тлумачыць начальнiк аддзела эканомiкi райвыканкама Iрына Лосева. — Мы падкарэктуем статут, напiшам, што трэба згодна заканадаўству. Выправiм памылкi i не будзем марна ганяць людзей. У райцэнтры працуе «Чавускi бiзнэс-цэнтр», дзе прыватнiку дадуць неабходную для працы iнфармацыю i акажуць паслугi. Там можна распрацаваць i бiзнэс-план, калi патрэбна. Улада дапамагае атрымаць сродкi на стварэнне новых працоўных месцаў, банкаўскiя крэдыты пад мадэрнiзацыю вытворчасцi, аформiць пазыкi. * * * Сёлета ў Чавусах рэалiзоўваецца шэраг разнастайных праектаў. Напрыклад, плануе пачаць работу доследна-эксперыментальны завод «Экамаш». Прадпрымальнiкi з Магiлёва арганiзуюць перапрацоўку другаснай сыравiны — аўтамабiльных шынаў i будуць вырабляць з гэтага масцiкi i лакi. Таксама «Экамаш» будзе пастаўляць абсталяванне — мiнi-заводы для перапрацоўкi гумава-тэхнiчных адыходаў. Iнвестыцыi ў новую вытворчасць павiнны скласцi каля 2-х мiльярдаў рублёў. Бiзнэс-план прайшоў экспертызу, праект мае добрую перспектыву. Чавускiя ўлады адшукалi для «Экамаша» вытворчыя плошчы: некалькi будынкаў, якiя належылi «Белтэлекаму» i ўжо некалькi гадоў не выкарыстоўвалiся. Вытворчасць, паводле планаў, павiнна запрацаваць у сёлетнiм 4-м квартале. Прыватнае прадпрыемства «ПЭТ Сэрвiс» арганiзуе ў Чавусах вытворчасць па вырабу сыравiны для выдуву ПЭТ-бутэлек пад напоi. На мясцовым гароднiна-сушыльным заводзе, якi цяпер знаходзiцца ў стадыi лiквiдацыi, фiрма выкупiла два памяшканнi. Яны будуць рамантавацца, прыводзiцца ў належны стан. Машыну для лiцця прадпрыемства ўжо набыло. Ёсць папярэднiя планы запусцiць яе ўжо летам. Чатыры фермеры з Маладзечанскага i Лепельскага раёнаў стварылi сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дусен» i прапанавалi чавускiм уладам ажыццявiць праект «Саджанец». Яны ўжо заклалi пiтомнiк на 20 гектарах паблiзу вёскi Хацкавiчы. Тамтэйшая гаспадарка, дарэчы, калiсьцi называлася «Магiлёўсадам». Можа, фермеры вернуць Хацкавiчам былую вядомасць? А мясцовая фермерская гаспадарка «Чыстыя пруды» ўзялася за вельмi актуальны цяпер аграэкатурызм. Мiкалай Загумённы вырашыў пабудаваць новую вёску пад умоўна-жартаўлiвай назвай Лупiлаўка — для адпачынку i рыбнай лоўлi. Паблiзу ўжо iснуючай вёскi Прылессе яму перадалi ў арэнду сажалку, якую фермер спусцiў, пачысцiў i збiраецца зарыбiць. Ды не проста акунямi ды карасямi, а фарэлямi i iншымi экзатычнымi (ва ўсякiм разе, для Чавускага раёна) рыбамi. Каля сажалкi плануецца зрубiць драўляныя домiкi для рыбакоў i турыстаў. Праект Загумённага ўжо атрымаў вядомасць у Магiлёўскай вобласцi: засталося толькi пачакаць яго паспяховага ажыццяўлення. Два iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, Марат Румкiн i Эдуард Гурскi, адкрываюць на скрыжаваннi ў цэнтры Чавусаў дзве гандлёвыя кропкi: Румкiн будзе гандляваць прамысловымi таварамi, а насупраць размесцiцца крама-кафэ Гурскага. Улады выдзелiлi прадпрымальнiкам добрае месца, якое пры належнай арганiзацыi гандлю i прадпрымальнiцкай удачы дасць прыбытак i ўладальнiкам, i мясцоваму бюджэту. Яшчэ адна крама iндывiдуальнага прадпрымальнiка Канстанцiна Бартнiцкага адкрыецца ў пасёлку прыватнага сектара, дзе няма пунктаў продажу харчовых тавараў. Будынак пабудаваны, адкрыццё крамы запланавана на сярэдзiну лета. Ёсць прадпрымальнiкi, якiя не маюць патрэбы ў дапамозе мясцовых уладаў. Напрыклад, Iгар Мельнiкаў выкупiў у СВК «Светлы шлях» былы цялятнiк, якi пуставаў. Там, разам са сталым бiзнэсам — рамонтам каробак перадач для сельскагаспадарчай тэхнiкi, прыватнiк апрабуе новы напрамак — вытворчасць палiўных брыкетаў з адыходаў дрэваапрацоўкi. Калi добра пойдзе, справа пашырыцца. З iншага боку, калi ўлада не дапаможа iндывiдуальнай прадпрымальнiцы Жанне Алейнiк, то невядома, калi ажыццявiцца яе праект, патрэбны i жыхарам райцэнтра, i аўтамабiлiстам, якiя ездзяць па трасе «Чавусы-Магiлёў». На выездзе з горада прадпрымальнiца мяркуе пабудаваць станцыю тэхнiчнага абслугоўвання, а потым i кафэ. Гэта той самы прыдарожны сэрвiс, якi развiваецца на дарогах Магiлёўскай вобласцi зусiм не так хутка, як хацелася б яго патэнцыйным спажыўцам. Бiзнэс-план на гэты праект ёсць, аднак не хапае сродкаў на яго ажыццяўленне. Муж жанчыны працуе на Поўначы, i ўсе заробленыя сродкi ўкладае ў справу ў Беларусi, аднак iх недастаткова. Таму райвыканкам плануе аказаць дапамогу прадпрымальнiцы i будзе хадайнiчаць аб выдзяленнi ёй бюджэтнай пазыкi. Калi планы спраўдзяцца — будзе ў Чавусах i свой прыдарожны сэрвiс. * * * Ажыццяўленне дзесятка iнвестыцыйных праектаў дасць сельскаму раёну сотню працоўных месцаў. За першыя месяцы iх ужо створана прыкладна столькi ж: зарэгiстраваны 17 iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, яны прынялi на працу 25 работнiкаў, новыя месцы адчынiлi дзяржаўныя i прыватныя прадпрыемствы. Такiм чынам, за сёлетнi год, калi намечанае будзе выканана, у Чавускiм раёне з“явiцца больш за дзве сотнi працоўных месцаў. I гэта адчувальна для раёна, дзе працуе крыху болей за 7 тысяч чалавек. У Чавускiм раёне нават плануецца правесцi абласны семiнар, каб прадэманстраваць: якiм чынам можна пачаць з нуля i ажыццявiць за год шэраг iнвестыцыйных праектаў. — У нас няма iншага выйсця, — тлумачыць Ларыса Шундалава. — Чавускi раён — датацыйны, нам патрэбныя грошы. А паводле цяперашнiх законаў, нанова створаныя прадпрыемствы, дзе працуе меней за сотню чалавек, будуць плацiць падаткi ў мясцовы бюджэт. Трэба зарабляць самiм i менш залежыць ад iншых. Таму мы i напружваемся, каб мець свае сродкi. Чавускi раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Чавускiм райвыканкаме адабраны 10 прыярытэтных iнвестыцыйных праектаў, якiя плануецца рэалiзаваць ужо сёлета
|
|